epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Дзве сустрэчы - дзве дарогі

1
2


1

 

Шаша была роўнай і бязлюднай, таму Ларыса смела павялічыла хуткасць. Да горада заставалася кіламетраў трыццаць. Сляпучае лютаўскае сонца нарэшце павярнула ўбок, апала ў белыя, скутыя марозам лясы, і ехаць стала зусім прыемна. Ларыса ўключыла радыё, паслухала «Мадам Брошкину» і сцішыла гук, калі пачалі перадаваць навіны. Навіны Ларысу не цікавілі.

Паказалася Пціч - сіне-белы лёд і чорныя рухомыя кропкі - рыбакі, якія, нібы чарада гракоў, абляпілі снежны абсяг рэчкі. Дарога пайшла пад гару, і лабавое шкло стала сінім-сінім, нібы ўвабрала ў сябе само неба. «Нейкае неба... вясновае, свяжуткае», - падумала Ларыса, углядаючыся наперад. Калісьці яна нядрэнна малявала, асабліва любіла неба - за яго неабсяжнасць, палётнасць, густую цеплыню блакіту. Калісьці марыла пісаць карціны... Аднак аб гэтым цяпер успамінаць не хацелася: больш за ўсё яна падсвядома баялася ўспамінаў... Ды і для многіх з нас успаміны - вяртанне да нязбытных мар, якіх заўсёды шкада...

Ларыса адчула, як сцінаюцца ў тонкую жорсткую лінію вусны - і знікае неба, і вяртаецца зямля. У багажніку яе «Жыгулёў» ляжалі чатыры сумкі, напакаваныя рэчамі для продажу, - заўсёдны багаж з Польшчы.

Амаль штомесяц ездзіла яна гэтай дарогай - наездзілася шмат за два гады. Падчас паездак палёгку адчувала толькі тады, калі, забраўшы тавар, мінала мытню і выязджала на «алімпійку». Вярнуўшыся дамоў, купляла прадукты ў бліжэйшым гастраноме і адсыпалася цэлыя суткі. Вось і цяпер хацелася хутчэй прыехаць. Пціч... Потым будзе кальцавая, і яшчэ паўгадзіны калясіць па горадзе...

Ларыса на імгненне глянула ў люстэрка: кругі пад вачыма і самі вочы стомленыя, у чырвоных жылках. У студэнцкія гады ёй не тое што дваццаць гадоў - семнаццаць ніхто не даваў. «Птушанятка!» - любіў дражніць Саша Васілевіч, на курс старэйшы за яе. Учора яна зусім выпадкова сустрэла яго ў Польшчы. Ледзь пазнаў. «Жыццё...» - толькі і сказаў, уздыхнуўшы. Спытала, чым займаецца тут. Адказаў, што працуе праграмістам у нейкай мясцовай фірме. А яна, паглядзеўшы на жылістую, парэпаную даланю, на чырванаваты абветраны твар - не паверыла. Ён злавіў яе позірк і ўсё зразумеў. «Вочы ў цябе, Ларыса, халодныя сталі, калючыя... Не думаў ніколі, што чалавек можа так мяняцца». - «І я не думала. А прыйшлося», - проста адказала яна. А цяпер ехала і думала: няўжо і праўда - такія яны халодныя, яе вочы? Яшчэ раз крадком глянула ў люстэрка: рэзкія абрысы твару, нос з лёгкай гарбінкай, тонкія вусны ў скептычнай усмешцы і сляды першых зморшчынак каля іх, ямачка на падбароддзі - прыкмета цвёрдага характару. І вочы - нібы гарыць у іх пранізлы, як студзеньская мяцеліца, халодны агонь. І над імі - бяскрыўдная пасмачка валасоў, светленькая, як спелыя пшанічныя каласы. Ларыса міжволі ўсміхнулася: не так усё і дрэнна. Толькі вось... Але аб гэтым яна забараніла сабе думаць яшчэ два гады назад.

Углядаючыся ў дарогу, заўважыла постаць чалавека. Высокі мужчына ў чорнай скуранцы замахаў рукой, просячы спыніцца. Ларыса нават не падумала аб гэтым - браць у машыну незнаёмца. Ці мала што па сённяшнім часе: можа, злачынца, рабаўнік? Але раптам мужчына кінуўся насустрач машыне. Ларыса імгненна націснула на тармазы. «Жыгулі» спыніліся. Убачыўшы збялелы Ларысін твар і вочы, поўныя гневу, мужчына нечакана неяк сарамліва ўсміхнуўся і сказаў:

- Не крыўдуйце, проста галасую ўжо дзве гадзіны, а ніводная машына не спыняецца. Мне да першага тралейбуснага прыпынку. Там выйду.

Яна адчыніла дзверцы і спытала з іроніяй:

- Што гэта ў вас за рэзкія пераходы ад разбойніцтва да ветлівасці?

Ён не адказаў. Сядзеў, заплюшчыўшы вочы, і твар яго ў лёгкіх зімовых прыцемках выглядаў надзвычай бледным. Аблічча выдавала ў ім інтэлігента, чалавека разумовай, а не фізічнай працы.

Чаму ў яго дрыжаць рукі?.. І сам увесь нейкі сцяты, знерваваны. Маўчыць. Няхай. Ёй, у прынцыпе, няма розніцы, маўчыць ён ці гаворыць. А як напалохаў! Трэба запомніць на будучае, трымацца асцярожней, асабліва ля горада.

Гусцеў змрок. Лясы абапал дарогі сталі чорныя, страшныя, і рэзкае святло фараў машыны вырывала дрэвы з цемры, нібы прывіды. Усё стала дзіўна падобным да тэатральных дэкарацый нейкай вельмі страшнай казкі.

- Асцярожна, з-за павароту - грузавік! - раптам крыкнуў выпадковы Ларысін спадарожнік.

Яна ў час спыніла машыну. Грузавік ішоў ледзь не прама на іх - без святла. «Што гэта за дзень суцэльных здарэнняў на дарозе!» - падумала Ларыса, злосна гледзячы ўслед грузавіку, які, выехаўшы з-за павароткі, на самай вялікай хуткасці імчаўся па шашы перад імі.

Яна павярнула твар да незнаёмца:

- Дзякую...

- Андрэй, - падказаў ён.

- А я - Ларыса.

Потым, яшчэ раз глянуўшы на ягоныя рукі, што нервова сціскалі крысо скуранкі, аж бялелі костачкі пальцаў, не вытрымала - запытала:

- У вас штосьці здарылася?

Ён уздрыгнуў. Потым адказаў:

- Здарылася...

Яна не стала назойліва выпытваць. А яго, заўважыла, нервавала цішыня, нібы ўнутры чалавека ішло змаганне: сказаць - не сказаць. І ён вырашыў:

- Сёння на Пцічы ў палонку ўпаў чалавек, мой былы сябра. Я стаяў побач і нават не падаў рукі.

Ад такога нечаканага прызнання Ларыса ледзь не выпусціла руль.

- Вы... збаяліся?

- Не. Проста хацеў, каб ён загінуў, - і, памаўчаўшы, сказаў: - Не чакаю апраўданняў. Больш таго - не люблю іх і не веру ім. Чалавек не залежыць ад таго, асуджае яго дзеянні хтосьці ці не: ён даўно ўжо асудзіў альбо апраўдаў сябе сам - там, унутры душы.

- Дык вы апраўдваеце?

- Мабыць, у маім сэрцы не хапае літасці. Зрэшты, як не было яе і ў таго, хто... - Андрэй не дагаварыў, рэзка замаўчаў, сціснуўшы да болю вусны і невідушчымі вачыма гледзячы ў падсвечанае фарамі цемрыва ночы. - Ён быў маім самым лепшым сябрам. Ігар. Мы вучыліся ў адной школе, у адным класе, разам заканчвалі радыётэхнічны. Ён быў, што называецца, сваім чалавекам у нас дома. У мяне і Олі... Оля... Не ведаю, чым ён яе зачараваў. Не ведаю... Яна сышла з ім праз паўгода пасля нашага вяселля. Бог бачыць, як я яе кахаў. І яна кахала мяне. Думаю, што часамі на вочы людзей спадае слепата, насланнё - і яны пачынаюць бачыць свет наадварот: чорнае становіцца белым, а белае - чорным. Можа, так адбылося з ёй і тады?

- Яна - жывая? - спытала Ларыса.

- Оля памерла ад родаў. Мінулым летам... - ён да болю сціснуў костачкі пальцаў. - Ігар гэтай восенню ажаніўся ізноў.

- А вы?

- А я... А я ўсё не магу забыць. Прыдумваю сабе заняткі, каб неяк пазбыцца вольнага часу. Так апынуўся на Пцічы, сябры параілі парыбачыць. А здарылася... Я разумею, канешне, што ўсё можна ацэньваць па-рознаму. «И милосердия аз воздам... И милосердия...» Ёсць такое. Толькі... Я не мог, не мог падаць яму руку, разумееце, не мог!.. Гэта было вышэй за мяне.

Ён замаўчаў.

Над зямлёю пайшоў ціхі снег, закружыўся сыпкай мяцеліцай па дарозе. І Ларыса, слухаючы гэты расповед, невядома чаму падумала: «Дзіўна як: бель - колер чысціні і - колер смерці. Смерць у белым саване. Смерць - ачышчае?..»

 

2

 

На пачатку вясны, калі дарогі патаналі ў слізкай каламуці расталых снягоў, Ларыса была вымушана спыніцца непадалёк ад кальцавой дарогі. «Жыгулі» сапсаваліся - упершыню за тры гады вернай службы. Ларыса вымушана была выйсці з цёплага салона машыны пад сыры сакавіцкі дождж. Пад нагамі чвякала ліпкая вадзяністая гразь. Ларыса крыху пакорпалася перад «Жыгулямі». Машыну трэба было адбуксаваць у гараж. Але каго прасіць? Што ж, прыйдзецца галасаваць на дарозе...

Ёй пашанцавала. Толькі яна падняла руку - побач спыніўся сіні «форд». Бразнулі дзверцы, і хутка выйшаў вадзіцель. Ларыса спачатку не пазнала ў гэтым спакойным, гладка паголеным чарнявым мужчыне ў ладным гарнітуры таго бледнага, знерваванага чалавека, выпадковага яе спадарожніка, які ледзь не кінуўся пад колы «Жыгулёў» непадалёк ад Пцічы. Андрэй. Спакойныя шэрыя вочы яго прыязна ўсміхаюцца - значыць, пазнаў.

- Вось дык сустрэча!

- Не вельмі шчаслівая, як бачыце... - адказала Ларыса, паказваючы на машыну.

- Нічога, хутка падчэпім вашыя «Жыгулі» тросам і дацягнем да гаража. Сядайце ў машыну, - запэўніў Андрэй.

Яго напарнік сеў у зламаную Ларысіну машыну. Праз паўгадзіны яны ўжо ехалі па кальцавой, акуратна спыняючыся каля святлафораў. З-пад колаў ляцелі пырскі снежнай каламесы, дождж барабаніў па каляровых парасонах, неба было шэрае і няветлае. Дзень, у які так хочацца па-дзіцячы расплакацца, пажаліцца камусьці. Дзіўнае жаданне, асабліва калі табе не пяць, а дваццаць пяць гадоў. Так думала Ларыса, аглядаючы праз шкло вуліцы. Потым перавяла погляд на Андрэя. Сур'ёзны, задумлівы. Ларыса раптам захацела расказаць яму пра ўсё тое, чым пакутавала ўсе гэтыя два гады. Зрэшты, яе ні да чаго не абавязвае гэтая споведзь перад амаль незнаёмым чалавекам. І, можа, на душы стане крыху лягчэй. Андрэй не дзівіўся гэтай яе раптоўнай шчырасці - моўчкі слухаў і глядзеў на дарогу. Яна пачала з таго, як у яе жыцці з'явіўся Алёша. Студэнтка і студэнт - звычайная пара. Вясна. Курс пяты. Час апошніх экзаменаў і выпускнога балю. Цвіце язмін, усміхаецца самае сонечнае сонца, і верыцца, што жыццё падобна на казку і што ўсе мары ў жыцці - збываюцца.

Першая мара і сапраўды збылася: Ларыса і Алёша пажаніліся ў чэрвені, адразу пасля таго як атрымалі дыпломы. Першыя гады іх сумеснага жыцця былі амаль бясхмарныя. Алёша, урэшце, дасягнуў у рэжысуры пэўнага поспеху: яго карціна «Замак» атрымала прэмію ў Англіі. Ды лепш бы іх не было - гэтага поспеху і гэтай прэміі. Тады не было б, мусіць, і той сустрэчы з Веранічкай Загурскай, вельмі таленавітай і вельмі прыгожай актрысай. І Алёша ў яе руках стаў паслухмяны, як воск: яна загадвала - ён выконваў. І гэты развод... Ларыса вымушана была размяняць двухпакаёўку на дзве кватэры, падзяліць усю мэблю. Цэлы месяц прасядзела нібы здранцвелая. А потым вырашыла: трэба жыць. А каб жыць - патрэбны грошы. Так яна прыйшла ў нялёгкі «чаўночны» бізнес. І загадала - пра Алёшу не ўспамінаць ніколі.

Але ўспомніць прыйшлося. Неяк надвячоркам у кватэру пазванілі. Ларыса пайшла адкрываць, і сэрца ўпала - пакацілася кудысьці глыбока-глыбока: у дзвярах стаяў Алёша. «Няўжо вярнуўся?» - падумалася з нягаснучай надзеяй. Яна ведала, што даравала б яму ўсе здрады - толькі б вярнуўся. Тады, у той надвячорак, прыйшоў слёзна прасіць-вымольваць грошы: сказаў, што прайграўся ў казіно. І Ларыса зразумела, што грошы патрэбны Веранічцы, а не яму: Алёша заўсёды залішне абавязаны і сумленны, каб іграць напавер на такія сумы. Спытала толькі:

- Колькі табе трэба?

- Многа, Ларыса, многа. Тысяча даляраў.

Яна паглядзела яму прама ў вочы і спытала:

- Вельмі?

- Вельмі, - ён панурыў галаву.

І - не ведаючы чаму і навошта - падпарадкоўваючыся невядомаму парыванню, яна аддала яму тыя грошы - тысячу даляраў. Потым толькі даведалася, што яны выратавалі Веранічку ад турмы.

Яна не гаварыла ні пра свой цяжкі бізнес, ні пра тую тугу, што і цяпер не адпускае сэрца. Проста адзіны гэты выпадак.

Андрэй па-ранейшаму маўчаў. Праўда, чамусьці спахмурнеў, і задумлівасць яго была цяжкая, ізноў знік спакой.

- Гэта - як альтэрнатыва майму ўчынку? - запытаў ён, стомлена гледзячы на шкло, наперад.

- Не. Проста адказ шчырасцю на шчырасць. А наконт ісціны... Яна ў кожнага свая, і няма такога чалавека, які б падсвядома адчуваў, правільна ён зрабіў ці не.

Андрэй згодна кіўнуў.

Да Ларысінага дому ехалі моўчкі. Кожны думаў аб сваім.

А над светам пайшоў апошні - сакавіцкі - снег. Цёплая зямля не давала яму затрымацца надоўга, і ён бездапаможна чапляўся за голле дрэў, за сцены дамоў. Аднак і там не затрымліваўся. У горад, пераадольваючы апошнія зімовыя перашкоды, упарта і ўрачыста ішла вясна.


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая