epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Звон незалежнасці

У Філадэльфіі —

адгэтуль не відаць,

Яна стаіць за морам-акіянам,—

Зялёны парк, названы Незалежным,

І ёсць там звон —

прываба для турыстаў,

Для разявак, ахвотнікаў павойкаць.

 

Калі прайсці ад Слуцка да Нясвіжа,

Наспорваеш такіх званоў з каплічак

Не менш за сотню.

І не меней звонкіх.

Яны званілі хвацка на вялікдзень,

Крыху настыўшы, блямкалі ў каляды,

І кожны з іх працягла, сумна бомкаў,

Калі праводзіў каваля ці ткаллю

На бераг вечнага заспакаення.

 

А чым жа слаўны той, філадэльфійскі?

Ён, калі верыць даўняму паданню,

Раз толькі зазваніў, каб абвясціць

Амерыку краінай незалежнай.

І змоўк.

 

А потым рыхт у рыхт другі быў звон адліты,

Яго паставілі насупраць дома,

Які завецца Белым і ў якім

Жывуць, кіруюць і законы пішуць

Усе, хто абярэцца ў прэзідэнты.

 

Калі жылі там Джэферсан ці Рузвельт,

Яны званіць умелі ў звон закону,

Цяпер інакш: не прэзідэнты звоняць,

Б’е ў прэзідэнтаў хтосьці.

Звон сабе маўчыць.

 

1968


1968