epub
 
падключыць
слоўнікі

Марыя Канапніцкая

Варажбітка

З польскай — М. Канапніцкай

 

Вецер коціцца па полі,

Жытні колас гнецца прытка;

Гэй, цыганка-варажбітка,

Варажы мне маю долю.

 

Варажы яе з чырвонай

Зоркі, што над хатай льсніцца,

З таго шуму, што так мчыцца

Ад дубровы ад зялёнай.

 

Варажы з рукі яе мне,

З рукі правай, мазалістай,

І з крынічкі таей чыстай,

Што бурліць так па каменні.

 

Варажы мне добрым словам

З той вясёлкі мнагакветнай

І з той кнігі, з той прасветнай,

Што аб шчасці кажа новым.

 

...Тваёй долі няма ў кнізе,

Ні ў вадзіцы, ні на небе,

Толькі ў чорным тваім хлебе,

Толькі ў світцы, рванай рызе.

 

Ні на зорку залатую,

Ні з крыніцы шумнай, чыстай,

А з рукі той мазалістай

Мужыку тут варажу я.

 

Ой, ты будзеш, будзеш панам,

Не то князем, ні гетманам:

Тваё царства ўецца кругам,

Дзе ні пройдзеш толькі плугам.

 

Бачны будзеш ты ў чырвені,

Што з крывавым потам льецца,

І ў тым золаце-праменні,

Што ад коскі адаб’ецца.

 

Скарб ты выараш багаты

З нівы гэтай зааранай:

І талеры, і дукаты,

Толькі ж не сабе, а пану.

 

А шлюб возьмеш ты з царыцай,

Што жыццё усё з табою

Не захоча разлучыцца...

Ой, шлюб возьмеш ты з бядою.

 

Днём нашле сон, ночкай збудзе,

Сцерагчы будзе парогу;

Ані з ёй табе у людзі,

Ані з ёй табе да Бога!

 

Як вясною ўсходзяць кветкі,

Падымаюцца хмурліва,—

Укалыша твае дзеткі

Песняй голаду слязлівай.

 

Жджэ цябе дарога з ёю,

Ўдоўж і ўшыр зусім малая,

А ў зямлю глыбей затое,

А ў гару — аж зор хапае.

 

Па ёй будуць цябе везці

Твае волікі сівыя

І званы аж вежай трэсці —

На магілкі на старыя.

 

[1908]


[1908]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан