epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Булгакаў

Ручнік з пеўнямі

Калі чалавек не ездзіў на конях глухімі селавымі дарогамі, то расказваць мне яму пра гэта няма чаго: усё роўна ён не зразумее. А таму, хто ездзіў, і напамінаць не хачу.

Скажу коратка: сорак вёрст, што аддзяляюць павятовы горад Грачоўку ад Мур'еўскай бальніцы, ехалі мы з вазаком маім роўна суткі. І нават да дзіваты роўна: у дзве гадзіны дня 16 верасня 1916 года мы былі каля апошняй крамы, што вылезла на самы край гэтага цудоўнага горада Грачоўкі, а ў дзве гадзіны пяць мінут 17 верасня таго ж 1916 года я стаяў на ўтоўчанай, змярцвелай і панылай ад вераснёўскага дожджыку траве на двары Мур'еўскай бальніцы. Быў у мяне такі выгляд: ногі скасцянелі, і аж да таго, што я міжволі, тут жа, на двары, перагортваў у памяці старонкі падручнікаў, паныла сілячыся прыпомніць, напраўду існуе, ці мне гэта прытрызнілася ўчора ў сне ў вёсцы Грабілаўцы, што бывае хвароба, пры якой у чалавека касцянеюць мышцы? Як яе, праклятую, завуць па-латыні? Кожная з мышцаў гэтых балела нясцерпна, нагадваючы боль зубоў. Пра пальцы на нагах гаварыць не трэба, - яны ўжо не варушыліся ў ботах, ляжалі пакорліва, былі падобны на драўляныя куксы. Прызнаюся, што, ахоплены маладушнасцю, я праклінаў ціхенька медыцыну і сваю заяву, пададзеную пяць гадоў таму назад рэктару ўніверсітэта. Зверху ў гэты час сеяла, як праз сіта. Паліто маё набрыняла, як губка. Пальцамі правай рукі я дарэмна сіліўся ўхапіцца за ручку чамадана і нарэшце плюнуў на мокрую траву. Пальцы мае нічога не маглі трымаць, і зноў мне, нашпігаванаму рознымі вучонасцямі з цікавых медыцынскіх кніжак, успомнілася хвароба - паралюш. «Паралізіс», - з адчаем і чортведама навошта сказаў я сам сабе ў думках.

- П... па вашых дарогах, - загаварыў я здзеравянелымі, сіненькімі губамі, - трэба п... прывыкнуць ездзіць...

І пры гэтым злосна чамусьці ўставіўся ў вазака, хоць ён, папраўдзе, і не быў вінаваты ў такой дарозе.

- Эх... пане доктар, - абазваўся вазак, таксама ледзьве варушачы губамі пад светлымі вусікамі, - пятнаццаць гадоў служу, а ўсё прывыкнуць не магу.

Я скалануўся, азірнуўся паныла на белы аблуплены двухпавярховы корпус, на непабеленыя драўляныя сцены фельчарскага дамка, на сваю, што мелася быць, рэзідэнцыю - двухпавярховы вельмі чысценькі дом з замагільнымі загадкавымі вокнамі, цяжка ўздыхнуў. І тут жа цьмяна мільганула ў галаве замест лацінскіх слоў салодкая фраза: «...Привет тебе, приют священный...»

Бывай, бывай надоўга Вялікі тэатр, Масква, вітрыны... ах, бывай...

«Другі раз я кажух надзену... - у злым адчаі думаў я і тузаў чамадан за рамяні здранцвелымі рукамі, - я... але ж другі раз будзе ўжо ў кастрычніку... хоць два кажухі надзявай. А раней як праз месяц я не паеду, не паеду ў Грачоўку... Падумайце самі... начаваць жа давялося! Дваццаць вёрст зрабілі і апынуліся ў пякельнай цемрадзі... ноч... у Грабілаўцы давялося начаваць... настаўнік пусціў. А сёння раніцаю выехалі ў сем гадзін... і вось едзеш... божухна святы... марудней, як пехатою ідучы. Адно кола ляціць у яму, другое ў неба задзіраецца, чамадан на ногі - бабух... потым на бок, потым на другі, потым носам уперад, потым патыліцаю. А зверху сыпле і сыпле, і стынуць косці. Ды хіба я мог бы паверыць, што ў сярэдзіне шэранькага, кіслага верасня чалавек можа мерзнуць у полі, як лютаю зімою?! Аж выходзіць - можа. І пакуль паміраеш ціхаю смерцю, у вачах стаіць усё тое самае: справа - гарбатае абгладанае поле, злева - чэзлы пералесак, а каля яго - шэрыя, струхлелыя хаты, штук пяць ці шэсць. І здаецца, што ў іх няма ні адной жывой душы. Маўчанне, маўчанне кругом...»

Чамадан нарэшце паддаўся. Вазак налёг на яго жыватом і выпхнуў проста на мяне. Я хацеў схапіць яго за рэмень, але рука адмовілася служыць, і распухлы, знелюбелы мой спадарожнік з кніжкамі і розным барахлом пляснуўся проста на траву, жахнуўшы мяне па нагах.

- Эх ты, пано... - пачаў быў вазак спалохана, але я ніякіх прэтэнзій не падаў: ногі ў мяне былі ўсё роўна хоць выкінь іх.

- Гэй, хто тут? Гэй! - закрычаў вазак і залопаў рукамі, як певень крыламі. - Гэй, доктара прывёз!

Тут у цёмных вокнах фельчарскага дамка паказаліся твары, прыліплі да шыб; бразнулі дзверы, і вось я ўбачыў, як зачыкільгаў па траве да мяне чалавек у старэнькім палітэчку і ў ботах. Ён пачціва і ўслужліва зняў шапку, падбегшы на два крокі да мяне, чамусьці ўсміхнуўся сарамліва і хрыплівым галаском павітаў мяне:

- Добрага здароўя, пане доктар.

- Хто вы такі? - папытаўся я.

- Ягорыч я, - назваўся чалавек, - вартаўнік тутэйшы. Мы ж вас чакаем, чакаем...

І тут жа ён ухапіўся за чамадан, ускінуў яго на плячо і панёс. Я закульгаў за ім, дарэмна сілячыся засунуць руку ў кішэню штаноў, каб дастаць партманет.

Чалавеку, па сутнасці, вельмі мала трэба. І перш за ўсё яму трэба агонь. Адпраўляючыся ў мар'еўскую глушэчу, я, памятаю, яшчэ ў Маскве даў сабе зарок трымаць сябе салідна. Мой малады выгляд на першым часе атручваў мне ўсё маё існаванне. Кожнаму даводзілася называцца:

- Доктар такі і такі.

І кожны абавязкова паднімаў бровы і пытаўся:

- Ды няўжо? А я думаў, што вы яшчэ студэнт.

- Не, я скончыў, - паныла адказваў я і думаў: «Акуляры мне трэба завесці, вось што». Але акуляраў заводзіць не было патрэбы: вочы ў мяне былі здаровыя, і яснасць іхняя яшчэ не была азмрочана жыццёвай спрактыкаванасцю. Не маючы магчымасці абараняцца ад бясконца паблажлівых і ласкавых усмешак з дапамогаю акуляраў, я стараўся выпрацаваць асаблівую, такую, што надае павагі, завядзёнку. Гаварыць стараўся павольна і важка, не рабіць, па магчымасці, рэзкіх рухаў, не бегаць, як бегаюць людзі ў дваццаць тры гады, скончыўшы ўніверсітэт, а хадзіць. Атрымлівалася ўсё гэта, як цяпер я, пасля многіх гадоў, разумею, вельмі дрэнна.

На той жа момант я гэты свой няпісаны кодэкс паводзін парушыў. Сядзеў, скурчыўшыся, у адных шкарпэтках, і не дзе-небудзь у кабінеце, а на кухні, і, як вогнепаклоннік, натхнёна і аддана гарнуўся да зыркага полымя, што шугала ад бярозавых дроў у пліце. Леваруч ад мяне стаяла перакуленая дном угору кадушка, і на ёй ляжалі мае чаравікі, поруч з імі абскублены, галаскуры певень з акрываўленай шыяй, поруч з пеўнем, кучаю, яго стракатае пер'е. Рэч у тым, што яшчэ да здранцвеласці я паспеў зрабіць цэлы шэраг захадаў, якіх вымагала само жыццё. Вастраносая Аксеня, Ягорычава жонка, была прызначана мною на пасаду мае кухаркі. У выніку гэтага і загінуў пад яе рукамі певень. Яго я павінен быў з'есці. Я з усімі перазнаёміўся. Фельчара звалі Дзям'ян Лукіч, акушэрак - Пелагея Іванаўна і Ганна Мікалаеўна. Я паспеў абысці бальніцу і з найяснейшаю яснасцю пераканаўся, што інструментарый у ёй самы багаты. Пры гэтым з такой жа яснасцю я вымушаны быў прызнацца (сам сабе, вядома), што прызначэнне вельмі многіх бездакорна зіхоткіх інструментаў мне зусім невядомае. Я іх не толькі не трымаў у руках, але нават, шчыра прызнаюся, і не бачыў.

- Гм, - вельмі шматзначна прамармытаў я, - у вас інструментарый найсамалепшы. Гм...

- А як жа-с, - соладка пагадзіўся Дзям'ян Лукіч, - гэта ўсё з клопату вашага папярэдніка Леапольда Леапольдавіча. Ён жа з раніцы да вечара рабіў аперацыі.

Тут я абліўся халодным потам і паныла паглядзеў на блішчастыя, як з люстэрка зробленыя, шафкі.

Пасля гэтага мы абышлі пустыя палаты, і я пераканаўся, што ў іх смела можа размясціцца сорак чалавек.

- У Леапольда Леапольдавіча часам і па пяцьдзесят ляжала, - усцешыў мяне Дзям'ян Лукіч, а Ганна Мікалаеўна, жанчына ў кароне пасівелых валасоў, чамусьці сказала:

- Вы, доктар, такі маладжавы, такі маладжавы... Проста дзіва: вы на студэнта падобны.

«Чорт на цябе, - падумаў я, - як згаварыліся. Хоць ты прападзі!»

І прабурчаў праз зубы, суха:

- Гм... не, я... вядома, я... ну, але, маладжавы...

Пасля гэтага мы спусціліся ў аптэку, і адразу я ўбачыў, што ў ёй не было толькі птушынага малака. У цемнаватых двух пакоях моцна пахла зёлкамі, і на паліцах стаяла ўсё што хочаш. Былі нават патэнтаваныя замежныя лекі, і ці трэба дадаваць, што я ніколі нічога не чуў пра іх.

- Леапольд Леапольдавіч выпісаў, - з гордасцю далажыла Пелагея Іванаўна.

«Проста геніяльны чалавек быў гэты Леапольд», - падумаў я і напоўніўся павагаю да таямнічага Леапольда, які пакінуў ціхае Мур'ева.

Чалавеку апроч агню трэба яшчэ асвойтацца. Певень быў даўно мною з'едзены, сяннік для мяне набіты Ягорычам, накрыты прасціною; гарэла лямпа ў кабінеце ў маёй рэзідэнцыі. Я сядзеў і, як зачараваны, глядзеў на трэцяе дасягненне легендарнага Леапольда: шафа была бітком набіта кнігамі. Адных дапаможнікаў па хірургіі на расейскай і нямецкай мовах я налічыў бегла каля трыццаці тамоў. А тэрапія! Наскурныя самалепшыя атласы!

Насоўваўся вечар, і я асвойтваўся.

«Я ні ў чым не вінаваты, - думаў я ўпарта і пакутліва, - у мяне ёсць дыплом, я маю пятнаццаць пяцёрак. Я ж перасцерагаў яшчэ ў тым вялікім горадзе, што хачу ісці другім доктарам. Не. Яны ўсміхаліся і гаварылі: «Асвойтаецеся». Вось табе і «асвойтаецеся». А калі кілу прывязуць? Растлумачце, як я з ёю асвойтаюся? І асабліва як будзе пачуваць сябе хворы з кілою ў мяне пад рукамі? Асвойтаецца ён на тым свеце (тут у мяне холад па пазванку...).

А загноены апендыцыт? Га! А дыфтэрыйны круп у вясковых дзяцей? Калі трахеатомія паказана? Ды і без трахеатоміі будзе мне не вельмі соладка... А... а... роды? Роды ж забыў? Няправільнае ляжанне! Што ж я буду рабіць? А? Які я легкадумны чалавек! Трэба было адмовіцца ад гэтага ўчастка. Трэба было. Дасталі б сабе якога-небудзь Леапольда».

У сумоце, у вечаровым сутонні я прайшоўся па кабінеце. Калі параўняўся з лямпаю, убачыў, як у бяскрайнім цямноцці палёў мільганула маё бледнае аблічча поруч з агеньчыкам лямпы ў акне.

«Я падобны на Лжэдзмітрыя», - раптам недарэчна падумаў я і зноў усеўся за стол.

Гадзіны дзве ў самоце я мучыў сябе і дамучыў да таго, што ўжо больш мае нервы не вытрымлівалі натвораных мною страхаў. Тут я пачаў супакойвацца і нават строіць некаторыя планы.

Ну так-с... Прыём, яны кажуць, цяпер невялікі. Па сёлах труць лён, бездараж... «Вось тут табе кілу і прывязуць, - бабухнуў суровы голас у мазгах, - бо ў бездараж чалавек з насмаркам не паедзе, а кілу прыцягнуць, будзь пэўны, дарагі калега-доктар».

Голас быў не такі дурны, ці не праўда? Я скалануўся.

«Маўчы, - сказаў я голасу, - неабавязкова кіла. Дый што за неўрастэнія? Узяўся за гуж, не кажы, што не дуж».

«Назваўся грыбком, лезь у сявеньку», - яхідна абазваўся голас.

Што ж... з даведнікам я расставацца не буду... Калі што выпісаць, можна, пакуль мыеш рукі, абдумаць. Даведнік ляжацьме разгорнуты проста на кнізе запісвання хворых. Буду выпісваць карысныя, але няцяжкія рэцэпты. Ну, напрыклад, натрый саліцыліці - 0,5, па адным парашку тры разы на дзень...

«Соду можна выпісаць!» - яўна здзекуючыся, абазваўся мой унутраны субяседнік.

Пры чым тут сода? Я і іпекакуану выпішу інфузум... на 180. Або на дзвесце... Хвіліначку...

І тут жа, хоць ніхто і не патрабаваў ад мяне цяпер на адзіноце з лямпаю іпекакуаны, я маладушна перагарнуў рэцэптурны даведнік, праверыў іпекакуану, а заадно прачытаў машынальна і пра тое, што існуе на свеце нейкі «інсіпін». Ён не што іншае, як «сульфат эфіру хініндыгліколевай кіслаты»... Аказваецца, смаку хініну не мае! Але навошта ён? І як яго выпісаць? Ён што - парашок? Чорт на яго!

«Інсіпін інсіпінам, а як жа ўсё-такі з кілою будзе?» - упарта прыставаў страх у выглядзе голасу.

«У ванну пасаджу, - азвярэла абараняўся я, - у ванну. І паспрабую ўправіць».

«Зашчэмленая, мой ты анёл! Якія тут, к чортавай мацеры, ванны! Зашчэмленая, - шайтанскім голасам спяваў страх. - Рэзаць трэба...»

Тут я здаўся і траха не заплакаў. І мальбу ў цемнату за акно паслаў: усё, што хочаш, толькі не зашчэмленую кілу.

А стомленасць напявала:

«Лажыся ты спаць, няшчасны эскулап! Выспішся, а ўранні будзе відаць. Супакойся, юны неўрастэнік. Глядзі: у цямноцці за вокнамі спакой, спяць акалелыя палі, няма ніякай кілы. А ўранні будзе відаць. Асвойтаешся... Спі... Палажы атлас... Усё роўна нічагутка цяпер не разбярэш. Абкальцаваная кіла...»

 

Як ён уляцеў, я нават не ўцямлю. Памятаю, клямка ў дзвярах бразнула, Аксеня нешта піснула. Ды яшчэ за вокнамі рыпнулі калёсы.

Ён без шапкі, у расплікнутым кажусе, са злямчанаю бародкаю, з шалёнымі вачыма.

Ён перахрысціўся, і ўпаў на калені, і бухнуўся лбом у дол.

«Я прапаў», - у роспачы падумаў я.

- Што вы, што вы, што вы! - замармытаў я і пацягнуў за шэры рукаў.

Твар яго перакрывіўся, і ён, захліпаючыся, пачаў падганяць непаслухмяныя словы:

- Пане доктар... пане... адзіная, адзіная... Аднюсенькая! - крыкнуў ён раптам па-юначы звонка, так, што заскакаў абажур на лямпе. - Ах ты, божухна! Ах... - Ён у роспачы заламаў рукі і зноў забухаў ілбом у маснічыны, як бы хацеў разбіць яго. - За што? За што кара? Чым прагнявілі?

- Што? Што здарылася?! - выкрыкнуў я, чуючы, што халадзею.

Ён ускочыў на ногі, хіснуўся бліжэй і прашаптаў:

- Пане доктар... што хочаце... грошай дам... Грошы бярыце якія хочаце. Якія хочаце! Харчы будзем прывозіць... Толькі каб не памерла. Толькі каб не памерла. Калекаю астанецца - няхай сабе. Няхай сабе! - крычаў ён у столь. - Хопіць пракарміць, хопіць.

Бледны Аксенін твар вісеў у чорным квадраце дзвярэй. Скруха абвілася вакол майго сэрца.

- Што?.. Што? Гаварыце! - крыкнуў я пакутліва.

Ён сціх і шэптам, як бы сакрэтам, сказаў мне, і вочы яго сталі бяздонныя:

- У мялку папала...

- У мялку... у мялку? - перапытаў я. - Што гэта такое?

- Лён, лён цёрлі... пане доктар... - шэптам патлумачыла Аксеня, - у мялцы... лён труць...

«Вось пачынаецца. Вось... О, навошта я прыехаў!» - з жахам падумаў я.

- Хто?

- Дачка мая, - адказаў ён шэптам, а потым крыкнуў: - Памажыце! - І зноў паваліўся, і пастрыжаныя ў кружок яго валасы звіслі яму на вочы.

Лямпа-«маланка» са скрыўленым бляшаным абажурам гарэла зырка, двума рагамі. На аперацыйным стале, на белай, са свежым пахам, цыраце я яе ўбачыў, і кіла патухла ў маёй памяці.

Светлыя, крышачку рыжаватыя валасы звешваліся са стала злямчаным закарэлым каўтуном. Каса была велічэзная, і канец яе кранаўся падлогі.

Паркалёвая спадніца была ўшчэнт падрана, і кроў на ёй рознага колеру - пляма рудая, пляма тлустая, пунсовая. Святло «маланкі» здалося мне жоўтым і жывым, а яе твар папяровым, белым; нос завостраны.

На белым твары ў яе, як гіпсавае, нерухомае, патухала папраўдзе найрадчэйшае хараство. Не заўсёды, не часта сустрэнеш такі твар.

У аперацыйнай хвілін з дзесяць было паўнюткае маўчанне, але за зачыненымі дзвярыма чутно было, як глуха выкрыкваў нехта і бухаў, усё бухаў галавою.

«Крануўся розумам, - думаў я, - а сядзелкі, відаць, яго адпойваюць... Чаму такая красуня? Але ж і ў яго правільныя рысы твару... Відаць, маці была прыгожая... Ён удавец...»

- Ён удавец? - машынальна шапнуў я.

- Удавец, - ціха адказала Пелагея Іванаўна.

Тут Дзям'ян Лукіч рэзкім, як бы злосным махам, ад краю да верху, разарваў спадніцу і адразу яе адкрыў. Я зірнуў, і тое, што ўбачыў, было звыш майго ўяўлення. Левай нагі, проста кажучы, не было. Пачынаючы ад раструшчанага калена, ляжалі крывавыя ашмёткі, чырвоныя пажмаканыя мышцы, і востра ва ўсе бакі тырчалі белыя раструшчаныя косці. Правая нага была пераломана ў галёнцы так, што абедзве косці канцамі выскачылі наверх, прабіўшы скуру. Ад гэтага ступня яе знежывела, як бы асобна ляжала, павярнуўшыся набок.

- Н-але, - ціха сказаў фельчар і нічога больш не дадаў.

Тут я выйшаў са здранцвення і ўзяўся за яе пульс. У халоднай руцэ яго не было. Толькі пасля некалькіх секунд знайшоў я ледзьве чутную рэдкую хвалю. Яна прайшла... пасля была паўза, за час якой я паспеў зірнуць на пасінелыя крылы носа і белыя губы... Хацеў ужо сказаць: канец, але шчасліва ўстрымаўся... Зноў прайшла нітачкаю хваля.

«Вось як патухае раскрамсаны чалавек, - падумаў я. - Тут ужо нічога не зробіш...»

Але раптам сурова сказаў, не пазнаючы свайго голасу:

- Камфары.

Тут Ганна Мікалаеўна схілілася да майго вуха і шапнула:

- Навошта, доктар? Не мучце. Навошта яшчэ калоць? Зараз сканае... Не выратуеце.

Я злосна і строга азірнуўся на яе і сказаў:

- Папрашу камфары...

Ганна Мікалаеўна з зачырванелым, пакрыўджаным тварам зараз жа кінулася да століка і зламала ампулу.

Фельчар таксама, відаць, не ўхвальваў камфары. Тым не менш ён спрытна і скоранька ўзяўся за шпрыц, і жоўтая аліва пайшла пад скуру пляча.

«Памірай, памірай хутчэй, - падумаў я, - памірай. А то што ж я буду рабіць з табою?»

- Зараз памрэ, - як бы ўгадаўшы маю думку, шапнуў фельчар. Ён пакасіўся на прасціну, але, відаць, раздумаў: шкада было крывавіць прасціну. Аднак праз некалькі секунд ёю прыйшлося прыкрыць. Яна ляжала, як труп, але яна не памерла. У галаве маёй раптам стала светла, як пад шкляною столлю нашага далёкага анатамічнага тэатра.

- Камфары яшчэ, - хрыпла сказаў я.

І зноў пакорліва фельчар упырснуў аліву.

«Няўжо ж не памрэ?.. - з адчаем падумаў я. - Няўжо давядзецца...»

Усё святлела ў галаве, і раптам без усялякіх падручнікаў, без парад, без дапамогі я зразумеў - упэўненасць, што зразумеў, была жалезная, - што зараз мне давядзецца першы раз у жыцці на непрытомным рабіць ампутацыю. І чалавек гэты памрэ пад нажом. Ах, пад нажом памрэ! У яе ж няма крыві! За дзесяць вёрст выцекла ўсё цераз раструшчаныя ногі, і невядома нават, ці адчувае яна што-небудзь цяпер, ці чуе. Яна маўчыць. Ах, чаму яна не памірае? Што скажа мне звар'яцелы бацька?

