epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Дом ля Чыстых Крыніц

Сашка першы ўбачыў яго, гэтага белага, з пакалечаным крылом, маладога лебедзя. Разам яны стаялі ля засыпанай жаўталісцем запруды і глядзелі ў яснае восеньскае неба ўслед белай чародцы, што імкліва неслася ўдалеч, за аблокі, кідаючы на зямлю ледзь чутны развітальны пераспеў, тугу сваю і жалобу.

Сашка быў без шапкі, і халаднаваты лістападаўскі вецер кудлаціў яму валасы. Але ён не зважаў на гэта, а толькі ўтрапёна глядзеў яснымі добрымі вачыма ў неба, удалеч. Разумеў і не хацеў разумець мяккім сваім дзіцячым сэрцам, што - усё, што яны ўжо не вернуцца. Да самай вясны...

Ля Сашкі стаяў белы лебедзь, утуліўшы галаву пад параненае крыло, мусіць, каб не бачыць і не чуць гэтага, такога горычнага і балючага для яго развітання...

Над імі шумеў лес, абтрасаючы з ветрам на ахаладалую зямлю апошняе лісце, нешта маркотна прышэптваў у лад сваім невясёлым думкам... Туды, за запруду, скіраваў і Павел Антонавіч. За ім плёўся незадаволены чымсьці сабака Гаранька.

Убачыўшы Сашку і лебедзя, ляснічы зразумеў усё без слоў. Моўчкі ўзяў на рукі пакалечаную птушку і панёс. Сашка падаўся за ім.

Ішлі яны нядоўга. Хутка мінулі змрочны хвойнік і пайшлі ўздоўж ручаіны - бярэзнікам. Ручай струменіў ад крыніц, таму і лес гэты, і гэтыя мясціны людзі здаўна назвалі хораша і прыкметна - Чыстыя Крыніцы. За лесам з такою ж назвай тулілася невялікая вёска, але ляснік і Сашка ішлі не туды, а адразу за прылесак - там быў іх дом.

Пакуль цягнуўся светлы бярэзнік, ішлі сцежкай, усыпанай жоўтымі сухімі лістамі, нібы дываном, і яны шабуршэлі, уздыхалі і перашэптваліся пад нагамі. Дзе-нідзе, спужаная людскімі крокамі, зрывалася з кустоўя птушка і ляцела ў глыб лесу - у голыя восеньскія бярозы, і рэха разносіла яе самотны, стомлены сполах-ускрык.

Ціхім і сумным выглядаў лістападаўскі лес. На халодным восеньскім ветры звінелі сухія дубовыя лісты. Час ад часу з шумам падалі, шпокаліся ў сухую выцвілую траву жалуды, хаваліся пад апалым лісцем.

Аглядаючы лес, Павел Антонавіч падумаў: зіма ў гэтым годзе будзе ранняй. Паглядзеў на белую птушку, якая неспакойна варушылася на руках, пагладзіў пер'е. Лебедзь адчуў ласку, крыху супакоіўся, але ўсю дарогу нібы ўздыхаў, тужліва і маркотна (ці гэта толькі здавалася чалавеку, працятаму сумным і халодным настроем восеньскага лесу?).

За ляснічым ішоў Сашка і, відаць было па сцятых, прыкушаных вуснах, аб нечым пакутліва разважаў, думаў. Павел Антонавіч часта прыкмячаў гэтую яго прывычку, зусім дарослую, недзіцячую, ад якой патыхала суровасцю жыцця. Ды і лёс у Сашкі быў нялёгкі, нелітасцівы: з самага маленства - дзіцячы дом, у якім ён вытрываў да васьмі гадоў, а потым збег - «пайшоў шукаць маму», як гаварыў ён сам. Пошукі скончыліся тым, што ў такую ж халодную пару позняе восені яго, замерзлага, галоднага і адзінокага, напаткаў Павел Антонавіч. Хлопчык ляжаў пад бярозай, падкурчыўшы пад сябе ногі, і ці то спаў, ці то трызніў... Ачуняў ён толькі каля цёплай печы, каля неабыякавага, цёплага чалавечага сэрца - у тым доме ля Чыстых Крыніц, куды яны цяпер кіравалі.

Дом быў не новы і не стары, але адразу відаць - моцны. Дом гэты ставіў яшчэ бацька, у ім прайшло маленства і юнацтва, а цяпер і сталасць Паўла Антонавіча. З маленства Павел палюбіў лес, вечнае хараство зямлі. Ні ў гады вучобы, ні ў першыя гады працы горад не змог яго прывабіць. І ён вярнуўся...

- Прыйшлі, - Сашка адчыніў весніцы, каб прапусціць Паўла Антонавіча з параненай птушкай.

На двары, як у лесе, пахла позняю восенню, шумела голлем бяроза, пад якой ганяўся за лістом, дурэў Гаранька.

Павел Антонавіч разам з Сашкам перанеслі лебедзя ў кухню. Ляснічы выхадзіў, вылечыў не адну лясную птушку. Усе яны ўжо былі на волі і, можа, цяпер нават не пазналі б свайго выратавальніка. Гараньку ж, які цяпер з вясёлым брэхам насіўся па лесе, Павел Антонавіч некалі вырваў з рук ап'янелых падлеткаў, што хацелі спаліць сабаку на купальскім вогнішчы...

Такім быў дом ля Чыстых Крыніц і такім быў яго гаспадар...

- Глядзіце, ён ужо хоча паляцець! - Сашкавай радасці не было мяжы. - Крылом, тым крылом махае!..

Лебедзь і сапраўды хутка ўбіраўся ў сілу, кожны дзень выпрабоўваў крылле. Павел Антонавіч сёння агледзеў яго зноў і дазволіў вынесці ў лес, да запруды, каб той паплаваў. Але зранку было непагодна: спачатку ліў, не сціхаючы, дождж, і сцежкі, і зямля былі гразкімі, мокрымі - не прайсці; потым, пад вечар, раптоўна пахаладала, калюжыны зацягнула лёгкім лядком.

- Марозіць, - згадзіўся Сашка і ўздыхнуў: - Мусіць, толькі заўтра пойдзем...

Павел Антонавіч, каб адвесці яго ад сумных думак, перавёў гаворку на іншае: пачаў расказваць пра зоркі, што густа, як залаты гарох, высыпалі на марознае неба.

- Вось там, бачыш, коўш - Вялікая Мядзведзіца. Так людзі назвалі гэтае сузор'е. А побач з Вялікай - Малая, яе медзведзяня. - Павел Антонавіч нават сам усміхнуўся ад свайго параўнання.

А Сашка пасля доўга яшчэ глядзеў на неба, на зоркі, туды, дзе рассцілаўся далёкі і таемны Млечны Шлях...

А ўначы яму снілася, што гэта не зоркі, а залатыя лебедзі плывуць па начным нябесным Шляху, і ён хоча паляцець за імі, але нешта не адпускае яго, трымае тут, на зямлі...

Прачнуўся Сашка з адчуваннем шчасця: сёння адбудзецца нешта незвычайнае, нешта харошае-харошае, светлае...

І калі падбег да акна, ад неспадзяванкі нават перахапіла дыханне: на зямлю паволі сеяўся з неба чысты і белы першы зімовы снег. І некуды адышлі неспакой і трывогі змрочных і дажджлівых дзён позняй восені...

- Снег! Снег! - Сашка ад радасці скакаў па пакоі. Потым хуценька апрануўся і выбег на ганак. У твар адразу сыпанула свежым, белым, марозным.

На двары Сашку ўжо чакалі Павел Антонавіч, Гаранька і лебедзь. Яны глядзелі на светлы снег, на гэты свет, і было добра, ціха і чыста: прыходзіла яшчэ адна пара, яшчэ адна зіма, і зноў абнаўлялася жыццё!

У белую светлую далеч глядзеў дом ля Чыстых Крыніц, і здавалася, што вокны яго праменіліся надзеяй - быццам убачылі, разгадалі штосьці надзвычай важнае...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая