epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Спяшаюся з чужога краю...

Спяшаюся з чужога краю

Дамоў, адбыўшы свой палон,

Табе, Казбек, я пасылаю

З шляхоў вандроўніцкіх паклон.

 

Ты ўзняў між небам і зямлёю

Чало, спавітае чалмой.

І гул людскога неспакою

Не ўзрушыць горды твой спакой.

 

Ды сэрца ціхага маленне

Ты аднясі з тваёй скалы

Туды, дзе зорнае праменне

Прастола вечнага Алы.

 

Малю, каб дзень сышоў халодны

На дол гарачы, пыльны шлях,

Каб я ў пустыні ў час спякотны

Мог адпачыць на камянях.

 

Малю, каб бура не застала,

З маланкай, громам і дажджом,

На кручах змрочнага Дар’яла

Мяне са стомленым канём.

 

Ды ёсць яшчэ адно жаданне! —

Падумаць жудасна аб тым! —

А што, калі з часоў выгнання

Мой край забыў мяне зусім!

 

Ці там патраплю я ў былыя

Абдымкі шчырых дружбакоў?

А ці пазнаюць дарагія

Пакутніка праз шмат гадоў?

 

Альбо на могілках халодных

Наведаю, як позні госць,

Я прах сяброў высакародных,

Са мной дзяліўшых маладосць?

 

О, калі так, ліхой віхурай,

Казбек, засып мяне хутчэй

І па сваёй цясніне хмурай

Без жалю тло маё развей.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў