epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Расказ таксіста

Я любіў спыняцца тут, у канцы гэтай маленькай гарадской плошчы, каля дзвюх таполяў. Сённяшні працоўны дзень канчаўся. Ды і ўвогуле - канчаўся яшчэ адзін жнівеньскі дзень. Сонца ападала за дрэвы, за дамы, дагарала за горадам. Было ціха. Толькі шумелі ад лёгкага ветру таполі.

Я выходзіў са свайго таксі, садзіўся на парэзаную ножыкам лавачку між таполяў і чакаў пасажыраў.

Звычайна а палове шостай падыходзіў жвавы таўставаты стары, у сваім капялюшыку, падобны на маленькі ўвішны грыбок. Яшчэ здалёк ён махаў мне рукой, а потым не то пытаў, не то загадваў:

- Што, таксіст, паедзем?

Я звыкла перапытваў:

- Цэнтральная?

- Туды.

І «грыбок» уладкоўваўся ў машыну.

Вось і сёння я чакаў яго прыходу. А пакуль сядзеў, думаў.

Учора я ездзіў дамоў, у свой гарадок. Не ведаю як каму, а мяне самога заўсёды радавалі гэтыя вяртанні, жыло ў іх нешта такое, што нараджала ў сэрцы пачуццё харошай, светлай журбы. Па тым далёкім-далёкім, што ні вярнуць, ні выказаць словамі немагчыма, што адзвінела назаўсёды... Яно ажывае ў памяці лёгкімі знаёмымі вобразамі тады, калі зноў я сустракаюся з бясконца дарагой краінай майго былога, мінулага жыцця. І радасць сустрэч ад гэтага крыху азмрочваецца смуткам. Смуткам пры ўспаміне аб радасці тых шчаслівых усё-такі гадоў. Гэта, мабыць, заўсёды смутак сталасці, які - адчуваю - жыве не толькі ў адной маёй душы.

Увесь жнівень у нашым парку цвітуць светла-блакітныя маленькія кветачкі. Яшчэ ў дзяцінстве, помніцца, я так і не спытаўся, як яны называюцца. Не ведаю і цяпер... Кожны раз, любуючыся імі, вырашаю ўсё-такі даведацца іх назву і... забываю - праца, вучоба, турботы.

Седзячы на ўзгорку, сярод шырокага, як неба, і такога ж, як яно, блакітнага ад квецені лугу, я глядзеў на парк. Над галавою, абдымаючы зялёнымі вершалінамі сонца, спакойна і стомлена шумелі дрэвы, ціха гайдалі лісты пад жнівеньскім ветрам.

Пахла восенню...

Я заўсёды неяк падсвядома адчуваю гэты восеньскі подых: трывожыцца, неспакойнымі робяцца вятры, нікне трава, сохне ля пыльных дарог, хуткім, сухотным шэптам азываецца пад нагамі.

Тут, у парку, дыханне восені ледзь-ледзь чутнае, няўлоўнае - першы лісток пажаўцеў у голлі старога клёна, пасаджанага ля самых акон школы, той школы, дзе калісьці - здаецца, ужо даўно-даўно! - вучыўся і я. Не зарасла яшчэ зусім і тая старая, неасфальтаваная, цераз парк, дарога, якою адзінаццаць гадоў бег я кожную раніцу на ўрокі. І ўзбуджаная, патрывожаная памяць зноў вярнула ў мінулае: класы, школьны шум у калідорах, знаёмую парту ў трэцім радзе, за якой я пяць год сядзеў са Сцёпкам Мятліцкім. Я адчуваю, што праз гады ўсё цяжэй і цяжэй прыгадваецца тое, што даўно адышло, стала згадкай, асела на дно памяці.

...Пасля дзевятага класа Сцёпка Мятліцкі паехаў вучыцца ў тэхнікум, і ўвесь дзесяты клас я сядзеў за сваёй трэцяй партай адзін. А ў адзінаццатым да нас прыйшоў «новенькі» - сын нядаўна пераведзенага ў наш горад галоўнага інжынера.

Сеў ён разам са мною - на былое Сцёпкава месца. Першы працягнуў руку і вымавіў, быццам саромеючыся чагосьці (потым выявілася - свайго незвычайнага імя):

- Веньямін... ну, Веня, калі проста.

- Уладзік, - я таксама падаў руку.

Разгаварыліся. Найбольш - пра паступленне.

- Ты куды пасля школы - у інстытут?

Я павагаўся: гаварыць ці не? Але вырашыў, што скажу, якая розніца?

- На інжынера.

- У політэхнічны?

- Так.

Ён узрадаваўся:

- А ведаеш, я ж таксама ў політэхнічны збіраюся. Вось удача! - Але потым уздыхнуў, як прыкрае штосьці ўспомніўшы: - Толькі ў мяне, ведаеш, з матэматыкай не вельмі... У цябе што па матэматыцы?

- Пяцёрка.

Я матэматыку ведаў добра, нават лепш, чым добра. З уступных мяне больш за ўсё хвалявала фізіка. Пасля ўрокаў многа заставалася незразумелага. Толькі паспеў я аб гэтым падумаць, як раптам Венік (так у хуткім часе пачалі яго зваць) горача прапанаваў:

- Слухай: давай будзем разам рыхтавацца. Ты мне па матэматыцы дапаможаш, а я, калі трэба, - па фізіцы. У мяне мама фізфак скончыла.

Ён паглядзеў на мяне, чакаючы адказу. Успомніўшы пра фізіку, я згадзіўся.

З гэтага для я сумленна «падцягваў» Веніка па матэматыцы. Пасля ўрокаў мы збіраліся ў яго - у светлым, застаўленым дарагой мэбляй, засланым дыванамі, Венікавым пакоі. Спачатку я нават бянтэжыўся гэтай нязвыклай для мяне раскошы: з дзяцінства я прывык да нашага простага драўлянага дамка. Бачачы маю скаванасць, Венік растлумачыў:

- Гэтая раскоша - маміна слабасць. Мы з бацькам па натуры спартанцы: не любім упрыгожванняў, але што зробіш? Па гэтым пытанні мама нас не разумее, - і ён карцінна развёў рукамі, усмешкай быццам просячы прабачэння.

Мы садзіліся за шырокі паліраваны стол і разбіралі задачы, штудзіравалі тэорыю. Так праходзіла гадзіны паўтары. Яны вельмі стамлялі мяне, былі мала карыснымі: пераважна я тлумачыў Веніку тое, што добра ведаў сам.

А хутка прыходзіла маці Веніка - высокая жанчына са шматпавярховай прычоскай - і клікала абедаць. Але ад абеду я адмаўляўся і ішоў дамоў.

І самае паганае з усіх гэтых заняткаў было тое, што да фізікі чарга не даходзіла: увесь час Венік скіроўваў на матэматыку. У першы ж дзень, калі маці паклікала абедаць, я збянтэжана запытаў:

- Венік, а фізіка? Калі мы будзем займацца?

У адказ ён махнуў рукой, прамовіў абнадзейваючы:

- Паспеем! Яшчэ цэлы год наперадзе.

Пасля, выходзячы з іх кватэры, я падумаў, што трэба было б адказаць: і з матэматыкай можна пачакаць - цэлы год, як ён кажа, наперадзе, - чаго ж ты, маўляў, спяшаешся? Але звычайна правільныя думкі прыходзяць, калі яны ўжо непатрэбны. Тады ж я толькі змог збянтэжана паціснуць плячыма. Эх! І чаму ў мяне такі памяркоўны характар: злавала тое, што Венік мае заняткі з ім лічыць нечым абавязковым, а невыкананае абяцанне - дробяззю, не вартай увагі. Я ніколі гэтак не змог бы - залішне сумленны, ці што?

Але, пасля месяца такіх заняткаў, я ўрэшце зазлаваў і адмовіўся, нягледзячы на Венікавы ўгаворы і новыя абяцанкі.

Так прайшоў той далёкі, трывожны год...

Апошні раз я сустрэўся з Венікам ужо на ўступных экзаменах. Тады і падкаціўся да мяне ізноў мой спрытненькі сябра.

Ён, як увішны матыль, уляцеў у той інтэрнацкі пакой, дзе мы - чатары чалавекі - рыхтаваліся да заўтрашняга іспыту. Гаварыць з Венікам я не хацеў: не было часу. Але ён і не збіраўся тут займацца размовамі: падбег хуценька і, нахіліўшыся да мяне, таемна і, як падалося мне тады, усхвалявана прамовіў:

- Уладзік, можна цябе на хвіліну? Ёсць справа.

Я на секунду адарваўся ад кнігі:

- Гавары.

Увішнасць сышла з яго твару, сур'ёзнымі зрабіліся вочы. Раптоўна пастражэлым голасам ён прамовіў:

- Гэта вельмі важна. Давай выйдзем? Тут я, ведаеш... ну. Слухай, пяць хвілін, не болей, га? - і ён кінуў хуткі позірк, быццам выпрабоўваў сілу сваіх слоў.

У калідоры ён зноў змяніўся.

«Як чэхаўскі хамелеон», - падумаў я пасля размовы.

А тады мяне зацікавіла гэтая яго таямнічасць, здушаны шэпт:

- Ведаеш, мой бацька знайшоў тут аднаго знаёмага, папрасіў за нас - за мяне і за цябе, - ён зрабіў асаблівы ўпор менавіта на гэтых словах і паглядзеў у мой бок. Пасля паўзы загаварыў зноў: - І яшчэ: ён запэўнівае, што ў гэтым годзе малы конкурс - дастаткова атрымаць тры тройкі.

Гэта ўжо мяне зацікавіла больш. Нават акрыліла.

- Тры тройкі?! - я нават прамовіў уголас.

Падбадзёраны маёй цікавасцю, Венік працягваў:

- Але ты толькі не падумай чаго, Уладзік! Толькі... Ведаеш, аб чым я цябе хацеў папрасіць: дапамажы мне па матэматыцы. Як сябру - мы ж не ворагі з табой!.. За цябе ж таксама ўжо замоўлена слова, чуеш?

Я чуў. І думаў. І зарыентавацца не мог: забірала да сябе, мітусілася спакуслівае, абнадзейваючае.

Аж кружылася галава - усё здавалася простым, лёгкім: працягні руку і ўхапі. Я быў малады, як правільна пра гэты ўзрост гавораць, - яшчэ зялёны. Лёгкі конкурс, тое «замоўленае слова» бралі розум у палон, адганялі насцярогу.

Усю ноч я не мог заснуць: нейкай лёгкай радасцю дыхалі грудзі, стукала ад хвалявання сэрца.

...Матэматыку мы пісалі разам, а калі дакладней, то я рашаў, а Венік акуратненька перапісваў сабе.

На другі дзень я даведаўся вынік - у канцы работы стаяла чацвёрка. Што атрымаў Венік, засталося для мяне таямніцай. Больш мы з ім не сустракаліся: фізіку і расейскую мову здавалі вусна і, канечне, ужо не разам.

Самае горкае чакала мяне наперадзе: у канцы другога тыдня стаў вядомы сапраўдны прахадны бал - 12, гэта значыць: 4, 4 і 4. Як толькі гэта стала вядома, я раптам адчуў, што дрыготкім холадам налілося цела, успацелі рукі: у мяне ж - толькі адзінаццаць балаў, бо фізіку я здаў усё-ткі на «здавальняюча».

Апошнія надзеі развеялі спісы паступіўшых: майго прозвішча там не было... Але сэрца ў той момант укалола іншае: Іваноў Веньямін Вітальевіч - мой спрытненькі сябра паступіў! Эх ты, даверлівы Ўладзік...

...Панура плёўся я знаёмай дарогай праз парк, столькі разоў вымеранай мною. Толькі цяпер скончылася ўжо яна, гэтая дарога... Скончылася, а новая не пачалася.

Шумелі жнівеньскія каштаны над галавой. Сумна, па-восеньску скрушліва. Так было і ў сэрцы.

Правы шафёра ў мяне былі, з імі я і прыехаў у гэты мой новы горад да мамінай сястры, муж у якой працаваў таксістам.

Да гэтага горада я прыкіпеў душой, быццам адчуў яго сваім, родным. Ды і ён падобны быў на гарадок майго маленства - ціхі, зялёны, светлы. Я прывык і да свайго таксі, і да гэтай скрэмзанай ножыкам лавачкі пад таполямі, і да свайго незвычайнага пасажыра з Цэнтральнай. І ўсё ж... Чагосьці як бы не хапала, быццам нейкая неакрэсленая туга жыла ў сэрцы. Боль адчуваўся ў думках, асабліва ў гэты апошні год. І я нарэшце наважыўся - падаў дакументы на завочнае, у інстытут. І паступіў!

Гэта цяпер найбольш радавала і хвалявала.

... Раптам сцямнела, налілося чорнай сінечай хмар неба, памацнеў вецер - і вось ужо заскакалі па гарачым за дзень асфальце буйныя кроплі - пачаўся дождж. Подбегам я кінуўся да таксі, завёў матор, але ад'ехаць не змог: упрытык прыпынілася чорная «Волга». Хутка з яе выйшлі, спрачаючыся, два чалавекі: адзін, па вопратцы відаць, - шафёр і другі - высокі, чарнявы, у чорным мокрым плашчы і цёмным фарсістым капелюшы. Яны нахіліліся над машынай. Чалавек у фарсістым капелюшы пачаў злосна крычаць на шафёра. Абодва моклі пад дажджом.

Я адразу ж здагадаўся, што ў начальніцкай «Волзе» адбылася паломка, хацеў ужо выйсці, дапамагчы, але раптам фарсісты капялюш павярнуўся, пабег да мяне, відаць, згледзеўшы надпіс - «таксі». Сказаць чэсна, я не вельмі ўзрадаваўся гэтаму пасажыру: пазніўся ў парк. Але не дапамагчы не мог.

Адчыніліся дзверцы, і паказаўся капялюш. Пад ім паблісквалі маленькія вочкі, якія зыркалі звыклай начальніцкай строгасцю і нейкай паўзабытай, а цяпер нечакана прыгаданай просьбай: вазьму я яго ці не вазьму?..

Гэтыя вочкі я пазнаў бы з тысяч іншых. І гэты твар. І рукі з доўгімі пальцамі, што цяпер трымаліся за дзверцу. Калі я хвалююся, то заўсёды выглядаю знешне спакойным. Вось і цяпер мой твар быў такім - я спакойна глядзеў у вочы пасажыру. І ён таксама пазнаў мяне: спалохана забегалі вочкі, здрыгануліся кароткія вусікі. Але пасажыр маўчаў, толькі свідраваў насцярожаным позіркам.

І тады я сказаў:

- Прывет, Венік! - і спакойна паглядзеў яму ў вочы.

І тады ён закрычаў, мабыць, са сполаху - баязліўцы шукаюць смеласці ў нахабстве. Ён крычаў, што ніякі ён не Венік, а Веньямін Вітальевіч, што непавага да начальства - хамства, што яго трэба паважаць і яшчэ нейкае глупства.

Я сядзеў і пазіраў у акно: разбіваліся і плылі па шкле дажджынкі. Венік крычаў, і ў такт яму страляў нудны дождж у акенца. Я адчуваў, як нечым гарачым налівалася сэрца. Ледзь стрымліваючыся, раптам рэзка загадаў:

- Кінь!

І Венік змоўк, пацішэў, з'ехаў блінам фацэтны капялюш, аб'ехаў плашч. Але не сеў, усё азіраўся вакол.

- Што, баішся? Па сабе мераеш? Не бойся, ліпа! Жыві! Забруджвай свет... - у маім голасе чулася іронія.

Ён страпянуўся, сеў, кінуў злы позірк.

Ехалі моўчкі: усё ясна было без слоў.

Дождж канчаўся, разбягаліся хмары. І нечакана з-за іх вырвалася сонца, мільярды светлых іскрынак заззялі ў кожнай дажджынцы, і якой незвычайнай прыгажосцю раптам заўсміхаўся свет!

Радаснае здзіўленне ахапіла маю душу: такога цуда я яшчэ не бачыў ніколі! А побач корпаўся Венік, вымаючы са свайго чорнага дыпламата такі ж чорны модны парасон, заклапочана пазіраючы ў акенца.

Эх! А я, здавалася б, пабег бы зараз насустрач гэтаму залатому дажджу, без усялякіх парасонаў! Сонца з кропляў лілося б светлым блакітам неба...

Я спыніў таксі ля змрачнаватага шыкоўнага катэджа. Венік вылез з машыны і пайшоў, старанна затульваючыся ад рэдкага сонечнага дажджу. Яго не радавала прыгажосць. Выйшаўшы з таксі, ён забыўся пра свой сполах: роўна і ўпэўнена сядзеў на гаспадарскіх плячах плашч, як чорная птушка з драпежнымі кіпцюрамі, цягнуўся да сонца парасон.

Што ж, Венік, я для цябе - толькі непрыемны хвілінны ўспамін, я не магу табе нічога зрабіць! І адзіная мая помста - гэта тое, што я не зайздрошчу табе, не пбдаю прад табою ніц. А як бы ты хацеў, каб я табе зайздросціў!

Так, не зайздрошчу! Ты ж таксама не ўсё ведаеш: не ведаеш, што і я буду інжынерам, дарагі мой сябар Венік! Нават залішне дарагі: дорага ты мне абышоўся. Можа, калі-небудзь абламае табе крылы якісьці табою ж узрошчаны прайдзісвет. А я буду проста жыць, радавацца гэтаму сонцу і дажджу.

А дождж і сапраўды быў залатым: ляцелі насустрач кроплі і каляровымі вясёлкамі ўспыхвалі ў шкле, свяціліся іскрынкамі ў светлай, абмытай зеляніне дрэў, гарэлі на асфальце. Здавалася, насустрач імчаўся ўвесь гэты залаты незвычайны свет. Радасцю іскрыўся горад. А ў акенца майго таксі ззяла сонца, вечаровым цёплым промнем лашчыла шчаку. Нават шкода было зварочваць з гэтай шашы.


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая