epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Званы з вайны

1
2
3


1

 

 

На званіцах

З паўвека паглухлі званы.

Я даўно ўжо забыўся б,

Як звоняць яны,

Каб не рэха з вайны...

 

Узлятаюць угору,

Спадаюць далоў

Гукі,

горам у медзь спрасаваныя.

З папялішчаў,

З гарышчаў,

Паўзверх каміноў,

Абгараючы,

звоніць рука спрацаваная.

 

Дружа,

Гэта — Хатынь...

Сэрца,

Помні

І не астынь!

 

 

 

2

 

 

Пад неба цёплай апонаю

Гай — аж зіхціць! — бярозавы,

Ды ўпотай хусткай зялёнай

Змахвае з веек слёзы.

 

Ідуць здалёку вандроўнікі,

Адзін аднаго пытае:

Чаму б, у вясновай поўні,

Плакаць такому гаю?

 

Таго ж, дзівакі, не ведаюць:

Коцяцца кроплі долу,

Бо разам зімуюць і летуюць

Бярозы

і

ўдовы.

 

Дрэвы поруч з жанчынамі,

Пакрыўджанымі на долю:

Яны пасадзілі гай салаўіны,

Мужоў не прыждаўшы дома.

 

З іх кожны — у шлях развіўся,

Зрабіўся сцягам барвістым —

Быў камуністам

Ці не быў камуністам.

 

І ўдоўкі саджалі некаму —

Свайму і чыймусьці —

помнік.

Хай, белы, стаіць над рэкамі,

Адводзіць маланак промні.

 

А скончылі —

скорам рэзалі

На ўсіх, як у час памінак.

...Кранала плечы бярэзіна,

Нібыта рукой, галінай.

 

Як тыя жанкі, згасаючы,

Развітваюцца з жывымі,

Разносяць вятры, гайсаючы,

Гаю вечнае імя.

 

Ён, срэбны, ідзе пагоркамі

Не страш — устоіць, няпудкі.

Збройная мая Хатынь,

Белая мая Хатынь —

Беразак удоў

пад Навагрудкам.

 

 

 

3

 

 

Палямі жытнымі,

Барамі густымі

Сляды зараслі

І, здаецца, астылі.

 

А зерне пшаніцы,

А жменю брусніцаў

Рассып на далоні,

І звон забруіцца.

 

У ліпеньскай спёцы

І ў студзеньскай стыні

Зазвоніць Хатынь,

Адгукнуцца Хатыні

І Лідзіцэ попел,

І скаргі Дахау...

 

Кроў чалавечая

Не высыхае.

 

Са спаленых сэрцаў

Сцякае цуркамі,

Брусніцамі спее

І звоніць званамі.

 

 

1974


1974

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан