epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Зварот

Я быў на плыўкіх берагах

Таго, што клічуць —

вечнасць.

Зямля ў маланкі пісагах

Плыла над прорвай млечнай.

 

Пасля трывог, трускіх дарог

Зыбалі мякка хвалі,

Ні божы лік, ні чортаў рог

Нідзе не пагражалі.

 

Ды што гразіць, калі ты стаў

Страшэнна памяркоўны

І не пярэчыў, не злаваў:

Усё адно, ўсё роўна!

 

Але падзьмула сто вятроў

Са ста азёраў родных,

Пачуўся гоман дружбакоў,

Шлях закурэў паходны.

 

Рвануўся я.

Пачаў зварот

І зноўку злы, рашучы,

На шум работ, на тлум турбот

Папоўз, палез па кручах.

 

Упершыню спяшаў назад,

Не даўшы бой прыгодзе:

У гэтым свеце я —

салдат,

А ў там-той свет — не згодзен.

 

Лістапад, 1968, шпіталь