epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Заморскія каляды

Амерыка спраўляе Хрыстова нараджэнне,

Ялін прыбраных мноства

і безліч без акрас:

Зялёныя, вялізныя,

на сценах сталі ценьмі,

Крыжамі нават сталі:

хрысціцеся — Крыстмас!

 

Дарослыя і дзеці

купляюць падарункі,

Не ўбіцца ў бакалеі,

па кветкі — зноў чарга!

Аж зіхацяць абліччы,

калі ў руках пакункі,

І кружыцца

па вуліцах

святочны балаган.

 

Ахвотна ўсе адразу

паверылі паданню,

Нібы яўрэйскі хлопчык

сышоў у Віфлеем...

Што гэта:

сантыменты ці простае жаданне

Схаваць сябе, жывога,

ад робатавых схем,

Ад гэтых надаедных

забойстваў у кіношках,

Рабункаў па кватэрах,

прысудаў без віны,

Каханняў у калысках,

радзін у шлюбных ложках,

Ад мыліц, што кульгаюць з в’етнамскае вайны?

 

24.ХІІ.1968