epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Вобраз юнака

1
2


1

Мінаюць гады, сціраюцца ў памяці падзеі і твары, а гэты вось такі ж жывы, як быццам толькі ўчора, пасля позняга студэнцкага сходу, развіталіся і пайшлі: ён — на Шырокую, а я далей, па Пралетарскай.

Дваццаць гадоў назад, як толькі пачалося навучанне, у Мінскім педагагічным тэхнікуме быў вечар. Пасля ўрачыстай часткі спяваў студэнцкі хор. Галасы былі чыстыя, маладыя, глыбокія, і народная песня гучала нейк асабліва празрыста. Тады, з групы мужчынскіх галасоў, на квяцістым фоне рознакаляровых вышыванак, выйшаў хлопец з буйнымі рысамі твару і кучаравымі валасамі. Ён трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Тое, што ён чытаў, гучала вельмі проста, але глыбока ўзрушвала і хвалявала. Яго вершы былі працягам тае ж слаўнай песні, што толькі паспела адгучаць над заціхшай залай. І слухачы правялі паэта доўгімі гучнымі воплескамі.

Гэта быў Паўлюк Трус.

Тады ў тэхнікуме пісалася вельмі многа вершаў. Народны паэт Беларусі Якуб Колас выкладаў на старэйшых курсах і заўсёды чула прыслухоўваўся да свежых паэтычных галасоў. Цікавасць да літаратуры была вялікая. Кожнае суботы наладжваліся вечары з пастаноўкаю п’ес і абавязковай літаратурнай часткай. Там апрача Паўлюка Труса выступалі паэты, якія таксама вучыліся ў тэхнікуме. На вечары збіралася студэнцтва з другіх навучальных устаноў. Найбольшым поспехам карыстаўся Трус, у якім студэнцтва любіла не толькі паэта, але і шчырага чалавека, простага ў абыходжанні, гатовага заўсёды падзяліцца капейкаю, падарыць сшытак, даць кнігу.

Да Труса прыцягвала народная крылатасць яго паэзіі. Ён не застаўся вольным ад уплываў моднага ў той час імажынізму, але гэтае ўздзеянне хутка абтрэслася, занадта ж чужароднае было яно і не пасавала да духоўнага складу паэта.

Паўлюк часта перачытваў Купалу, Шаўчэнку, Пушкіна і лічыў іх сваімі першымі і найлепшымі настаўнікамі. А больш за ўсё любіў ён народныя песні, ведаў іх на памяць, запісваў новыя, ахвотна спяваў, бо меў добры слых і голас — мяккі прыемны барытон. Да сканчэння тэхнікума ён быў удзельнікам студэнцкага хору і да спевак і выступленняў хору адносіўся таксама ўважліва, як і да свае літаратурнае работы.

Жылі мы дружна і весела. На Савецкай вуліцы, насупроць электрастанцыі змяшчаўся студэнцкі інтэрнат. Кожны вечар, сабраўшыся, чыталі мы ўлюбёных паэтаў, гаварылі, спрачаліся, пераходзілі на свае вершы і часта ахамяналіся, калі за вокнамі стаяла раніца, а часу заставалася, толькі каб памыцца ды паспець на першую лекцыю.

Трус тады супрацоўнічаў ва ўсіх мінскіх выданнях. Але найбольш жаданым госцем быў у газеце «Беларуская вёска». Там ён друкаваўся з нумару ў нумар і ахвотна пісаў на тэмы селькораўскіх допісаў. Ён быў вялікі майстар на востры агітацыйны верш, на прыпеўку, на апісанне смешных прыгод і здарэнняў. Гумар у Труса, як і ўся яго творчасць, быў трапны і народны.

На жаль, цяпер, мабыць, назаўсёды страчаны матэрыялы тэхнікумаўскае вуснае газеты «Чырвоны прамень». Ствараў гэтую газету папулярны ў студэнцкіх колах «Калектыў шаўцоў»: Трус, Глебка і я. Пісалі мы пра нашыя студэнцкія справы часамі вельмі востра і падпісваць сваё прозвішча было не заўсёды зручна. Аднойчы, перабраўшы сотні псеўданімаў, Трус падпісаў допіс мянушкаю «Шавец». Гэта ўпадабалася, і так з’явіліся «Шавец № 1», № 2 і № 3. Пасля мы аб’ядналіся, і ўсё напісанае паасобку выдавалі за агульнае, падпісваючы «Калектыў шаўцоў». Часта мы працавалі разам, выкарыстоўваючы формы раешніка і прыпеўкі.

Тут мне давялося пабачыць, як уважліва ставіўся Паўлюк Трус да слова і работы над ім. Не зважаючы на тое, што газета наша жыла толькі адну гадзіну, дый то вусна, ён даводзіў радкі да самага строгага гучання, да поўнае суладжанасці зместу з формай.

У выніку гэтага наша газета мела поспех і даволі шырокую вядомасць. «Чырвоны прамень» заўсёды быў асяродкам нашых вечарын, і студэнты асцерагаліся трапіць на зубы «Калектыву шаўцоў». Яны ўважалі за лепшае атрымаць вымову ад дырэктара ці папярэджанне студэнцкіх арганізацый.

Вясною 1927 года Трус скончыў тэхнікум і працаваў у газеце «Палеская праўда». Ад’язджаючы, ён даў майму курсу абяцанне прыехаць на выпускны вечар. Да гэтага дня дзяўчаты вышылі яму ружамі прыгожую кашулю, ён выстараўся нейкі асаблівы пояс і з’явіўся дакладна ў тэрмін. Без папярэдніх спевак зноў далучыўся да нашага хору, чытаў новыя свае вершы і нават паспеў штосьці напісаць у газету. Да раніцы заставаліся мы ў сценах тэхнікума, пераспявалі ўсё, што ведалі, шмат перагаварылі, развітваючыся перад пачаткам самастойнага выхаду ў свет.

Год работы на раёне ўзбагаціў яго ўражаннямі, Трус творча ўзмацнеў і падоўгу расказваў аб сваіх новых планах.

Здавалася, што Трус пісаў заўсёды, не даючы сабе адпачынку. Ці раз, бывала, у перапынках ад званка да званка ён прачытваў дзесятку першых выпадковых слухачоў толькі што напісаны верш. Наогул да друкавання ён знаёміў з новымі вершамі добрую сотню чалавек. Цярпліва выслухваў заўвагі і чула адносіўся да іх. Пісаў ён адкрыта, чытаў варыянты, нават вершы з недакончанымі строфамі.

І кожны новы верш мы страчалі з радасцю і здзіўленнем ад свежасці гэтага буйнога і непасрэднага таленту. Часамі здавалася, што ўвесь паэт — адна пявучая стыхія, а тое, што ён аддае чытачам і слухачам сваім,— толькі маленькія кроплі гэтай стыхіі, адшліфаваныя ў самацветы.

Мне не давялося быць на пахаванні Паўлюка. Ён быў хвараваты, калі мы адвітваліся пры маім ад’ездзе, а праз некалькі дзён у рэдакцыю гомельскай газеты прыйшла сумная навіна. Але столькі было ў гэтым чалавеку жыцця і сілы, што вестка аб смерці яго здалася неверагоднай. Толькі прыехаўшы ў Мінск, я паверыў — пабачыў у Доме пісьменніка партрэт нябожчыка ў жалобных істужках, а на вайсковых могілках жаўцеў курганок, засыпаны асеннімі астрамі, кветкамі, якія ён вельмі любіў.

Сёлета, пераглядаючы партызанскі друк, я ўбачыў на старонках аднаго з часопісаў вершы Паўлюка Труса. Слова паэта жыве!

1944

 

2

Невысокі хлопец падышоў да трыбуны, палажыў на яе моцную, загарэлую руку і, не спяшаючыся, пачаў чытаць верш. У зале, што крыху прытамілася ад гарачых прамоў, раптам сціхла гамана. З радоў выпырхнуў смех, добры спадарожнік увагі.

Мы слухалі вельмі простыя радкі, яшчэ не верш, а нейкі своеасаблівы пераказ чутага і бачанага. Хлопец чытаў пра нядбайных гаспадарнікаў, пра тое, як у калгасе агінаюцца гультаі. Няхітрыя падзеі і здарэнні былі закрашаны народным гумарам, адчувалася, што аўтар ведае смак і толк у слове і стараецца паставіць яго на самае патрэбнае месца.

Гэта было ў Чырвонай Слабадзе летам. 1959 года.

Я глядзеў на чытальніка і ўспамінаў, дзе сустракаліся гэтыя вясёлыя вочы, так шырока расплюшчаныя на жыццё і яго скарбы?

Адкуль вядома гэтая непасрэднасць, нават радасць, што вось мае словы так складна злучаюцца ў радкі ды яшчэ змацоўваюцца рыфмай? Знаёмая, нарэшце, была і манера трымацца перад аўдыторыяй, не адчуваць яе, а нібы працягваць цікавую размову з добрым сябрам.

Але на сцэне стаяў упершыню ўбачаны малады калгаснік з неастыўшым ад засеўнага ветру тварам. Не сказаць, каб ён быў прапахшы зямлёй, але абаяльнасць працы на зямлі і неадрыўнасць ад яе нібы выпраменьваліся ад гэтага чалавека і неадольна гарнулі да яго.

Тады памяць пасвяціла ліхтарыкам у далёкую маладосць і выхапіла постаць таго, хто абудзіў усе гэтыя пачуцці і прыгадкі.

Паўлюк Трус якраз і быў моцны неадлучнасцю ад зямлі. І так надзейна, так хораша стаяў на ёй, што часамі здавалася: вось малады дубок, як ні руш — не зрушыш, глыбока ў родную глебу ўрасло карэнне.

Непасрэднасць пачуцця, цэльнасць, хутчэй — цаліннасць натуры пераходзілі ў вершы. Уласна кажучы, яны і складалі самую сутнасць Трусавай паэзіі. Гэта забяспечвала яму нязменнае пяршынства ў маладых паэтычных турнірах — выступленнях перад чытачамі. Перамога была за ім, нават калі прысутнічалі паэты, якія ўжо «хадзілі ў мэтрах» ці, прынамсі, так думалі пра сябе самі.

Чытаў Трус — самае простае, я не сказаў бы — лепшае, з напісанага ім. На першых часах нашага сяброўства гэта быў верш «На сенажаці» і невялічкая паэма «Астрожнік». Пазней ён перайшоў да асобных раздзелаў з «Сіраты Алесі» і з «Дзесятага падмурка».

Вершаў пра каханне — а іх было ў Труса ці мала — ён лічыў за лепшае перад аўдыторыяй не чытаць. Не рабіў выключэння і для нас, сяброў і паэтычных аднагодкаў. У лепшым выпадку казаў: «Глянь!», падсоўваў чыста перабелены цвёрдым чытэльным почыркам аркушык і адыходзіў убок. Здалёк сачыў за выразам твару чытальніка, потым падыходзіў, моўчкі забіраў верш і стараўся павесці размову на іншае.

Саромеўся ён тых сваіх вершаў! Аднойчы прызнаўся ў гэтым. Я сказаў, што дарма не чытае іх: знайшлі б добры водгук у моладзі.

Паўлюк нават зазлаваў:

— Не чытаю і не буду чытаць! Як гэта: сёння пацалаваўся, а заўтра разбрахаў па ўсім свеце?

Аднак уся моладзь Мінскага педтэхнікума і без растлумачэнняў добра ведала не толькі, на якім курсе вучыцца таямнічая М., прадмет найбольшай колькасці паэтычных уздыханняў, але калі і на якую карціну яна хадзіла ці збіраецца пайсці з Паўлюком. «Камсамолка Ніна» з яго вершаў была таксама нашай сяброўкай.

Дзяўчаты, не ў прыклад Трусу, былі зусім не схільны рабіць сакрэт з ягонага захаплення: і ўвага паэта і вершы ім надзвычай імпанавалі.

Прысвячэнняў было шмат, пачуццё, як і заўсёды, адно. Калі яно прыйшло, у Труса нават змяніўся вобраз краіны: замест васільковых вачэй і светлых кос, амаль што стандартных ва ўсіх тагачасных вершах аб Беларусі, з’яўляецца «яе валос чарнявы шоўк». А потым пачынаюць расці горкія для Труса, а наогул падобныя да раманса ці нядбайна перакладзенага Ясеніна радкі:

 

Дарагая мая, дарагая,

Кволых слоў не шукай для душы!

Для мяне ты сягоння чужая,

Я таксама па-свойму чужы.

 

Такія радкі лёгка можна знайсці ў шмат каго з Трусавых паэтычных паплечнікаў, дзе хто нават зарабляў вядомасць на багемным надрыве. Для Труса гэта было неарганічна, а таму і не кранала, не пераконвала.

Затое, калі першы боль па страчаным каханні крыху суняўся, з вершаў дыхнула тым мудрым спакоем народнай песні, пад якім не гасне памяць сэрца, бо за ёю стаіць і ніколі не адступіцца турбота сэрца:

 

Павей, вецер, з-за дубровы,

А я ўспомню чорны бровы,

Чорны бровы, ясны вочы.

Павей, вецер, апаўночы.

 

Зараз, відаць, не час раскрываць імёны і прозвішчы. А каб нават і можна было? Усё роўна нічога не зменіш і не паправіш!

Для чытача засталіся светлыя і сумныя радкі аб нешчаслівым каханні паэта. Можа хто знойдзе стары часопіс і ўсміхнецца з дакораў тагачаснага ўплывовага крытыка: «Трэба адзначыць вялікі ўхіл Паўлюка Труса ў бок любоўных тэм. Гэта — нездаровае з’явішча. Мы б раілі даць больш увагі тэмам аб праламленні ў вёсцы Кастрычнікавай рэвалюцыі і яе вынікаў...»

Тут Паўлюка няма за што дакараць. Яго паэзія — уся ў паслякастрычніцкай беларускай вёсцы. Не зважаючы на даволі абстрактную стылістыку: «вір маладога», «сусвет вольна-новы», па вершах Труса адразу пазнаецца, адкуль яны ўзніклі, дзе жывуць, куды імкнуцца. Хто ж іншы мог напісаць іх, як не камсамолец беларускай вёскі 20-х гадоў, што наступаў за адным захадам на бога, трохполку, непісьменнасць, кулака і агітаваў за калектыў, школу, лазню, новы быт? Ён бясконца захоплены перамогай Кастрычніка, не можа нацешыцца з прыжданай свабоды, натхнёна пяе пра гэта і пра рэвалюцыю ў сусвеце, хай сабе трохі спрошчана ўяўляючы, што яна недзе вось тут, не далей як за вясковымі весніцамі.

Паэзія П. Труса перахавала для нас — не ведаю, як надоўга — вобраз такога юнака. Яго лірычны маналог аб мінулым і будучым свае краіны мы прачыталі ў паэме «Дзесяты падмурак».

Вобраз калгаснага юнака, маладога чалавека 60-х гадоў, нёс перш за ўсё ў сабе самім і той чырвонаслабодскі хлопец, першыя вершаваныя спробы якога так жыва напамянулі пра Труса.

Мне давялося пабачыць Паўлюкову вёску і самога Паўлюка ў гэтай вёсцы.

Восенню 1928 года, пагасціўшы ў мяне на Случчыне, мы з сябрам рушылі пеша назад у сталіцу на Капыль і Пясочнае.

Перайшлі, падкасаўшыся крыху, Нёман, які выбіраецца адтуль у далёкую і слаўную дарогу, і неўзабаве трапілі ў Нізок.

Трус быў дома, сядзеў у сенцах над сшыткам. Ён узрадаваўся, але не так шумна і весела, як гэта бывала падчас ранейшых сустрэч.

Адпачыўшы, падвечар, мы выправіліся ў лес па арэхі. І колькі ні сустракалася людзей, кожны даваў Паўлюку «дзеньдобры», хвіліну прыстойваў каля яго або проста падкідаў ветлае слова.

Ён хмурнеў яшчэ больш.

— Шкадуюць мяне! — сказаў, калі мы ўвайшлі ў арэшнік.

Лісце засланіла яго, мы не маглі бачыць вачэй, але ў ломкім голасе чуліся слёзы. Паўлюкова маці хварэла на сухоты і — ён ведаў гэта — даходжвала апошнія дні.

Трус не паехаў з намі ў Мінск, як дамаўляліся, хоць туды трэ было патрапіць загадзя: у нас пачынаўся першы універсітэцкі год. Мы разумелі: хацеў яшчэ крыху пабыць каля хворай.

Успаміны пра Труса параспарушваліся па розных месцах: ёсць крыху ў маёй аўтабіяграфіі, у артыкулах пра Янку Купалу і Кузьму Чорнага.

Так найбольш і ўспамінаецца ён: поруч з Чорным. Можа таму, што жылі яны некаторы час на адной вуліцы і, ідучы да Паўлюка, нельга было абмінуць Кузьму. Калі ж хто-небудзь умудраўся ўсё ж зрабіць гэта, каб не парушаць Чорнаму рабочага рэжыму, ён назаўтра жартліва прабіраў неслухаў, выдумляючы абставіны і выдаючы сябе за заможнага шляхціца.

— І якія гэта, проша пана, два герцы ў бліскучых ботах сунуліся на пары коней па маёй вуліцы? — пачынаў Чорны.— І едуць, пане мой, паўз мае вокны, а што б зайсці? Што ў мяне самагонка скісла, ці што? Дык не, пруцца да таго панка Трусецкага, быццам там ліха ведае якіх смачкаў нагатавана. А што той Трусецкі? Звычайны хутаранец! Дзве валокі зямлі. Усяго толькі тры япручкі на год б’е. О, хіба дзеўка на выданні! А за гэтых дзевак герцы ў бліскучых ботах гатовы, пане мой, сэрца раскалоць.

Далей Чорны не вытрымліваў, бо сам «Трусецкі» і яго госць рагаталі з рызыкай вывіхнуць сківіцы.

— На міравую,— казаў Чорны,— сходзім, хлопцы, на Пата і Паташона.

Прапанову Паўлюк прымаў з радасцю, ён любіў гэтых артыстаў і быў ахвотнік пасмяяцца.

Трус кватараваў у свайго дзядзькі — шаўца па прафесіі. Адсюль бярэ пачатак наш агульны псеўданім: «Калектыў шаўцоў». Насупраць вузенькага жалезнага ложка са злямчаным саламяным сенніком, дзе спаў Паўлюк, пры акне стаяў дзядзькаў шавецкі варштат. Каля другога акна, якое глядзела на паркан ваеннага шпіталя, прыпіраўся на маленькім століку Паўлюк з рукапісамі. За фанернай пераборкай змяшчалася дзядзькава сям’я.

Працаваць не было як і не было дзе. Калі Трусу прапанавалі лепшы пакой, ён махаў рукою:

— Дзядзьку без мяне будзе цяжка, не пражыве ён са свае работы.

І праседжваў ночы ў душным, наскрозь пракураным пакойчыку.

Прыроджаная далікатнасць і папярэдлівасць вызначала паводзіны Труса, абыходжанне з сябрамі, таварышамі па вучобе. Студэнты любілі яго. Як і ў роднай вёсцы, у калідоры тэхнікума ніхто не мінаў Паўлюка не павітаўшыся, не загаварыўшы, не запрапанаваўшы, скажам, папяросы ці — гэта часцей бывала — не пачаставаўшыся з ягонага пачка.

Сказаць, што Паўлюк плаціў людзям за добрыя адносіны тым жа, будзе мала. Гэта яго любоў да людзей выклікала ў іх адказнае пачуццё.

У маладосці людзей майго веку Паўлюк Трус быў першым расстаннем. Да яго адыходу мы яшчэ не трацілі сяброў. Дакранацца да гэтай страты і дасюль цяжка. І калі з маладога гурту вылеціць раскоцісты, гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён там! Прысадзісты хлопец у неадменнай талстоўцы і галіфэ. Капа — іначай не скажаш на столькі багацця! — кучаравых каштанавых валасоў і пад імі вельмі звычайнае, нібы высечанае з дубу аблічча...

1964


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 623 с.
Крыніца: скан