epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Здарэнне ў санаторыі «нясвіж»

У даўнім замку Радзівіла,

Дзе восень дыхала з муроў,

Мяне гарачка паваліла

І не ўцякла ад дактароў.

 

Тады праз ласку гэтай цёткі,

Паміж трызнёй і забыццём,

Я сівых сцен выслухваў плёткі,

Быў старасветчыны гасцём.

 

Бляшаны круг каціла поўня

На здзірванелыя валы...

Здалося мне, ў палацы поўна

Яго насельнікаў былых.

 

Пазнаў адразу, толькі глянуў:

Як дама трэф між дробных карт,

Княгіня з роду Каштэлянуў,

Што насадзіла дольны парк.

 

Князі, хто ў цёмных сутарэннях

Знайшоў касцям надзейны спрат,

Жывыя нашчадкі з прагненнем,

Каб спадкі адхапіць назад.

 

На залу біў агонь каміна,

Быў стол накрыт на сто персон,

І тут

не ў крэсле —

на драбінах

Сядзеў знаёмы нехта...

Ён!

 

Пры самай плыні аксамітаў,

Што з танцу ў танец гнаў габой,

Драмаў, знябыты, абабіты,

Канёк з адвешанай губой.

 

Але яздок!

На твары веліч,

Нібы гасціць у панства звык,

Слуга князёў, Міхал Міцкевіч,

З-пад Мікалаўшчыны ляснік.

 

Яго падступна падбівалі:

— Міхал! Пакінь ты нам хлапца.

І частавалі: падлівалі

І падкладалі без канца.

 

Хоць чарку мог ён добра лыкаць,

Не расшчапіў замкнёных губ:

Каля драбін стаяў Музыка —

Ці то Сымон, ці то Якуб.

 

— Ты чуеш гэтую катрынку? —

Міхал паскардзіўся яму: —

А ну іх к ліху! Едзьма, сынку,

У Стоўбцах зойдзем у карчму.—

 

Згас княжы вензель на балконе,

Растала ўсё — і шум, і сквіл,

І пацягнуў калёсы конік

У прадсвітальны небасхіл.

 

1972


1972