- Рыхтуйце ампутацыю, - сказаў я фельчару чужым голасам.

Акушэрка паглядзела на мяне дзіка, але ў фельчара мільганула іскра спачування ў вачах, і ён забегаў каля інструментаў. Пад рукамі ў яго зароў прымус...

Прайшла чвэртка гадзіны. З богабаязным жахам я ўзіраўся ў патухлае вока, прыпадымаючы халоднае павека. Нічога не разумею. Як можа жыць чалавек, што стаў, па сутнасці, трупам? Кроплі поту бесперастанку беглі ў мяне па лбе з-пад белага каўпака, і марляю Пелагея Іванаўна выцірала іх. У астатках крыві ў жылах у дзяўчыны цяпер плаваў і кафеін. Трэба было яго ўпырскваць ці не? На сцёгнах Ганна Мікалаеўна ледзьве чутным дакрананнем гладзіла выпукліны, што паўздымаліся ад фізіялагічнага раствору. А дзяўчына жыла.

Я ўзяў нож, стараючыся быць падобным (раз у жыцці ва ўніверсітэце я бачыў ампутацыю) да некага... Я ўмольваў цяпер лёс, каб у бліжэйшыя паўгадзіны яна не памерла. «Няхай памрэ ў палаце, калі я скончу аперацыю...»

За мяне працаваў толькі мой здаровы сэнс, падагнаны незвычайнасцю абставін. Я наўкруга і са спрытам, як спрактыкаваны мяснік, ваструсенькім нажом краянуў сцягно, і скура разышлася, не даўшы ні адной расінкі крыві. «Сасуды пачнуць крывавіцца, што я буду рабіць?» - думаў я і, як воўк, касавурыўся на кучу тарзіённых пінцэтаў. Я зрэзаў вялізны кусок мяса і адзін з сасудаў - ён быў падобны на белаватую трубачку, - але ні адной кроплі крыві не выступіла з яго. Я заціснуў яго тарзіённым пінцэтам і пайшоў далей. Я панатыкаў гэтых тарзіённых пінцэтаў усюды, дзе меліся быць сасуды... «Arteria... Arteria... як, чорт, яе завуць?..» У аперацыйнай стала падобна на клініку. Тарзіённыя пінцэты віселі гронкамі. Іх марляй адцягнулі ўгору разам з мясам, і я пачаў драбназубаю, ярка-блішчастаю пілою пілаваць круглую косць. «Чаму не памірае?.. Проста дзіва... ох, які жывучы чалавек!»

І косць адпала. У руках у Дзям'яна Лукіча асталося тое, што было дзявочаю нагою. Акраўкі мяса, косці! Усё гэта адкінулі ўбок, і на стале аказалася дзяўчына як бы ўкарочаная ў тры разы, з адтатурчанай убок куксаю. «Яшчэ, яшчэ трошкі... не памірай, - акрылена думаў я, - пацярпі да палаты, дай мне выскачыць шчасліва з гэтага жахлівага выпадку майго жыцця».

Потым вязалі лігатурамі, потым, пстрыкаючы коленам, я пачаў рэдкім швом зашываць скуру... але спыніўся, шчасліва скеміўшы... пакінуў месца для сцёку... уставіў марлевы тампон... Пот засцілаў мне вочы, і мне здавалася, што я ў лазні...

Аддыхаўся. Цяжка паглядзеў на куксу, на васковы твар. Папытаўся:

- Жывая?

- Жывая, - як маўклівае рэха, адгукнуліся адразу і фельчар, і Ганна Мікалаеўна.

- Яшчэ хвілінку пражыве, - аднымі губамі, без гуку ў вуха сказаў мне фельчар. Потым запнуўся і далікатна параіў: - Другой нагі можна і не чапаць, доктар. Марляю, ведаеце, заматаем... а то не дацягне да палаты... А? Усё ж лепш, калі не ў аперацыйнай сканае.

- Гіпс давайце, - сіпла адгукнуўся я, падштурхнуты невядомаю сілаю.

Уся падлога была заляпана белымі плямамі, усе мы абліваліся потам. Напаўмёртвае цела ляжала нерухома. Правая нага была забінтавана гіпсам, і ззяла на галёнцы пакінутае мною «акно» на месцы пералому.

- Жыве... - здзіўлена хрыпнуў фельчар.

Потым яе пачалі падымаць, і пад прасціною быў відзён страшэнны правал - трэцюю частку яе цела мы пакінулі ў аперацыйнай.

Потым калыхаліся цені ў калідоры, шмыгалі сядзелкі, і я бачыў, як па сцяне пракралася растрапаная мужчынская постаць і суха застагнала. Але яго вывелі. І сціхла.

У аперацыйнай я мыў акрываўленыя па локці рукі.

- Вам, доктар, мабыць, прыходзілася рабіць аперацыі? - раптам папыталася Ганна Мікалаеўна. - Вельмі, вельмі добра... Не горш, як у Леапольда...

У яе вуснах слова «Леапольд» заўсёды гучала, як «Дуайен».

Я спадылба зірнуў на твары. І ва ўсіх - і ў Дзям'яна Лукіча, і ў Пелагеі Іванаўны - заўважыў у вачах здзіўленне і паважанне.

- Кхм... я... я толькі два разы рабіў, калі сказаць праўду.

Навошта я зманіў? Цяпер я гэтага не разумею.

У бальніцы стала ціха. Зусім.

- Калі памрэ, абавязкова прышліце па мяне, - напаўголаса загадаў я фельчару, і ён чамусьці замест «добра» адказаў з пашанаю:

- Слухаю-с...

Праз некалькі хвілін я быў каля зялёнае лямпы ў кабінеце доктарскай кватэры. Дом маўчаў.

Бледны твар адлюстроўваўся ў чарнюсенькай шыбе.

«Не, я не падобны на Дзмітрыя Самазванца, і я, калі хочаце, пастарэў неяк... Маршчына над пераноссем... Зараз пастукаюць... скажуць: «Памерла...»

«Ну але, пайду і пагляджу апошні раз... зараз пастукаюць»...

У дзверы пастукалі. Гэта было праз два з паловаю месяцы. У акне зіхацеў адзін з першых зімовых дзён.

Увайшоў ён, толькі тады я яго разгледзеў. Папраўдзе, рысы твару правільныя. Гадоў сорак пяць. Вочы гараць, пырскаюць іскрамі.

Потым шалясценне... На дзвюх мыліцах ускочыла найдзіўнейшага хараства аднаногае дзяўчо ў шырознай спадніцы з чырвонай аблямоўкаю ў падоле.

Яна паглядзела на мяне, і шчокі яе заліло чырванню.

- У Маскве... у Маскве... - і я пачаў пісаць адрас, - там зробяць пратэз, штучную нагу.

- Руку цалуй, - раптам нечакана сказаў бацька.

Я да таго разгубіўся, што замест губ пацалаваў яе ў нос.

Тады яна, абвісаючы на мыліцах, разгарнула скрутак, і выпаў доўгі снежна-белы ручнік з немудрагеліста вышытымі чырвонымі пеўнямі. Дык вось што яна хавала пад падушку на аглядах. Нездарма ж, я памятаю, ніткі ляжалі на століку.

- Не вазьму, - сярдзіта сказаў я і нават галавою заматаў. Але ў яе стаў такі твар, такія вочы, што я ўзяў...

І доўга ён вісеў у мяне ў спальні ў Мураўёве, потым падарожнічаў са мною. Нарэшце знасіўся, выцерся, падраўся і недзе дзеўся, як сціраюцца і недзе дзяюцца ўспаміны.

 

1926

 



Пераклад: Ян Скрыган