epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Лісток

Ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны

У стэп пакаціўся, няўмольнаю бураю гнаны;

Засох і завяў ён ад холаду, спёкі і гора.

Нарэшце, усё ж дакаціўся да Чорнага мора.

 

Ля Чорнага мора чынара стаіць маладая:

З ёй шэпчацца вецер, зялёнае вецце гайдае;

І райскія птушкі на вецці зусім не сумуюць;

У песнях сваіх услаўляюць царэўну марскую.

 

Вандроўнік, як зросся з карэннем чынары высокай;

Прытулку часовага моліць са смуткам глыбокім;

І так ён гаворыць: “Я бедны лісточак дубовы,

Заўчасна я выспеў і вырас у краі суровым.

 

Адзін і без мэты па свеце нашуся даўно я,

Без ценю засох я, завяў без спачыну-спакою.

Прымі ж ты прышэльца між лісцяў сваіх ізумрудных,

Я ведаю многа сказанняў дзівосных і мудрых”.

 

“Ты мне непатрэбны! — лістку адмаўляе чынара —

Ты пыльны і жоўты, — сынам маім свежым не пара.

Ты многае бачыў — нашто мне быліны і жахі?

Мой слых прытамілі даўно ужо райскія птахі.

 

Далей падавайся: быць побач з табой не згаджуся.

Мяне любіць сонца, цвіту для яго і свячуся:

Па небе я вецце раскінула тут на прасторы,

Мае карані абмывае халоднае мора”.

 

1841



Пераклад: Юрась Свірка