epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Артыстка

1
2
3
4
5


1

 

Стаяў каламутны, у снягах і завеях, люты. У той паўночнай, на Віцебшчыне, вёсцы, дзе нарадзіўся Іван, лютаўскія маразы былі заўсёды страшэнна моцнымі, але вяскоўцы прывыклі да іх. Прывыклі да хрумсткіх і высокіх, як горы, сумётаў і снежных завалаў, калі нават на падворак выйсці было цяжка, а вада са студні здавалася да таго халоднай, быццам вынятая з глыбіняў лядоўні. Прывыклі да бясконцай белі снягоў, ад якіх вечары і ночы здаваліся святлейшымі, да халодных і ясных зор у чорным марозным небе, да нематы ў зімовыя дні, калі нават лес за змерзлай рэчкай маўчаў, скуты сцюжай. Вось такія зімы былі ў вёсцы Вязельба, што адною стужкаю дамоў раскінулася на беразе рэчкі...

У адзін такі марозны і ціхі дзень ля старога прыпынку на развілцы снегавых дарог спыніўся аўтобус і з яго выйшла (дакладней, выскачыла на снег, прама ў высокія гурбы) купка дзяўчат і хлопцаў - студэнты, што прыехалі дамоў на канікулы.

Таня патрапіла, відаць, у самы высокі сумёт. Да яе хутка падбеглі дзяўчаты, і яны разам пачалі весела перагаворвацца і клікаць на дапамогу хлопцаў. Першымі з'явіліся двое - Андрэй і Іван. Убачыўшы хлопцаў, дзявочы гурт ізноў заварушыўся, пачаліся жарты. Насця, уся ў вяснянках, прытворна загаласіла:

- Ой, а як жа вы яе выцягваць будзеце? Адна ж шапачка засталася! То хіба за шапачку?

Усе смяяліся, і Таня разам з імі.

Але выцягвалі за рукі. Першы рушыў Андрэй, але адзін не змог. Тады на дапамогу падышоў Іван, узяў Таню за абедзве рукі, выхапіў з сумёту. Пасля таго як Таня абтрэсла з шубкі снег, яна пачала дзякаваць. Чамусьці першага адзначыла Андрэя, можа, што стаяў бліжэй. Вочы яе засвяціліся іскрыста, радасна, калі яна заўважыла, што яму прыемны яе словы. Іван стаяў убаку, глядзеў на яе, на снег, і яму здавалася, нібыта па ўсёй белай прасторы падаюць іскрыстыя і радасныя, нібы Таніны вочы, чужыя і далёкія ад яго зоркі...

Але ўрэшце яна заўважыла і яго. І адразу сумелася, але толькі на нейкае імгненне. Пасля яна звярталася да яго ўсё тым жа бадзёрым і радасным голасам:

- Ой, пра галоўнага свайго выратавальніка забылася! Гэта ж недаравальна...

- Ужо даравальна, - усміхнуўся ёй у адказ Іван, і на душы яго чамусьці пацяплела. Ад яе голасу, ці што?

Ён падхапіў самую цяжкую сумку, бо лёгкую аддала Андрэю, і хутка ўвесь іхні гурт пакрочыў па ўмерзлай вясковай вуліцы, абуджаючы яе настылую цішыню смехам і гаманой.

 

2

 

А ў суботні вечар Іван са сваім сябрам Сяргеем выбраліся ў клуб.

Было па-ранейшаму марозна, снег хрумсцеў пад нагамі. Над дарогай распушылі сваё ўбранае інеем голле бярозы. За хатамі маўчала рэчка, ды цяпер цяжка нават пазнаць было, дзе яна: усё акрыла, зраўнавала белымі снягамі зіма, толькі чорна шчацініўся лес на ўзгорку.

Іван зірнуў на неба. Яно было цёмнае, глыбокае, і на ім мільгала першая маленькая зорачка. Івану чамусьці зрабілася страшна шкада яе, адзінокую ў вялікім халодным небе. І ён сказаў, звяртаючыся да Сяргея:

- Цікава, чыя гэта там зорка?

Сяргей засяроджана глянуў увышыню. Але ў гэты час ля зоркі пачалі з'яўляцца іншыя, меншыя за яе, цэлы зорны карагод, і Сяргей адказаў, нібы злёгку пакепліваючы з яго, Івана:

- Таніна зорка. Бачыш, колькі ля яе сабралася? Значыць, Таніна. Беспамылкова. На тое яна і прыгажуня, і артыстка.

Іван паспрабаваў абурыцца, але Сяргей запярэчыў:

- Ну-ну, жартаў не разумееш. Я па-сяброўску. Яшчэ нагледзішся на сваю артыстку.

Іван так і не зразумеў, чаго больш у гэтых словах: іроніі ці прыязнасці.

Астатні шлях яны прайшлі моўчкі, і ўсю дарогу Іван думаў пра яе, успамінаў Таню. Заўсёды яна была самай прыгожай дзяўчынай, і ёю захапляліся многія. Але яна з дзесятага класа абрала Андрэя. Разам яны хадзілі на школьныя спектаклі, дзе выступала Таня, - а ўдзельнічала яна амаль у кожным, таму і празвалі яе - артыстка. Іван, як і многія, быў у яе закаханы. Нават на выпускным вечары падарыў шыкоўныя гарадскія ружы, што ўсе толькі ахнулі. За гэтымі ружамі Іван ездзіў спецыяльна, паўдня тросся туды і назад у пыльным прыгарадным аўтобусе. З таго часу Таня пачала прыглядацца да яго, асабліва калі хлопец стаў першым на іх курсе фізфака. Яна нібы назірала за ім, Іванам, нібы вагалася. А ён чакаў. Чакаў і марыў. Ён мог чакаць колькі заўгодна, пакуль была надзея. І яна падавала яму гэтую надзею: усмешкай, поглядам, размовай...

Вось і сёння толькі з-за яе, па сутнасці, ідзе ён у гэты стары клуб, ідзе, бо ведае, што там яна, там яна гамоніць і ўсміхаецца, вясёлая, да ўсіх заўсёды зычлівая і лагодная. Таня...

У гэтую хвіліну роздуму, напамінку аб ёй цяплела сэрца, ён гатовы быў дараваць любыя ранейшыя крыўды, любую няўвагу ад яе, забыць, не ўспамінаць. Толькі б цяпер яна ўсміхнулася яму, гарэзліва і ласкава ўпікнула: «Ізноў запазніўся? А мы чакаем, чакаем... Хуценька распранайцеся і сядайце».

- Эх, Таня...

- Услых размаўляеш. Апошняя стадыя закаханасці.

Гэта Сяргей, і голас у яго невясёлы. Івана працяла вінаватасць: з-за яго Сяргей дарма траціць вечар. Але ён такі: хоць і пакпіць, але, калі трэба падтрымка, не адмовіць ніколі. Яны дапаўнялі адзін аднаго - прагматык і рамантык, «лёд и пламень», як з іх жартавалі на фізфаку. Але, нягледзячы на гэтыя жарты, ім было добра разам, яны разумелі адзін аднаго.

- Як ты думаеш, яна кахае мяне?

Сяргей паціснуў плячыма, адказаў няпэўна:

- Я не цыганка-гадалка.

Іван уздыхнуў.

З-за павароту паказаўся высокі драўляны будынак вясковага клуба. Там ужо свяціліся вокны, чулася гамана з расчыненых дзвярэй.

Іван заспяшаўся:

- Хутчэй трэба. Познімся.

Сяргей раўнадушна кінуў: «Паспеем», але пайшоў хутчэй.

Праз хвіліну яны ўваходзілі ў сенцы, дзе распрануліся. Увайшоўшы ў залу, Іван згледзеў толькі купку дзяўчат, якія мітусіліся на сцэне і жартавалі з двух падлеткаў, відаць, школьнікаў.

- Гаварыў, што паспеем, - незадаволена адзначыў Сяргей, уладкоўваючыся ля акна. - Нават Тані тваёй няма яшчэ.

Але Таня была. Прыгожая, чымсьці ўзрушаная, у новай квяцістай сукенцы, што так пасавала ёй. Таня выбегла з-за куліс і, згледзеўшы Івана з Сяргеем, скіравалася да іх.

- Першыя! - зазначыла яна і ўсміхнулася так, што нават суровы Сяргей - было прыкметна - памякчэў.

Таня прысела побач, і яны разгаварыліся. Успаміналі студэнцкую ёлку, дзе Іван быў Дзедам Марозам, згадвалі пра тое, як Сяргей пераапрануўся Снягурачкай і ніхто не мог пазнаць яго. Так, размаўляючы з Таняй, адчуваючы яе побач, Іван быў амаль што шчаслівы. За яе вочы, за яе ўсмешку ён, здавалася, аддаў бы ўсё самае дарагое на свеце... Яму хацелася называць яе ўсімі ласкавымі імёнамі - Танюшай, Танечкай, - але ён стрымліваў сябе, толькі слухаў яе мяккі вясёлы голас, зрэдку ўстаўляў слова, усміхаўся ёй...

Праз хвілін колькі Таня заклапочана паглядзела на гадзіннік і заспяшалася.

- Загаварылася я тут з вамі, - прытворна-дакорліва зазначыла яна і, нібыта між іншым, запытала: - Вы Андрэя па дарозе не сустракалі?

- Не, не было.

- Значыць, позніцца. Ну і пакараю яго! - І яна, на развітанне яшчэ раз усміхнуўшыся ім, пабегла на сцэну.

Разам з ёй, падалося Івану, пабегла вясёлым сонечным промнем і яе ўсмешка...

 

3

 

Спектакль пачаўся тады, калі ў клубе сабралася больш-менш народу. Тут былі і студэнты, і школьнікі, прыйшоў нават стары Базыль-гарманіст. Усе шумелі, перамаўляліся, але калі на сцэну выйшла Таня, змоўклі. Таня падарыла ўсім сваю ласкавую ўсмешку і аб'явіла назву п'есы Чэхава. Іван бачыў толькі Таню, зачаравана глядзеў на яе, як яна выступае, таленавіта, натхнёна выконвае ролю. Тэатр быў яе душой, і гэта праўда. У горадзе яна хадзіла з Іванам і Андрэем на ўсе спектаклі, на якія можна было трапіць. Тры разы Іван даставаў ёй білеты на «Паўлінку», два - на «Чайку» і «Вішнёвы сад» Чэхава. І кожны раз яна захаплялася там чымсьці новым, чаго Іван не разумеў. Такая яна была, Таня. І яшчэ - добрай усё ж, зычлівай, што б там ні гаварыў Сяргей. Іван помніць, як яна дапамагала хворай Алене, сяброўцы па пакоі ў інтэрнаце, як не забывалася кожнага з іх павіншаваць з днём нараджэння і ўручыць асабіста спечаны торт.

А цяпер яна была на сваёй любімай сцэне - непаўторная, ні з кім не параўнальная Таня...

З клуба яны вярталіся разам, гаварылі пра спектакль, хвалілі яе. Каля Танінага дома развіталіся, і Сяргей з Іванам далей пайшлі адны.

Некалькі хвілін маўчалі, толькі слухалі, як рыпіць снег. Потым Сяргей незадаволена адзначыў:

- Не кахае яна цябе, браце. Ты ў яе - на ўсялякі выпадак. Не крыўдуй, такое бывае. Модная ў наш час з'ява...

- Як так?

- А вось так. Ты перспектыўны, вучоным будзеш. А яна што! Яна артыстка. Ёй любая роля па плячы. У тым ліку закаханай. Гэта замест трэніроўкі ці рэпетыцыі, як іх там называюць.

У наступны момант Сяргеева шапка ўжо ляцела ў снег. Але Сяргей не паглядзеў на гэта, скончыў размову, хоць і больш узлавана:

- Хочаш праверыць? Скажы ёй, што кідаеш свой фізфак.

- І што будзе?

- Яна будзе добрая, канечне, шкадаваць цябе будзе. Толькі, можа, яна і сама не заўважыць, як нешта зменіцца, нібы знікне штосьці нябачнае. Ты будзеш як усе, хіба крыху больш гаротным... - Пасля паўзы ён дадаў: - Мусіць, натура ў яе такая. І не зменіш ніяк: яна і ў жыцці артыстка...

Так і не зразумеўшы, так і не паверыўшы адзін аднаму, кожны са сваімі думкамі развіталіся яны ля Сяргеевай хаты.

Далей Іван пайшоў адзін. Ціха і тужліва свяціліся над ім зоркі, і гэтак жа ціха і тужліва было ў яго на душы. Ён спыніўся пасярод вуліцы, і вецер снежнаю крупою, нібы Сяргеевымі словамі, сыпануў у твар. Іван кінуўся ад яго подбегам, бег, задыхаючыся ад гэтай раптоўнай мяцеліцы, аж пакуль не паказалася ягоная хата...

 

4

 

А ўвечары ён ізноў прыйшоў у клуб. У Тані была рэпетыцыя, ён гэта ведаў. А вось і сама яна - стаіць ля акна, глядзіць, як кружыцца снег. На ёй тая ж, што і ўчора, сукенка, і сама, здаецца, тая ж. Ён падышоў да яе, стаў побач. Дзяўчына звыкла павіталася, але ўсміхнулася нявесела, потым патлумачыла:

- З Андрэем блага. Сёння ўранні «хуткая» прыязджала.

Дык вось чаму яна такая: хвалюецца за яго, Андрэя. Таму і не да рэпетыцыі ёй. І гледзячы прама на чорную ноч, на зоркі, што светлякамі іскрыліся ў небе, Іван глуха прамовіў:

- Ведаеш, я пакідаю фізфак. Я даўно гэта вырашыў. Усё.

Таня падняла на яго здзіўленыя вочы, адразу нават не знайшлася, што адказаць.

- Як гэта ты? - урэшце загаварыла яна. - Такі перспектыўны, вучоным будзеш...

Лепш бы яна гэтага не казала... Іван раптам адчуў, што яму становіцца блага. Ён ухапіўся аберуч за падаконнік. Там, за акном, падалося яму, сыплюцца і сыплюцца, падаюць у іскрысты снег мірыяды каляровых зорак...

Але ён стрымаўся, загаварыў, нібы сам з сабою:

- Нічога... Куды-небудзь паступлю. Я ж моцны, вытрываю... - у словах яго чулася іронія. Але Таня не заўважыла гэтага, згодна кіўнула галавой, адказваючы ці то ягоным, ці то сваім думкам, прамовіла:

- Паправіцца Андрэй, мы з ім яшчэ прыйдзем да цябе, падумаем разам, як лепш.

На гэтым яны развіталіся: яна засталася ля акна, а ён пакрочыў назад, у цемру заснежанага вечара...

Ішоў і думаў, і горка было яму ад тых ягоных думак. Гэтак лёгка яна паверыла, паверыла, эх... Ну няўжо яна не магла здагадацца, няўжо яна сэрцам не магла адчуць, што гэта няпраўда, хлусня, падман... Не да яго, відаць, скіравана яе сэрца... «Мы з Андрэем...» - прыгадалася, успомнілася яму, застыла апошняй, самай безнадзейнай і тужлівай думкай...

А з неба церусіў няспынны і бялюткі снег, халадзіў твар, рукі. «Ну што ж, няхай яна будзе шчаслівая. Можа, нават і добра, што так атрымалася. Ён сыдзе з дарогі, зменшыць ёй пакуты выбару, саступіць шлях да шчасця...»

 

5

 

Іван і сапраўды забраў дакументы з фізфака, паступіў у медыцынскі. Яго наведвалі сябры, прыходзіла з Андрэем і Таня.

За гэты час Іван змяніўся: стаў лагоднейшы і больш спакойны, хоць крыху і маўклівы, замкнуты ў сабе. З Сяргеем яны бачыліся рэдка, сустракаліся час ад часу на вуліцах ці тады, калі прыязджалі на вёску. Неяк не цягнула іх адзін да аднаго, нібы абарвалася тое светлае, ранейшае, што калісьці звязвала іх.

Аднойчы, было гэта ўвосень, калі канчаўся верасень і дрэвы яшчэ былі некранута жоўтымі, залатымі, Іван сустрэў былога сябра на тралейбусным прыпынку.

Стаяла цёплае, ціхае надвор'е, толькі што прашапацеў у лісцях каштанаў дробны дождж, і сонца ярка залацілася ў рэдкіх калюжах, у апалых барвова-жоўтых лісцях, што плавалі ў вадзе. У высокім панурым мужчыне ў шэрым плашчы, што ў чаканні прытуліўся ля кіёска, Іван пазнаў Сяргея. Павіталіся. Як ні дзіўна, Сяргей загаварыў першы:

- Ведаеш, Таня і Андрэй пажаніліся. Пераехалі адсюль туды, дзе Андрэю далі працу.

Іван кіўнуў.

Сяргей перавёў позірк на каштаны, што залаціліся ў небе, і, наважыўшыся нарэшце, прадоўжыў глухім, нібы чужым, голасам:

- А я таксама быў у яе закаханы. Толькі лепш за ўсіх, відаць, усведамляў, што ўзаемнасці тут чакаць няма чаго, а быць пакрыўджаным не хацелася. Бачыў, як яна забаўляецца з табой, артыстка...

Іван паглядзеў на яго лагоднымі, светлымі вачыма, мякка зазначыў:

- Ты і цяпер яе кахаеш...

- Не! - Сяргей не сказаў - выкрыкнуў рэзка, сярдзіта, нібы спужаўся гэтых слоў, нібы хацеў іх адкінуць ад сябе, заглушыць, нават людзі на прыпынку азірнуліся на яго ўскрык.

Пасля Сяргей сцішыўся, быццам знямогся, спустошыўся за час гэтай размовы, толькі сказаў:

- А яна ўспамінала цябе, Таня. Помніцца... Хаця, зрэшты, гэта цяпер для цябе не так і важна...

- Чаму? Мне прыемна, - Іванаў голас пацяплеў. - З гадамі прыходзіць сталасць, пачынаеш сёе-тое ўспамінаць, асэнсоўваць па-новаму. Раней мы добра ведалі пра атамы, нейтроны і пратоны, пра сілы і законы іх прыцягнення. Але не ведалі, бадай, самага галоўнага: як і чаму злучаюцца, прыцягваюцца чалавечыя сэрцы... За гэтыя гады я трохі прыгледзеўся да жыцця, не скажу, што ўсё, але зразумеў. І Таню таксама. Усё, канешне, можна ўявіць, як ты. Толькі адно не ўлічана: з-за чаго і ты, і я, і многія іншыя былі ў яе закаханымі. Так, яна іграла, была артысткай і ў жыцці, але ніколі не іграла злой, нядобрай ролі, усе ролі былі ў яе светлыя, і сама яна была светлая і... добрая. І шкадавала нас, сваіх недарэчных закаханых. Але ж і ёй неабходна было таксама шчасце, і добра, што я сышоў тады з яе шляху.

Пасля яны доўга стаялі на гэтым прыпынку, нібы скаваныя сілаю памяці, сілаю сваіх успамінаў і перажыванняў. Міма праносіліся машыны, праходзілі людзі, мільгалі тралейбусы. Іван глядзеў у чыстае вераснёўскае неба, па якім, ледзь бачныя ўвышыні, кіраваліся на поўдзень птушкі. Адсюль, з зямлі, цяжка было вызначыць, якія яны, нават голасу іх нячутна, ці проста ляцелі моўчкі, дзесьці выплакаўшы ўжо сваю тугу і надзею.

Сяргей таксама глянуў у неба і ўбачыў птушак над залатымі каштанамі. «Раннія...» - з сумам падумалася чамусьці, і раптам успомнілася вёска і набліжэнне зімы, і Таня ўспомнілася з нечаканай, балючай сілай, і ён горка скрушліва зазначыў, нібы вінаваціў:

- Артыстка...

Вось ізноў яны не зразумелі адзін аднаго, пры кожным засталася свая праўда, свая ўпэўненасць.

... А раніцай наступнага дня Іван прачнуўся з адчуваннем казачнасці, святла, яснасці: ізноў снілася Таня. І ён міжволі пакпіў са свайго доктарства: так і не знайшоў сродку ад невылечнай сваёй закаханасці...

І нязлосна, па-добраму, успамінаючы Сяргеева, зазначыў сам сабе:

- Артыстка...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая