epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Вокны дарогі

Зноў у вокны дарогі глядзяцца вагоны,

У кур’ерскіх вятроў крадзе сны далячынь,

І бяжыць цераз лес, і глядзіць з заваконня,

Мітульгою і пеўнямі поўнач крычыць.

 

Я не ведаю цёплай краіны гасконца,

Ды не горшай уцехаю лёс абдарыў:

Мне руку падавала каўказскае сонца,

На хрыбтах памагалі прыкурваць вятры.

 

Загаготвалі гусі...

У вырай станіцу

Кізяковым дымком павялі каміны...

Вось бы крыллі каму! Ім жа так не сядзіцца,

Белым хаткам...

Няўжо зазімуюць яны?

 

Я ў расстанях жыву і сустрэчамі поўны,

Хоць не часта на колы стаўляю свой дом,

А ўсё роўна, ўсё роўна —

сасмагшы вандроўнік,

Выпіваю блукальніцкі кубак нагбом.

 

І мне зноў да відна не давалася слова,

Штохвіліны кідала і ў холад і ў пот,

І дымела папера, крышыўся аловак,

І басіў паравоз, як гугнявы фагот.

 

1969


1969