epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Восеньскія прывіды

«Мінулага няма. Ёсць час, ёсць бясконцае сёння, жыццё, што ніколі не заканчваецца і не скончыцца. Усё пераблытана і скрыжавана, і невядомы лёс творыць сваё... І я не памру, я застануся ў другім абліччы: здані, прывіда, звера, чалавека. Я гатовы і не палохаюся гэтага...

Я нарадзіўся ў краі старажытных замкаў, дзе лятаюць кажаны халоднымі восеньскімі начамі, а на старых хутарах пераказваюць легенды пра замкавыя і кляшторныя прывіды, у краі, дзе дух моцны, дзе нараджаліся і жылі вялікія князі і князёўны... А ты пытаеш, навошта я тут...» Святло з лямпы біла ў вочы, і чалавек, які сядзеў за сталом і чытаў, захінуў яго старым абажурам. Чалавек быў не маладога, але яшчэ не старога ўзросту, светлавалосы, з калісьці, мабыць, ярка-сінімі, а зараз бляклымі, нібы выцвілымі і вельмі стомленымі вачыма. Час ад часу ён прымружваў вочы, даючы адпачыць. Нарэшце, відаць, вырашыў зрабіць перапынак: падышоў да акна.

Была глыбокая ноч, цішыня, толькі зрэдку зрываліся з машын і вылі сігналкі. Чалавек азірнуўся, выключыў святло, пакінуўшы толькі настольніцу, прыкрыў нейкія запісы і схемы старой газетай, пасля, адхінуўшы фіранку, адчыніў фортку і закурыў.

...У гэтага чалавека было дзіўнае імя - Андрыян. Так калісьці яго назваў дзед, што гадаваў малога ў вёсцы, без бацькоў, якія разбіліся на машыне. Гэта было даўно, хлопчык Андрэй іх нават не помніў. Дзед любіў слухаць розныя старыя легенды, паданні, заадно перайначыў імя ўнука, і Андрэй стаў Андрыянам. Дзед пражыў нядоўга, пакінуў у спадчыну стары дом у вёсцы і такі ж стары зарослы сад.

Мабыць, ад дзеда і перайшло захапленне мінуўшчынай. Ва ўніверсітэце Андрыян апантана чытаў старажытныя кнігі, асабліва тыя, дзе расказвалася пра вежы, замкі, старыя палацы і скляпенні. Ён настолькі захапіўся, што перайшоў нібы ў іншы, нежыццёвы свет: яму пачало здавацца, нібы хтосьці яго пастаянна кліча з муроў. Андрыян не скончыў курс, пачуваўся слаба, паехаў да сябе на вёску, але і там не знайшоў спакою: хвароба яго пачала хутка абвастрацца ў векавой вясковай цішыні і бязлюддзі палёў і лясоў, па якіх ён блукаў днямі, перабіраючы нагамі на сцежках перасохлае шапаткое восеньскае лісце і слухаючы вечаровае куганне птушак ды плёскат вады ў рэдкіх раўчуках. Ён пачаў моцна кашляць, стаў нервовы, не мог спаць начамі ў пустой хаце, якая засталася яму ад дзеда. Скончылася ўсё тым, што аднойчы ён проста збег, не пабаяўся пайсці ноччу праз лес да станцыі. Ён і дагэтуль не мог адказаць, што яго палохала там, у вёсцы. Тым часам начны цягнік прывёз Андрыяна назад у горад, пачалося іншае жыццё, успаміны старанна сціраў з памяці час, рух. Але... Можа, ад таго, што неяк не вельмі ладна ішло жыццё, ці ён проста не ўмеў яго весці так, як усе, ці ад нечага іншага, незразумелага, неспакойнага, толькі нейкая трывога час ад часу ўзрушвала сэрца, - тое, ад чаго не спіцца восеньскімі начамі, у пару пераходу ад восені да зімы, чорнай пусткі зямлі і дрэў - у бель і холад...

...Настойліва зазваніў тэлефон. Гаспадар, добра арыентуючыся ў цемры, прайшоў у калідорчык, узяў слухаўку.

- Bonjurs.

Ён адказаў таксама па-французску. Размова цягнулася нядоўга, прычым Андрыян у асноўным слухаў, пасля коратка адказаў «c'est bien» (добра) і паклаў слухаўку. Пасля размовы прайшоў у пакой, запаліў святло і доўга глядзеў на карціну, што вісела над яго сталом. Дзіўная гісторыя адбылася з гэтай карцінай год назад.

Тады, увосень, ён ізноў ездзіў на вёску.

Штосьці там цягнула яго і палохала. У першы ж дзень, толькі закінуўшы ў хату дарожную сумку, пакрочыў у поле. Свістаў вецер, але Андрыян упарта ішоў наперад. Нельга сказаць, каб ён нешта прадчуваў. Аднак у свеце, відаць, існуюць пэўныя сілы, што кіруюць намі незалежна ад нашага жадання ці нежадання. І Андрыян пайшоў. Знаёмая з дзяцінства сцежка вывела яго да алешніку, у зарасці. Там ён спыніўся і ўслухаўся. Шумеў лес - роўна, спакойна. Як год, як сто, як дзвесце гадоў таму. Але Андрыяна чамусьці палохала гэтая заспакоенасць, нешта нервавала ён адчуў, як сціскаюцца ў кулак ягоныя пальцы, і, нібы іголачкамі, паколваюць напружанае цела нервы. У чалавека бывае абвостраны слых, зрок. У Адрыяна такім было адчуванне, нервы. Ён азірнуўся. Старога заўважыў не адразу: той стаяў увесь у чорным, як прывід. Падышоўшы бліжэй, разглядзеў: сівы, як і ўсе ў яго ўзросце, рэдкія бела-шэрыя пасмы валасоў разносіў вецер, пасля кідаючы іх на твар, у сетачках-зморшчынах, нібы печаны яблык, на якім неўпрыкмет блякла свяцілі вочы - невыразныя, па іх нічога не прачытаеш, як закрытая кніга.

- Пайшлі, - проста сказаў гэты чалавек і пакрочыў парослай мохам сцяжынай ад бярозы ўглыб, куды Андрыян ніколі не хадзіў. Але на гэты раз пайшоў. Паверыў не паверыў, але пайшоў. Нешта ўразіла яго ў гэтым старым. Пасля зразумеў: веданне. Пра ўсіх і амаль пра ўсё. Ці не чытаў ён думкі, гэты стары?

- Ты шукаеш праўды? - нечакана запытаў старац, спыніўшыся ля густога ядлоўцу, што закрываў далягляд.

Андрыян разгублена паціснуў плячыма.

- Ды не...

- Ты шукаеш шчасця?

- Наўрад ці.

- Дык што табе патрэбна, чаму ты прыйшоў сюды?

Андрыян маўчаў. Нейкая думка варушылася ў свядомасці, прабівалася на свет, нібы веснавая вада з-пад лёду, але акрэсліць яе Андрыян яшчэ не мог. Таму не мог і адказаць.

- Маўчыш?

Андрыян стаяў, глядзеў проста на старца, потым запытаўся:

- А ты адкуль?

Той дзіўна ўсміхнуўся.

- Я не адзін. Многа нас. Жывём асобна ад жытла, у лесе. У вёсцы нас называюць Прывідамі.

- А мяне адкуль ведаеш?

- Ведаю. Я ж з гэтых мясцін. Памятаю твайго дзеда. І ты, як ён, таксама ходзіш па лясах, усё шукаеш нечага... Вунь, глянь, - і стары адхінуў рукою ядловец.

Андрыян убачыў азярцо, а перад ім - ці то альтанку, ці то каплічку. Цэгла дзе-нідзе апала, мураванка абвалілася.

- Што гэта?

- Знак.

- Які знак?

- Паданне ходзіць у гэтых мясцінах, але ніхто не ведае, калі гэта было і ці праўда гэта. Расказваюць толькі, што калісь кіравала гэтым краем маладая княгіня, звалі яе Лея. Муж яе загінуў у бойцы з другім князем - Вайцюшкам. Гэты Вайцюшак не даваў спакою княгіне, пагражаў выпаліць край, калі яна не возьме з ім шлюб. Лея вымушана была згадзіцца, але вянчацца жадала толькі тут, на сваёй зямлі. Вайцюшак быў супраць. Каб неяк прымірыць іх і не даць Вайцюшку зруйнаваць край, святар пабудаваў гэты знак - невялічкую каплічку на памежжы, каб не было крыўдна нікому. Лея ненавідзела свайго новага мужа, але вымушана была скарыцца ягонай волі. Кажуць, настолькі вялікая была яе нянавісць, што з каплічкай пачалі адбывацца дзіўныя рэчы: яна некалькі разоў гарэла, яе разбіваў пярун, нехта ўначы рушыў сцены, але кожны раз князь загадваў адбудаваць нанова: ішла нябачная барацьба дзвюх сіл, з якіх ніводная не магла адкрыта абвінаваціць. Але беглі гады, састарэлі княгіня і князь. Нечакана Лея захварэла. Прадчуваючы смерць, даверылася адной са сваіх найбольш адданых пакаёвак:

- Як памру, скажы тым, каго ведаеш: хто разбурыць лясную капліцу, таго Бог адорыць багаццем.

Пачуў і князь гэтую пагалоску, не даваў літасці нікому, каго варта лавіла ўначы ля капліцы: двух чалавек адразу забіў насмерць. А капліцу адбудаваў нанова. Цяпер яна ўжо не тая, як калісьці...

Стары замаўчаў. Усё было падобна на сон, на прывід: лес, капліца, стары і яго апавяданне. Уяўленне малявала Андрыяну дзівосныя вобразы, страшныя і адначасова прывабныя ў сваёй дзёрзкай сіле карціны несціханай барацьбы духу.

- Цікавае паданне? - звярнуўся да яго старац. Ягоны голас падаўся гулкім, як рэха, гучаў здалёк, нібы з падзямелля.

Андрыян кіўнуў галавой у знак згоды. У думках ён быў усё яшчэ там, у тым далёкім, зацятым змаганні.

- А я не ўсё табе расказаў. І зараз існуе павер'е, што той, хто бурыць капліцу, сустрэне чорнага рыцара - Вайцюшка, які заб'е свайго ворага. І праўда: здаралася, прападалі тут людзі. - Памаўчаўшы, дадаў стары: - І кнігу вазьмі.

- Што гэта?

- Стары малітоўнік. І малюнак - гэта панна Лея.

На белым аркушыку паперы - ледзь заўважныя рысы жаночага твару. Лёгкая няўлоўная мілосць у павароце галавы, які ўдала адзначыў невядомы мастак, вялікія вочы, нібы два тыя азярцы ля капліцы, стоеная ўсмешка ў краёчках вуснаў. Загадкавая, няпростая прыгажосць. Малюнак вабіў незвычайна.

- Аддасі? - запытаў старога.

- Бяры. Я для цябе і нёс. Больш нікому тут ён, мабыць, непатрэбны, - з сумам зазначыў стары. - Давай выведу з лесу. Усё роўна да нас не пойдзеш. У цябе свая дарога.

Назаўтра Андрыян вярнуўся ў горад. Звыкла пацягнуліся будзённыя дні. Цяперашні Андрыян шмат адрозніваўся ад таго студэнта-хлапчука з адкрытымі паўфанатычнымі захапленнямі. Праўда, захапленні засталіся, але гэта жыло ўнутры, стоена і нябачна чужому воку.

Вечарамі, пасля працы, думаў, чытаў, і вярталася ў памяць каплічка і незвычайны выпадак тым восеньскім днём. І - дзіўная рэч - не давалі спакою прывіды начамі: лясныя здані, цені, крыкі. Андрыян пачаў думаць, што яго хвароба вярнулася. Так цягнулася палову восені, а пасля нечакана начныя прывіды зніклі, і Андрыян стараўся не ўспамінаць пра каплічку і паданне.

А неяк вечарам патэлефанаваў незнаёмец, папрасіў сустрэчы.

- Гэта па вашых знаходках. Вы вядомы як сур'ёзны даследчык. Я думаю, пагаварыць будзе пра што.

Аднак Андрыян сумняваўся, што гэты металічны дзелавы голас мог належаць аматару старажытнасці, таму запытаў:

- Хто вы?

- Навошта? Запэўніваю, што гэта для вас марныя звесткі. Я прадстаўнік адной асобы. Так мы сустракаемся? Андрыян згадзіўся: яму стала цікава. Незнаёмец прыйшоў адзін. Па вопратцы, незалежных паводзінах было відаць - заможны чалавек. Андрыян моўчкі правёў госця ў свой кабінет. Першым не пачынаў размовы - чакаў. Госць таксама, відаць, не любіў пустаслоўя, таму адразу ж перадаў Андрыяну схемы і карту.

- Па нашых дадзеных тут магчыма захаванне старажытных каштоўнасцей - у адным з архітэктурных помнікаў мінулага. Усё, што маглі, праверылі: безвынікова. Аднак там, мабыць, ёсць невядомыя нам, але вядомыя вам старыя забудовы. Дарэчы, мясціны павінны быць вам знаёмыя: ваша малая радзіма.

Андрыян уважліва вывучыў карту, перапытаў, што зроблена.

- Калі вы дапаможаце, вас чакаюць немалыя грошы.

Андрыян маўчаў, уважліва прыглядаючыся да субяседніка. І адказаў зусім для таго нечакана:

- Хоць гэта, мусіць, і дрэнны сюрпрыз для вас, але я вас ведаю: Алег Несцяровіч. Калісьці вы заказвалі нашай фірме пераклад французскіх каталогаў старых карцін. Мы з вамі спецыялісты па рарытэтах, толькі я - навуковец і захапляюся гэтым, а вы - фінансіст і гандлюеце тым, чым я захапляюся. Аднак я не мараліст, і не гэта стане прычынай маёй адмовы. Па справах фірмы я на днях адлятаю ў Парыж.

- Але...

І госць вымушаны быў скончыць свой візіт не так, як хацеў.

«Дзіўны чалавек - маўклівы, стоены. Зрэшты, усе гэтыя вучоныя - фанатыкі. Хаця, у прынцыпе, інакш і немагчыма займацца такімі справамі», - падумаў ён, калі выходзіў з кватэры і развітваўся з яе гаспадаром.

 

Максім - хударлявы юнак з вострым, як кажуць, «птушыным» носам, гэтая адметнасць твару адразу кідалася ў вочы. І яшчэ - вялікая сур'ёзнасць на твары. Гэтым ён, бадай, быў падобны на Андрыяна. Дарэчы, Андрыяна паважаў больш за ўсіх. Максім нагадваў Андрыяну яго самога - малодшага, студэнта, толькі без той хваравітай пачуццёвасці. Спакойны, разважлівы гарадскі хлапчук, якога чамусьці прыцягнула незвычайная навука - гісторыя загадак і таямніц, жыццё, якое прайшло, але пакінула свой адбітак і - несхаваную настальгію. Гонар, гордасць, адданасць чамусьці засталіся там, у дзеяннях людзей, суровыя твары якіх - на старажытных гравюрах і карцінах у не менш старажытных замках. Туды хацелася вярнуцца, хаця б адчуваннем...

А яму прапаноўвалі іншае: той жа госць, што і ў Андрыяна, сядзеў у Максімавай кватэры. Гэты чалавек нешта расказваў: рухаліся вусны, рукі, як у нямым кіно, бо Максім не слухаў. Яго непакоіла іншае: Андрыян не з'яўляўся тыдзень. На фірме нічога пра яго не ведалі: павінен прыляцець з Парыжа чатыры дні назад, але няма. І кватэра зачынена, не адказвае тэлефон. І Максім зразумеў: трэба ехаць, шукаць.

 

Мясціны выглядалі змрочна: можа, таму, што заканчвалася восень, ці вінаваты быў прыцемак, у які Максім прыехаў туды, у вёску. Ля плота першай хаты азваліся злосным брэхам сабакі. Максім спыніўся ў нерашучасці: што далей? Пакуль ён думаў, з хаты выйшаў гаспадар, худы, высокі, няголены дзядзька ў шэрай світцы. Нейкі час яны стаялі і моўчкі пазіралі адзін на аднаго. Максім загаварыў першы, спытаў, дзе хата Андрыяна.

- А ты хто?

- Сваяк, - няпэўна адказаў Максім.

Вясковец з сумненнем паглядзеў на Максіма, але хату паказаў.

- Вунь тая, з садам насупроць.

- Дзякую, - і Максім пакрочыў у той бок.

Хата старая, недагледжаная, нават парог зарос: не ездзілі сюды доўга. Але дзверы незачынены, на стале - рэшткі ежы: відаць, Андрыян усё ж быў. Шурпатыя сцены, запыленая вопратка на круках, печ няпаленая, на ложку таксама пыл - нечапаны, значыць, Андрыян не клаўся спаць, адразу некуды пайшоў. А куды можна пайсці? Максім зірнуў праз шыбу ў двор: зарослы сад, нясаджаныя грады. І сцежка. Сцежка вяла ў лес. Максім таропка выйшаў з хаты. Сапраўды, толькі лес мог хаваць нешта таемнае...

 

Гэтую жанчыну нельга было назваць прыгажуняй, аднак нейкая сіла вабіла да яе: гордая пастава, спакойны, незалежны пагляд, як у каралевы. Увесь час Андрыян думаў пра яе, і ўвесь час яму здавалася, нібыта ён бачыў гэты твар, аблічча. Аднекуль з даўніны, з успамінаў выплываў гэты вобраз, і Андрыяну падалося, што ізноў пачынае вяртацца хвароба: гэты зваротак у іншасвет і прывіды больш за ўсё палохалі яго...

Але воблік сыходзіў менавіта адтуль...

Яны пазнаёміліся выпадкова, у Парыжы, куды прыляцеў па справах Андрыян, у невялікай кавярні на адкрытым паветры. Яна села за ягоны столік. Гэта абурыла Андрыяна: ён не любіў кампаніі, тым больш жаночай. А яе прывабіў незнаёмец, да таго ж добра валодаў французскай: прыемна бавіць час, раздражняючы гэтага няўклюднага «расейца», нязвыклага да какетлівых францужанак.

Ён не ведаў, як ад яе пазбавіцца. У выніку затрымаўся з-за яе на чатыры дні больш у Парыжы. Адбылася дзіўная рэч: ён закахаўся, упершыню яму быў неабыякавы чалавек, тым больш жанчына. І ён пачаў нават усміхацца, праўда, усмешка выглядала слабой, нясмелай, але...

Яна назвала сябе Anna. Гэта быў сон наяве ў апошнія дні восені, а дні гэтыя ў Парыжы былі надзвычай цёплыя, да таго ж Андрыяну здавалася, што ён сам нібы палае: галава, сэрца, рукі. І дзіўныя былі іх адносіны і сустрэчы: ён усё ўспрымаў усур'ёз, яна - наадварот - лёгка і проста: прыходзіла і знікала, калі ёй гэтага хацелася.

І яшчэ - грацыёзна ўскідвала рукі, нягучна, але звонка смяялася і гаварыла, што яе прадзед прыехаў у Парыж з Расеі.

Такой яна і запомнілася Андрыяну. Запомнілася, таму што больш не прыйшла. Ён чакаў марна два дні, абыходзячы кавярні на беразе Сены і пустым позіркам праводзячы францужанак за столікамі: не, Anna не прыходзіла. І Андрыян вырашыў вярнуцца. А ўначы яму прысніўся сон: старац паказвае яму на выяву, партрэт Anna на каплічцы. І тут з'яўляецца яна сама, загадвае яму разбурыць каплічку ў лесе ля азярца. Тады яна вернецца.

«Anna, дзе ты? Ou vas-tu?..*» - роспачна крычаў ён у сне. Ён хацеў злавіць яе, але яна расплывалася і знікала, нібы восеньскі туман ці прывід...

* Дзе ты?.. (фр.)

- Anna!.. - так ён і прачнуўся, прамаўляючы яе імя.

Задумаўся, закурваючы дрогкімі рукамі першую ранішнюю цыгарэту. Anna і каплічка. Чаму? Што значыць такое супадзенне і гэты сон?

Пра ўсё дзіўнае, што здарылася з ім, думаў, пакідаючы восеньскі Парыж. Самалёт адарваўся ад зямлі і пачаў набіраць хуткасць. Унізе застаўся агромністы горад і ў ім яна, Anna.

- Ou vas-tu?.. - прашаптаў ён сам сабе. - Дзе ты?..

У ілюмінатары закалыхалася неба, і Андрыян заплюшчыў вочы, зноў пачаліся мроі: партрэт, старац, капліца, Anna. І раптам ён зразумеў: так, гэта бязглуздзіца, гэтага не можа быць, але...

Ён зразумеў усё.

 

Трашчала пад нагамі голле, было змрочна, лес страшыў. Максім завагаўся: можа, адкласці пошукі да заўтра? Але ўсё ж наважыўся ісці далей: а раптам тут, хутка. Але амаль гадзіну тое ж: след, сцежка...

І ён заблудзіў. У роспачы моўчкі стаяў ля нейкага дрэва - не разабраць у цемры. Над галавой у чорным небе свяціліся зоры, шапацела голле, часам сыпалася долу лісце - рэшткі залатое восені. Максім прысеў у мох, ледзь не ацарапаўшы твар аб іголкі ядлоўцу. Вырашыў начаваць у лесе: што ж рабіць, назад ён не пойдзе. Аднак і сон не ішоў, да таго ж стала холадна: восень. Максім падняўся, пахадзіў, каб крыху сагрэцца. Раптам пачуў куганне: то шчоўк, то свіст, то плач, нібыта чалавечы. Сава... Максім дзесьці чытаў, што яна ўмее выдаваць розныя гукі.

Але гэта была не сава. Чалавек. Стары, відаць па асцярожнай і няхуткай хадзе. Максім спачатку перапалохаўся, а пасля ўзрадаваўся: жывы чалавек.

- Заблудзіў? - спытаўся стары. - Што ж, пайшлі за мною.

І чамусьці Максім і не падумаў адмовіцца. Толькі адзначыў:

«Дзіўна ўсё, як у сне... І стары - як прывід, прывід гэтага восеньскага лесу...»

Прыйшлі ў нейкае паселішча ў гушчары. Драўляныя хаты, вогнішча.

- Што гэта? - запытаў Максім.

Стары паглядзеў строга, адказаў:

- Не патрэбна табе ведаць. Ідзі адпачывай, - і адвёў у адну з пустых хат, дзе было ўсё так, нібы людзі чакалі яго: невялікая вячэра з бульбы і капусты, рассцелены ложак.

Максім паеў і заснуў. Яму нічога не снілася.

Нараніцу доўга не мог зразумець, дзе ён. Пасля ўспомніў: стары, ён прывёў. Хутка апрануўся і выйшаў з хаціны. У лесе было шара, на неба напаўзлі хмары: на дождж. Максім пайшоў шукаць старога. Ля хат яго не было, і Максім скіраваўся далей па сцежцы між дворышчаў. Яна вывела яго да невялікай будыніны з дрэва, што нагадвала царкву, і крыж на даху быў.

Увайшоў. Звыкнуўшыся з прыцемкам, угледзеў нарэшце старога. Той стаяў ля сцяны і задумліва глядзеў на нейкую старажытную выяву. Падышоўшы бліжэй, Максім зразумеў, што гэта партрэт жанчыны, княгіні. Лёгкая няўлоўная мілосць у павароце галавы, вялікія вочы і стоеная ўсмешка вуснаў...

- Княгіня Лея... Прывід яе часта блукае ў гэтых лясах увосень... - сказаў стары і звярнуўся да Максіма: - Хочаш, раскажу легенду?

Максім згодна кіўнуў галавой.

- Паданне ходзіць, але ніхто дакладна не ведае, калі гэта было і ці праўда гэта. Расказваюць толькі, што кіравала некалі гэтым краем маладая княгіня, звалі яе Лея... - і стары расказаў Максіму легенду, якую калісьці апавядаў Андрыяну.

І яшчэ расказаў: прывід княгіні блукае па свеце і просіць разбурыць капліцу: тады яна, Лея, вызваліцца і з'явіцца ў жывым абліччы.

- А цяпер пойдзем паглядзім тое, што ты шукаў.

- А вы адкуль ведаеце пра тое, што я шукаў?

- Ведаю. Хадзем.

Яны ішлі нядоўга. Паказалася капліца. Дакладней, тое, што ад яе засталося: нехта яе разбурыў, пакінуўшы рэшткі цэглы і муру на беразе сумнага, заплыўшага бурым намоклым восеньскім лісцем азярца... І чалавек, што ляжаў ніцма...

Максіму раптоўна горкай хваляй сціснула горла. «Андрыян...» - ён дакладна ведаў.

Сапраўды, Андрыян. Твар спакойны і нежывы. Абсыпаная мураванкай вопратка і рукі, побач - нейкія рэчы. Максім падняў: кніга і фотакартка. У першай - партрэт княгіні Леі, падобны да таго, што ён бачыў сёння. А на фота - усмешлівая маладая жанчына за столікам у кавярні. І надпіс: «Anna, ou vas-tu?..»

Максім доўга ўглядаўся ў твар яе: чымсьці знаёмы. І ён зразумеў: вельмі падобны жаночы твар у кнізе, як і на фота... Ён азірнуўся і здзівіўся яшчэ мацней: старца не было. Ён знік.

Ніхто так і не зразумеў, ад чаго памёр Андрыян. А праглядаючы ягоныя пісьмы, Максім знайшоў паштоўку з Парыжа: знаёмая фотакартка ўсмешлівай жанчыны з надпісам Anna і прабачэннямі, што пакінула Андрыяна ў Парыжы. Anna збіралася прыехаць сюды, да Андрыяна, і прасіла яго сустрэць яе. Максім паглядзеў на дату: праз дзень пасля смерці... А заўтра Anna прыязджае. Значыць, усё-такі яна вярнулася. Збылося апошняе... «Але ж гэта містыка! Гэта немагчыма!» - пераконваў сябе Максім. Але ў яго руках была паштоўка, фотакартка, памяць пра каплічку. І не было Андрыяна.

«Яна прыносіць няшчасці», - раптам успомніліся Максіму словы старца.

Anna... І, гледзячы на гэтую фотакартку, Максім разумеў, што заўтра сустрэне яе, гэтую загадкавую жанчыну. Яна такая незвычайная, завабная, а вочы... Яму падабаліся таямніцы незразумелых, як вір, жаночых вачэй, у якіх немагчыма нічога прачытаць, можна толькі пакутаваць і спадзявацца і пакутаваць ізноў...

...А ноччу яму снілася, як свістаў вецер у лесе, а ў змрочным небе плыў сілуэт Леі, і Андрыян таксама, нібы прывід, то з'яўляўся на беразе азярца, то знікаў... І так голасна, так несціхана шумелі восеньскія дрэвы, скідваючы апошняе ацалелае лісце, і яно ляцела, як залацінкі княгінінага скарбу пад мур каплічкі, і хтосьці шаптаў несупынна толькі адно: «Anna, ou vas-tu, Anna?.. Дзе ты, Anna?..» Лея і Anna... Толькі адна - з мінуўшчыны, з гісторыі, а другая - з сучаснасці, з сёння... І тады Максім зразумеў усё канчаткова: Лея дачакалася, яна дамаглася свайго: капліца была разбурана. Толькі... Застаўся яшчэ адзін момант, аднак ён быў хутка высветлены таксама: у мурах пад капліцай знайшлі скарб - золата. Лея спраўдзіла сваё абяцанне. Аднак не з-за яго Андрыян прыйшоў. Тады чаму?

Позірк скіраваўся на фота: «Anna, ou vas-tu?..»

Лея здзейсніла, відаць, тое, што ад яе найбольш прасілі: яна павінна была вярнуцца - вярнуцца хаця б у той усмешлівай загадкавай жанчыне, так падобнай да самой Леі і якую так чакаў Андрыян...

І Максіму раптам пачуўся голас Андрыяна і сам ён, нібы восеньскі прывід над гэтымі лясамі:

- Anna, ou vas-tu?..

- Дзе ты, Anna?..

 

Кіруюць намі невядомыя сілы...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая