epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

"Зайцы напрышывалі гузікаў..."

* * *

Зайцы напрышывалі гузікаў

На пух даліны снегавой.

Свет аглядаю, не абвузіўшы

На свет, які жыве са мной.

 

Для прадзіва ці то ад крадзіва

Два вокі ў хмары б’юць наўсторч:

Падоўжваць дзень мне сонца дадзена,

А месяц — падкарочваць ноч.

 

З чаго яны? З агню ці з вадкасці?

Што ў іх — ці золата ці медзь?

Хай знаўцы важаць тыя якасці,

А я вазьму, што трэба мець.

 

Ці ім нядужыцца, бо кружацца —

Чортведама! — ў высачыні,

А час часом, бывае, мружацца,

Не дасылаюць прамяні.

 

Тады я сам надвор’е яснае

Пад белы звон калакалуш

Раблю,

гляджу вачыма ўласнымі

У сховы долаў, сховы душ.

 

Дарма, што блытаецца заячы

След у даліне снегавой,

Буджу свой свет, не наракаючы

На свет, прыдуманы не мной.

 

1972


1972