epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Замест прамовы

Каторы дзень хаджу і ныю,

Праз мора клічу дружбакоў:

Давайце рады, дарагія,

Бо пешкі драпану дамоў.

 

Мне пагражае выступленне,

Яно, вядома, не бяда,

А як пачаць перамаўленні

Вось гэткім слоўцам:

«Гаспада!»

 

Я разумею: далікатны,

Здаўна абслізганы зварот,

А зрэшты, ух як непрыдатны:

Скажы і прапалосквай рот.

 

І так і сяк сябе муштрую,

Душы ў пастронкі не ўпрагу,

Бунтуюць нервы, пратэстуе

Уся істота...

Не магу!

 

Я не ахвотнік лезці ў сварку,

Ды як жа змоўчаць гаспадам,

Што дзеда пан лупіў па карку,

А мне свярбіць дагэтуль шрам.

 

Наўкол шумяць людскія штормы,

Людскія хвалі б’юць наўкруг,

На волю рвецца з панскіх ёрмаў

Дзе чорны друг, дзе белы друг.

 

Дык набірайце сілы, людцы,

Дык слухай, захад і усход,—

Я гэтак думаю звярнуцца

Да ўсіх паноў, ці то гаспод.

 

Ці зварым кашу, ці не зварым,

На тым пагодзімся, бадай:

Я вам, вядома, не таварыш,

Вы мне, тым больш, не гаспада.

 

Адзіны ёсць зямны ўладыка,

Каго шаную, не таю,

Ён — гэта мой народ вялікі,

Яму служу, яго пяю.

 

Калі ж і гэты дом саймовы

Прадзьмуць Кастрычнікаў вятры,

Лягчэй пачну сваю прамову,

Скажу:

— Таварышы!

Сябры!

 

10.Х.1968