epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Верабей і кошка

 

 

Кошка жыла на самым беразе вялікага возера. У яе гаспадара, як падсмейваліся ў вёсачцы, было два імя і ніводнага прозвішча. Яго звалі Іван Мірон. Гэта быў кульгавы кравец, ён больш ніцаваў і пароў вопратку, але лоўка шыў картовыя порткі і мог змастачыць нават шапку. Здаралася, што адна калашына ў портках выходзіла крыху шырэйшая, а шапка на палец не прыставала да галавы.

— Абляжацца,— гаварыў у такіх выпадках Іван.

Заказчыкі не спрачаліся, тым больш што яны ніколі не плацілі майстру, хіба што давалі дзесятак яек і бутэльку «хмызняковай».

— Некалі і мы табе нешта зробім,— казалі яны і, падзякаваўшы, знікалі да новай патрэбы ў шытве.

Іван не крыўдаваў. Ён корпаўся ў агародзе, даглядаў кароўку і нават даіў яе, калі жонка позна вярталася з далёкіх калгасных палеткаў.

Мы хадзілі з ім разам у грыбы. Год быў дажджлівы, і баравікі павыбіраліся з невысыхаўшага лесу ў хмызнякі, што засталіся нявысечаныя сярод жытняй ці пшанічнай нівы. Гэтыя грыбныя хітрыкі першы раскусіў Іван, але сакрэтам сваім ні з кім не падзяліўся. Таму мы заўсёды прыносілі дамоў поўныя — пад дужку — кошыкі.

Верабей таксама жыў у Іванавай хаце. Сказаць праўдзівей, у паддашку, проста над маім акном. Там у яго была будоўля, агораная вялікім клопатам дзюбы і крыл. Ён насіў салому і сухія бадылінкі, выкладаў з іх гняздо, а потым збіраў пух і скуб поўсць, ездзячы на спіне ў кароў, якія не паспелі выліняць за зіму. Калі гняздо было гатова і вераб’ёва сяброўка палажыла туды пяць рабенькіх яечак, у вераб’я знайшлася новая турбота. Каб вераб’іха не засумавала, пільнуючыся гнязда, ён, палётаўшы каля возера за стракозамі, сядаў на кусце бэзу насупраць свайго жытла і расказваў апошнія навіны. Спярша паведамляў, колькі градусаў цяпла ў вадзе, наколькі нагрэлася паветра і адкуль дзьме вецер. Гэта ён падслухваў ад цыбатага худога дзядзькі з гідраметслужбы, які рана, удзень і ўвечары хадзіў на возера правяраць, што паказваюць прыборы.

Далей — тут ужо былі ўласныя назіранні — верабей расказваў, дзе пасеяны ячмень і дзе ён, трэба чакаць, хутчэй пачне выспяваць. Тады, вось толькі падрастуць дзеці, можна будзе ўсёй сям’ёю лятаць і ласавацца.

Плёткамі і абгаворамі дачнікаў верабей не займаўся. Ён не хацеў пераказваць сваёй сямейніцы, што па ўсім беразе хадзілі і шапталіся чалавечыя пары, і не зважаючы на белы дзень і яснае сонца, часта прыціскаліся сваімі ружовымі дзюбамі. Верабей быў немаладзенькі і віў ужо сёмы ці восьмы раз гняздо пад Іванавым дахам. А з гэтаю вераб’ішкаю, амаль зусім подлеткам з апошняга леташняга вываду, пазнаёміўся толькі вясною.

Навошта ўводзіць у вушы ёй абы-што! Лепш проста паціўкаць, хвалячы светлую раніцу і хлебныя крошкі, пакрасавацца перад суседзямі сваім дабрабытам і ўтульным домам з маладой жонкаю.

Усё было добра, каб не псавала здароўя гэта чортава кошка!

Яна скакала з ганачнай лаўкі на плот, а з яго — у агародчык. Ляною, нячутнай паходачкай, быццам ёй нічога не трэба і ані нічога не цікава, кошка сунулася паўз падрубу проста пад бэзавы куст.

Там быў халадок, блішчалі кроплі расы ў дзіцячых каптурыках. Так у вёсцы звалі прыплотную траву: калі ўзяць травіну за ножку і стуліць пальцамі выразаны лісцік, атрымаецца нешта падобнае да дзіцячай шапачкі ў зборках.

Кошка выпроствалася ў халодных каптурыках і ляжала як нежывая. Ці то праўда яна так ратавалася ад гарачыні, а ў хаце да таго ж дакучалі мухі, ці хітравала, напэўна, хацела дачакацца, пакуль птушкі кінуць асцерагацца. У яе падрастала трое кацянят, і мне здаралася бачыць, як яна прыносіла дзецям мыш або неспрактыкаванае ў лёце птушаня.

Калі з’яўлялася кошка, верабей разумеў гэта як замах на жыццё — сваё асабістае і сваіх хатніх. Ён пачынаў лётаць сюды-туды перад акном у мяне на відавоку і падымаў страшэнны піск. Я не мог уседзець за сталом і падымаўся, каб выгнаць кошку з агародчыка.

Аднаго дня, прарабіўшы гэту цырымонію разоў з дзесяць, я пажаліўся Івану:

— Прымкнуў бы ты дзе-небудзь кошку. А то верабей памрэ ад разрыву сэрца.

— О, халера тая котка! — аблаяўся Іван.

Ён так і сказаў «котка», і я растлумачыў гэта ўплывам польскай мовы. Але ў размову ўкінула слова Іванава ўнучка — Веранічка. Яна пераканала мяне, што котка трэба гаварыць заўсёды, гэта не па-польску, а «па-правільнаму». Бо калі скажаш кошка, дык як тады назваць яе ката, шэрага вялізнага мурлыку? Кошык? А гэта смешна, у кошыку бульбу носяць.

Так у нас і павялося: кошка лезла пад бэзавы куст і пазбаўляла спакою вераб’я, а ён, убачыўшы ва мне свайго заступніка, кідаўся клікаць на дапамогу.

Трэба было толькі бачыць і чуць яго! Я выманьваў кошку на малако ці кавалачак каўбасы. Яна ішла з агародчыка і кіравалася на ганак тою ж самай ляною паходачкай. А ўслед, літаральна крок у крок, скакаў, толькі не па зямлі, а па прасле, з калка на калок, верабей. Ад вугла да самага ганка, нашатыраны для постраху, раптам вырасшы з добрае кураня, ён праводзіў кошку немым лямантам:

— Вон! Вон! Вон!

Ускочыўшы на біла ганачнай лаўкі і ўпэўніўшыся, што яго ворага забралі ў хату ці ў прыгрэбіцу, верабей змяншаўся да звычайных памераў. З палёгкаю зазначаў, што ён жыў, скакаў па прасле назад і садзіўся на куст. Некаторы час ён дзяліўся з жонкай пазбытай бядою і, мусіць, крыху прыманьваў, па ваяцкай звычцы, пра свае подзвігі для шэрых таварышаў і сваякоў, што тоўпіліся за плотам, з павагай слухалі і часамі ўстаўлялі прывітальныя воклічы «жыў-жыў!». Калі ўсё было расказана, верабей браўся за туалет: укладаў пер’е на галаве, пакуль яно не пачынала здавацца карычневым капялюшыкам, і папраўляў плямку чорнага пуху на грудзіне, быццам гэта быў наймаднейшы ў свеце гальштук-матылік.

Неўзабаве ў гняздзе абазваліся вераб’яняты — мне і кошцы стала хоць выбірайся. Верабей зрабіўся звышпільны і звышпадазроны: ворагі ўяўляліся яму на кожным кроку, і я быў змушаны амаль не адступацца ад яго. Адагнаўшы кошку з тым жа гвалтам і падскокваннем на плоце, верабей не спяшаўся назад, а сядзеў на ганку, як бы гаворачы мне: «Не ідзі ў хату! Нідзе не дзенецца яно, тваё пісанне, давай лепш разам пільнаваць маіх малых».

Сам ён ні на хвіліну не адлятаўся ад гнязда, вартаваў, не сплюшчваючы вока, а вераб’іха выбівалася з сілы, не паспяваючы накідаць мух і чарвякоў у пяць жоўтых, вечна разяўленых, галодных дзюбак.

Скончылася гэта гісторыя нечакана. Прачнуўшыся аднойчы раніцаю, я не пачуў за акном знаёмага ціўкання. Падумаўшы благое, кінуўся ў агародчык. На паддашку было пустое пакінутае гняздо. Мусіць, уся сям’я паляцела куды-небудзь у нагледжаны бацькам ячмень.

А ён? Хоць бы падзякаваў, бадзяга! Хто ж яму памог падгадаваць дзяцей!..

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан