epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхайла Грамыка

Лісты

1. Лісу А. С. 2 снежня 1964 г.
2. Шушкевічу С. П. 2 студзеня 1965 г.
3. Шушкевічу С. П. 14 студзеня 1965 г.
4. Шушкевічу С. П. 14 лютага1965 г.
5. Ліхадзіеўскаму С. I. 2 лютага 1965 г.
6. Шушкевічу С. П. 4. мая 1965 г.
7. Шушкевічу С. П. 31 ліпеня 1965 г.
8. Шушкевічу С. П. 23 ліпеня 1965 г.
9. Шушкевічу С. П. 6 жніўня 1965 г.
10. Шушкевічу С. П. 5. верасня 1965 г.
11. Шушкевічу С. П. 18 кастрычніка 1965 г.
12. Шушкевічу С. П. 24 студзеня 1966 г.
13. Вялюгіну А. С. 4—5 сакавіка 1966 г.
14. Шушкевічу С. П. 18 сакавіка 1966 г.
15. Шушкевічу С. П. 10 красавіка 1966 г.
16. Шушкевічу С. П. 4 мая 1966 г.
17. Шушкевічу С. П. 15 мая 1966 г.
18. Шушкевічу С. П. 25 верасня 1966 г.
19. Шушкевічу С. П. 15 кастрычніка 1966 г.
20. Шушкевічу С. П. 24 кастрычніка 1966 г.
21. Шушкевічу С. П. 4 снежня 1966 г.
22. Шушкевічу С. П. 11 студзеня 1967 г .
23. Шушкевічу С. П. 19 студзеня 1967 г.
24. Шушкевічу С. П. І лютага 1967 г.
25. Шушкевічу С. П. 9 сакавіка 1967 г.
26. Шушкевічу С. П. 16 сакавіка 1967 г.
27. Шушкевічу С. П. 16 мая 1967 г.
28. Шушкевічу С. П. 2 ліпеня 1967 г.
29. Марціновічу А Н. 20 ліпеня 1967 г.
30. Марціновічу А. Н. 30 ліпеня 1967 г.
31. Шушкевічу С. П. 24 жніўня 1967 г.
32. Шушкевічу С. П. 2 кастрычніка 1967 г.
33. Шушкевічу С. П. 29 кастрычніка 1967 г.
34. Шушкевічу С. П. 2 снежня 1967 г.
35. Шушкевічу С. П. 12 студзеня 1968 г.
36. Шушкевічу С. П. 15—16 сакавіка 1968 г.
37. Шушкевічу С. П. 4 красавіка 1968 г.
38. Шушкевічу С. П. 28 чэрвеня 1968 г.
39. Шушкевічу С. П. 17 верасня 1968 г.
40. Шушкевічу С. П. 27 кастрычніка 1968 г.
41. Шушкевічу С. П. 30 лістапада 1968 г.
42. Шушкевічу С. П. 7 снежня 1968 г.
43. Шушкевічу С. П. 10 сакавіка 1969 г.
44. Шушкевічу С. П. 25—26 сакавіка 1969 г.
45. Шушкевічу С. П. 12 красавіка 1969 г.


 

1. Лісу А. С. 2 снежня 1964 г.

 

2/1-64

 

Добры дзень, Арсені!
(сам вінен, што не велічаю па-бацьку)

Згодна Вашага ліста і прапановы, пасылаю як «узор» успамін пра Антона Грыневіча. Калі нешта падобнае Вам падыходзіць, напішыце, буду ўспамінаць пра іншых. Калі не — напішыце і гэта.

Наогул кажучы, мемуараў не вяду. Па асабістых прапановах што-якое адсылаў:

Успаміны аб беларускім тэатры — у належны аддзел БАН.

Успаміны пра Якуба Коласа — у музей па просьбе Данілы Міцкевіча і г. д.

Цікава, што ў Мінску ў пэўных колах склаўся незразумелы для звычайных чалавечых адносін «звычай»: не адказваць на лісты і запытанні. Спадзяюся, што Вы — за межамі гэтага «кола»?

Ваша прозвішча Ліс — гэта не скарочанае, не псеўданім? І як па-бацьку.

Між іншым, майго бацьку звалі Аляксандр.

Застаюся з пашанай

Міхайла Грамыка.

 

 

2. Шушкевічу С. П. 2 студзеня 1965 г.

 

 

22/1-65 г.

Хімкі

 

 

Даражэнькі мой Станіслаў Пятровіч!

Радасна ўсхваляваўся я, прачытаўшы Ваш ліст і Вашы чулыя радкі да мяне ў «Полымі». Гэта быў найлепшы навагодні падарунак. Вы, мой дарагі вучань у мінулым, ды яшчэ да гэтага невядомы мне Арсен Ліс, скінулі з маіх старых плячэй больш 30-ці гадоў! Так... Душэўна... На жаль, застаецца: у хуткім часе 80 гадочкаў жыцця... Хронік-язвеннік. Тры гады назад перанёс рызыкоўную аперацыю... Гастрыт, каліт... розныя «склеры» і «карды»... Але ва ўсім гэтым Вы ніяк не павінны! У выніку з 5-га года не рыпаюсь нікуды за межы маскоўскіх ваколіц. Што і казаць! Добра і радасна было б пабачыцца з усімі вамі, маімі дабрадзеямі ў Мінску! Але што зробіш! Дзякуй богу, што галава пакуль што не адмаўляецца працаваць. Ваш нарыс пра Ул. Хадыку поўны свядомай грамадзянскай чуласці. Наогул, чытаеш «Полымя» і бачыш, як узняліся ўгару нашы пісьменнікі, маладзейшыя за нас, пашырылася тэматыка, узбагаціліся формы, стыль.

Сэрца наліваецца радасцю, што ўслед нам, натуральна адыходзячым у «нірвану», ідуць шэраг за шэрагам яшчэ больш рупныя, больш таленавітыя працаўнікі на гонях культуры і ўздыму нашай Радзімы. А праз тое — уздыму брацкіх народаў Саюза і ўсёй сусветнай працоўнай грамады!

Бывайце здаровы! Жывіце шматгранным жыццём у новым годзе і ў шэрагу будучых!

Міхайла Грамыка.

Як выпісаць на год «Полымя»?

Умовы падпіскі не надрукаваны.

 

 

3. Шушкевічу С. П. 14 студзеня 1965 г.

 

14/1-65 г.

 

Дарагі Станіслаў Пятровіч!

Дзякую за добрае, шчырае вітанне ды за мінскія фота, якія даюць уяўленне аб сучаснай сталіцы нашай рэспублікі. На іх я прызнаў толькі гасцініцу. Аб часопісе «Полымя» не клапаціцеся, бо я выпісаў яго і буду атрымліваць з сакавіка. (Спазніўся з выпіскай.) Калі мае вершы будуць надрукаваны ў № 1 ці № 2, дык паведаміце, і я тут дастану. У Маскве ў адным кіёску прадаюцца.

Пісаць пра тых, хто яшчэ жыве, не варта, даражэнькі. Спытайцеся ў Ільі Гурскага, калі гэта той, што працаваў у Галоўліце, пра маю п’есу «Скарынін сын»: ці захавалася яна.

Бывайце здаровы!

Ваш Міх. Грамыка.

 

 

4. Шушкевічу С. П. 14 лютага1965 г.

 

14/ІІ-65 г.

 

Даражэнькі мой Станіслаў Пятровіч!

Вашы лісты да мяне заўсёды радуюць і бадзёраць. Дзякую! У мінскую бібліятэку я ўжо адаслаў свае запытанні адносна твораў даўнейшых, звяртаючыся, як вы раілі, да Н. Б. Ватацы. Ад С. Ліхадзіеўскага з Ташкента атрымаў зборнічак яго вершаў з надпісам. За гэта таксама трэба дзякаваць і Вам!

Трохтомнік «Ант. бел. паэзіі» маю. Толькі што перачытаў Вашы вершы ў 2-м томе. Добрая мова і размер... Ды толькі мала вершаў Вашых. З гэтага боку нам з Вамі не пашэнціла! Калі ёсць у Вас залішні зборнічак, прышліце, калі ласка! У мяне толькі па экземпляру сваіх. Прачытайце два апошнія вершы, якія я адаслаў у «Полымя» 28/1. Прачытайце ў Арс. Ліса мае ўспаміны. У іх знойдзеце што-якое і з біяграфіі маёй. Адносна артыкула яшчэ пагаворым. Мой погляд Вам вядомы.

Усяго добрага.

Міх. Грамыка.

 

 

5. Ліхадзіеўскаму С. I. 2 лютага 1965 г.

 

(Ташкент, Шахрызябская, 41.)

27/II-65 г.

 

Дарагі Сцяпан Іванавіч!

Вельмі парадавалі Вы мяне сваёй «Берасцянкай...» ды чулым надпісам на першай старонцы!

Як прыемна старому чалавеку даведацца, што памяць аб ім не зусім змарнела ў тых, каму ў свой час аддаваліся душэўныя сілы!

Творы Вашы ў значнай сваёй частцы вельмі блізкія мне. А наогул Ваш верш багат музычна, ды і па разнастайнасці тэматыкі Вы, як і большасць сучаснай нашай паэтычнай моладзі, пайшлі наперад у параўнанні з папярэднім пакаленнем. Добра, што многія з вас узяліся за іншыя мовы, за пераклады. І як таленавіта пішуцца пераклады! З Вашых мне асабліва падабаюцца пераклады з В. Гётэ.

Сучасная моладзь узварушыла і мяне, старога. Пасля вельмі значнага перапынку я зноў узяўся за пяро, каб «амаладзіцца» праз мову дзядоў маіх. У «Полымя» я паслаў некалькі вершаў. Кажуць, што будуць друкавацца. Адзін з маладых усё падбівае пісаць успаміны.

Я адаслаў яму ўжо пра чатырох, якіх знаў і якія адышлі ў нябыт.

На жаль, у мяне толькі адзін экземпляр зборніка «Плынь», каб абмяняцца з Вамі! Наогул я не маю многіх з сваіх твораў і не ведаю, ці адшукаю іх калі-небудзь!

Жадаю Вам далейшых поспехаў, як у літаратуры, так і ў навуковых імкненнях!

Сардэчна Ваш

Міхайла Грамыка.

 

 

6. Шушкевічу С. П. 4. мая 1965 г.

 

4/V-65 г.

 

Даражэнькі мой Станіслаў Пятровіч!

Даруйце, што пазнюся з адказам на Ваш шчыры ліст, але хоць не адразу, на шчырасць — шчырасцю! Вельмі дзякую за № 2 «Полымя». З № 3 я часопіс атрымліваю па падпісцы. Раман Ул. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» зацікавіў мяне. Калі дачытаю, скажу аб сваім уражанні. Ці не першая гэта спроба гістарычнага рамана на нашай мове? Караткевіч валодае мовай ці хто пераклаў? Ваша неадступная просьба пісаць аўтабіяграфію зрабіла сваё: я-ткі ўзяўся за яе. Праз 5—7 дзён атрымаеце частку. Напішыце, ці варта працягваць. Пішыце шчыра, не шкадуючы, таксама пра мае вершы. Якое ўражанне ад іх у рэдакцыі і наогул сярод пісьменнікаў?

Бывайце здаровы!

Дзед Міхайла.

 

 

7. Шушкевічу С. П. 31 ліпеня 1965 г.

 

31/VІІ-65 г.

 

Даражэнькі Станіслаў!

Пасылаю ў поўнае тваё скарыстанне аўтабіяграфію. Такую ж, перапісаўшы чарніламі, перашлю ў Саюз разам з іншымі матэрыяламі.

Што да характарыстыкі ад Ул. Дубоўкі, то даю табе яе толькі часова. Другі экземпляр, прысланы Ул. Д., перасылаю таксама ў Саюз пісьменнікаў. Тое, што напісаў пра мяне Дубоўка, мне вельмі дорага. Больш экземпляраў у мяне няма.

К. Буйла да гэтага часу маўчыць: мо захварэла ці на дачы?

Бывай здароў!

Твой Міх. Грамыка

 

8. Шушкевічу С. П. 23 ліпеня 1965 г.

 

23/VІІ-65 г.

 

Даражэнькі мой Станіслаў!

Учора звякаў мне Мік. Улашчык, перадаваў тваю просьбу хутчэй выслаць аўтабіяграфію. А сёння я атрымаў з Саюза пісьменнікаў цэлы пакет з рознымі анкетамі. Чакаюць высылкі трох рэкамендацый, фотаздымкаў і г. д. Між іншым, прапануюць звярнуцца да Ул. Дуб. і Канст. Буйла, даюць іхныя адрасы.

І зараз пішу да іх. А трэцім маім «шэфам» прыйдзецца стаць табе, даражэнькі. Аб чым і прашу. Заўтра іду фатаграфавацца. Калі атрымаю рэкамендацыі ад Дубоўкі і Буйлы, запоўню анкеты, напішу кароткую аўтабіяграфію, то перашлю ўсё гэта ў Саюз. Думаю, што пісаць табе яшчэ адну аўтабіяграфію не трэба.

