epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Да * («Прабач! ― не спаткацца нам болей...»)

1

Прабач! ― не спаткацца нам болей

І ў поціску рук не сагрэць;

Прабач! ― тваё сэрца на волі...

Ды з іншымі шчасця не мець.

Я знаю: з адчаем пакутным

Ізноў страпянецца яно,

Калі ў ім ускрэсне нячутна

Імя, хто загінуў даўно!

 

2

Ёсць гукі ― нікчэмнага чыну,

Натоўпу ― для кпінаў асцё,

Але іх забыць немагчыма:

З душою яны — як жыццё;

Нібыта ў магіле, былое

На дне гэтых гукаў святых;

І ў свеце пачуць толькі двое

Іх могуць ― і ўспыхнуць ад іх!

 

3

На момант нас лёсы злучылі,

Ды вечнасць нішто перад ім:

Усе мы пачуцці спалілі

Сваім пацалункам адным;

Прабач! ― аб кароткім каханні

Пакінь шкадаванні хутчэй:

Здавалася цяжкім расстанне,

Ды, пэўна, сустрэцца цяжэй!



Пераклад: Васіль Зуёнак