epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Восень у Вільнюсе

Неўзабаве восень. Увосень мяне цягне ў Вільнюс. Я ўвесь «час успамінаю гэтую гісторыю. Мусіць, я не змагу яе забыць ніколі, калі гэтулькі часу мінула, а я ўсё памятаю.

Па сутнасці, маё жыццё, – а толькі за яго я магу адказваць, – гэта шлях ад адной гісторыі да другой. Але калі астатнія з часам губляюць фарбы і пачуцці, паступова расплываюцца ў глыбіні памяці, то гэтая ніколі не пакідае мяне, калі зноў прыходзіць восень.

І я паддаюся ёй, я еду ў Вільнюс.

Гарады і гісторыі… гісторыі і гарады… гісторыі гарадоў у гісторыі майго жыцця, гісторыі людзей і мая гісторыя ў гісторыі гарадоў. Вось як я магу заблытаць, па сутнасці, пустымі словамі, гульнёй гэтых слоў. Можа, я гэта раблю таму, што мне цяжка пачаць свой аповед. Я губляюся перад гэтым белым лістом паперы, на якім мне трэба вывесці такія словы, як каханне, надзея, сустрэча, адчай, жыццё і смерць. І для пачатку вывожу што прасцей. Проста Восень у Вільнюсе…»

Вось першыя словы, якія ўразілі мяне, калі я адкрыла гэты маленькі зялёны нататнік. Зрэшты, яны і зараз не пакідаюць мяне ў супакоі – гэтыя словы. І не толькі яны, але і ўсё тое, што адбылося з прыходам той восені.

Спачатку, мусіць, варта патлумачыць, хто я. Гэта мае сэнс яшчэ і таму, што з гэтага пачалася і ўся гісторыя: і зялёны нататнік, і пачуцці шматлікіх людзей, і знаёмства з прадаўцом шчасця на старой вільнюскай вуліцы, і сам Вільнюс для мяне, і, нарэшце, – гэтая восень у Вільнюсе…

Такім чынам, – пра сябе, пра тое, чым жа я займаюся. Праўда, мая прафесія не меркавала ніякай рамантыкі, пакуль не з’явіўся хтосьці, і не ўбачыў у ёй свой сэнс. Наогул, я займаюся тым, што знаходжу згубленыя рэчы, згубленых котак і сабак. Гэта значыць шукаю ўсё, што губляюць людзі. А губляюць яны бясконца. З аднаго боку, гэта дрэнна, з іншага боку – гэта мой заробак. Так я зарабляю сабе на жыццё. Такая ў мяне праца. Часам – сумная, часам – смешная, часам шмат чаму вучыць мяне: бачыць дробязі, рабіць высновы са скупых фактаў і чужых слоў. І, калі дарогу перабяжыць чорны кот, я, мусіць, буду адзіным чалавекам, хто ў гэты момант падумае: а можа, ён згубіўся?

Вось так я паступова падыходжу да таго дня. Гэта быў звычайны дзень пачатку восені. Дворнікі зграбалі лісце, яшчэ мокрае ад ранішняй расы. Іх граблі і лапаты ўдаралі па асфальце, нібы гралі пахавальны марш апалай лістоце, і купкі жоўтага лісця былі падобныя да помнікаў восені. Адна з іх жаўцела ля дзвярэй маёй канторы. Звыкла скрыгатнуўшы ключом, я з другой спробы адчыніла дзверы ў цёмны калідор. Ну вось і мой кабінет. Наведвальнікаў у гэты час звычайна не бывае, але ўсё ж я прыходжу рана: а раптам? Або, можа, я прыдумала гэта для сябе, каб стварыць ілюзію справы – амаль на досвітку працоўная раніца, своечасова адчыненыя дзверы паводле таблічкі на іх. Я ведала, што гэта ілюзія, але ўсё роўна прыходзіла сюды з самай раніцы. Хоць і зараз буду пакутаваць да абеду – чакаць і чытаць кнігу. Я ўжо дастала яе з шуфлядкі і адкрыла на ўчарашняй недачытанай старонцы, як раптам раздаліся крокі і ўвайшоў наведвальнік.

Мяне адразу ўразіў кантраст яго дарагой адзежы і таннага пацёртага дывана майго кабінета. Зрэшты, гэта ўсё роўна не падштурхнула мяне на рамонт: я не лічыла, што такі занятак, як лоўля котак і сабак, патрабуе раскошных апартаментаў.

– Прысаджвайцеся, – я паказала яму на сціплы шэраг крэслаў ля сцяны.

Ён моўчкі ўзяў крэсла і перанёс яго бліжэй да майго стала.

Калі сказаць шчыра, мне хацелася, каб лавіна скаргаў і слёзных просьбаў пра дапамогу любімым чацвераногім сябрам даносілася да мяне здалёк, але ў гэтым выпадку мне прыйшлося скарыцца. Зрэшты, мой наведвальнік не быў настроены на істэрыку. Наадварот, яго погляд, звернуты да мяне, быў халодны і сур’ёзны. Перада мной сядзеў дзелавы чалавек, забяспечаны, калі меркаваць па адзенні і – больш – па спакойным уладным поглядзе. На выгляд яму можна было даць гадоў сорак. Знешнасць нічым не прыкметная: кароткая стрыжка сівеючых валасоў, крыху паўнаваты твар, нос з лёгкай, невыразнай гарбінкай. Але, гледзячы на яго, у мяне ўзнікла падазрэнне, што ён не адчуваў сувязі паміж сваім абліччам і сабой, унутраным. Гэтае дзіўнае пачуццё. Яно ўзнікае, калі глядзіш на людзей, якія чамусьці незадаволеныя сабой.

Так, я разглядала яго, пакуль ён даставаў нешта з сваёй папкі. Нарэшце ён падняў на мяне вочы. Ён глядзеў ва ўпор. Гэта было нязвыкла: людзі часта не заўважаюць тых, каму плацяць за працу. Для іх яны – безаблічныя. Гэты глядзеў ва ўпор. Погляд яго быў паранейшаму сур’ёзны і спакойны, але я зноў злавіла сябе на адчуванні, быццам на мяне глядзіць іншы – унутраны чалавек, чалавек далёкага мінулага.

– Такім чынам, вы нешта страцілі? – спытала я, перарваўшы гэты погляд ва ўпор.

І ён, пачуўшы пытанне, раптам хутка апусціў вочы, быццам яго злавілі на чымсьці недазволеным. Прычым тычылася тое не гэтага дзелавога, сур’ёзнага чалавека, а нейкага ўнутранага, далёкага.

– Так, – сабраўшыся з думкамі, сказаў ён. – Я хачу папрасіць вас знайсці адну дзяўчыну.

Зрэшты, нечага такога я ад яго і чакала.

– Але я не лаўлю людзей. Мая прафесія – коткі, сабакі, партманэ, нарэшце.

Здавалася, ён не чуў мяне.

– Можа, у вас прапала котка? Або хамячок?

Ён усміхнуўся:

– Не. У мяне няма ні хамячка, ні коткі. А як іх няма, яны не маглі прапасці. Таму давайце забудземся пра котак і хамячкоў.

Ён паклаў мне на стол грошы.

– Досыць на першыя выдаткі ў Вільнюсе?

– Дзе?!

– У Вільнюсе, – спакойна паўтарыў ён. – Вам трэба будзе паехаць у Вільнюс, каб знайсці гэтую дзяўчыну.

– Але я не лаўлю людзей… – я паспрабавала яму яшчэ раз гэта патлумачыць.

– А я і не прашу яе злавіць. Толькі адшукайце і перадайце ёй вось гэты зялёны нататнік.

Ён паклаў зялёны нататнік побач з стосам грошай, якога хапіла б на паўгадавы адпачынак у Іспаніі, не тое што ў Вільнюсе.

– Зараз я патлумачу вам некаторыя дэталі.

– Але ж я яшчэ не пагадзілася? Падобна, мае словы здзівілі яго.

Ён паглядзеў на мяне – ацэньваючы, халодна. Цяпер гэта быў погляд толькі дзелавога чалавека. Кракадзіла, якому на зуб патрапіла мошка.

Я ўздыхнула і паглядзела на старыя фіранкі, на гадзіннік, які прабіў дзевяць гадзін – раніцы, якую я магла б правесці і лепш, калі б не праца. І яшчэ… У гэтым мне было б цяжэй за ўсё прызнацца…

– Ну, і што ж вы вырашылі? Вы едзеце?

– Так, еду, – сказала я і раптам адчула, што гэта адказала не я, а таксама – чалавек мінулага. Той чалавек з мінулага, які жыве ў кожным з нас – нябачны ў сучаснасці і штодзённым, які абуджаецца толькі з нашымі ўспамінамі.

Мужчына працягнуў мне фотаздымак. Ён быў аматарскі. Хлопцы і дзяўчаты, абняўшыся, стаялі паўколам і ўсміхаліся ў камеру. Сярод іх вылучалася адна. Яна была маленькая, менш усіх, з доўгімі светлымі валасамі і незвычайна яркімі блакітнымі вачыма на хударлявым твары. Але і не гэта вылучала яе сярод усіх астатніх. Галоўнай была ўсмешка. Яе цяжка ўявіць, калі не пабачыш: нешта асаблівае ў лініі вуснаў, твару, вачэй. Здавалася, яна ўся выпраменьвала гэтую ўсмешку, якая і асвятляла фотаздымак.

– Гэта яна? – спытала я.

– Так.

– Вельмі прыгожая.

– Яна дзіўная, – раптам сказаў ён.

– Усе людзі чымсьці незвычайныя.

– Не, яна менавіта дзіўная. Вы пераканаецеся самі, калі знойдзеце яе. Яна – як птушка.

– Што ж, тады гэта сапраўды мая праца. Шукаць птушак. Шукаць котак.

Ён усміхнуўся, паціснуў плячыма і сышоў, трохі горбячыся, як усе людзі высокага росту.

Так я апынулася ў Вільнюсе, каб адшукаць гэтую дзіўную дзяўчыну – чыёсьці чужое каханне.

За што толькі людзі не плацяць грошы… Зрэшты, бывае і так, што, перабіраючы ў памяці эпізоды жыцця, раптам разумееш, што важней за ўсё на свеце для цябе якая-небудзь старэнькая запальнічка, падораная дзесяць гадоў назад – падораная яшчэ і зараз любімай рукой…

Так разважаючы, я выйшла з платформы ў горад. Мусіць, гэтак думаючы я імкнулася ўцячы ад таго, што можа зараз адбыцца ў маёй уласнай памяці, калі я ўбачу – так, зноў убачу гэты горад…

На імгненне я заплюшчыла вочы, рыхтуючыся да знакавай сустрэчы. Цікава, што змянілася тут за некалькі гадоў? І ці гатовая я ўбачыць гэтыя змены?

Секунда, другая, трэцяя…

Што ж, як у дзяцінстве – на лік тры. І я адкрыла вочы.

Не, нічога, нічога тут не змянілася на гэтай старой прывакзальнай плошчы. Тыя ж белачырвоныя тралейбусы, прыпынак на тым жа месцы, тыя ж кіёскі стаяць, прыціснуўшыся да шэрых дамоў, і з тых жа самых дрэў сыплецца, зрывае мае восеньскім ветрам, жоўтае лісце…

«Ну прывітанне, стары горад…» – у думках гавару я. Як усе, каго не пакідае надзея, што гарады, хоць на некалькі гадоў вызначыўшыя твой лёс, памятаюць пра цябе. Можа, таму, што і мы таксама помнім іх.

Я паволі пайшла па вузкай вуліцы ў бок ад вакзала. Тут асабліва адчувалася восень. Яна спала на аранжавай траве высокага насыпу, за якім пачыналася чыгунка; спала, накрыўшыся лісцем, і, відаць, ёй было халаднавата, таму яна яшчэ і яшчэ накрывала сябе лісцем. І дрэвы шкадавалі сваю прыгажунювосень – аддавалі ёй апошнія, самыя шыкоўныя ўборы.

Павярнуўшы ў дворык, я паднялася каменнымі сходамі на невялікі пагорак, з якіх, урэшце, і складаецца гэты стары горад.

Над шэрымі дамамі з чырвонымі дахамі ляцела жоўтае лісце. У гэтым не было нічога асаблівага, але мне чамусьці стала раптам і журботна, і светла на сэрцы.

Унізе некуды ішлі людзі. Яны не заўважалі мяне – на вяршыні пагорка, чужога чалавека, які разглядаў іх горад.

Колькі гадоў назад я не магла б і падумаць, што калі-небудзь вярнуся сюды. І прыеду не для таго, каб успомніць мінулае, а каб адшукаць адну незнаёмую дзіўную дзяўчыну – чыёсьці каханне.

І, якім бы гэта не здавалася незвычайным, але так яно і ёсць.

А калі так, трэба засяліцца ў якую-небудзь гасцініцу і падумаць, як дзейнічаць далей.

Праз паўгадзіны я ўжо ўваходзіла ў вестыбюль гасцініцы «Караліна». Мой нумар быў на пятым паверсе. Адкрыўшы фіранкі, я зноў убачыла Вільнюс – восеньскае неба над хатамі і – у лёгкай надвячэрняй смузе – востры шпіль тэлевізійнай вежы. Нібы шыя шэрага жорава, яна прабівала прастору над горадам, цягнулася ўвышыню, у далёкія глыбіні, куды не ўваходзіць пах восені – лісця, рудой травы і мокрых ад туману галінак, прапахлых дымам апошніх вогнішчаў…

Тады… Зрэшты, гэтая восень не павінна мець нічога агульнага з той, маёй восенню ў Вільнюсе. Зараз у мяне ёсць проста чужая восень, чужы зялёны нататнік і фотакартка чужой дзіўнаватай дзяўчыны, якую мне трэба знайсці.

– А калі я не змагу яе знайсці? – спытала я тады.

– Не, вы яе знойдзеце. Абавязкова знойдзеце, – цвёрда сказаў дзелавы, забяспечаны мужчына.

– Чаму вы так упэўнены ўва мне? – здзівілася я.

Ён нічога не адказаў. Толькі моўчкі глядзеў на мяне – цвёрда і не міргаючы. І я не наважылася ізноў задаць сваё пытанне.

І зараз мне трэба з чагосьці пачынаць.

І толькі я падумала аб гэтым, як раздаўся тэлефонны званок.

– Добры вечар.

Я здрыганулася: гэта быў ён, мой працадаўца.

– Як вы мяне знайшлі?

– Не мае значэння. Нататнік пры вас?

– Так… Але ўсё ж, як вы мяне знайшлі?

– Не мае значэння. Адкрыйце нататнік. Апошняя старонка. Прачытайце і не сыходзьце з нумара. Я вам хутка патэлефаную. А каб было менш пытанняў, не адключайце свой мабільны.

Такім чынам, ён ізноў не адказаў. Падобна было, што ён рабіў толькі менавіта патрэбнае яму.

Я адкрыла апошнюю старонку.

«Мы мала дзе бывалі з ёй. Часам я запрашаў яе, але яна адмаўлялася. Часам тэлефанавала сама. Часам я проста ішоў туды, дзе яна магла быць. Проста паглядзець на яе. Яна не бачыла мяне, затое я мог ёю любавацца.

…кавярня. Яна бывала там з сяброўкамі – пералётнымі птушкамі, як сама, аматаркамі павесяліцца і забыцца пра гэту сустрэчу на наступны дзень. Момант – не больш. Яна такая – уся з момантаў.

…у старым горадзе ў вежы Гедымінаса. Калі ёй сумна, яна ўзбіраецца туды, на вышыню, адкуль бачны ўвесь горад. Узбіраецца на вежу і паліць, хоць гэта забароненае. Або таму, што гэта забаронена. Яна такая.

…кінатэатр «Forum Cocacola Plaza». Яна любіць глядзець містычныя або прыгодніцкія фільмы. Мы глядзелі з ёй «Ключ». Яна ўчапілася ў падлакотнік крэсла: ёй было страшна. Але ёй гэта часам таксама трэба – спалохацца, каб лягчэй жыць у рэальнасці. Так яна гаварыла. Яна такая.

…у піцэрыі ў «Forumе». Любіла заказваць не піцу, а рассыпісты пірог і кактэйль з малінай. Але піцу яна таксама любіць. І вельмі. Часам днямі толькі ёй і сілкуецца. А ў «Forumе» яе не заказвае, хоць там выдатная піца. Чаму не заказвае – не ведаю. Яна мне не адказала. Яна такая.

…любіць хадзіць у модныя крамы, любіць выбіраць, хоць і няма грошай. Я хацеў ёй купіць у падарунак, але яна мне гэта забараніла. Вось і такая яна.

…кнігарня. Блукае ля паліц з кнігамі, але купляе толькі вясёлыя паштоўкі. Гаворыць: дома кнігі навяваюць сум, а вось паштоўкі – наадварот. Ад іх сцены становяцца пярэстымі і вясёлымі. Так яна лічыць.

…клуб. Усе імкнуліся зрабіць ёй нешта добрае. Яна ўзнагароджвала іх смешнымі і запальнымі танцамі. Яна любіла танчыць, і ў танцы нібы забывалася на ўсё – сябе, жыццё вакол. Яна апыналася ў свеце рухаў, аддаючы ўсю сябе. Можа, яна любіла танчыць менавіта таму. Таму, што ў танцы ў яе атрымоўвалася ўцячы ад усяго. Мне здаецца, яна свядома спрабавала ўцячы ад чагосьці вельмі скрушнага ўнутры сябе, што не давала ёй супакою…»

Я прачытала і задумалася. Так, яна няпростая, або жыве толькі ёй зразумелым жыццём, і абрала яна гэтае жыццё па толькі ёй вядомых прычынах.

Зазваніў тэлефон.

– Гэта вы? – зрэшты, можна было не ўдакладняць.

– Так. Вы прачыталі?

– Прачытала.

– Добра. Заўтра адпраўляйцеся ў «Forum».

І ён паклаў трубку, нічога не растлумачыў. Падобна, ён памкнуўся мной кіраваць. Зрэшты, мне было ўжо ўсё роўна. Я раптам адчула, што стамілася: ад сваіх успамінаў, ад дарэмных здагадак.

Раніцай я была ў «Forumе».

І толькі я ўвайшла туды, як зазваніў мой тэлефон.

– Я на месцы.

– У вас сумны голас. Я прамаўчала.

– Добра. Не буду стамляць непатрэбнымі гутаркамі. Вы ўзялі квіток?

– Так. Да сеансу паўгадзіны.

– Ідзіце ў піцэрыю.

– Я магу пачакаць і на вуліцы.

– Не, ідзіце ў піцэрыю.

– Гэта так важна?

– Так, гэта важна. А чаму вы не хочаце ісці туды?

Што я магла яму адказаць? У кожнага свае ўспаміны. Дзіўна толькі тое, што месцы нашых сустрэч супалі. Але не думаю, што пра гэта яму было б цікава даведацца.

…Тады таксама быў дзённы сеанс. І таксама прыйшлося чакаць, калі ён пачнецца. Чакаць у піцэрыі… Вось нават той столік з прыгожымі плюшавымі канапамі вольны.

– Я ўжо ў піцэрыі. Я заказала пірог і кактэйль з малінай. Я адгадала, я зрабіла так, як вы хацелі?

– Так.

Праз пяць хвілін прынеслі мой заказ. Я дастала фотаздымак.

– Гэтая дзяўчына заходзіла да вас?

– Не, я яе не бачыла, – адказала маладзенькая афіцыянтка.

– Прабачце, вы не маглі б паказаць гэты здымак іншым супрацоўнікам? Можа, хтосьці пазнае яе? – папрасіла я.

– Вы з паліцыі? Я ўсміхнулася:

– Няўжо я падобная да паліцыянта? Не, я не з паліцыі. Проста гэтую дзяўчыну шукае сябар. Яны доўгі час не бачыліся, але аднойчы абедалі тут.

– Добра. – Афіцыянтка ўзяла фотаздымак і раптам, ужо сыходзячы, яшчэ раз кінуўшы на мяне погляд, сказала: – А вось вас я добра памятаю. Год назад я абслугоўвала столік побач: прынесла піцу і кактэйль аднаму маладому чалавеку, але раптам на яго столік скочыў нечы сабака, перакуліў кактэйль, сапсаваў столік. Вы мне дапамаглі: дазволілі «пацярпеламу» прысесці за ваш стол.

…Так, гэта было. Так мы пазнаёміліся.

Успаміны абрынуліся на мяне і закруцілі, нібы ў восеньскай каруселі, дзе блыталася ўсё – словы і лісце…

…– Дазвольце, я перасяду да вас? Мне ўсяго толькі дзесяць хвілін пачакаць да сеансу.

Жэст прабачэння, трохі дзіцячы. І ўсмешка. Усмешка ўпэўненая. Гэтае разбурэнне гармоніі прыцягнула мяне.

– Мне таксама дзесяць хвілін. Сядайце.

– І вы на гэты фільм? – ён назваў яго.

– Так.

Мы разам глядзелі гэты фільм. Потым разам сышлі з залы, потым чакалі таксі…

 

…bet kuria valanda

bet kurioie vietoie

bet kas is musu

bet kuria kaina…

 

– Я не ведаю літоўскага, але гучыць хораша. Вашы вершы?

Ён раптам засмяяўся.

– А вы падумалі, гэта вершы па-літоўску? Не.

– А што ж гэта?

– Гэта граматыка. Займеннік «любы». І яго формы. Вось як гэта перакладаецца:

 

…у любую гадзіну

у любым месцы

любы з нас

любой цаною.

 

Хоць, сапраўды, нават у перакладзе атрымліваюцца нейкія вершы. Незвычайныя вершы… Справа ў тым, што я часам люблю чытаць слоўнікі. І вось, калі няма чаго рабіць, мармычу дзіўныя рэчы адтуль. Гэта мая жудасная звычка. Але вы адзіны чалавек, хто прыняў гэта за вершы.

…Зараз я ўспамінаю гэта ўсё, зноў седзячы тут. Толькі нікога няма за суседнім столікам. Пустыя чырвоныя плюшавыя канапы, а ў шкляной попельніцы самотна адлюстроўваецца рознакаляровая столь…

Ля мяне зноў з’яўляецца фотаздымак. Гэта вярнулася афіцыянтка.

– Дзяўчына бывала ў нас, але вось ужо больш за год ніхто яе тут не бачыў.

– Дзякуй.

Ну вось, першая няўдача… Чаму ж гэта мяне не хвалюе?

Мяне ахапляе нейкае здранцвенне. Быццам у сне, я гляджу на гадзіннік і заўважаю: час ісці, хутка фільм. І гэтак жа сонна прабіраюся паміж столікамі да выхаду, пакуль адна фраза не трапляе ў маё сэрца, нібыта смяротная страла:

– Я не магу яе пакінуць. Я ведаю, што яна не падыходзіць мне, але я не магу яе пакінуць…

Я абарочваюся і бачу, што праходжу міма століка, дзе сядзяць хлопец і дзяўчына. Ён сказаў гэтую фразу, потым апусціў галаву і амаль прашаптаў:

– Я такі чалавек, што не магу зрабіць балюча… Я не магу яе не кахаць… Чаму – не ведаю. Кажуць, што ёсць каханне на ўсё жыццё: ты можаш быць з кім заўгодна, але разумець, што ў тваім жыцці толькі адно каханне. І толькі яно пройдзе з табой праз гады. Будзе з табой у любы час, дзе і з кім бы ты ні быў… Прабач мяне. – з гэтымі словамі ён падняўся зза стала і прайшоў міма мяне да выхаду, да дзвярэй, ледзь прыкметных у рознакаляровых сценах. Я паглядзела яму ўслед, і раптам, нібы іронія, разбегліся, разляцеліся на аскепкі ў маіх вачах рознакаляровыя блікі, каб стаць словамі:

 

 

…bet kuria valanda

bet kurioie vietoie

bet kas is musu

bet kuria kaina…

 

 

 

Любы з нас… Гэта значыць сёння ты, а заўтра – хтосьці іншы. Вось яна, вечная плынь жыцця. Ёй усё роўна – хто. Любы. Любы працягне яе і атрымае тыя ж сустрэчы, у той жа вечар або дзень, у тым жа горадзе і будзе жыць і любіць па сваіх правілах – светла ці жорстка, выпадкова ці назаўжды. Любы з нас… Можна сумаваць, можна ўсміхнуцца рознакаляровым водбліскам на сценах…

Аб гэтым я думала ў амаль пустой кіназале, калі глядзела фільм. Дакладней, сачыла, як змяняюцца кадры. Я не глядзела фільм – можа, гэта быў мой маленькі знак пратэсту.

Але ён усё роўна патэлефанаваў мне – роўна праз паўтары гадзіны, калі я выходзіла з «Forumа».

– Што яшчэ? – спытала я.

– На сёння ўсё. Да заўтра.

Гэтага я не чакала. Падобна, ён не імкнуўся перагружаць мяне працай.

Я азірнулася. Восень ціха плыла над Вільнюсам. А я проста бязмэтна ішла па адной з яго вуліц.

…Будынкі, высокія і шэрыя, сыходзяць у неба, зацяняюць вузкія вулачкі, а ў спалучэнні з вельмі рэдкім золатам восені выглядаюць маркотна і халодна, прапускаючы праз сябе транспарт унізе. Дахі гэтых высокіх старых будынкаў нібы глядзяць на белачырвоныя тралейбусы і людзей.

Зрэшты, ёсць і новыя будынкі – са шкла. У іх няма старадаўніх чырвоных дахаў, і гэта мне чамусьці не падабаецца. Яны выразныя і вельмі прыгожыя сваёй сучаснасцю. Яны быццам крадуць у старых будынкаў рэшткі маладосці, разам з восенню залішне падкрэсліваючы холад старасці.

Не, я не супраць восені ў старым горадзе. Можа, я занадта шмат заўважаю не тое, што трэба. Я ж так даўно тут не была.

Не, мабыць, восень натуральная для старога горада. Лісце пад нагамі, у паветры, усюды жоўтае лісце і камяні.

Сухая восень. Асабліва яна адчуваецца ў завулках, арках і дварах, дзе не паспяваюць вымятаць лісце, выганяць восень – самотную сяброўку старога шэрага камення.

Але не ўсё так маркотна.

Таму што яшчэ ёсць сонца. Яно асабліва ласкавае да гэтага горада, нібы просіць прабачэння, што хутка будзе радзей паказвацца ў гэтых паўночных мясцінах.

І мне раптам зноў захацелася ўбачыць яго – прадаўца шчасця, быццам ён мог знікнуць з апошнімі кроплямі восеньскага сонца.

Год назад, пасля фільма і нашага выпадковага знаёмства мы так і не дачакаліся таксі, а адправіліся блукаць па старым горадзе. Там мы і сустрэлі яго – на адной з вузенькіх вулачак, якія сыходзяць да парку.

…– Дзесяць літаў за паветраны шар шчасця! Дарослыя і дзеці, самотныя і смешныя, маленькія і высокія, рудыя, лысыя, разумныя, тоўстыя, смелыя, чорныя, белыя!.. Паветраны шар шчасця! Адправімся за шчасцем?..

– Адправімся за шчасцем? – пераглянуліся мы і купілі шар. Адзін на дваіх. Бо шчасце можа быць толькі адно на дваіх…

Цікава, ці сустрэну я цяпер прадаўца шчасця? Для гэтага мне трэба прайсці праз стары горад.

Стары горад – серпанцін вузкіх вулачак з рознакаляровымі хатамі. Восень – толькі ўверсе на рэдкіх дрэвах.

На Totorio няма ні аднаго жоўтага лістка – толькі будынкі ў вузкай вулачцы з кветкамі на маленькіх балкончыках, усё прыбрана, нібы няма часу.

І вось знаёмая вулачка. Я агледзелася: там, каля гэтай кавярні ён стаяў. Але не, сёння яго тут не было. І мне раптам стала сумна. Я ўзгадала, як дома кожную раніцу лавіла на руку падаючае жоўтае лісце – на шчасце. Бо ў мяне больш не было паветранага шара старога прадаўца шчасця, і я прыдумала сваю традыцыю. І ўсё ж я верыла, што я яго яшчэ сустрэну.

Але, відаць, не сёння…

І вось я зноў бязмэтна блукаю па старым горадзе.

Аркі – нізкія, каменныя, за імі – абшарпаныя будыначкі, нейкі посуд на драўляных лаўках, а побач – звычайныя кветнікі ў восеньскіх колерах. Хто б мог падумаць, што варта зрабіць крок у глыб парадна прыбраных вулачак старога горада – і ты ўбачыш зусім іншы свет.

А наогул, стары горад – кавалак пражскага торта, маленькая Прага.

Калі стамляешся блукаць сярод яго рознакаляровага камення, можна выйсці ў парк, дзе сыплюцца на галаву каштаны і мяце легкадумны лістапад. Узнікае адчуванне: калі доўга стаяць не рухаючыся – цябе засыпле лістотай. Шпокаюць, разбіваючыся аб здрадліва схаваныя лістотай асфальтавыя дарожкі, каштаны: ім не дацягнуць да зямлі, дзе яны маглі б прарасці ўвесну.

Восень, восень шуміць у парку лістападам у сонцы. Насустрач ідуць хлопец і дзяўчына. Яны трымаюцца за рукі, а на іх сыплецца лістапад. І яны шчаслівыя.

І ўсюды восень, восень. Восень – халодная прыгажуня сярод даўніны.

Я саджуся за столік у кафэ і адчыняю зялёны нататнік. Не ведаю, чаму я гэта раблю: чужы нататнік не заменіць прадаўца шчасця. Я разумею гэта, але ўжо адгортваю наўздагад старонку, розумам апраўдваюся, што мне трэба зразумець гэтага чалавека: «Часам я іду па вуліцы чужога горада, бачу цікавы будынак і лаўлю сябе на думцы, што пытаю ў цябе: «Спадабалася?»

Пытаю, нібы ты ідзеш побач. І я ўжо даўно не перапыняю сябе: цябе няма са мной, цябе няма… Хутчэй, я проста закрываю вочы на тое, што цябе няма. Нават дапускаю, што ты ёсць, проста я цябе не бачу, або ты проста на крок адстаеш ад мяне, ідзеш павольней, дзесьці там, за спіной. Так табе зручней, а я не настойваю. Галоўнае – каб ты ішла побач: навошта нам спрачацца па дробязях? Ідзі так, як хочаш. Толькі ідзі са мной.

Мне так цёпла, так хораша думаць, што ты са мной і што я магу ў цябе спытаць, убачыўшы цікавы будынак у чужым горадзе: «Спадабалася?» І не думаць, што гавару гэта ў нікуды.

Зараз я разумею, за што люблю чужыя гарады. Яны дазваляюць вось так думаць – вольна, як птушка. У горадзе, у якім доўга жывеш, не можаш настолькі разняволіць свядомасць і хадзіць па вуліцах з чалавекам, якога ўжо няма з табой. То звыклыя будынкі, то знаёмыя людзі нібы ацверажаюць цябе, быццам халодны душ, вяртаюць у суровую рэальнасць: нібы крычаць табе ў твар – яе няма. Яе няма… Рэха гэтых слоў здольна разарваць сэрца.

А чужыя гарады халодныя, але вольныя для тваіх фантазій. Яны нібы з абыякавасцю кажуць: заходзь, паглядзі, палюбуйся, пафантазіруй і блукай з кім жадаеш. Тут шмат ходзіць чужых людзей. Ім няма справы да тваіх фантазій. Ім усё адно, з кім ты ідзеш: адзін, з ценем мінулага, з марай будучыні. Яны мудрыя, гэтыя чужыя для цябе гарады з чарадой незнаёмых і такіх розных вулачак – задуменнаціхіх драўляных, а потым раптам цагляных дамоў, напышлівых вышынёй, каламбурам і вэрхалам платоў і агароджаў; старадаўнія і новыя – з якіх выходзяць людзі, якіх зноў паглынае гэты канвеер вулачак, але ўжо іншых… Ці не – у чымсьці падобных.

Людзі… Я пачынаю глядзець на іх твары, пакуль яны не расплываюцца, не сыходзяць… Шчаслівыя яны ці не? Разумныя? Сумуюць або смяюцца па вечарах?.. Я ведаю, што не знайду дакладнага адказу, але я гляджу. Ізноў гляджу і спрабую, спрабую адгадаць…»

І я не вытрымала гэтых радкоў, гэтых самотных думак, якія плачуць на белых старонках. Я паволі пайшла па горадзе, і ногі самі неслі мяне ў тую вузкую вулачку са старым брукам. Было вельмі балюча думаць, і я ішла і толькі глядзела, глядзела… …Паміж старымі камянямі – восень, гэта значыць яе заціснутыя ў запясцях рукі – жоўтае лісце. Хоць у гэтым няма сэнсу, але хочацца іх вызваліць.

…Панадворкі – ціхія стомленыя аазісы звонкай вячэрняй цішыні і восені. Аблупленыя фарбы на старых будынках і рэха арак. А наогул гэта еўрапейскі горад з маляўнічымі вітрынамі і шыльдамі рэстаранаў і дарагіх крам. Звычайны старадаўні горад, які гандлюе сабой, дакладней, сваёй даўніной, рэшткамі сваёй старажытнасці.

…Восень як сто, дзвесце, трыста гадоў назад для гэтых сцен не ўяўляе нічога новага, але не для мяне.

Лісце ляціць над старым Вільнюсам. Я стаю ў панадворку, звычайным ціхім панадворку, куды ледзь далятае шум вуліцы.

Бабулька – я гэта бачу – назірае за мной. А я ўсё ніяк не магу сысці.

– Kas jus laukti? (Кагосьці чакаеце?) – пытае яна.

Сапраўды, каго і што я чакаю ў гэтым замеценым восенню панадворку? Адзінае, што я магу сказаць:

– Успаміны.

Яна мудрая, разумее, ківае галавой. Ёй гэта знаёма, а журботны погляд не таму, што яе трывожаць успаміны. Не. Яна з імі звыклася, таму што зразумела: яна ўжо пражыла жыццё. Яна сумуе, гледзячы на мяне, шкадуючы маю маладосць, і таму я сыходжу.

Я шукаю чужое каханне, а ўспамінаю сваё. Можа, мне ўсё ж не трэба было згаджацца ехаць сюды, ды яшчэ ўвосень. А можа, таму я і пагадзілася – менавіта сюды і ўвосень.

…Гэта было даўно. Але я так думала, калі апынулася далёка. А калі я тут зараз стаю ў гэтым панадворку сярод сонечна-жоўтай вільнюскай восені, мне здаецца: нічога не заканчвалася. Зараз адчыніцца акно і знаёмы голас крыкне:

– Polauke! (Пачакай!) І я чакаю. Гляджу на старыя зялёнажоўтыя дрэвы, на кветнічак ля аркі, праз якую бачна, як праязджаюць тралейбусы; уверх на кроны высокіх клёнаў, на старыя вежы замка ўдалечыні, у сонцы; уніз – на сухі дыван лісця ў агароджы суседняга – жоўтага, як восень, дома. Стаю і чакаю, хоць чакаць мне няма чаго. Але мне не сумна, мне дзіўна цёпла: гэта было… І гэта засталося – у светлай, як восень, памяці…

Выявы прыходзяць і сыходзяць. Жыццё застаецца. Прымай яго не прымай – яно застаецца такім, якое яно ёсць, а не якім яго жадаем бачыць мы…

Я сумую, мне балюча, і ўсё ж я разумею, што ніколі не вярнуся і не вярну тое, што страчана назаўжды. А гэты чалавек хоча вярнуцца. І я павінна яму ў гэтым дапамагчы. І зараз, у гэтым маленькім панадворку ўспамінаў, мне раптам стала шкада яго, майго моцнага працадаўцу. Мне ўпершыню стала шкада яго і я сапраўды задумалася, што ж мне зрабіць, каб дапамагчы яму.

Лёгкі жоўты лісток, сарваўшыся з галінкі, даверліва ўпаў мне на руку, і яго цёплае святло быццам азарыла мяне.

Я прайду па гэтых мясцінах, паспрабую стаць ёю, сыграю яе, і ў выніку зразумею яе, а значыць, змагу зразумець і тое, дзе ж яна можа быць. Для гэтага мне прыйдзецца самой прачытаць гэты зялёны нататнік, перайсці мяжу прыстойнасці і даверу. Аднак калі я надумалася сыграць яе – мне трэба гэта зрабіць…

Я вярнулася ў парк, прысела на лаўку і пачала чытаць.

«Спачатку – бессань, а потым страшная стомленасць пачалі адольваць мяне. Днём яшчэ было нічога, а вось да ночы паднімалася тэмпература. Я ляжаў і спрабаваў заснуць, але нічога не атрымлівалася. Не дапамагалі і таблеткі. Галава гудзела, цела станавілася ватовым, я ляжаў і глядзеў у акно на хутка цямнеючае зімовае неба ў бездапаможных водблісках ліхтароў. Я саслабеў і быў ні на што не здатны. І нават асцерагаўся, што псіхіка мая парушана… І тады з’явілася гэтая ідэя напісаць пра яе – усё пра яе, усё, што я памятаў. Мне так было лягчэй, а яшчэ, мусіць, я вельмі хацеў, каб яна не сыходзіла ад мяне. Таму што я ведаў: такой, як яна, больш няма ў гэтым вялікім і вар’яцкім свеце. І калі яна знікне з маіх думак, я звалюся ў пустэчу – цёмны і страшны калодзеж адзіноты і адчаю. Я звалюся туды і тады памру ўнутры, стану хадзячым трупам.

Так я пачаў збіраць свае ўспаміны. Можа, гэта выратавала мяне ад хваробы або ўтрапёнасці…

Такім чынам, я сустрэў яе тады, калі яна яшчэ не ведала ўсёй улады сваёй прыгажосці, дадзенай ёй прыродай.

Гэта адбылося, як я цяпер разумею, даволі звычайна: папулярны рэстаранчык на ўскраіне Вільнюса. Сябры жадалі паказаць мне каларыт краіны: мясцовыя стравы, танцы, песні. Я прыехаў у камандзіроўку, звычайны рэпарцёр – не без некаторай славы, але і без пачатковага рамантызму. Я паспеў пастарэць душой, што сведчыць аб некаторым стажы ў гэтай працы. Не, я не стаў чэрствым, хутчэй папоўніў шэрагі самых няшчасных рамантыкаў гэтага свету. Журналісты здаюцца чэрствымі, але на самай справе яны не такія: яны мараць і адчуваюць, можа, нават глыбей, чым усе, таму што ведаюць жыццё, а значыць, ведаюць, што нашы мары нязбытныя. Або – будзем літасцівей – лічаць, што ёсць адзіндва шанцы на тысячу, што мары спраўджваюцца. У парадку выключэння.

Праўда пра жыццё не праходзіць бясследна. Але ўсе ж мы горача жадаем хаця б выключэнняў, таму што ведаем: менавіта яны, гэтыя выключэнні, выратуюць свет і не дадуць яму памерці.

Магчыма, са мной здарылася нешта накшталт – нешта з гэтых выключэнняў.

Зрэшты, нішто гэтаму не спрыяла: я нудзіўся, ветліва ківаючы галавой і ўсміхаючыся сваім спадарожнікам, якія намагаліся дагадзіць мне. Толькі мне ўсё гэта было чужым: песні, танцы, гутаркі за спінай на не сваёй мове.

Усё спляталася ў рознакаляровыя яркія малюначкі, і можна было сказаць, што мы проста добра бавілі час. А можа, я тады ўнутры чакаў… Не ведаю. Шкада, што я не памятаю да таго моманту, калі да нас прыскокнула гэтая дзіўная кампанія – некалькі дзяўчат і амаль ушчэнт п’яны хлопец.

– Колькі мужчын нудзяцца адны!.. Айя-яй! – ігрыва завуркатала пухленькая брунетка.

Самы галоўны з дэлегацыі адразу ж ускочыў.

– Дзяўчаты, пакіньце нас у супакоі! Гэта журналіст з іншай краіны. Ганаровы госць, што ён падумае! – і яшчэ дадаў па-літоўску. Нешта не вельмі прыемнае.

Зрэшты, я таксама не прэч быў ад іх адвязацца, але, вядома, больш ветліва. Я азірнуўся і раптам убачыў яе. Не ведаю, што на мяне найшло: мы глядзелі адно на аднаго, а можа, гэта толькі я глядзеў…

Раптам, нечакана нават для сябе, я падхапіў яе і закружыў у танцы.

– Адпусці мяне! – яна рванулася прэч, але я дужа трымаў яе. – Адпусці мяне! – паўтарыла яна, і голас у яе быў хрыплаваты, з акцэнтам. – Там дзве дзяўчыны, ідзі да іх.

– Я табе не спадабаўся?

– Не ведаю.

– Тады чаму?

– А я занятая.

– З гэтым п’яным хлопцам? – я пагардліва ўсміхнуўся. – Ён нават не зможа цябе дадому праводзіць, не тое што танчыць. Хутчэй табе прыйдзецца цягнуць яго з рэстарана.

І тут я злавіў яе погляд – цвёрды, моцны, нават фанатычны погляд, і мая ўсмешка чамусьці знікла.

– Не турбуйся, ён возьме таксі. Але я не здаваўся.

– Гэй, ты возьмеш таксі? – крыкнуў я хлопцу.

Ён паглядзеў на мяне п’янымі, нейкімі бездапаможнымі вачыма.

– Не, у мяне няма грошай…

– А як жа твая дама? Зараз жа позна.

– Дама?.. Якая дама?.. А… Дабярэцца. На таксі не дам грошай.

– А ты не джэнтльмен! – з’едліва сказаў я і звярнуўся да яе: – Ён не жадае даць табе грошай на таксі. Вось тып!

– Тады ты дасі мне грошай! – упэўнена сказала яна і паглядзела мне ў вочы. – Ты ж дасі мне грошай?

І я пад гэтым поглядам, нібы дрэсіраваны ўдаў, палез у кішэнь і дастаў папернік. Яна не зводзіла з мяне засяроджанага погляду, быццам я сапраўды быў ёй нешта павінен, і яна сачыла, каб я яе не абдурыў.

– Хопіць?..

– Хопіць, – упэўнена сказала яна і нядбайна кінула купюры ў сваю мініяцюрную сумачку.

А потым махнула рукой хлопцу:

– Кяйстус, пайшлі!..

Але ён не рухаўся. Тады яна сама падышла да яго, падцягнула, каб ён стаў на ногі, і так павяла да выхаду. А я назіраў за гэтым усім, як дурань. Ля дзвярэй яна азірнулася:

– Арэвуар, джэнтльмен! – Паслала мне лёгкі паветраны пацалунак і знікла.

Не ведаю, што гэта было, – падзяка або насмешка. Здаецца, у той вечар я моцна напіўся.

А вось раніцай, наглытаўшыся аспірыну, кінуўся тэлефанаваць у агенцтва таксі. Я знайшоў яе, заплаціўшы таксісту кругленькую суму.

Знайшоў і стаў назіраць за ёй. Неўзабаве я вывучыў яе нескладаны распарадак: раней пяці вечара яна не з’яўлялася на вуліцы. Я часам блукаў услед за ёй. Часцяком яна спынялася каля вельмі смешнага дзядка – прадаўца шчасця – і купляла ў яго яркія шары або пра штосьці гаварыла, а часам і смяялася разам з ім.

Нарэшце я наважыўся – спыніў яе недалёка ад парку. Яна пазнала мяне. Нахмурыла бровы і строга спытала:

– Што ты хочаш?

Я збянтэжыўся, не ведаў з чаго пачаць – праўды або хлусні.

– Ну?

Яна не давала мне падумаць.

– Усяго толькі хачу папрасіць у цябе прабачэння, што… – я адчуў: пачынаю мямліць. Раней за мною такога не назіралася.

– Прабачэння… – яна ўсміхнулася. – Ты вельмі ветлівы. Ведаеш, усе ветлівыя такія сумныя.

Я разгубіўся ад гэтых слоў. А вось яна спакойна глядзела на мяне.

Вочы ў яе былі прыгожыя, ясныя і строгія.

– Відаць, ты хацеў папрасіць прабачэння?

– Ттак…

– Тады прасі. Ну што ты стаіш, як балван! Прасі! – яна ўсміхнулася.

– Прабач, што быў няветлівы.

– Усё?

– Я толькі хацеў пазнаёміцца. Як вас завуць?

Яе звалі Эстэль. Бацькі прыдумалі ёй зусім французскае імя. Яна дала мне свой нумар тэлефона – лёгка і проста. Я, акрылены, тэлефанаваў, але вось толькі ніхто не падыходзіў да тэлефона. Без усякай надзеі я патэлефанаваў у апошні раз – перад ад’ездам. І яна падняла трубку. Я сказаў, што з’язджаю, мая камандзіроўка скончылася.

– А калі ты з’язджаеш?

– Праз гадзіну.

– Я прыеду цябе праводзіць, – сур’ёзна заявіла яна.

Гэтага я не чакаў. Не схлушу, калі скажу, што мне было прыемна. Слабы агеньчык надзеі загарэўся ў маёй душы.

І яна прыехала на вакзал – за дзесяць хвілін да адпраўлення майго цягніка. Прыехала, як абяцала.

– Цябе не было ў горадзе? – асцярожна спытаў я. – Ніхто не падыходзіў да тэлефона. Мне так хацелася пагаварыць з табой. Мне было вельмі цяжка без цябе.

– Ты думаеш, усім лёгка? Усім цяжка. І мне. – Погляд яе раптам стаў далёкім і бляклым, нібы хтосьці ў цемры загасіў апошнюю лямпу.

– Прабач, я нешта не тое сказаў. Дзякуй, што прыйшла мяне праводзіць.

– Калі ласка. – Яна паціснула плячыма.

Я не ведаў, пра што яшчэ ёй казаць. Бездапаможна аглядаючыся вакол, я ўздыхнуў і сказаў банальнасць:

– Восень прыйшла.

– Так, – яна адкінула светлую пасмачку валос з твару, і ён стаў адкрытым і светлым. – Восень… – чамусьці паўтарыла яна. – Восень у Вільнюсе заўсёды прыгожая… …Вярнуўшыся дадому, я сустрэў дзяўчыну, зза якой гэтулькі пакутаваў да гэтай маёй паездкі ў Вільнюс. Яна хацела працягваць нашы адносіны. Раней, мусіць, я быў бы на сёмым небе ад шчасця.

– Ты? – здзіўленарадасна спытала яна, сустрэўшы мяне.

– Я, як бачыш.

– Ты не адказваў на мае званкі!

– Быў заняты.

– Раней ты ніколі не быў заняты, калі я тэлефанавала, – у яе голасе адчулася крыўда.

– Раней…

Зараз жа яна здавалася мне нейкай безгустоўнай, нібы мяса без солі або кава без цукру.

Проста я яе ўжо не кахаў.

Я, мусіць, вельмі жорсткі, калі вось так мог падумаць пра яе.

Але тады я не думаў аб гэтым. Кожны перапынак я званіў у Вільнюс. Памятаю як цяпер: дождж стукае ў акно кабінкі, а я крычу ў тэлефон:

– Эстэль, ты чуеш мяне? Эстэль!..

Яна павінна быць у гэты час дома. Ну вось, нарэшце!..

– Так. Што ў цябе здарылася, чаму ты тэлефануеш?

– Нічога не здарылася. Проста хацеў пачуць твой голас.

– Пачуў?

– Так.

У яе ледзь хрыплаваты, але падзіцячаму чароўны голас. Можа, зза акцэнту. Я і зараз уздрыгваю, калі чую такі голас.

– Так, яшчэ… Я прыеду ў пачатку кастрычніка ў Вільнюс.

– Навошта?

– Паглядзець на восень. Яна заўсёды такая прыгожая ў Вільнюсе. Яна там не скончылася?

– Не. Лісце падае і падае, падае і падае… – яна ўздыхнула. І я ізноў прыехаў у Вільнюс. Я прывёз ёй кнігу сваіх нарысаў. Хоць я зараз разумею, што наўрад ці яе маглі цікавіць мае нарысы. Але да самой кнігі ў цвёрдай вокладцы са мноствам старонак яна паставілася паважліва.

– А ты знакаміты, – сказала яна нават з некаторым гонарам. – Ніколі яшчэ не знаёмілася з вядомымі людзьмі.

Гэта былі нашы самыя мірныя дні.

Мы чакалі сеанса ў «Forumе». І яна папрасіла пірог з малінай.

Глядзелі фільм «Ключ» – даволі страшны, містычны фільм, таму яна спалохалася і ўчапілася ў падлакотнік крэсла. Але ж менавіта яна абрала гэты фільм.

– Чаму ты глядзіш такія фільмы, калі табе страшна? – спытаў я.

Яна задумалася, потым адказала:

– Лепш спалохацца ў кіно, чым у жыцці. Калі паглядзіш вельмі страшны фільм, не так жудасна тое, што вакол.

– Што цябе палохае?

– Галеча, дрэнныя сны, удары ў дзверы, не тыя словы, развітанне… Няўжо ты гэтага не баішся?

– Чаму ж. Але я не думаю пра гэта. Я забяспечаны, у мяне нядрэнная праца, кватэра, я здаровы нарэшце.

– Ты маеш рацыю. А вось я вельмі баюся. У дзяцінстве ў нас была такая гульня: побач маляваліся квадраты: адзін зваўся «шчасце», а другі – «няшчасце». Трэба было падняць руку, заплюшчыць вочы і мякка апусціць кубік зверху на гэтыя квадраты. Куды ён упадзе – значыць, тое і будзе. Я вельмі не хацела гуляць у гэтую гульню, але аднойчы мяне ўгаварылі. І кубік зваліўся проста на рысу. Гэта здаралася так рэдка, што ўсе здзівіліся. А я цешылася, што хоць ўсё гэта скончылася. Бо самае страшнае – калі заплюшчыш вочы і адпускаеш кубік. Сэрца так б’еццаб’ецца! Не моцна, а страшна хутка. Таму што гэтая мяжа паміж квадратамі такая тонкая – усяго адна рысачка мелу… Мяжа паміж шчасцем і няшчасцем… – яна змоўкла і задумалася, міжвольна прыціснуўшы руку да сэрца, нібы толькі цяпер згуляла ў гэтую гульню. – Пра што гэта я?.. Ах да, вось таму я вельмі баюся… усё такое нетрывалае… Нават камень – таму што яго могуць падарваць за секунду…

– Няўжо ўсё так дрэнна? – усміхаючыся, каб падбадзёрыць яе, спытаў я.

– Не, я не пра гэта, – яна зірнула на мяне сур’ёзна, неяк засяроджана. – Я аб трываласці. Ты не разумееш.

– Чаму ж – разумею. Але я не лічу, што ўсё вось так проста можна разбурыць. Старыя гарады стаяць стагоддзямі. Самы просты прыклад трываласці…

– Старыя гарады… На самай справе старых гарадоў няма – усё іншае, адны камяні засталіся.

– Значыць ты лічыш, што няма нічога трывалага?

– Можа, толькі сэрца… – Вочы яе глядзелі кудысьці ўдалячынь. – Так, мусіць, толькі сэрца. Страшна падумаць, што яно выносіць…

Мы павольна ішлі па праспекце Гедымінаса. Шарэла. Вецер зрываў жоўтае лісце і кідаў пад ногі. Яно гарэла, нібы ў агні, у водблісках першых ліхтароў. Я не пытаў, куды мы ідзем. Мне было ўсё роўна, абы ісці побач з ёй. Праспект скончыўся, мы выйшлі да вежы.

– Пойдзем уверх?

Я кіўнуў, і мы пачалі ўзбірацца наверх па каменных прыступках.

Адсюль адкрываўся цэнтр Вільнюса – старыя дамы і новыя гмахі. І адсюль зусім не было відаць восені – толькі дахі, бясконцыя дахі, цэрквы, вежы замкаў.

– Я прыходжу сюды, калі мне дрэнна, – раптам сказала яна. – І палю, хоць гэта забаронена.

Мы моўчкі стаялі і глядзелі ўніз. Халадала, і я накінуў ёй на плечы сваю куртку. Яна захуталася ў яе, нібы птушачка ў цёплыя пёры.

– Пойдзем! – раптам схамянулася яна. – А то ён сыдзе.

– Хто? – здзівіўся я.

– Прадавец шчасця! – і яна пацягнула мяне за руку. – Ну пойдзем жа!

І я падпарадкаваўся ёй. Неўзабаве мы прыбеглі на адну з вуліц старога горада.

…– Дзесяць літаў за паветраны шар шчасця! Дарослыя і дзеці, журботныя і смешныя, маленькія і высокія, рудыя, лысыя, разумныя, тоўстыя, смелыя, чорныя, белыя!.. Паветраны шар шчасця! Адправімся за шчасцем?..

Так я ўпершыню сустрэўся з ім – прадаўцом шчасця на старой вільнюскай вуліцы.

– Ты верыш ва ўсё гэта? – спытаў я, купіўшы шары. Яна паціснула плячыма.

– Не ведаю. Можа, і веру. Калі сумняваюся, што не веру, – значыць, трохі ўсё ж веру, – і яна засмяялася.

Так, гэта былі нашы самыя мірныя дні. Я нават наважыўся спытаць, як яна да мяне ставіцца.

Яна прымярала нейкую пярэстую накідку, якая рабіла яе падобнай да маленькай птушачкі.

– Вельмі добра стаўлюся, – адказала яна, разглядаючы мяне ў люстэрка. – Ты прыгожы. Надзейны. Разумны. Да цябе нельга дрэнна ставіцца.

– Ну а той хлопец…

Яна не дала мне дагаварыць: раптам рэзка азірнулася, звяла бровы. Голас яе стаў ледзяным:

– Ніколі не пытай пра яго! Ты зразумеў?!

– Так…

І я не пытаўся пра яго ніколі.

– Добра, мне трэба ў клуб, – сказала яна, спехам прыхарошваючыся перад люстэркам.

– Навошта? – здзівіўся я.

– А я там працую. Танчу. Я і яшчэ дзяўчаты.

– Можна прыйсці паглядзець?

– Прыходзь.

І мы пайшлі ў клуб. Яна – працаваць. Я – глядзець на яе і думаць пра тое, што дні гэтай восені, нібы хуткая вада, сцякаюць скрозь пальцы, уцякаюць ад мяне апошнімі восеньскімі дажджамі і лістападамі, а я разумею гэта і нічога не магу зрабіць…

…Яна любіла танчыць, і ў танцы нібы забывалася, на ўсё – сябе, жыццё навакол. Яна акуналася ў свет рухаў, аддаючы яму ўсю сябе. Можа, яна і любіла танчыць менавіта таму. Таму, што ў танцы ў яе атрымлівалася ўцячы ад усяго. Мне здаецца, яна пастаянна спрабавала ўцячы ад чагосьці вельмі самотнага ўнутры сябе, што не давала ёй супакою…

А я глядзеў. Колькі мінула часу? Не ведаю, мусіць, не вельмі шмат, але яна раптам з’явілася побач і рэзка кінула:

– Збірайся, мы сыходзім!

– Ты так мала працуеш?

– Я ўжо тут не працую. Усё!

Я зірнуў на яе: яна была чымсьці засмучаная.

– Нешта здарылася?

Яна завагалася, потым усё ж вырашыла расказаць:

– Гаспадар прычапіўся да адной дзяўчыны, якая з намі танчыць. І мы вырашылі абвясціць яму байкот. А ён яе звольніў. І тады я таксама сышла.

– А ты пры чым?

– А я сышла таму, што несправядліва. Добра, хопіць гаварыць. Мы спяшаемся. – І яна накіравалася да выхаду з рэстарана, а я – за ёй.

Яна стаяла і паліла недалёка на вуліцы.

– Ты ўжо не спяшаешся? – спытаў я, здзіўлены зменай у ёй: то яна імчалася з рэстарана, а цяпер наогул нікуды не збіраецца – стаіць і паліць.

– Ты не разумееш – галоўнае было вырвацца адтуль, з усяго гэтага – пахаў, сталоў, крэслаў, дзвярэй – з усяго, што яму належала. Я не магла ні хвіліны там заставацца!

Тут да нас падышла другая дзяўчына.

– А, вось і ты. Пазнаёмся – гэта мая сястра.

Я здзівіўся, настолькі яны былі непадобныя, нават можна сказаць – процілеглыя адна адной. Далікатная мініяцюрная Эстэль і поўная чарнавалосая яе сястра. Яны загаварылі пра нешта на сваёй мове, гучна і абурана: мусіць, абмяркоўвалі здарэнне ў клубе. Эстэль не прагнала мяне – і я ішоў за імі да самага дому. Толькі ў пад’ездзе яны і заўважылі мяне. Ад развітання мяне выратавала толькі тое, што сястра Эстэль забылася зайсці ў аптэку: у яе было маленькае дзіця, і яно зараз хварэла. Я прынёс патрэбныя лекі, і мы яшчэ пасядзелі ўсе разам на кухні: пілі гарбату і гаварылі. Дакладней, гаварылі больш яны, а я слухаў. Але ўсё ж прыйшоў час развітвацца.

– Можна, я заўтра зайду? – спытаў я без асаблівай надзеі.

– Вядома, заходзь, – раптам ажывілася яе сястра.

– Ну добра, прыходзь, – пагадзілася і Эстэль.

І я прыйшоў. З размовы з яе сястрой я даведаўся, што Эстэль страціла вельмі добрую працу, і незразумела, дзе яна цяпер будзе выступаць. Мусіць, ізноў будзе матацца па прыгарадах. А яе грошы так дапамагалі ёй і маленькаму…

Праз дзень я прыйшоў, нагружаны падарункамі: новая калыска, цацкі, адзежа і ўсё, што мне сказалі, трэба дзіцяці.

– Ты з з глузду з’ехаў! – абурылася Эстэль. – Я забараняю табе ўмешвацца ў маё жыццё!..

– Эстэль, гэта ўсяго толькі ганарар за кнігу. Гэта грошы, якія маглі быць або не быць.

Яна недаверліва паглядзела мне ў вочы. Я вытрымаў гэты погляд.

– Ну добра… – з неахвотай пагадзілася яна. І я прайшоў у гасціную.

У «маленькага» – так мы яго ласкава звалі – была тэмпература.

– Няма на каго пакінуць… – пажалілася сястра. – А нам тэрмінова трэба ў горад.

– Я пасяджу.

Яны здзіўлена паглядзелі на мяне. І тады Эстэль сказала:

– Так, іншыя мужчыны не такія, як ты. Яны не будуць нянькамі. Відаць, ты моцна мяне кахаеш.

З таго часу я кожны дзень праседжваў у іх, клапоцячыся аб «маленькім», падмяняючы іх, калі яны сыходзілі ў горад.

Я прывязаўся да іх, нібы да сваёй сям’і. Мы не гаварылі ні слова пра каханне, але я спадзяваўся, што яна за гэты час абвыкне і палюбіць мяне. Я пасябраваў з яе сястрой, і ў доме панаваў супакой, мір і зычлівасць. Я прыходзіў раніцай, сястра Эстэль гатавала мне кашу на сняданак, такая ў іх была традыцыя. З сястрой мы абмяркоўвалі планы на дзень: калі купаць, карміць маленькага, калі выклікаць лекара і іншыя няцяжкія, але важныя рэчы. Да абеду прачыналася Эстэль: яна была «сава»: не магла рана класціся спаць, таму позна бавіла час у клубе або ў сяброў: мы яе трохі разгрузілі, ды і ёй неабходна было адпачыць… І яна з’яўлялася да абеду, які мы сумненна – напапалам – гатавалі з яе сястрой. Пасля абеду ў мяне быў час трошкі пагуляць па горадзе з Эстэль: яна любіла прагулкі. У гэты час мы мала размаўлялі – зусім як людзі, якія даўно ведаюць адно аднаго, якім не трэба выконваць этыкет… А вечарамі мы ўладкоўваліся ля тэлевізара, разам глядзелі які-небудзь фільм, абмяркоўвалі яго, часта смяяліся.

Я палюбіў гэтую кватэру, можна сказаць, прыжыўся ў ёй. І восень праляцела, як птушка, кружляючы жоўтай, нібы крылы, лістотай. Можна сказаць, жарптушка.

Але вось гэты дзень прыйшоў. Яе сястра і маленькі з’ехалі ў паліклініку. Мы засталіся адны. Я здзівіўся, чаму яна сёння рана прачнулася.

– Прывітанне, добрай раніцы! – засмяяўшыся сказаў я.

Але яна не ўсміхнулася ў адказ. Яна падыйшла да мяне і паглядзела ў вочы. Я заўсёды баяўся такіх вось яе поглядаў: гэта значыла, што нешта было не па ёй. Або ў яе пачалася дэпрэсія.

– Падумала, што настаў час табе сказаць.

– Што?

– Нам трэба развітацца, – сказала яна, сур’ёзна гледзячы мне ў вочы. – Дзякуй табе за ўсё. Але ад’язджай.

– Чаму? Што здарылася?

– Ведаеш, гэта нельга растлумачыць. Потым ты зразумееш, што я ведаю, аб чым гавару. Часам ты, бывае, маеш рацыю, а зараз я. Я не такая разумная, як ты, у мяне няма адмысловых талентаў, але я ведаю: мы не можам быць разам.

Я не стаў пытацца, чаму. Але раптам адчуў сябе такім нікчэмным… Нібы бярозавы лісток, што патануў у шумным лістападзе гэтай восені. Восені ў Вільнюсе.

– Буду цябе помніць, – толькі і змог сказаць я. – Ну, бывай.

Яна абняла мяне – вельмі далікатна, неяк вельмі мякка і асцярожна – і пацалавала. Каб не заплакаць, я адвярнуўся і пайшоў праз парк да ракі.

Потым, праз колькі крокаў, я азірнуўся.

Яна ўсё яшчэ стаяла, і ў яе вачах я заўважыў здзіўленне. Так, здзіўленне. Чаму? Столькі салодкіх і горкіх пытанняў я пакінуў у ёй, што на іх няма сіл адказваць. Можа, таму, што яна ўсё-ткі кахала мяне – толькі другім каханнем. Банальнае параўнанне: у сумкі ёсць другое дно, але ім карыстаюцца рэдка. Так і другое каханне: яно ёсць, але не абуджаецца ў сэрцы, таму што не сыходзіць, не саступае першае…

І таму я купіў шарык на шчасце і з’ехаў.

Два гады прайшло, а я ўсё не мог забыць яе. І не вытрымаў – ізноў прыехаў у Вільнюс, калі надышла восень.

Мне споўнілася трыццаць гадоў, але ўнутры я пачуваў сябе чамусьці значна старэйшым. Я стаў больш стрыманы, прывык больш разважаць. Я не стаў ёй тэлефанаваць: яна магла раззлавацца. І я заняўся тым, што сустракаў і праводзіў святло ў вокнах яе кватэры, часам ішоў за ёй па вуліцы, чуў, як яна напявае, бачыў, як запальвае цыгарэту або танчыць на пару з жоўтым лістком у старым парку. Я бачыў яе, і ўва мне гучала нябачная музыка: яна і восень, восень і яна…

Але вось аднойчы музыка калі не скончылася, то замерла на некаторы час: я ўбачыў яе з ім, гэтым хлопцам, зараз яшчэ больш худым, але не менш бесцырымонным. Яны пасварыліся. Ён замахнуўся яе ўдарыць. Кроў закіпела ў маіх жылах. Не ведаю, што здарылася, калі б ён яе ўдарыў. Але ён яе не ўдарыў: яна схапіла яго за руку, а ён раптам прыціснуў яе да сябе, і яны пацалаваліся. З хвіліну яны так і стаялі ў абдымках адно аднаго.

Мабыць, гэта былі самыя пакутлівыя імгненні ў маім жыцці.

…Ёсць каханне, якое аднаўляе жыццё. А ёсць каханне, якое спыняе яго назаўжды. Спыняе назаўжды твой час. Яно нікога не шкадуе і не дае ўрокаў. І ўсё ж чамусьці мы больш за ўсё баімся, што яно знікне…

Здаецца, я падумаў пра гэта, разгублены, стоячы ля паліц нейкай кнігарні, куды пайшоў услед за Эстэль.

…Яна любіла блукаць каля паліц з кнігамі, але заўсёды купляла толькі вясёлыя паштоўкі. Тлумачыла так: дома кнігі навяваюць сум, а вось паштоўкі – наадварот. Ад іх сцены становяцца пярэстымі і вясёлымі. Так яна лічыла.

– Што ты тут робіш?

Я задумаўся і не заўважыў, як яна падышла. Я паглядзеў на яе: яна ані не змянілася. Усё такая ж маленькая светлавалосая птушачка, якая паранейшаму любіць пярэстыя ўборы…

– Дык навошта ты прыехаў? – яна працягвала свой сур’ёзны допыт.

– Я тут праездам і ненадоўга, – сказаў я.

Па сутнасці, гэта была праўда. Аднак калі раней я горача імкнуўся, каб яна мне паверыла, то зараз мне было ўсё роўна. Яна можа абурацца, вінаваціць мяне, можа смяяцца, пасварыцца са мной – усё роўна яна паранейшаму застанецца ў мяне ўнутры, таму што яна ўжо даўно настолькі ўжылася ў мяне, нібы гэта мая кроў. Можа, нават добра, што яна падышла: я змагу яшчэ імгненне паглядзець на яе рысы.

– Я ж цябе прасіла… – яна ўздыхнула. – Я ж сказала табе дзякуй за ўвагу і клопат, але я не збіраюся сябе прымушаць: спадзяюся, ты зразумееш.

Яна незадаволена павярнулася і пайшла да выхаду.

– Эй! – крыкнуў я наўздагон.

– Чаго яшчэ?

– А «бывай». Ты не сказала «бывай»!

– Дурань… – і яна ляснула дзвярыма.

Услед за ёй выйшаў і гэты хлопец, корпаючыся ў кішэні сваёй выцвілай курткі. Ён упусціў нейкія паперкі, а з імі – фота, але не заўважыў.

Яны пайшлі далей па вуліцы – да прыпынку белачырвоных тралейбусаў. Яна ўсміхалася яму. І я зразумеў: яна ўсё яшчэ кахае яго.

Яго, няшчаснага…

Што гэта? Комплекс пакут? Адкупленне віны? Нянавісць да спакою і шчасця? Пошукі прыгод? Выпрабаванне лёсу?

Або проста: заўсёды незразумелае, заўсёды невытлумачальнае, заўсёды няўмольнае, што прыходзіць да ўсіх, як гэтая восень, каханне…

Але ці было маё каханне да яе такім жа, як яе каханне да яго? І тут я ўразіўся супадзенню.

Навошта мы жадаем таго, што нам недадзена ніколі?

НІКОЛІ – гэтае слова можна напісаць вялікімі ці малымі літарамі, усё адно яно будзе самым страшным словам на зямлі. НІКОЛІ…

Але я ўжо прыехаў у гэтую восень, у гэты горад, у гэтую восень у гэтым горадзе. Прыехаў, і не было маіх сіл з’ехаць адгэтуль. Прыехаў паглядзець на яе. Я цешыўся такой драбніцай, пакуль яна мяне не заўважыла яшчэ раз: відаць, я занадта дрэнны канспіратар.

– Ізноў?

– Так.

– Ізноў у камандзіроўку – праездам і ненадоўга, прыкладна на месяцы два? – спытала яна з іроніяй.

– Падобна на тое, – я падыграў ёй, толькі вось пры гэтым і ў мяне, і ў яе вочы былі занадта самотныя для жартаў.

– Ну што ж, працуй…

Я кіўнуў у адказ, не зводзячы з яе вачэй: яна стаяла так блізка ад мяне, што я адчуваў дзівосны пах яе парфумы, мяккую, з лёгкай пульсуючай венкай, скуру яе тонкай шыі, бачыў яе рукі, што сціскалі мініяцюрную сумку, куртку, накінутую на простую майку, – усё яе стройнае, поўнае жыцця цела; усю яе – такую блізкую і такую недасягальную дзеля мяне…

Толькі вось сёння яна здавалася зусім невясёлай, нават крыху разгубленай. Мне не хацелася яе пакідаць адну са змрочнымі думкамі.

– Можна я цябе трохі праводжу? – пасля некаторага маўчання папытаў я.

– Толькі недалёка.

– Добра.

І мы пайшлі па вуліцы, якая выходзіла на праспект.

– Хачу зайсці ў краму. Проста паглядзець.

– Ну чаму ж, – запярэчыў я. – Выбяры сабе, што больш спадабаецца.

– У мяне няма грошай.

– Я куплю.

Але яна адмоўна паківала галавой.

– Не.

Мы яшчэ трохі моўчкі пабадзяліся з ёй: па старым восеньскім парку, ля ракі Нерыс, зусім зарослай рудай, пажоўклай травой, наведалі маленькую стыльную кавярню на праспекце, і прыйшоў час развітвацца.

– Пакуль, – сказала яна. – І едзь ты дадому. Не зводзь сябе.

– Добра. Але адкажы мне на адно пытанне: чаму ты не кахаеш мяне, чаму гоніш прэч?

Яна ўздыхнула.

– Проста я дзіўлюся, калі мы бываем страшна падобныя або раптам жудасна розныя. Ідзі сваёй дарогай, у кожнага яна свая.

– І ўсё ж бываюць перакрыжаванні.

– Больш іх не павінна быць. Я доўга думала, вельмі доўга. І так вырашыла. Было б несумленна змяняць гэтае рашэнне, калі я табе ўжо даўно сказала праўду.

…За што я пакахаў яе?

Яна трохі жорсткая, але сумленная: яна ніколі не стане хлусіць; яна баіцца, але не стане ратавацца за кошт іншых; яна будзе пакутаваць, але не стане шукаць простага і спакойнага; яна не дазволіць купляць ёй дарагія падарункі, таму што не збіраецца хлусіць, плаціць сваім сумленнем. Больш за ўсё яна хоча быць сумленная з сабой і іншымі. І яшчэ ў ёй жыве боль: яна адчувае ўсё занадта востра. Боль – ад далёкага і нешчаслівага дзяцінства. Ці таму, што яна сапраўды намагалася зразумець гэты свет?.. Альбо проста ўбачыць яго нарэшце добрым, але гэта ў яе ніяк не атрымлівалася.

Яна не падобная да ўсіх, яна дзіўная, другой такой няма ў гэтым вялікім і вар’яцкім свеце…

Ці варта гаварыць, колькі разоў я яшчэ ездзіў увосень у Вільнюс… Ці варта гаварыць, што я адчуваю, калі надыходзіць восень…

Далёкі горад вабіць мяне, таму што яе вобраз нячутна і нябачна – над ім: яго пагоркамі, купаламі цэркваў, чырвонымі дахамі дамоў… Дзесьці там, у танцы лёгкіх рознакаляровых аблокаў; там, дзе нараджаюцца дажджы і лістапады, – у самым сэрцы восеньскага неба…

Хачу сказаць, што я не стаў вядомым чалавекам. Нешта не склалася, чагосьці не хапіла… Проста стаў даволі багатым. Я мог бы ашчасціць шматлікіх, але… Калі я восьвось памкнуся змяніць сваё жыццё, разагрэты песнямі вясны і гарачай радасцю лета, толькітолькі памкнуся – і прыходзіць яна, восень… І вяртаецца яно, маё каханне… Я думаю пра яе – і вось што ў мяне атрымліваецца:…Каханне не цырымоніцца. Забірае свае рэчы з камеры захоўвання сэрца – і сыходзіць.

Куды ж ты сыходзіш?

Пакінь мне хоць нешта на памяць аб сабе – маё каханне. Стаўлю пункціры – нібы працягваю рукі. Але мне ўжо не дацягнуцца да цябе. Ты развярнулася і сышла. І зараз ідзеш, глядзіш наперад. І, вядома, таму не бачыш, што я стаю і працягваю да цябе рукі. Таму што ты не з тых, хто азіраецца.

І я зноў іду, рухаюся без мэты.

…Я ўсё думаю, думаю пра яе. Я ведаю, што ў гэтых думках няма ніякага сэнсу, але гэта не спыняе мяне.

Я гляджу, і мне здаецца, што я бачу яе сілуэт праз акно моднай крамы. Я кідаюся за ёй, у арку. Але не, гэта не яна.

Ад гэтага мне хочацца ў халодную восеньскую раніцу, якая абвальваецца на цябе ледзяным душам, выносіць нервы і пачуцці, пакідае толькі халодны спакой.

А час ідзе…

Куды спяшаецца гэты час? Куды сыходзіць восень?

Вось ужо пайшлі дажджы. А так восень ціхаяціхая, і ад гэтага нешта павінна нарадзіцца добрае ў думках. Я чакаю… Можа, проста хачу, каб маё жыццё для яе што-небудзь значыла…»

Ну вось я і прачытала гэтую гісторыю. І ўсё зараз становіцца ясным. Ясным і ў чымсьці безнадзейна падобным на свет, які мы вынаходзім самі – рамантыкі гэтага жыцця…

І восень… Восень паранейшаму шыкоўная і светлая. Яна нічога не ведае пра нас – жоўта-чырвонае палатно, на якім мы малюем сваё каханне…

Чаму ж яна заўсёды вяртаецца, восень нашага кахання? Што ж гэта, як гэта растлумачыць?

Можа, проста сыходзіць час. Сыходзіць час мары, потым час кахання, і прыходзіць час успамінаў і спробаў усё пачаць зноў. Часам гэтыя сумныя спробы забіваюць у нас веру нашай наіўнай юнацкасці, і нам пачынае здавацца здалёк, што гэта быў проста сон, нейкі вельмі выдатны сон, падобны на прыгожыя старыя кінафільмы. Вальс, які мы бачылі, але так і не танчылі. Вальс з жоўтага лісця, вальс з першых лёгкіх рухаў, вальс з віхуры нейкіх невытлумачальна дакладных слоў…

Але вось гэтая восень, я прыехала ізноў – і вось жа гэтая восень… І вось вальс гэтай восені зноў гучыць у маім сэрцы… І я нават не ведаю, да чаго ён падобны – да шчасця ці болю, суму ці радасці. Толькі адчуваю, што ён вярнуўся. Значыць, усё гэта было. Было нешта дзівоснае і добрае і ў маёй душы. А значыць, можна і адпусціць гэты хуткі, вечна таропкі час. Больш ён не забярэ нічога і нікога з маёй стомленай памяці…

Я абавязкова скажу яму гэта, абавязкова… Бо гэта тая праўда, якая не зневажае суцяшэннем.

Зазвінеў тэлефон.

– Я слухаю.

– Такім чынам, як жа наша дамоўленасць?

– Прайсці па ўсіх месцах, дзе яна была?

– Менавіта так.

– Добра.

– Вы ўжо не злуецеся на мяне. Чаму?

Не, не варта казаць яму аб тым, што я прачытала гэты зялёны нататнік. Прачытала і зараз шкадую яго – майго працадаўцу. І яшчэ: мы з ім у чымсьці вельмі падобныя. Толькі наўрад ці варта прызнавацца ў гэтым.

– Чаму? Проста… проста восень такая светлая…

Ён маўчыць, але я адчуваю яго дыханне. Што ж ён скажа ў адказ гэтым разам? Мне ўжо цікава – таму што я ўсё ведаю і, быццам чытач рамана, чакаю працягу. Але ён маўчыць, змаўкае і тэлефон…

Што ж, час і мне адпраўляцца ў шлях за чужой гераіняй. І я іду – спачатку да вежы Гедымінаса. Паднімаюся па тых жа прыступках, гэтак жа затрымліваю дыханне. І вось ён – восеньскі Вільнюс. Лісце ляціць над горадам, і я запальваю цыгарэту, быццам я – гэта яна. Вецер зносіць лёгкі дым – нібы нязбытныя мары. Але яны не журботныя, не, хутчэй светлыя і чыстыя, як гэты лістапад…

Дагарае цыгарэта, і я адчуваю, што я – гэта яна. Зараз я гэта выразна адчуваю. Я імкнуся зразумець яе. Вядома, я ведаю, што чалавека да канца зразумець немагчыма, але я вельмі імкнуся.

Я іду па праспекце і, нечакана для самой сябе, збочваю на гэтую вузкую вулачку старога горада, дзе павінен быць прадавец шчасця. Яна ж таксама любіла прадаўца шчасця.

І тут я чую яго голас, і нешта радаснае ажывае ўва мне.

«…– Дзесяць літаў за паветраны шар шчасця! Дарослыя і дзеці, сумныя і смешныя, маленькія і высокія, рудыя, лысыя, разумныя, тоўстыя, смелыя, чорныя, белыя!.. Паветраны шар шчасця! Адправімся за шчасцем?..»

Я не іду – я бягу да яго, нібы, як у дзяцінстве, баюся, што ён нечакана знікне, таму што ён – амаль чараўнік: ён дорыць людзям шчасце.

– Добры дзень! – крычу я, зусім задыхаўшыся.

– А! Рады вас бачыць! – ён абарочваецца да мяне, і яго смешныя сівыя вусы падскокваюць ва ўсмешцы.

– Няўжо вы мяне памятаеце? – дзіўлюся я.

– Я шмат каго памятаю, вас таксама. Мне здаецца, я запамінаю тых людзей, якія таксама памятаюць мяне і вераць, што я недарма тут стаю. Яны носяць у сваёй душы цеплыню, каханне, а без гэтага шчасцю не бываць, колькі ні купляй маіх шароў. І шчасце да іх прыйдзе, абавязкова прыйдзе. А сёння і я нарэшце шчаслівы. У мяне ўжо сівыя вусы, але толькі зараз я шчаслівы! Я дачакаўся свайго шчасця.

– Што ж адбылося?

– У мяне нарадзілася ўнучка! Уяўляеце – унучка! Доўгі час у маёй дачкі не было дзяцей – і вось нарэшце: унучка! Мая ўнучка…

Слёзы шчасця з’явіліся ў яго на твары. Усмешка і слёзы на сівых старэчых вусах. Яму будзе для каго жыць. У яго нібы пасялілася ў душы маленькае сонца. І гэта выдатна.

– Ну, раз сам прадавец шчасця стаў шчаслівым чалавекам, тады сапраўды шчасце ёсць. Мабыць, я і зноў буду купляць у вас шары.

Я ўсміхнулася, а ён уручыў мне шары. Паглядзеўшы на іх, я ўбачыла, што яны аранжавыя, падыходзяць гэтай восені.

І я ўжо сама набрала нумар.

– Нешта здарылася? – спытаў ён.

– Не. Проста я купіла шары ў прадаўца шчасця.

Ён доўга маўчаў, пачуўшы гэтую навіну. Потым не вытрымаў, спытаў:

– Якія яны?

– Восеньскія.

Я пачула, што ён уздыхнуў. Або ўсміхнуўся. У любым выпадку, гэта былі ўспаміны. І я падумала: самыя шчаслівыя нашы з ім успаміны – гэта ўспаміны аб нашых сустрэчах з прадаўцом шчасця. Або – з нашай надзеяй, што, у прынцыпе, адно і тое ж.

– Куды вы цяпер накіроўваецеся?

– Буду блукаць па горадзе. Зайду ў крамы, дзе яна бывала, можа, хтосьці яе ўспомніць…

– Так, мабыць, зайдзіце ў крамы… – у яго голас ізноў вярнуўся сум, і ён выключыў тэлефон.

Зрэшты, такое наша жыццё – пярэстае покрыва, шытае рознымі ніткамі радасці і смутку…

За гэтыя некалькі дзён я прайшла тымі мясцінамі, дзе магла быць яна – гэтая дзіўная дзяўчына чужой восені. Ніхто нічога не чуў аб ёй, але адзін чалавек сказаў, што я да яе вельмі падобная. Вонкава. Мусіць, гэта быў жарт, але ўсё ж я прыгледзелася да сябе і параўнала з тым фотаздымкам. Гэта стала для мяне адкрыццём – сапраўды, мы падобныя ў шматлікіх рысах. Вось толькі ў сутнасці сваёй мы – розныя.

Потым я дастала фотаздымак і зноў, але ўжо больш уважліва, паглядзела на гэтую дзяўчыну. Яна ўсміхалася ў камеру, але ўсміхалася нібы не для сябе. І раптам я зразумела – яна ўсміхалася таму, хто фатаграфаваў яе. Але хто гэта быў? Той хлопец? Я зусім на яго забылася. Як жа гэта далікатна распытаць аб ім – здалёку, быццам я не чытала зялёнага нататніка?

Я набрала нумар, хоць было даволі позна.

– У мяне ёсць ідэя, як знайсці яе. Ідэя, якую я хачу праверыць. Мне здаецца, гэта дакладны ход.

– Што?

– Справа ў тым, што я цяпер уважліва вывучыла фатаграфію. Хачу спытаць: хто іх фатаграфаваў?

Я пачула, як ён уздыхнуў – цяжка і стомлена.

– Вы думаеце, я дурань? Я і сам гэта зразумеў. І таксама хацеў бы ведаць, хто быў гэтым чалавекам. Гэта тупік. Лепш прайдзіцеся яе мясцінамі – раптам хтосьці чуў пра яе.

– Але я пабывала амаль усюды.

– Амаль? – у яго голасе чулася ці то канчатковая стомленасць, ці то раздражненне, выкліканае маім пытаннем. Або нешта яшчэ, невядомае мне, мучыла яго.

– Так, я безвынікова пабывала амаль усюды, акрамя таго начнога рэстаранчыка…

Ён не даў мне дагаварыць, перабіў крыху нават рэзка:

– Тады адпраўляйцеся. Якраз патрэбны час: поўнач. Яны толькі пачынаюць працу. У вас усё?

– Так.

– Ну тады едзьце.

– Добра. Але толькі яшчэ адно, апошняе пытанне: вы сапраўды паранейшаму хочаце знайсці яе?

– Вядома.

– Вы ўпэўнены?

– Так.

– А калі…– дзікая думка раптам прыйшла мне ў галаву.

– Калі што? – і раптам яго голас загучаў трывожна, нібы ён ужо здагадаўся, пра што я хацела яго спытаць.

– Калі… Калі яна мёртвая? Вы захочаце даведацца пра гэта?

– Яна не можа быць мёртвая!.. Не можа, вы зразумелі?! – ён амаль крычаў у трубку.

– Адкуль жа вы гэта ведаеце? Усякае можа быць…

– Яна жывая. Працягвайце пошукі! – і ён выключыў тэлефон.

Гэтая гутарка пакінула дзіўны асадак у маёй душы. Мне здавалася, што я зразумела ўсе тайны, але цяпер у мяне ўзнікла адчуванне, што самае галоўнае мною не толькі не разгадана, але я нават не ведаю, у чым яно можа заключацца. Нейкая надзвычай, глыбокая загадка, быццам падвойнае дно ўсёй гэтай гісторыі.

Але цяпер мне ўжо няма калі разважаць: я павінна выконваць умовы – збірацца ў гэты начны рэстаранчык, хоць у мяне было непераадольнае перакананне, што і там я яе не знайду…

Але я ўсё ж адправілася ў гэты рэстаранчык, дакладней, начны клуб. Дэманстратыўна захапіла аранжавыя шары, набытыя напярэдадні ў прадаўца шчасця, і адправілася адбываць час у гэтай мала цікавай мне ўстанове.

Як я і меркавала, дзяўчыну на фота пазналі пастаянныя наведвальнікі, але сказалі, што даўно яе не бачылі і не ведаюць, дзе яна можа быць.

Я села за стойку, заказала напой. Грукатала музыка, у танцы выгіналіся бясконца зменлівыя пары, і праз гадзінупаўтары я чамусьці адчула, што рытмы і шум цалкам супакоілі мае нервы. Яны страцілі адчувальнасць, усё ўнутры было расслабленым і млявым. Музыка ўжывалася ў свядомасць, мітуслівыя рознакаляровыя агні больш не білі ў вочы. Свет здаваўся такім спакойным і вясёлым, таму што тут усе адпачывалі ад напружанага жыцця…

Можа, менавіта гэтага яна шукала тут, праседжваючы рэшту ночы пасля танцаў?..

Але, каб спытаць аб гэтым, трэба знайсці яе. Або таго хлопца, пра якога я даведалася з зялёнага нататніка. Няўжо мой працадаўца ніколі так і не пагаварыў з ім? Або ён нешта не дагаворвае? Нешта, звязанае з гэтым хлопцам. Але каб даведацца пра гэта, прыйдзецца прызнацца, што я прачыталатакі гэты зялёны нататнік. Не вельмі прыемнае рашэнне, але ўсё ж я – дэтэктыў. І мне плацяць грошы зусім не за ўрокі па этыкеце.

З гэтай думкай у шэсць гадзін я пакінула начны клуб, сумленна дасядзеўшы да яго закрыцця.

Над Вільнюсам праразалася звычайная халаднаватая восеньская раніца. У апошніх астываючых агнях раставаў бялявы туман, асоўваючыся на шэрыя камяні старых будынкаў. Мая млявасць паступова знікала, саступаючы жаданню проста спаць – спаць доўгім восеньскім сном. Мне будзе сніцца лістапад над Вільнюсам, аранжавыя шары шчасця і гэтая дзіўная дзяўчына, якая дзесьці ёсць у гэтай вільнюскай восені. Я заўважыла яе – яна бяжыць, не, хутчэй ляціць над яшчэ сонным горадам, і ў смузе праступаюць яе лёгкія сляды. Яна абарочваецца, я гляджу на яе твар. Яна хітае галавой, нібы забараняе мне ісці за ёю. І прыціскае палец да вуснаў, быццам гэтым знакам просіць мяне: маўчы, нікому нічога не гавары, табе трэба спаць, спаць…

Я працягваю да яе рукі, і раптам упіраюся ў спінку сядзення: я ў таксі, я задрамала і ўбачыла яе. Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма: я так шмат думаю пра яе…

Але ні сон, ні мроі, ні мае разважанні над яе характарам – нішто не дапамагло мне здагадацца, дзе ж яе шукаць.

Такім чынам, прыйдзецца тэлефанаваць і прызнацца ў тым, што я чытала нататнік. Можа, ён раззлуецца і загадае мне з’язджаць: каму падабаецца залішняя цікаўнасць у такіх справах. Але я – дэтэктыў. Я зрабіла ўсё, што магла. І нават гэты, не вельмі прывабны, учынак.

Што ж, варта прызнаць, што я яшчэ і са шкадаваннем развітваюся з гэтым нататнікам, бо ён у некаторай ступені дапамог мне зразумець і сябе і тое, што здарылася са мной адной вільнюскай восенню… І я, не вытрымаўшы, вырашыла перачытаць самае светлае – пачатак гэтай гісторыі.

І тут… Тут я раптам зразумела, дзе я не пабывала. У найважнейшым месцы – тым рэстаранчыку ў літоўскім квартале, дзе ён упершыню сустрэў яе.

І я з нататнікам у руцэ пабегла лавіць таксі. Таксіст павінен падказаць мне, яны ведаюць усе гэтыя ўстановы.

Я аказалася на правільным шляху, і неўзабаве ўжо заходзіла ў адзін стары рэстаран.

– Раней тут была выдатная ўстанова, а потым пабудавалі побач шыкоўны начны клуб з казіно і дыскатэкай, так і састрарэў гэты рэстаранчык, – растлумачыў мне таксіст. – Зараз сюды мала хто заходзіць, толькі заўсёднікі. А ў гэты час і наогул, мусіць, пуста.

Але таксіст не адгадаў: у зале было некалькі наведвальнікаў. Я падышла да старога бармена: ужо калі ён не памятае, то не памятае ніхто, – і паказала фотаздымак. Ён надзеў акуляры, зірнуў на фота, а потым паказаў рукой у глыб залы:

– Дык вось жа яна.

– Дзе?

Я не заўважыла нікога падобнага.

– Вось, за столікам каля акна.

Я яшчэ раз азірнулася і ўбачыла невысокую худзенькую жанчыну.

Я з цяжкасцю яе пазнала. Яна страшна змянілася, я нават не паверыла, што гэта яна: худая, пастарэлая, з выцвілымі вачамі, якія, не міргаючы, глядзяць у акно.

– Добры дзень, – я назвала сябе і яго імя. Яна запаволена ўгледзелася ў мяне.

– Вы яго помніце? – я ізноў назвала імя майго працадаўцы. Яна кіўнула.

– Ён прасіў з вамі сустрэцца.

– Няўжо? – Погляд яе быў паранейшаму абыякавым.

– Давайце прысядзем і пагаворым. Прабачце, але чаму вы ўсё стаіце ля акна?

– Я назіраю, як заканчваецца мой дзень нараджэння. Сыходзяць хвіліны, ужо хвіліны. Усё. Пачаўся новы дзень, а мой дзень нараджэння скончыўся.

Усё ж яна прысела за столік – бруднаваты і стары, як усё ў гэтым бары, які дажывае свой век. Дастала «траву». Убачыўшы мой здзіўлены твар, яшчэ раз з раздражненнем патлумачыла:

– Паўтараю: у мяне дзень нараджэння, так што няма чаго на мяне глядзець. Я з дзяцінства ў свой дзень нараджэння раблю тое, што хачу. Кажуць, што наркаманы – дурні, паляць усякую дрэнь. Не, яны не дурні. Яны робяць сабе самыя дарагія падарункі: набліжаюць да сябе людзей, якіх з табой няма, але ты да болю жадаеш, каб яны былі побач. Асабліва ў твой дзень нараджэння. Людзі робяцца выразней, набліжаюцца да цябе, ты можаш іх абняць, нават калі іх няма ў жывых. Ты можаш смяяцца з імі, бегаць навыперадкі па летніх сцежках, плыць у марскіх хвалях, цалаваць, спрачацца, марыць… Яго няма, але праз хвіліну ён будзе са мной.

Яна набівае ў лёгкую папяросную паперу здробненую траву, змешваючы з тытунем. Пальцы яе дрыжаць. Яна зацягваецца глыбокаглыбока, злёгку затрымлівае дыханне, каб усё патрапіла ў лёгкія, а потым – у кроў…

– А потым?.. Яна смяецца.

– Потым усё губляецца. Нельга дарыць сабе падарункі бясконца. Потым трэба ўсё больш паліць, каб дасягнуць шчасця. Ну а яшчэ потым – паліць для таго, каб хаця б хадзіць, расплюшчваць вочы, рухаць рукамі… За ўсё трэба плаціць. Вы асуджаеце мяне?

– Ніхто не мае права нікога асуджаць.

– А што ж вы адчуваеце? – з цікавасцю пытае яна.

– Мабыць… Як гэта ні дзіўна, я рада, што знайшла вас. Я адчуваю палёгку, што мне не прыйшлося шукаць мёртвага чалавека.

Яна раптам стала сур’ёзнай.

– Так мне ніхто не гаварыў. Мне, відаць, занадта шмат гаварылі вельмі добрых або вельмі дрэнных слоў. І я з абыякавасцю ставілася да любові і нянавісці іншых.

Я працягнула ёй нататнік.

– Ён прасіў перадаць. Гэта ўсё пра вас.

– Нататнік? Не. Мабыць, мне не варта браць яго, – яна з сумненнем пахітала галавой.

– Чаму? – здзівілася я. – Гэта ж ўсё пра яго каханне да вас. Вам нецікава?

– Не. Занадта шмат слоў. А словы прымушаюць задумацца аб жыцці. А я гэтага не люблю.

Нешта жорсткае раптам адлюстравалася ў яе вачах, але потым яны зноў пацяплелі, і яна зноў загаварыла:

– Але вы не засмучайцеся: ён зразумее. Ён ведае, што я наогул дзіўная. Не разумею толькі, навошта ён перадаў для мяне нататнік. Няўжо гэта можна ўявіць: я задуменна чытаю пра час, якога даўно няма.

Яна хрыпла засмяялася, а потым закашлялася. Бармен прынёс кактэйлі.

Яна пачала сутаргава піць. Потым ёй стала лепш, яна зірнула на мяне, і тут раптам яе твар на імгненне асвяціла тая самая азартная, яркая, скіраваная ў мару і палёт усмешка – як тады, на фота. Асвяціла – і згасла.

– Ідзіце, мне трэба пабыць адной. У кожнага свае ўспаміны, – глуха сказала яна і адвярнулася да акна, за якім аблятала вільнюская восень.

Аблятала восень, як наша маладосць і каханне. І таму лепш ніколі не вяртацца да ранейшага.

Я выйшла з рэстарана. У маіх руках быў усё той жа стары зялёны нататнік. Я паглядзела на яго і, нібы рэха, зноў пачула гэтыя словы, сказаныя яе хрыплаватым, кплівым голасам:

«Дзіўлюся, навошта ён перадаў для мяне нататнік. Няўжо гэта можна ўявіць: я задуменна чытаю пра час, якога даўно няма…» Сапраўды, як жа я не падумала пра гэта раней? Пра тое, што ўсё гэта выглядала даволі надумана і дзіўна – перадаць гэты нататнік. Нататнік пра тое… Яна гэта вельмі правільна сказала – пра час, якога няма. Але мой працадаўца – не той чалавек, які не адчуў бы фальшы. Тады навошта ён усё гэта прыдумаў? Або… Тут новая, не меней шакіруючая здагадка нарадзілася ў маёй свядомасці. Або гэты нататнік быў прызначаны не для яе?..

Тады для каго?..

У разгубленасці я пайшла ў незнаёмы стары завулак. Тут, мабыць, даўно не працавалі дворнікі: лісце вольным дываном рассыпалася пад нагамі, і нават не відаць было прыступак, што вялі на вялікую вуліцу, дзе шумелі машыны і не было цішыні – выратавальнай восеньскай цішыні, у якой так добра нашым успамінам. І няма дзіўных думак, няма дзіўных супадзенняў, ад якіх не схавацца… А так хацелася б сысці, забыцца пра ўсё і думаць, як стары прадавец шчасця, што ўсе мы знойдзем сваё каханне і радасць…

Я спынілася – проста паслухаць цішыню, шоргат восеньскага лісця, што гуляла ў свае гульні з ветрам. Але… Хутчэй інтуітыўна я ўлавіла крокі. Хтосьці ідзе следам за мной. Я адчула яго прысутнасць. І нечакана рэзка абярнулася. Якое было маё здзіўленне, калі я ўбачыла… яго.

– Гэта вы, мой працадаўца?

– Я.

– Вы ў Вільнюсе? Навошта?

Ён усміхнуўся, але я заўважыла, як ён пастарэў і зніякавеў за той час, што мінуў з нашай першай сустрэчы.

Пашукаўшы ў кішэнях, ён знайшоў цыгарэты і запаліў.

Я разумела, што яму нялёгка, але ўсё ж чакала тлумачэнняў. І ён гэта разумеў.

– Няўжо вы думаеце, што я наняў бы вас, калі мне сапраўды трэба было б знайсці яе? Я наняў бы кучу дэтэктываў, я перавярнуў бы ўсё. Прычына ў іншым: я ўбачыў вас, вы вельмі падобная да яе вонкава. І я хацеў, каб вы прайшлі яе мясцінамі ў гэтым горадзе, быццам яна – гэта вы. І яшчэ: мне здалося, што вы таксама кагосьці страцілі ў гэтым горадзе. Гэта зблізіла мяне з вамі. Я навёў даведкі: вы жылі раней у Вільнюсе. Увосень 19..– і ён сапраўды назваў год, звязаны з маім Вільнюсам.

– Я знайшла яе ў клубе, – наважылася я сказаць яму праўду.

– Я ведаю. Я ішоў за вамі ўвесь гэты час. Вы – нядрэнны дэтэктыў. Але гэта не галоўнае. Вы знайшлі яе, але гэта не яна. Дакладней, яна, але не тая, якую я так доўга захоўваў у памяці. Вы падобныя вонкава.

Я сачыў, куды яна кацілася. Я сам вырак сябе на пакуты. Як я хацеў вярнуцца ў той час, калі мы былі маладыя, і ўсё толькі пачыналася. І тады я прыдумаў усё гэта. Таму я вас і наняў – прайсці замест яе і яе маладосці гэтымі вуліцамі… Раней я не да канца разумеў, навошта вырашыў гэта зрабіць. Зараз ведаю: гэта было маё развітанне з ёй. Больш мы не ўбачымся. Буду ёй дапамагаць, але бачыцца мы не павінны, інакш больш я вытрымаю.

Ён змоўк і паглядзеў кудысьці ўдалячынь, быццам на хвіліну зазірнуў у мінулае. Я не прыспешвала яго.

– Так, яшчэ… Вы прачыталі гэты зялёны нататнік?

– Прачытала. Зрэшты, вы і не думалі, што яна яго возьме.

– Менавіта так. Можа, я і хацеў, каб яго прачыталі вы. Каб хтосьці мяне зразумеў – вечнае жаданне чалавека не застацца самнасам з сабой, знайсці калі не ўважлівага слухача, то хоць бы ўважлівага чытача. А вы не жадаеце даведацца працяг гэтай гісторыі?

– Чаму ж? Нават вельмі.

– Тады прысядзем. Туды, на гэтую цалкам замеценую восенню лаўку. Так бы мовіць, будзем цалкам ва ўладаранні гэтай вільнюскай восені,– ён злёгку ўсміхнуўся. – Такім чынам, усё не скончылася, як вы ўжо здагадаліся. У гэтай гісторыі, як у шматлікіх гісторыях кахання, ёсць працяг па адной простай прычыне: мы не жадаем, каб усё скончылася, і тады гісторыя становіцца даўжынёю ў жыццё…

Ці варта гаварыць пра тое, што кожную восень я прыязджаў у Вільнюс. Ці варта гаварыць, якія пачуцці прачынаюцца ўва мне, калі прыходзіць восень. Зрэшты, мы не бачыліся пяць гадоў, а потым патэлефанавала яе сястра: Эстэль патрапіла ў бальніцу. Я прыехаў і пачаў ім дапамагаць, інакш не ведаю, за што яны жылі б наогул. Маленькі падрос за гэты час, але я яго паранейшаму так заву і вельмі люблю. Ведаеце, ён неяк спытаў: «Чаму дарослыя ходзяць хутчэй, чым дзеці?» Бяскрыўднае пытанне, але я нечакана падумаў: таму што дарослыя робяць нашмат большыя крокі. І ганарацца гэтым. А калі б мы рабілі ў жыцці нашмат меншыя крокі, мы ішлі б павольней, і маладосць заставалася б з намі даўжэй. Але мы занадта позна разумеем гэта, ды і, уласна кажучы, змяніць нічога нельга…. Вось і Эстэль… Ужо і дзесяць гадоў мінула, як яна не падобная да той Эстэль, якую я ведаў. Я думаю аб гэтым часе, і мне здаецца, што мы пражылі апошнія гады з гэтых дзесяці, як я калісьці хацеў: разам, як муж і жонка, – у горы і радасці, ведаючы ўсё адно аб адным, у падтрымцы і суцяшэнні. Пражылі, нават не падазраючы аб гэтым. Яна ўжо не праганяла мяне, але было адчуванне, што яна мяне нібы не бачыць, не заўважае. Гэта павольна забівала. А можа, яна трохі пагарджала мной за тое, што я мог сысці ад яе. Зрэшты, я сам ва ўсім вінаваты. Я сам вінаваты ў тым, што прызвычаіў сябе да неіснуючага кахання… Кахання, якога не магло быць. І гэтым разбіў сваё жыццё ды яшчэ прымусіў сябе назіраць, як згасае тая, якую я кахаў. І вось зараз, гэтай восенню, я вырашыў развітацца. Але ў гэтым развітанні я хацеў запомніць яе іншай – маладой, ранейшай. Вы падобныя вонкава. І таму я папрасіў вас прайсці мясцінамі нашай маладосці і майго кахання. Вы злуецеся на мяне?

Але я не стала злавацца на яго. Я паглядзела ў яго вочы – вочы чалавека, які глыбока сышоў у мінулае. Паглядзела і падумала: «Каханыя нашы дзесьці ходзяць па гэтым восеньскім вільнюскім лісці. І мы ходзім зараз, атрымліваецца, таксама. Нібы па нябачнай сцежцы адно да аднаго. І ад гэтага цяплей. І чамусьці вельмі хочацца радавацца». І я сказала:

– Пяць хвілін таму я на вас нават раззлавалася: вы прымусілі мяне шукаць чалавека, які не знікаў. Пагадзіцеся, гэта ненармальная сітуацыя. А цяпер… Не, мабыць, я на вас не крыўджуся. Мне нават прыйшла ў галаву дзіўная думка, калі я чытала гэты зялёны нататнік, думала пра Эстэль, хадзіла яе любімымі вуліцамі: справа ў тым, што мы ведалі шматлікіх людзей у гэтым горадзе, блукалі тымі ж мясцінамі, дыхалі і любаваліся той жа восенню, і нашы лёсы нібы спляліся разам… Дарэчы, прадавец шчасця стаў нарэшце шчаслівы і сам: у яго нарадзілася ўнучка.

– Што ж, мабыць, гэта самая лепшая навіна за ўсю гэтую пакутлівую і ўсё ж пранізліварадасную восень у Вільнюсе. Прапаную адзначыць гэтую падзею.

Мы злавілі таксі.

– Куды вас адвезці? – спытаў таксіст.

Праўду кажучы, мы і самі не ведалі. Ведалі толькі адно: гэта павінна быць зусім новае месца.

– Скажыце, можа, сёлета дзесьці адкрыўся новы рэстаран?

Неўзабаве мы ўваходзілі ў невядомы нам рэстаранчык. Усё тут было ўльтрамодным, прэзентабельным і – што самае галоўнае – зусім незнаёмым.

Мой працадаўца па маёй просьбе заказаў стравы на свой густ. Мы моўчкі елі, але я заўважыла, што ён хацеў пагаварыць. Але… Раз мы з’ехалі ад успамінаў, значыць, мы не павінны гаварыць пра мінулае. Гэта нібы новая гульня, і, здаецца, я знайшла ў ёй рашэнне.

– Ведаеце, – сказала я, – давайце гаварыць пра цяперашняе ці будучыню. Мы пра гэта так і не пагаварылі. Што ж вы маўчыце?

– Проста ў мяне цяпер такі стан, які цяжка растлумачыць у некалькіх словах. Зрэшты… Вы калі-небудзь блукалі па маленькім мястэчку ў першых проблісках світанку? Нікога няма, пуста, ціха, сонна… Вось так і ў мяне зараз на душы.

– З’язджайце з гэтага горада.

– Куды?

– У горад, дзе няма восені.

– А вы можаце назваць горад, у якім ёсць толькі вясна?

– Ну, дзе-небудзь далёка на поўдні. У Афрыцы, напрыклад.

– У Афрыцы… Не, з Афрыкай у нас нічога няма агульнага. Я вырас у паўночных мясцінах. Я рос і жыў у гарадах, дзе заўсёды былі восень і зіма, дзе ў доўгае змярканне і халады прывыкалі чакаць вясну. І я буду яе чакаць, як у дзяцінстве і юнацтве. Зрэшты, не ведаю. Можа быць, стану калі-небудзь іншым і з’еду. У вашу хваленую Афрыку, – ён памарудзіў, нібы сузіраў будучыню. – Зрэшты, вось ваш ганарар. І дзякуй. Не крыўдуйце на мяне.. – а потым, усміхнуўшыся, дадаў: – Да сустрэчы вечнай вясной у Тунісе.

І ён сышоў. Я не стала яго затрымліваць.

Над горадам прайшоў дождж. Было цёпла і пахнула свежасцю – ад чыстага неба і абмытай зямлі – як вясной, калі мы зноў будзем маладыя і прыгожыя і поўныя сіл і надзей…

Тут я ўступіла ў лужыну і да чаравіка прыліп маленькі жоўты лісток, які нагадаў, што восень яшчэ не скончылася. Восень у Вільнюсе.

А я… Калі я думаю пра каханне, я прыязджаю восенню ў Вільнюс. Не ведаю, сустрэнемся мы калі-небудзь ці не, але восень у Вільнюсе застанецца з намі назаўжды. Восень над усімі яго пагоркамі, віядукамі, старымі вежамі. Халаднаватая на світанні, сонечная і нават гарачая днём, астываючая і спакойная ўвечар, у перадначных агнях.

Таксі нясе мяне па гэтым старым горадзе, так і не зразумелым мной – горадзе, у якім засталася частка і майго жыцця.

Калі я ад’язджала з Вільнюса, пайшоў першы снег…