epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Не вер сабе

Que nous font après tout les vulgaries abois

De tous ces charlatans, qui donnent de la voix.

Les marchands de pathos et les faiseurs d’emphase

Et tous les baladins qui dansent sur la phrase?

A. Barbier.*

 

Не вер, не вер сабе, о летуценнік мой,

      Як язвы, бойся юнага натхнення…

Яно — палоннай думкі неспакой

      Ці хворае душы тваёй трызненне.

Нябёс прыкметы ў ім дарэмна не шукай:

      — То кроў кіпіць, то сілы неспакою!

Жыццё сваё ў турботах сунімай —

      Не знай атрутнага напою!

 

А здарыцца адкрыць у запаветны міг

      Нязнаную, таемную крыніцу

Ў душы, даўно маўклівай, хай твой слых

      Салодкім спевам тым не наталіцца, —

Бязвольна не скарайся чарам тым,

      Накінь на гукі забыцця пакровы:

Халодным вершам, словам ледзяным

      Не выявіш ты сэнс іх адмысловы.

 

Калі журба затоіцца ў душы,

      Ці жарсць успыхне бурнай навальніцай, —

З сяброўкаю шалёнай не спяшы

      На баль людскі пасмешышчам з’явіцца;

Не прыніжай сябе. Саромся гандляваць

      Ты гневам ці журбой сваёю думнай

І гной душэўных ран пыхліва выстаўляць

      На подзіў чэрні ветранай і тлумнай.

 

Што нам з таго, пакутнік ты ці не?

      Навошта знаць пра хваляванні тыя,

Пра час, што ў мроях марных адзвінеў,

      Пра шкадаванні і развагі злыя?

Пабач: перад табой натоўп ідзе

      Гулліваю дарогаю і звыклай,

І на святочных тварах ты нідзе

      Не ўгледзіш ні турбот, ні слёз апрыклых.

 

І ў той жа час між іх хаця б адзін

      Знайшоўся, што пакутай не памяты,

Што праз гады дабраўся да маршчын,

      Не зведаўшы злачынства альбо страты!

Павер: ім смешны плач твой і дакор,

      І твой напеў завучана-натхнёны,

І ты, нібы ў трагедыі актор,

      Наперавес з мячом кардонным.

 

1839

* Якая справа нам, у рэшце рэшт, да грубага брэху ўсіх гэтых крыклівых шарлатанаў,

гэтых гандляроў пафасам, што ўчыняюць шум, і ўсіх гэтых паяцаў, што таньчаць на

фразе.

А. Барб’е (франц.)



Пераклад: Васіль Зуёнак