1
Я знаў яго — блукалі сярод гор
Усходніх з ім мы... і тугу выгнання
Дзялілі там; зноў родны свой прастор
Убачыў я; часы выпрабавання
Мінуліся законнаю чаргой;
А ён не дачакаўся далі роднай:
Пад беднаю палаткаю паходнай
Хваробай лютай скошаны, з сабой
Забраў ён у труну лятучы рой
Нявыспеўшых натхненняў, хваляванняў,
Няздзейсненых надзей і горкіх шкадаванняў…
2
Радзіўся ён для тых надзей святых,
Паэзіі і шчасця... нецярплівы —
З пялюшак рана вырваўся сваіх
І кінуў сэрца ў вір жыцця шумлівы,
І свет не дараваў — і лёс не ўзнёс!
Але пранёс ён па шляхах пакутных
Сярод людзей, сярод пустынь бязлюдных
Сардэчнасць пачуцця, праўдзівасць слёз,
Не згаслі вочы колеру нябёс,
І ён не страціў шчырасці дзіцячай
І веры ў род людскі, што будзе жыць іначай.
3
Ніхто з сяброў не крочыў за труной...
Мір сэрцу мужнаму, мой любы Саша!
Укрытае чужых палёў зямлёй,
Хай ціха спіць яно, як дружба наша
У могільніку памяці маёй.
Памёр ты, як і многія, — без шуму,
Ды з цвёрдасцю. Запозненую думу
Тваё чало таіла перад тым,
Як вочы змрок ахутаў назусім.
І тое, што сказаў ты ў час журботны,
З прысутных зразумець не мог тады ніводны.
4
Што ты сказаў?.. Вітаў свой родны край,
Ці можа ўспамінаў сяброў імёны,
Альбо, перамагаючы адчай,
Цяжкой хваробе пасылаў праклёны,
Хто скажа нам! Апошніх тых хвілін
Глыбокае і горкае значэнне
Загублена... Задум і спраў здзяйсненне
І летуценне зніклі ў міг адзін,
Як цені вечаровыя хмарын:
Ледзь выплывуць, іх вецер зноў зганяе...
Куды яны, чаго? — адкуль? — хто іх спытае...
5
І гіне ў небе іхні след, як сон
Дзіцячай закаханасці маркотнай,
Як мары хлапчука, якія ён
Не давяраў прыязнасці пяшчотнай!..
Такой бяды!.. Сярод сыноў сваіх
Хай свет твайго не ўспомніць існавання:
Нашто табе вянкі яго прызнання
І церні дзікія паклёпаў злых?
Не быў ты служкай спраў яго пустых,
Яго ланцуг адкінуўшы здрадлівы:
Любіў ты мора шум і сіні стэп маўклівы
6
І змрочных гор зубчастыя хрыбты...
Там, дзе твая згубілася магіла,
Усё, чаму ў жыцці быў рады ты,
Дзівосна доля ў горкі час злучыла.
Маўклівы стэп сінее, і вянком
Яго Каўказ суровы абкружае;
Над морам ён, пахмуры, спачывае,
Як волат, што схіліўся над шчытом,
Прыслухаўшыся да вячыстай далі,
А мора Чорнае шуміць і гоніць хвалі.