epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Выпадак у лесе

Рэчы — яшчэ прыдатныя для ўжытку, але як толькі тэрмін карыстання сыдзе, гаспадарнікі, склаўшы аўтарытэтны пратакол, пускаюць іх у глум, на злом і спаленне. Чамусьці гэта называецца спісванне.

З газет

 

Грыбны канчаючы абход,

Сеў пакурыць я.

Пад сасной

Зірнуў з травы знаёмы бот —

Ну, хай не той, такі, як той,

Што ў танец нас вадзіў з табой

Пры саменькай перадавой.

 

Як мог сюды ён забрысці?

Напэўна, з некім

заблудзіў.

А можа, ў лесе стаў расці

І вельмі добра зарадзіў:

Вунь — зноў адзін, яшчэ адзін!

Ды тут паўсотні пар, бадай!

 

А-аа! Сотня пог пайшла праз гай...

Так! Сотня ног

пайшла праз мох

Без іх...

Разуўшыся, лягчэй

Вачэй,

Вушэй

Мінуць заслон

І зняць варожы гарнізон.

 

Не, тых часін астыў прыпар.

Куды ж падзеўся гаспадар,

Што чысціў бот, падладзіць мог?

Няўжо сама паўсотня пар

Зраклася гаспадарскіх ног

І зеўрае з лясных палян

Пустымі жэрламі халяў!

 

Каб столькі ботаў ды ў калгас

Па той вайне! — скупы быў час,—

З аркестрам дар бы прынялі,

Яечань колькі б напяклі!

 

Яно б і зараз: кожны бот

Агледзь, падмаж — пайшлі б у ход.

Маглі б і хвоі траляваць,

Маглі б каналы паднаўляць,

Дзяўчат праводзіць нацямку

І жыта веяць на таку...

 

Але не змогуць...

Ад мыска

Аж па абцас, наўкасяка,

Паклаўшы на калоду, сек

Па задніках, па перадках,

А пападаў і па руках

Тым, хто абутак шыў навек

Маім сябрам-умельцам...

Сек

Таксама друг мой — чалавек.

 

Б’юць па калодках тапары,

Сякуць не па чужым дабры.

 

1973


1973