epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Злосны сабака

 

 

Бобік з’явіўся ў двары разам з Лысаю. А Лысую — чырванаватую кароўку з белаю лапінаю ад рагоў да мызы — Аня выменяла на швейную машыну і казу Эму, бо маленькі Віця з восені хварэў і на вочы не дапускаў казінага малака.

Калі Лысая, абнаджаная скібкай пасоленага хлеба, пайшла на налыгачы за Аняю, ранейшы гаспадар каровы сказаў:

— Вазьміце хіба і сабачку ў прыдачу. Вельмі ж яны дружна жылі. А цюцька добры і спраўны на вуха. А галасны — ніякі званок не паправіць...

Так той цюцька і даехаў разам з Аняй і кароваю на бразгатлівай палутарцы аднекуль з-пад Глыбокага ў вёску на беразе Мінскага мора.

Бобік быў ростам з пералетаваўшага ката, шчуплы і танканогі. З дзвюх пасылачных скрынак яму змайстравалі будку на зіму. Уладзік, старэйшы Віцеў брат, хлопец не без гумару, выбеліў фарбаю на бакавіне будачкі вялікі надпіс: «Злосны сабака».

Вясною прыбыло віднае пары, на зямлі ўсё надаўжэй пачала заставацца ўтульная коўдра цеплыні. Развіліся дрэвы, растаў лёд на возеры, пырснула зелянінаю трава.

Падужэў і Віця. Раніцаю, выбегшы на двор, ён перш-наперш станавіўся на карачкі і заглядаў у будачку. Бобік высаджваў адтуль галаву, пазяхаў спрасоння і дрыгаткім ад хвалявання ружовым языком аблізваў заспаную мордачку малога. Далікатнасць за далікатнасць! У адказ на гэта Віця вымаў з рота жоўтую соску, ад якой яго праз нядужасць шкадавалі адвучваць, і даваў яе па трохі сабаку.

Так яны і гулялі ў пяску пры будачцы, па чарзе смокчучы соску: «злосны сабака» і паўтарагадовае хлапчаня. Шкада толькі, Аня зусім не разумела смаку ў такой слаўнай гульні. Яна, у роўнай меры жорстка і ласкава, давала плескача аднаму і другому, заганяла Бобіка ў будку, а дзіця цягнула за руку ў хату — паласкаць цёплаю вадою рот.

Каб не гэта старонняя і зусім непатрэбная апека, малым жылося б зусім удала. Да вострых сутычак, якія б з аднаго боку канчаліся плачам, а з другога — екатаннем, у іх ніколі не даходзіла. Раз, праўда, было. Бобік выплюнуў пустую нясмачную соску, прыціснуў яе лапаю і лёг насупраць Віці, нібыта пытаючыся: «І чым яна табе міла, гэта няшчасная сусла? Ад яе ж, дарэчы, так пагана патыхае, як і ад гаспадаровых ботаў, у якіх ён ходзіць на рыбу і потым сушыць на плоце.

Віця, вядома, нічога не зразумеў і не адказаў. Ён пацягнуўся па сваю забаўку, але Бобік захацеў падурэць, схапіў соску ў зубы і адскочыў убок. Хлопчык скрывіўся, хацеў адабраць сілаю, але шчанюк адбегся яшчэ далей.

Тады Віця скоранька ўстаў з чатырох апор на дзве, падбег і ўкусіў Бобіка за вуха. «Злосны сабака» скавытнуў і схаваўся ў будку.

Такім чынам, у гэтай дробнай і хутка забытай сутычцы пацярпеў зусім не той бок, як трэба было чакаць.

Куды больш складаныя адносіны былі ў Бобіка з старым катом Хведарам. Ён не адчуваў патрэбы асцерагацца такога сабакі, бо праз дробны рост не бачыў у ім свайго спрадвечнага ворага. Сам жа Хведар быў здаравец, ён моцна раз’еўся і мог бы ў якасці пясцовага каўняра аздобіць голыя плечы самай вялікай модніцы. Сабачка выглядаў поруч з ім, праўду кажучы, мізэрна. Але рост ростам, а па характары Бобік быў задзірака. Згледзеўшы ката, ён прымаў ваяўнічую паставу, гатовы паскубці белае Хведарава футра. Кот спаважна, як быццам ні аб чым не дбаючы, набліжаўся, рабіў імгненны падскок і навотлег лупіў сабаку лапаю па мордзе.

Тут пачыналася жахлівае сабачае абурэнне і невыказная па сваёй красамоўнасці скарга. У глыбіні будачкі, дзе ў той жа момант апынаўся пакрыўджаны, ніяк не мог аціхнуць брэх на самых высокіх і надрыўных нотах.

Аднак навукі ставала ненадоўга. Ахвота задзірацца знікала ў Бобіка, толькі пакуль Хведар не выбіраўся на праходку пад хлеўчык, куды ката цягнула і вабіла поўнае падстрэшша вераб’ёў.

Бобік чуйна бараніў сваё жытло: турыў надакучлівых куранят, шчэрыўся на старую сяброўку Лысую, спрабаваў нават не падпусціць Уладзіка. Гэта, вядома, канчалася марна: Уладзік падымаў яго за вушы і так вытрасаў сабачае свавольства. Але падставы пільнаваць сваю фанерную хатку Бобік, безумоўна, меў: там быў немаленькі спрат. Праз драбноту і слабыя зубы Бобік не мог разгрызаць косці, але складаў іх усё ж на чорны дзень. Прыхоўваў ён таксама і скарынкі, а бульбу, каб не ўкрыўдзіць дзяцей, браў, але тут жа закопваў пад маладою рабінкай.

Час ад часу Уладзік абвяшчаў санітарны дзень. Ён прыносіў Бобіку свежага сена. Перакуліўшы будку, хлопец выбіваў адтуль злямчаную падсцілку. На траву высыпалася цэлая торба назапашанага: недагрызкаў і недаедкаў.

— І ліха цябе ведае,— нязлосна ўшчуваў Уладзік,— нашто ты сухары сушыш? Вайны баішся, ці што?

Бобік слухаў, вінавата матляў хвастом, але ад звычкі назбірваць харчы пазбавіцца не мог. Спрачацца і сварыцца за адабранае не мела сэнсу, за першаю часткаю санітарных працэдур ішла другая, прыемная. Уладзік спускаў сабаку з ланцужка, і яны ішлі купацца.

Трэба сказаць, што Бобік быў ніштаваты плывец, кідаўся ў возера даставаць дручок і наогул боўтаўся ў вадзе, пакуль не вылазіў на бераг Уладзік. Асалода купання была зусім поўная, калі хлопец забываўся ўзяць мыла: яно шчыпала вочы і, галоўнае, кепска пахла — каб жа дзёгцем ці шкіпінарам, а то рэзедою ці настурцыяй.

Прыйшло гарачае лета. Скрозь па беразе бялелі турысцкія палаткі, у лесе стаялі фанерныя дамочкі на колах. Людзі дапазна хадзілі па дамбе, голасна гаварылі і смяяліся. Маладыя спявалі песні, палілі кастры, а часамі нават пускалі ракеты.

А найбольш клопату задавала шаша. Дарога праходзіла каля саменькага дома Віцькавых бацькоў. З досвітку да досвітку па ёй густа ішлі машыны. Яны рабілі страшэнна многа шуму і грукату. Ад колаў падымаліся сухія хмары пылу і доўга не асядалі. Тым не менш шаша неадольна прыцягвала абодвух сяброў: Віцьку і Бобіка. Яны так і цікавалі, каб выскачыць за вароты.

Тады і спраўдзіліся словы першага Бобікавага гаспадара: цюцька быў сапраўды спраўны на вуха і яшчэ больш востры на голас. Чалавечая весялосць і неспакой трывожылі звыклага да вясковай цішыні шчанюка, і ён усю ноч брахаў. І не даваў спаць сваім хатнім і суседзям. Пачалі раіцца, што рабіць. Аддаць каму-небудзь — шкада, прывыклі. Трэба неяк суцішыць.

І Уладзік надумаўся. Ён сеў з кнігаю каля сабачай будкі і, як толькі Бобік змружваў павекі, голасна гукаў:

— Бобік, не спі! А то выспішся завідна і зноў усю ноч гаўкаць будзеш.

Можа гэта і памаглося б, але Уладзіку надакучыла. Хлопец пабег гуляць у футбол на выгане, а Бобік выспаўся і брахаў не ўціхаючы да світання. Назаўтра нехта са змучаных бяссоннем дачнікаў прынёс з аптэкі парашкі на сон.

— Дзядзя! — сказала Ніначка.— Вы самі не прымайце, лепш падсыплем тыя парашкі нашаму Бобіку.

Мы пачалі смяяцца і ўгадваць, якія сны могуць прыбачыцца сабаку пасля сонных парашкоў. Уладзік рашуча выказаўся за каўбасу, бо сам быў вельмі ласы да яе. Ніначка сказала, нібыта Бобік прысніць, што едзе верхам на Хведары, наганяючы ката дубцом...

— Дзеці! — крыкнула Аня.— А дзе наш Віця?

І мы ўсе пабеглі за вароты.

Непаваротныя аўтобусы, пацягнутыя брызентам грузавікі, выбуховыя матацыклы і бразгатлівыя інвалідныя мотакаляскі, цэлы паток чатырохколых страшыдлаў супроць нашага дома, нібыта чамусьці сумеўшыся, перавальваў цераз кювет і пыліў па пясчанай абочыне.

Пасярэдзіне шашы, на асфальце, сядзеў Віця з неразлучнай соскай у роце і паважна перасыпаў жвір і дробныя каменьчыкі з падолу ў сцягнуты з галавы каптур.

Сонца біла проста ў вочы, ён жмурыўся, затуляўся локцем, і тады з-пад задзёртай кашулі паблісквала голае чэраўца.

Каля хлапчука, грозна наставіўшы хіб і падціснуўшы да галавы вушы, захлынаўся, давіўся ад гарачага брэху Бобік і ўсё мацней упіраўся лапамі, каб у выпадку чаго кінуцца ў бойку.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан