epub
 
падключыць
слоўнікі

Марына Цьвятаева

«Мне ўсьцешна, што Вы хворыя ня мной...»

Мне ўсьцешна, што Вы хворыя ня мной,

Мне ўсьцешна, што я хворая ня Вамі,

Што восі зраўнаважанасьць зямной

Ня зрушыцца пад нашымі нагамі.

Мне ўсьцешна, што бяз пыхі ледзяной

Магу быць з Вамі - й не хітрыць вачамі,

Не чырванець, не бавіцца маной, -

Адно судакранацца рукавамі...

 

Мне ўсьцешна, што не сорамна ані

Пры мне Вам абдымаць яе, другую,

Што Вы мне не прарочыце ў агні

Пякельным быць, бо я ня Вас цалую,

Што Вы імя зь пяшчотай дзень пры дні

Маё не паўтараеце ўпустую

І што сярод царкоўнай цішыні

Ніколі не сьпяюць нам: алілюя!

 

Я ўдзячная Вам сэрцам і душой

За тое, што, ня ведаючы самі,

Вы любіце мяне; за мой спакой,

За нашы не-гуляньні вечарамі,

За поўню, што ня ў нас над галавой,

За тое, што ня бачыліся днямі,

Што ўсё ж - на жаль! - Вы хворыя ня мной,

Што ўсё ж - на жаль! - я хворая ня Вамі.

 



Пераклад: Лявон Баршчэўскі