epub
 
Падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

«У туман выходжу на дарогу...»

1

У туман выходжу на дарогу;

Шлях блішчыць... Нікога анідзе;

Дрэмле ноч. Пустэльня чуе бога,

Зорка з зоркай гутарку вядзе.

 

2

Светла ў небе, радасна, пявуча!

У блакітным ззянні спіць зямля...

Дык чаму ж так цяжка і балюча?

Што са мной? Чаго шкадую я?

 

3

Ад жыцця нічога не чакаю,

Не шкада мінулага нічуць;

Цішыні і волі я шукаю!

Я б хацеў забыцца і заснуць!

 

4

Ды не тым халодным сном магілы...

Так заснуць хацеў бы на зямлі,

Каб жыцця ў грудзях драмалі сілы

І каб грудзі дыхалі, жылі;

 

5

І каб, слых мой песцячы штодзённа,

Пра каханне мілы голас пеў,

І каб вечна нада мной зялёны

Цёмны дуб схіляўся і шумеў.



Пераклад: Алесь Бачыла

Беларуская Палічка: http://knihi.com