epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Казацкая калыханка

Спі, мой родны, спі, мой шчасны,

      Лю-лі, сынку мой.

Ціха свеціць месяц ясны.

      Шле нам промень свой.

Не заўважу цёмнай ночкі

      З песняй над табой;

Ты ж засні, заплюсні вочкі,

      Лю-лі, сынку мой.

 

Паміж скал струменіць Церак,

      Плешча мутны вал;

Там чачэн паўзе на бераг,

      Точыць свой кінжал;

Але знаў твой бацька войны,

      Вёў няроўны бой;

Спі, маленькі, будзь спакойны,

      Лю-лі, сынку мой.

 

Прыйдзе час, учуеш стрэлы

      Баявога дня;

Стрэльбу возьмеш ты і, смелы,

      Сядзеш на каня.

Разуквечу скрозь сядло я

      Ніткай дарагой...

Спі, дзіця маё малое,

      Лю-лі, сынку мой.

 

Будзеш дужы з росту-стану

      І казак душой.

Выпраўляць цябе я стану —

      Ты махнеш рукой.

Колькі тайных слёз пральецца

      Горкай ночкай той!..

Спі салодка, маё сэрца,

      Лю-лі, сынку мой.

 

Буду я чакаць, нудзіцца,

      У трывозе жыць;

Буду цэлы дзень маліцца,

      Ноччу варажыць;

Думаць, што па мне ўздыхаеш

      На зямлі чужой...

Спі, пакуль турбот не знаеш,

      Лю-лі, сынку мой.

 

Дам табе я на дарогу

      Свой абраз святы:

Перад ім маліся богу

      Шчырым сэрцам ты;

Бой жа грымне небяспечны —

      Маці памятай...

Спі, анёлак мой сардэчны,

      Лю-лі, лю-лі, бай.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў