epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Танк

Прытча пра хлеб

Аднойчы на кірмаш здалёк

Вандроўнік плёўся ў горад

І наракаў на свой мяшок,

Набіты лустай спорай.

 

Аж Хлеб не вытрымаў і так

Азваўся: - Што бядуеш?

Зусім не ты мяне, дзівак,

Але цябе нясу я.

 

- Ну, што ж, пабачым: хто - каго! -

Той запярэчыў строга

І з цяжкага мяшка свайго

Хлеб вытрас на дарогу.

 

І сам пашкандыбаў далей.

Нішто не муліць плечы.

Дзень прамінуў. Ужо ў імгле

Стаў набліжацца вечар.

 

Настаў і час перакусіць.

Успомніў Хлеб Вандроўнік,

Што недзе, кінуты, ляжыць,

Духмяны і цудоўны!

 

Прылёг на нейкім дзірване,

Каб адпачыць хоць трошкі.

Але галоднаму і ў сне,

Знаць, сняцца хлеба крошкі.

 

Цяпер і сам сабе не рад.

Не спіцца, не ляжыцца.

Ці не вярнуцца лепш назад

Ды з другам памірыцца.

 

Устаў Вандроўнік і брыдзе -

Ідзе пад зорным небам

На месца памятнае, дзе

Ён пасварыўся з Хлебам.

 

О, як ён рад быў зноў, калі

Сваю пабачыў страту!

І Хлебу нізкі, да зямлі,

Аддаў паклон, як брату.

 


31.07.1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая