epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Прышвін

Адзінокі журавель

Штораніцы прылятаў на поплаў адзінокі журавель і не трубіў, а толькі свістаў. У вёсцы яго заўважылі і кожны раз вялі пра яго размовы.

Чаму ён свішча?

Адны казалі - хворы. Другія - стары. Трэція здагадваліся - у час пералёту забілі яго самку. Апошняя здагадка была б пэўнай, але толькі ўзнікала пытанне, чаму ж ён не выбраў сабе іншую? Тады зноў вярталіся да таго, што журавель стары, у яго не хапіла б сілы адбіць сабе.

Слухаючы ўсё гэта, я спытаў:

- А ўвосень, калі маладых самак будзе хапаць, ці можа ён, стары, паводле жураўліных законаў выбраць сабе маладую жонку?

Паляўнічы Фёдар Іванавіч, які выдатна ведаў жыццё журавоў, адказаў:

- Возьме маладую.

Жонка яго забурчала:

- Маладую, маладую, а што ў тым добрага - сам стары свістун, а яна маладая.

- Ну, з маладой, - адказаў Фёдар, - ён перастане свістаць, з маладой жонкай і стары затрубіць.

Усе засмяяліся. А Фёдарава жонка вельмі раззлавалася і сказала яму пры ўсіх у вочы:

- Бессаромнік!

Яна вельмі яго раўнавала.

 

1928



Пераклад: Барыс Сачанка