epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Жальба здалёку

...За сцяной нехта з раніцы ў радыё ўпрогся,

Круціць шлягеры, джазы...

Ды шчасце, што Робсан

Лінуў басам і змыў іх...

Тады асмялеў

Нескладаны,

Знаёмы,

Шчымлівы

Напеў.

 

Тая тонкая дудачка так бедавала,

Што пазнаў я:

ў далёкіх-далёкіх краях

Землякова душа горка рукі ламала,

Дом згадаўшы былы,

Цёплы жнівеньскі шлях.

 

Той прастор,

дзе я толькі што з жоравам лётаў,

Падразаў верасовы рабы баравік,

На паўнюткіх трохтонках каціў з умалотам,—

Столькі важыць радзіме і сам я не звык.

 

Ці ж не ведаць мне, як яна, добрая, прыме

Жальбы тых, хто калісьці ў адлёт паспяшаў.

Не магу я адмовіць нікому ў радзіме,

Калі ўпоцемку стане відушчай душа.

 

А ў тае, што іграла, вільготныя вейкі...

Спадзявайся, зямляча, і ступіш да нас.

Вось прабілася ж неяк журбота жалейкі

Цераз тлумны, спатнелы, запенены джаз.

 

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан