epub
 
падключыць
слоўнікі

Марыя Канапніцкая

На жалейцы

З польскай — М. Канапніцкай

 

Ой, чаму мглой палі росы

Халоднай,

Калі я голы і босы,

Й галодны?

Ці ж не досыць, што мы плачам

З нядолі,

А йшчэ гэта ночка сыпе

Слёз болей?

Ой, каб зрэнкаю, здаецца,

Саколяй

Злічыў, колькі слёз ліецца

На поле,—

Страх было бы з сяўбы гэтай

Жаць жніва,

Бо сноп кожны быў крывавы б

Надзіва!

Ўзыйдзе сонца, пусце косы

Змянліве,

На лугочках вып’е росы

Й на ніве,

Але высушыць слёз мора

Ці ж можа?

Хіба свет увесь запаліш,

Мой Божа!

 

28 ліпеня 1906


28.07.1906

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995.-462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан