epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Злата улічка

У слаўнай Празе, ў старажытным Градзе,

Не злічыш спраў даўнейшага майстэрства:

Спічастых вежаў, што ўзляцелі ў неба,

Разбяных дрэў, шумнейшых як у пушчы,

Чыгунных коней, што заржуць, здаецца,

Людзей каменных з вуснамі жывымі:

Спытайся толькі — вусны зварухнуцца

І паплыве гарачая размова.

 

Але

ні ўсходы, на якія конна

Скакалі рыцары,

ні той фантан пявучы,

Ні самы большы звон, што мае імя

І Зыгмунтам завецца, меднагучны,—

Ніводзін з гэтых незраўнаных цудаў,

Што лётаюць, хоць і не маюць крылляў,

Гавораць — не надзеленыя мовай,

Растуць — не прасціраючы карэння,

Не стане поруч з вулкаю малою,

Златай улічкай, як гавораць чэхі.

 

Злата улічка!

Над Аленім ровам

Асенні ліст з кляновае галіны,

Як жоўты парашут, на дол зніжаўся,

Паказваючы да цябе дарогу.

Вось мы ўзышлі на брук.

І крок ступілі,

А болей не маглі ніяк, бо ўшыркі

Быў той завулачак не болей кроку.

 

Маленькія дамы пад чарапіцай

Зайсці да іх гасцінна запрашалі

І паглядзець жыццё, што адшумела.

 

У першым з іх жыў, як паданне сведчыць,

Выдатны майстар залатое справы.

Шмат прапусціў праз рукі ён работы:

Пярсцёнкаў, завушніц і бранзалетаў,

Калі ж дачку сабраўся выдаць замуж,

Дык у пасаг не даў ніводнай рэчы,

Што з золата была.

І ўзяў той бедны майстар

Багатай пані шпільку залатую,

Яму прынесеную на паправу,

І закалоў дзяўчыне ў валасы.

На час, вядома. Але быў павешан.

 

Тут, у закутку цесным, закурэлым,

Над тыглямі, дзе закіпалі сплавы,—

Алхімік барадаты.

Аж да скону

Шукаў ён золата.

І з голаду памёр.

Яшчэ далей сядзеў стралец найманы,

У чорных кудзерах, батфортах чорных,

Сядзеў стралец з панурай галавою

Над куфлем без віна.

Даўно пратрачан

Апошні залаты...

 

Чаму ж назвалі,

Я думаў, гэту вулку Залатою?

Бо жыхары ж яе спрадвечныя за працу

І шэлега гарэлага не мелі,

Хіба што ліпы золата ссыпалі

З галін асенніх, як і тыя дрэвы,

Што залатое лісце дараць сёння.

 

Не!

Шмат вякоў ішлі па вулцы чэхі

У залатых лятунках аб свабодзе.

І зараз тут нямала іх страчаю

І бачу:

У вачах свабода свеціць,

Смяецца ў вуснах і ліецца ў мове.

Яна твой скарб, дружацкі наш народзе,

Скарб неацэнны, важкі, бо ў свабодзе

Ўсе скарбы свету.

Так, Злата улічка?

 

1957


1957