Незалежна ад усёй гэтай фармалістыкі, я напісаў ужо першую частку «Старонкі сямейнай хронікі». Сёння чытаў сваёй дачцы Марыне. Ёй падабалася, і яна настойвае працягваць. Калі атрымаеш гэтую частку, паспрабуй паказаць у рэдакцыі. Можна было б друкаваць у «Полымі» па частках. Якое будзе ўражанне ад гэтай работы — напішы.

Бывай здаровы з усёй сямейкай тваёй!

Сардэчна твой Міхайла.

 

9. Шушкевічу С. П. 6 жніўня 1965 г.

 

6/VІII-65 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Атрымаў тваю рэкамендацыю, за якую вельмі-вельмі дзякую! Яна станецца для мяне каштоўнай не менш як Ул. Дубоўкі.

Што да твайго ліста, а ў ім да шэрага пытанняў, то магу накіраваць цябе да Арс. Ліса, у якога знаходзяцца мае ўспаміны пра пэўных дзеячоў, а ў гэтых успамінах знойдзецца досыць і пра мяне.

Дзіўлюся, што да гэтага часу вы абодва не пазнаёміліся, хоць праца ваша ў значнай меры верціцца каля агульнай асі. Жывяце ў адным горадзе! Адрас яго я, здаецца, даваў табе. [...]

Па-другое. Я пераслаў у Саюз анкетны матэрыял, з якога можна будзе выбраць амаль усё, што цябе цікавіць. Ды паслаў табе аўтабіяграфію. Дадаю да яе што-якое.

1. Маіх былых вучняў-пісьменнікаў памятаю слаба, [...]

2. На рускай мове пачаў пісаць у 1907—1908 гг. Друкаваўся ў невялікіх маскоўскіх часопісах («Самообразование», «Белый камень», «Пробуждение» (?).

3. Жыў на Госпітальнай, 4, у прыватным доме, тры пакоі. Другую палову займаў гаспадар. Перад ганкам — стары каштан, прытульны ценявы куток. Крыху далей, ужо каля канца парку — двухпавярховы новы дом Я. Коласа.

4. З Я. Купалам быў асабіста, сямейна дружны. Бываў і ў Я. К. з Ц. Гартным сустракаўся часта ў рэдакцыі. Таксама з Зм. Бядуляй. З А. Гурло — рэдка.

5. Архіў рукапісаў пры мне. У ім: 1. Машынапісны экземпляр вершаў на рускай мове — «Рифмованные тропы». 2. Машынапісныя экз. п’ес «В семье Паншиных», «При разведке недр». Даваў у маскоўскія тэатры. Для пастаноўкі адкладваліся. З. Незакончаны вершаваны раман «Старые липы». 4. Незакончаны раман «Федор Тихвин». І інш.

6. Кніжачку атрымаў. Чытаю. Асабліва падабаюцца дзіцячыя вершы.

Пасылаю фатаграфію.

Здаровенькі бывай.

Міх. Грамыка.

Фота пасылаю асобна: няма канверта.

 

10. Шушкевічу С. П. 5. верасня 1965 г.

 

5/ІХ-65 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Учора атрымаў твой ліст і «Вясёлку», за якую вельмі дзякую. Можа, калі мая ўнучка Таццяна (ад дачкі Расціславы, ёй зараз тры гады) зацікавіцца прачытаць яе, «адолеўшы» мову сваіх продкаў з матчынага боку (бацька яе карэнны велікарус).

Ты доўга не адказваў на мой ліст, і я ўжо занепакоіўся, што з табой. Дзівакі вы, хлопцы — ты, Шкраба і інш. У вас пад рукой досыць матэрыялу пра мяне: у сакратара Саюза (аўтабіяграфія, пералік твораў і беларускіх, і рускіх па гадах і інш. Затым у Ліса, у Германовіча і ў іншых працаўнікоў Акадэміі). Няўжо мне па другому разу пісаць усё? Што да п’есы «Каля тэрасы», то я прагледжу яе, прымаючы твае заўвагі.

У раёне Рэчыцы пачалі доследы — Азбукін і я. Ён — геаграфічныя, я — геалагічныя. Калі б не спынілі нашу работу ў той час, то, можа быць, нафта была б вядома ў гэтым раёне з 1930 г.

Зборнік «Плынь» я табе перасылаю. [...]

А за гэтым і не гледзячы на ўсё такое, заставайся фізічна здаровым і душэўна спакойным і задаволеным!

Міхайла.

 

11. Шушкевічу С. П. 18 кастрычніка 1965 г.

 

18/Х-65 г.

 

Дружа Станіслаў!

Кладу руку на сэрца, звяртаючыся да цябе, праз ростань з падзякай за ўсе клопаты аб маіх літаратурных справах!

Яшчэ раз пацвярджаю, што лічу цябе сваім прадстаўніком і давераным, і ў якасці такога прадаўжай дзейнічаць адносна маіх усіх твораў.

Вельмі прыемна, шчырыя хлопцы, чуць ад вас, як блізка і чула адносіцеся вы да майго юбілею. Але як рэагаваць будуць «моцныя свету» — невядома. Ды гэта і не так ужо хвалюе мяне! Пэўную «славу» я ўжо ў свой час перажыў — хопіць старому да яго веку!

Адно зараз прашу цябе, дарагі Станіслаў, і ўсіх да мяне прыхільных,— не настойвайце, каб я абавязкова прыехаў у Мінск у сувязі з юбілеем. Слоў іншых няма: самому мне хацелася б пабачыцца з усімі вамі, пазнаёміцца вочы ў вочы! Але зразумейце: без хвалявання мой «візіт» у Мінск не абыдзецца. А яно, гэтае хваляванне, можа вельмі кепска і непажадана скончыцца і для мяне, і для вас усіх!

Можа, значна пазней, не раней вясны, я і наведаюся на Радзіму, калі, вядома, дажыву да таго часу! Будзе менш урачыстасці, менш хвалявання. Ну, дык вось так умовімся.

Ці трэба казаць, што бачыць цябе тут, у маёй кватэры, калі здарыцца быць табе ў Маскве, будзе мне вельмі прыемна, аж на сто крат!

Папісваю патроху свае «Старонкі». Калі перапішу частку, перашлю табе.

Бывай здароў і працавіт, дружа.

Михайла Грамыка.

 

12. Шушкевічу С. П. 24 студзеня 1966 г.

 

24/I-66 г.

 

Дарагі Станіслаў!

12 і 19 студзеня адаслаў у выдавецтва дзве бандэролі: «Плынь» і «Дзве паэмы» са сваімі праўкамі, заўвагамі і лістом да Казекі. Будзь ласкаў наведацца да яго, каб інфармаваць мяне, у якім стане гэтыя рэчы. Зараз бяруся за п’есу «Каля тэрасы», якая патрабуе больш часу на рэдагаванне. Прыйдзецца, мусіць, значную частку перапісваць ад рукі. Каб гэта дастаць «Полымя» за 1929 г. № 7, ды ўзяць з яго п’есу «Віно бушуе», ды перадаць у выдавецтва?

Зноў перачытаў твой артыкул «След на зямлі». Чытаў сваёй дачцэ Марыне, якая прыехала з Новасібірска ў навуковую камандзіроўку. Будзе абараняць, мусіць, дысертацыю на доктара гістарычных навук. Пра гэты артыкул згодна гаворым: добра напісаны! Крыху ёсць «перасолу», але гэта нішто: зусім без яго, мусіць, няможна.

Бывай здароў, даражэнькі, са сваёй сямейкай!

Чакаю ліста, але не спяшайся з гэтым.

Міхайла Грамыка.

 

13. Вялюгіну А. С. 4—5 сакавіка 1966 г.

 

4—5/ІІІ-66 г.

Хімкі

 

Дарагі Анатоль Сцяпанавіч!

Па-першае, прыношу вялікую падзяку за кніжку вершаў «Адрас любві». Вы як паэт добра разумееце прыемнасць атрымаць вершаваныя тропкі душы ад калегі. А калі творы сябра выказваюць яшчэ і пэўную роднасць, блізкасць, дык прыемнасць узводзіцца «у квадрат»! Вось і зараз, калі кніжка разгорнута і я чытаю... Па тэматыцы, стылю, «ладу гуслей» «Адрас любві» вельмі набліжаецца да «Плыні», хоць раздзяляюць іх амаль трыдзесят год!

Троху дзівіць назва зборніка: занадта прэтэнцыёзная. І чаму: «любві», а не «кахання»? Ну, ды мы яшчэ пагаворым аб сутнасці,пакрытыкуем адзін аднаго. Адказваю на запытанні.

1. Новых вершаў пакуль у мяне няма. Тыя вершы, што былі ў рэдакцыі «Полымя» і не друкаваліся, зараз увойдуць, мусіць, у зборнік.

У другі нумар зборніка «Дзень беларускай паэзіі» я адаслаў верш «Ветразь» і некалькі рамансаў. (Між іншым, трэба лепш замяніць назву: «Ветрыгон» або проста «Вецер»).

2. Справа з «Сямейнай хронікай» пакуль спынілася, бо зараз праглядаю машынапісны экземпляр ды заканчваю драму «Каля тэрасы» ў новай рэдакцыі. Праўда, у мяне напісана яшчэ столькі, колькі знаходзіцца ў Шушкевіча. Трэба толькі перапісаць.

Як разумець Вашыя словы: «Калі можам планаваць»? Збіраецеся друкаваць «Хроніку» ў «Полымі» ці асобным выданнем?

3. Цяпер пра «нафту». Браточкі! Не трэба перавялічваць маёй ролі ў справе шукання падземных скарбаў нашай Радзімы.

У свой час я працаваў як геолаг пад кіраўніцтвам праф. (а пазней акадэміка) Мік. Фёд. Бліадухо. Апрача яго, геалогію Беларусі даследавалі: праф. Лунгензгаўзен (Горкі, Акад. с.-г. навук), праф. Церлецкі (Мінск, універсітэт), праф. Касаткін (почвавед) і інш. Я рабіў маршрутныя агляды ў розных раёнах: 1) аглядаў выхады палеазоя каля Раванічаў (на усход ад Мінска), 2) шукаў граніт для Маўзалея Леніна, 3) прайшоў летам 1924 г. з двума студэнтамі ўсю рэчку Проню ад г. Горак да злучэння яе з Сожам каля Слаўгарада (б. м. Прапойск) і інш.

У 1930 г. я быў накіраваны ў Рэчыцкі р-н, разам з географам Мік. Азбукіным. Гэта быў першы, зноў-такі маршрутны пошук. Магчыма, што ў выніку яго, мы і «нашчупалі б» прыкметы нафты і было б паказана месца, дзе належала б ставіць сталую разведку. Як вядома, нашы работы (геалогія і геаграфія) былі спынены. Ні я, ні Азбукін не мелі ўжо далей ніякага дачынення да сталай разведкі нафты. Вёску Гарывада я не ведаў і не ведаю. Уся слава адкрыцця беларускай нафты належыць, безумоўна, пазнейшым, маладым геолагам. Мне было б вельмі прыемна, каб сярод іх значыўся хто-небудзь з маіх слухачоў па геалогіі і мінералогіі ў Бел. дзярж. унів.

Ці варта здымаць мяне для фільма? Думаецца, вельмі мала для гэтага «грунту». Я не пакрыўджуся, калі абмінуеце мяне. З Хімак я не збіраюся рыпацца анікуды.

Застаюся з пашанай Міхайла Грамыка .

Кажаце, што мой зборнік запланаваны аж на 67-ы год? Для мяне гэта тэрмін досыць адцягнуты ў «імглу» часу...

 

14. Шушкевічу С. П. 18 сакавіка 1966 г.

 

18/ІІІ-66 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Пішу аб сваіх справах па парадку, як у добрай канцылярыі.

1. Аб п’есе «Каля тэрасы». Тры акты перапісана на бяло. Працую над 4-м. Мяркую закончыць праз тыдзень і адаслаць І. Д. Казеку. Разам з рукапісам вышлю і друкаваны экз. дзеля параўнання. (Яго трэба вярнуць.)

Як пабачыце, новы варыянт — зусім «новая» п’еса. Яна больш дынамічна і псіхалагічна абгрунтавана. На маю думку, дык «К. Т.» рацыянальна было б выдаць асобнай кніжкай (як гэта і было). Чаму? Яна больш за іншыя мае п’есы падыходзіць да сучаснасці, асабліва з набліжэннем да 50-гадовага юбілею. Хутчэй за іншыя яна можа пайсці на сцэну.

Калі яе пусцяць праз машынку, добра было б зачытаць перад гуртком артыстаў і паслухаць крытыку.

2. Ці адшукаў у старым «Полымі» маю п’есу «Віно бушуе»? Калі адшукаў, што робіце з ёю? Яе разам з п’есай «Над Нёманам» можна было б пусціць у другую чаргу, г. зн. пасля «К. Т.».

Я сам не памятаю, як выглядаюць гэтыя п’есы. Экземпляр «Над Нёманам» (машынапісны) у мяне ёсць.

3. Гаварыў з табой Анатоль Вялюгін пра мой ліст да яго і пра «Хроніку»? Чаму не паспрабуеце пачаць друкаваць «Сям. хроніку» ў «Полымі»? На тваіх руках першая частка. У мяне гатова значная доля і другой (толькі перапісаць). Калі пачнуць друкаваць, я буду ахатней пісаць працяг. Трэба шчыра табе сказаць, што я зараз вельмі зацікаўлены ў ганарары. Чаму? Вось хутка прыйдзецца зноў аплаціць машыністку за п’есу, і далей. Як ні нязначная сума 25—30 руб, але для мяне яны «накладныя»! [...]

4. Калі надрукуюць 2-ю кніжку «Дзень беларускай паэзіі» — вышлі мне яе. Вышлі таксама наступныя кніжкі:

1. Бірыла М. В. Беларуская антрапанімія. 1 р. 23 к.

2. Часопіс «Навука і тэхніка» (ці выдавецтва?). Аб некаторых асаблівасцях беларускай літаратурнай мовы. 0-68 к.

3. У мяне няма ніводнай п'есы К. Крапівы. Хацеў бы мець. І не крыўдзіся, Станіслаў, калі я вышлю табе за кніжкі нейкую суму. Ведаеш польскую старую прыказку: «Жывем, як браты, а рахуемся, як гандляры».

Ну, бывай здароў!

Прывітанне жонцы. Пацалункі дзеткам.

Міхайла Грамыка.

 

15. Шушкевічу С. П. 10 красавіка 1966 г.

 

10/IV-66 г.

 

Дарагі мой Станіслаў!

Дзякую за дзве кніжкі, якія мы з жонкай пачалі чытаць з вялікім інтарэсам! Праз 2—3 дні высылаю І. Дарафеевічу п’есу «Над Нёманам».

Я пісаў яму, што ўсякія справы да мяне, звязаныя з выданнем, можна перадаваць праз цябе. Гэта не азначае, што я не цаню твайго часу, а толькі тое, што ты бліжэй да мяне. Зараз я сяджу над успамінамі аб сваім удзеле ў рэвалюцыі 1905 г. у Магілёве: вельмі насядае Магілёўскі абласны музей. Як скончу, прымуся за «Хроніку». Другая частка амаль гатовая, толькі перапісаць. Пасылаць мне 1-ю не трэба.

Укладаю ў канверт некалькі здымкаў са старых фота. Рабіў таварыш нашага сына. Выйшлі не надта добра. Калі прыгатуе, надышлю яшчэ.

Толькі днямі даведаўся я, што маеш сына 31 году. Што ж маўчаў? Ад мяне мала чым адстаў: нашай Расціславе 42 гады. Але ж ты мой вучань! Напішы пра сына і наогул пра склад сямейкі сваёй. Чакаем цябе да нас. Я калі і наведаю вас усіх, дык не раней, чымся будуць надрукаваны мае зборнікі, бо пра мяне наогул забыліся, за выключэннем некалькі дзесяткаў пісьменнікаў.

Як справа з другім № «Дня беларускай паэзіі»? У рэдакцыі мае вершыкі. Даведайся, ці будуць іх друкаваць? Калі не, перадай іх у «Полымя».

Ну, усяго найпрыемнейшага.

Міхайла Грамыка.

 

16. Шушкевічу С. П. 4 мая 1966 г.

 

4/V-66 г.

 

Дарагі мой Станіслаў!

Узаемна вітаю з Маем з усімі належнымі добрымі пажаданнямі! Праз пару дзён адсылаю ў Магілёўскі аб. краязнаўчы музей успаміны пра ўдзел у першай рэвалюцыі 1905—1907 гг. Аб іх настойліва прасіў гэны музей. Успаміны маюць часткова белетрыстычную форму і маглі б, на мой погляд, друкавацца ў часопісе. Але, паколькі я абяцаў іх музею, то нялоўка было б абмінуць яго. Не ведаю, як скарыстае іх музей. Было б крыху крыўдна, каб іх, узяўшы што-якое, здалі б у архіў адразу. Успаміны маглі б, з другога боку, стацца дадаткам да «Хронікі».

Як ідзе справа з адасланымі ў выдавецтва «Беларусь» маімі рэчамі?

Да сёння не высылаюць машынапісны экз. «Каля тэрасы», не гаворачы пра «Над Нёманам».

Не адказваеш мне, Станіславе, і пра зборнік «Дзень белар. паэзіі».

Што зараз робіш?

Ці вызваліўся ад службы, каб цалкам аддацца літаратуры? З свайго жыццёвага вопыту магу параіць зрабіць гэта як мага хутчэй. Я змог бы ў дзесяць разоў даць больш прадукцыі і на рускай (да 1917 года) і на роднай мове, каб у свой час дайшла да майго ўсведамлення гэтая, досыць ясная «ісціна»!

Пасылаю яшчэ два здымкі ў дадатак да ранейшых. Хай будуць у тваім архіве. Можа, калі-нікалі скарыстаюць іх для выдання. Вельмі прыемна хвалюе мяне шчырая перапіска з вучнямі і, галоўнае, з настаўніцай школы ў с. Чорнае! Абяцае прыслаць мне здымкі мясцовасці, дзе я нарадзіўся. А па леце — пасылку з яблыкамі з саду, які калісьці насадзіў мой бацька!

Што да выезду ў Мінск, дык зноў кажу: не рэальна! Куды лягчэй убачыцца з вамі, даражэнькія, і прыватна з табой, тут, у мяне! Ці як цяжка вам, маладым, выбрацца ў Маскву?

Бывай здароў з сям’ёй!

Твой нязменна прыхільны

Міхайла.

 

17. Шушкевічу С. П. 15 мая 1966 г.

 

15/V-66 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Лісты твае заўсёды робяць супакойна прыемнае ўражанне, не гаворачы ўжо пра каштоўнасць інфармацыі аб маіх літаратурных справах.

Крыху сумна, вядома, што друкаванне п'ес адкладаецца на доўгі час. П’еса «Над Нёманам» зараз састарэла, я згодны. Але «Каля тэрасы» ў новым варыянце — зусім іншае! Ці не папытацца прыстроіць яе ў які тэатр? Якраз у сувязі з 50-годдзем, яна актуальна ў новым варыянце. Што каб ты, Станіславе, аддаў адзін экземпляр машынапісны крытыку Тамары Бушко? Я прачытаў яе артыкул у «ЛіМе» «Варыянт другі Віцебскі» — і ён вельмі мне падабаўся сваёй аб’ектыўнасцю і кваліфікаванасцю ў тэатральных пастаноўках.

Мне вельмі хацелася б мець яе погляд на гэтую маю рэч. У выдавецтве зараз тры экземпляры «Каля тэрасы» з маімі праўкамі алоўкам. Вазьмі, будзь ласкавы, адзін экз., праўку зрабі атрамантам і перадай Т. Б.

Калі яна дасць станоўчы адказ, то можна было б перадаць у Віцебск Падабеду, падкрэсліўшы, што гэта новы варыянт. Праўда, у тэатры імя Я. Коласа сядзіць у якасці заг. літ. чалавек, які не прыхільна аднёсся да п’есы. Але і яму можна падкрэсліць, што ён не чытаў у гэтым варыянце. Не выйдзе з Віцебскам, можа, можна даць у трэці беларускі тэатр (дзе ён, не ведаю). Калектыў тэатра імя Я. Купалы не віншаваў мяне з 80-годдзем і туды звяртацца ці варта?

Нарэшце, можа, узяў бы п’есу і тэатр рускі, каб перакласці? (Гэта зрабіць зусім лёгка.) Вельмі будзе шкада, калі гэтая п’еса не ўбачыць падмосткаў. Я ўпэўнены, што яна будзе мець поспех. З нецярплівасцю чакаю «Полымя» з артыкулам Р. Бярозкіна. Калі ж ты, даражэнькі, наведаеш Маскву і нас?

Бывай здаровенькі!

Міх. Грамыка.

 

18. Шушкевічу С. П. 25 верасня 1966 г.

 

25 / ІХ-66 г.

 

Паздароў, дарагі Станіслаў!

Адрасую на Мінск, мяркуючы, што ты вярнуўся з падарожжа.

Днямі атрымаў з Мінска два лісты, розныя па зместу і яшчэ больш розныя па ўспрыняццю.

1. З Бел. тэатральнага аб’яднання. Нам. ст.— Стэльмах Ул. піша, што атрымалі ад двух народных тэатраў прапанову выслаць ім маю п’есу «Каля тэрасы». Я адказаў, што тры машынапісныя экз. знаходзяцца ў выдавецтве «Беларусь». А надалей прапанаваў звяртацца да цябе як упаўнаважанага па ўсіх маіх літ. справах. Будзеш мець час, зайдзі па адрасу: вул. Захарава, 10/6. Гэта вельмі было прыемна мне атрымаць.

2. З Беллітфонда. Дырэктар Аллер Ф. За «бывай здароў» проста прапануе мне ўнесці да 30/Х 10 рублёў за 1966 г. Ніколі, ні ад каго не чуў я пра існаванне БЛФ. У Саюз усе ўзносы за 1966 г. уплочаны. У чым справа? Я адказаў і гэтаму дырэктару ў належнай форме. Іх адрас: Мінск, ул. Энгельса, 9.

Ці выйшаў зборнік «Дзень белар. паэзіі» № 2? Калі выйшаў, будзь ласкавы, перашлі.

Як адпачываў у Кактэбелі? Што напісаў там? Твой артыкул у «ЛіМе» «А песні засталіся» добра, кваліфікавана напісаны.

У «Полымя» я паслаў два вершы. Чаму няма цябе сярод супрацоўнікаў «Полымя» на 1967 г.? Калі нарэшце я ўбачу цябе ў Хімках?

Бывай здаровенькі з усёй сямейкай.

Міх. Грамыка.

 

19. Шушкевічу С. П. 15 кастрычніка 1966 г.

 

15/Х-66 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Вельмі трывожыць мяне тваё маўчанне на мой ліст ад 25/ІХ. Ты, такі акуратны, уважлівы — і маўчыш! Ці не захварэў? Альбо вельмі заняты? Крый божа, каб не здарылася што дрэннае з табой: тады я згублю адзінага, нязменна клапатлівага па ўсіх маіх літаратурных справах сябра! Сёння атрымаў з выдавецтва экземпляр дагавора, падпісаны дырэктарам З. Матузавым. Так што справа друкавання значна рушыла наперад. Мяне цікавяць зараз такія пытанні:

1. Ці атрымалі ў БТА (Стэльмах) машынапісныя экземпляры п’есы «Каля тэрасы» (з выдавецтва) і што далей з ёю? Цікавіліся гэтай п’есай народныя тэатры ў Віцебску і Браславе?

2. Ці выйшаў зборнік «Дзень белар. паэзіі».

3. Як сябе адчуваеш? Што пісаў у Кактэбелі?

4. Растлумач мне, што за штука такая — Бел. літар. фонд.

Калі атрымаю, згодна дагавору, 25 працэнтаў за зборнік, дык абавязкова «выпішу» цябе сюды, бо вельмі хачу мець за свайго госця. І ані не адмаўляйся, даражэнькі Станіславе!

Каб жа хутчэй здалі ў набор!

Бывай здароў з сямейкай!

Твой Міхайла.

 

 

20. Шушкевічу С. П. 24 кастрычніка 1966 г.

 

24/Х-66 г.

 

Дзень добры, дарагі Станіслаў!

Дзякую за змястоўны ліст ды за клопаты аб маіх справах! Вельмі радуюся за твае літаратурныя поспехі, за плённы адпачынак у Сіняй бухце. Таксам калісь і я: большасць маіх п’ес пісалася ў летні адпачынак ад заняткаў, лекцый, дзе-небудзь на беразе мора (Адэса) або на дачы. Ніколі не было, каб я проста ляжаў дагары пупам, нічога не рабіў.

Ты калісь пісаў, нібы ў зборнік «Дзень белар. паэзіі» ўвойдуць мае вершы. Калі гэта так і яшчэ не позна, хацеў бы перамяніць назву аднаго верша — «Ветразь» — на «Зімовая пабудка».

Вельмі прашу цябе, Станіславе, і іншых, хто цікавіцца мной, як пісьменнікам, нічога не пісаць пра мяне, пакуль не выйдзе з друку мой зборнік. Хачу ведаць, як успрымуць яго настаўнікі, студэнты... без аніякіх нагадванняў! [...]

Ну, бывай здаровенькі!

Твой Міхайла.

 

21. Шушкевічу С. П. 4 снежня 1966 г.

 

4/ ХІІ-66 г.

 

Дарагі мой Станіслаў!

Твая «Навальніца» ляжыць на вачах у мяне.

Асабліва вольна-гучна пабудаваны вершы «Жарцікі» ІІІ раздзела. Падабаюцца таксама: «Лясное возера», «Сонца кліча», «Юным партызанам», «Звоняць бомы» і інш.

Ёсць у кніжачцы і «рыфмаваныя антыбіотыкі». Але без іх не можна!

Формай верша ты, Станіслаў, завалодаў поўнасцю. Справа зараз за вобразамі, тыпамі. Час пераходзіць да разгорнутых паэм. А яшчэ лепш — да добрай прозы. Пачынаць трэба, на мой погляд, з апавяданняў тыпу Мапасана, Чэхава. Але пра гэта сур’ёзна ў другі раз.

Днямі адаслаў у «Полымя» нешта «балладзістае» — «Сон пад буран». Перароблена з верша, накіданага яшчэ ў 1950 г. у Кіраўску.

Выпісаў з магазіна «Кніга — поштай» некалькі кніжак яшчэ 22/ХІ. Але дагэтуль нічога не атрымаў (наложным плацяжом).

Прачытаў у «ЛіМе» пра пленум пісьменнікаў. Вітаю абранне ў першыя сакратары Максіма Танка. Хто ж цяпер будзе галоўным рэдактарам «Полымя»? Ці не Янка Скрыган?

Вельмі прыемна чытаць, што ты актыўна выступаеш.

Я неяк пытаўся пра тваю сям’ю: колькі дзетак? Узрост? Як зваць? Дзе і як вучацца? Ведаю толькі, што ёсць дарослы сын.

Ну, заставайся здаровенькі з усёй купкай!

Твой Міхайла.

 

22. Шушкевічу С. П. 11 студзеня 1967 г .

 

11/1-67 г.

 

Дзень добры, Станіслаў!

[...] Учора выслаў у «Полымя» верш «Прамова». Там у іх ляжыць некалькі маіх вершаў. У 1966 г. не друкавалася нічога ўласна майго. Не лічу артыкул Р. Бярозкіна ў № 7. Да сёння не маю «ЛiМ», хоць падпісаўся даўно на год.

Не ведаю, што робіцца ў нашым літаратурным свеце.

Ці ўзяўся за што «саліднае»? Твой верш у № 12 досыць арыгінальны па канцоўцы, але я не паставіў бы яго ў рад лепшых тваіх твораў. З прозы ў апошнім № «Полымя» звяртае ўвагу Янка Скрыган («Конны двор» і інш.). Піша не кепска, але канцы вельмі «мяккія». «Лара» Рамана Сабаленкі падабаецца асабліва, што верагодна і вытрымана псіхалагічна і «ідэйна» зроблены канец.

Ну, бывай здароў, даражэнькі, як і ўся сямейка твая!

Міхайла.

 

23. Шушкевічу С. П. 19 студзеня 1967 г.

 

19/І-65 г.

 

Дарагі Станіслаў!

1. А вот як здарылася такая непрыемная дробязь з пераводам майго ганарару! Умовіўся я з тутэйшай ашчаднай касай, каб пратэлефанавалі, калі прыйдуць з Мінска грошы. Даў свой нумар тэлефона (74-84). Заходзіў разы два, заходзіў сын. «Нічога не атрымалі»,— кажуць. Ну я чакаю і чакаю. Злаваўся, нават лаяў бухгалтэрыю (добра, што толькі сам з сабою ды ў лісце да цябе!). Учора выпадкова заходзіў у ашчадную касу. «Грошы ляжаць ужо з 6/І», — кажуць. «Чаму ж не званілі?» — «Згубілі ваш нумар тэлефона».

Вось табе і на! Таму толькі сёння высылае Шушкевічанкам Дзед Мароз Міхайла невялічкі падарунак. Не бурчы і не набірай крыўды, бо я пакрыўджуся ў дзесяць разоў больш!

2. Адносна аўтабіяграфіі. Шчыра скажу, даражэнькія сябры мае, што надакучыла мне такая пісаніна. Іншая справа — «Старонкі сямейнай хронікі»: тут больш размаху і творчасці.

У цябе на руках пачатак. Гатовы і перапісаны і працяг. Буду прадоўжваць. Каму высылаць? Лагічна — табе, паколькі маеш ужо частку. Відаць, цікавіцца гэтай работай і Іван Дарафеевіч. Чакае чагось такога і Арсен Ліс. Добра было б, каб хто аддаў у машынапіс. Тады усе былі б задаволены. Работу машынапісную я з ахвотай аплаціў бы. Нагадваю зноў, што адрэзак часу майго жыцця (1905—1907) напісаны мной і знаходзіцца ў Магілёўскім музеі (удзел у рэвалюцыі 1905 г.).

3. Забыўся я падпісаць набраны экз. майго зборніка. Калі вельмі патрэбна, няхай Марціновіч (як яго імя і па бацьку?) вышле назад адзін аркушык, на якім трэба паставіць аўтарскі подпіс.

4. Па недагляду нашай пошты ці маскоўскага «Саюздруку» я не буду мець газеты «ЛiМ» увесь студзень. Калі ў якім нумары будзе што асобна цікавае для мяне, будзь ласкаў, прыслаць выразку. Я падпісаўся на «Полымя», «Беларусь» і «ЛiМ» яшчэ ў лістападзе на ўвесь год. Але для нашага п/а беларускія часопісы і газеты — гэта чыстая «заграніца»!

Каб канчаткова збавіцца хваробы, вытрымлівай лекарскі парадак, да часу не пакідай кватэры і ложка. У часопісе «Наука и жизнь» быў артыкул пра аспірын («Знакомый незнакомец»). Артыкул рэкамендуе гэты стары лек, як універсальны.

Цісну руку!

Міхайла.

 

24. Шушкевічу С. П. І лютага 1967 г.

 

7/ІІ-67 г.

 

Даражэнькі мой дружа Станіслаў!

Сёння для мяне дзень «уздыму веры ў жыццё і людскасць», бо атрымаў даўно чаканы ліст ад цябе і такія шчырыя радкі ад Шушкевічанак!

Як гэта я, чалавек доўгага вопыту, так лёгка дазволіў сабе, хоць і на кароткі час, засумнявацца ў тым, што досыць выразна выявілася на працягу часу і ў выразных формах! Не іначай як старэчая нецярплівасць ды склератычная «фантастыка»! Ну, усё добра, што мае добры спын!

Вельмі радуюць твае літаратурныя досыць цвёрдыя крокі ў розных кірунках!

Велізарны «дзякуй» мой за «Дзень— 1966 — паэзіі». Прыгожа выдалі кніжачку. Прыема ў ёй мець свой куточак, хоць і значна «абкургузілі» мой верш «Вецер». Трымаюся зноў за аўтабіяграфію выключна з павагі да паўторна выказанага жадання Івана Дарафеевіча Казекі.

Вітаю ўсю працоўную сямейку тваю, а маладзейшых моцна цалую!

Міхайла.

 

25. Шушкевічу С. П. 9 сакавіка 1967 г.

 

9/III-67 г.

 

Дружа Станіслаў!

Газету «ЛiМ» пачалі дастаўляць з № 18—19 пакуль акуратна, болей аб ёй не клапаціся. Атрымаў і «Полымя» і «Беларусь» за люты. Усе высланыя табой №№ «ЛіМа» і «Голас Радзімы» атрымаў, вельмі дзякую за іх. Твае артыкулы прачытаў з ахвотай — добра!

Жонка мая з 1922 г. (гл. аўтабіяграфію). Лідзія Іванаўна. Дачка Расціслава ўрач-тэрапеўт, нарадзілася ў Мінску, у 1923 г. Другая — Марына доктар гістарычных навук, нарадзілася ў 1927 г. Жыве ў Новасібірску. Сын Барыс жыве з намі, нарадзіўся ў Запаляр’і ў 1933 г., студэнт авіяінстытута. Унук Станіслаў — 21 год, студэнт, другі — Аляксей у 3 г. (Марынін сын). Унучка Таццяна— 4 г. 5 мес., як і Станіслаў— Росціны дзеці. Пішы.

Міхайла.

 

26. Шушкевічу С. П. 16 сакавіка 1967 г.

 

16/ІV-67 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Дарэмна клапоцішся высылаць мне нумары «ЛіМа», у якіх надрукаваны твае рэчы: вершы, апавяданні, артыкулы. Зараз дастаўка пайшла акуратна, і калі ёсць што тваё ці іншае для мяне цікавае, я абавязкова выразаю і хаваю ў папку.

Тваё сібірскае апавяданне для пачатку не кепскае. Але трэба працаваць і працаваць над стылем. А. П. Чэхаў раіў вучыцца па лермантаўскай «Тамані». У чым справа? На маё разуменне галоўнае ў тым, каб не раскідацца ў аповесці, не ахопліваць адразу шэраг здарэнняў: і рэчка сібірская, і барацьба з быстрынёй плыні, і вынаходка кам. вугалю, і заданне на разведку, і новыя людзі... Калі на беразе рэчкі, дык падай усе часткі сутак, раніцу, поўдзень, вечар, поўнач, але дасканала , падрабязна! І людзей — таксама дасканала. Хоць і коратка аб кожным. Успомні «Стэп» Чэхава або «Стары і мора» Хемінгуэя.

Прабачай за гэты «настаўніцкі» тон. Я сам вельмі слабы апавядальнік, хоць і напісаў (па-руску) дзесяткі сшыткаў, цэлыя «раманы»...

Калі бачышся з Арк. Марціновічам, то ад яго, мусіць, даведаўся пра «візіт» да нас у Хімкі, ды пра сустрэчу 6 красавіка ў Доме пісьменнікаў. Толькі ты не з’яўляешся ў Маскву і да нас.

Вельмі шчыра сустрэліся мы з Максімам Танкам. Прыемны чалавек, такі просты, сціплы, не гледзячы на грамадскі і літаратурны стан!

Чакаю не дачакаюся выхаду ў свет майго зборніка.

Прачытай у рэдакцыі «Полымя» мае рукапісныя вершы. Адчуваю, што друкаваць іх не будуць.

Пішы наогул «творы» і мне пішы, і бывай здаравенькі з усім сваім «гнездаваннем».

Твой Міхайла.

Добра, што ты перапісваешся з маімі «чэрняцкімі» і трымаеш іх на належным узроўні.

 

27. Шушкевічу С. П. 16 мая 1967 г.

 

16/V-67 г.

 

Даражэнькі мой Станіслаў!

Нарэшце атрымаў я свой зборнічак. Прыслаў мне яго Арк. Марціновіч. Вось жа прыгожая, прыемная надта кніжачка!

Я паслаў падзячны ліст усім траім, што мелі дачыненне да выпуску яе.

А пра свайго Станіслава і забыўся?

Ані, ні на момант!

Няўжо мне не зразумела, што без твайго сяброўскага і гаспадарскага вока кніжка яшчэ далей затрымалася б, ды і выглядала б, мусіць, не так!

Мы ж умовіліся, што ты там, у Мінску, для мяне ў асаблівым стане і на асобным «рахунку».

Чакаю ад Арк. Ніч. яшчэ 8 экз. аўтарскіх. [...]

Калі ж, Станіславе, нарэшце з’явішся сюды, каб пазнаёміцца па-настаяшчаму?

Мне ў Мінск ехаць вельмі складана, нават рызыкоўна. Ды і час для візіту не зусім адпаведны, бо там будуць адзначаць адзін юбілей за адным. Я буду выглядаць, як «прышый кабыле хвост». [...]

А мне так хочацца пабачыцца з табой, пакуль яшчэ жывы! (Нагадай Язэпа Сушынскага, майго аднагодку!)

Ну, бывай здаровы з усёй сваёй дружнай сямейкай!

Ад жонкі, сына шчырае прывітанне.

Міхайла Грамыка.

 

28. Шушкевічу С. П. 2 ліпеня 1967 г.

 

2/VІІ-67 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Пазнюся з адказам на твой ліст ад 9/VІ з дадаткам карэктарскага экз. артыкула Р. Бярозкіна. Збіраўся пісаць пасля палучэння нумара «Полымя», але не сцярпеў. Я ўпэўнены, што не абышлося тут без цябе, як і ў іншых маіх літаратурных справах. Ты, Дубоўка, Ліс, Глебка, М. Танк, рэдакцыя «ЛіМа», некаторыя яшчэ — вось сумленныя і шчырыя да мяне землякі. [...]

Скажы яму пры сустрэчы, што, чытаючы яго артыкул, я некалькі разоў... словам, расчуліўся стары!

Гэты артыкул, аб’ектыўны пры прыхільнасці, кваліфікаваны, і ёсць тое, чаго я доўга чакаў. І я магу паўтарыць словы біблейскага старца:

«Ныне отпускаеши раба твоего...»

Гэта азначае: цяпер змагу без крыўды, спакойна легчы пад тую коўдру, якая ўжо ніколі не скідаецца!

Як з п’есай «Каля тэрасы»?

Дакучаю я табе, Станіславе, даражэнькі!

Бывай здароў!

Міх. Грамыка.

 

29. Марціновічу А Н. 20 ліпеня 1967 г.

 

20/VІІ-67г.

 

Дарагі Аркадзь Нікіфаравіч!

Атрымаў «Прасеку», за якую трымаюся. Што да маіх п’ес, то «Каля тэрасы» ці цяпер ляжыць у рэдакцыі выдавецтва? Я тады ж прасіў аддаць яе ў машынапіс з маёй аплатай, вядома. Дырэктар Віцебскага абласнога Д. Н. Тв. (Сакалова Г. А.) пыталася аб гэтай п’есе па заяўках некаторых народных тэатраў. Я накіраваў Сакалову ў выдавецтва. З тых часоў з п’есай ані ўзад ні ўперад!

Здаецца, Іван Дарафеевіч інфармаваў мяне (калі толькі ішла гаворка аб маім зборніку), што п’есы ў сучасны момант друкуюцца толькі тыя, якія ставяцца на сцэне. Калі гэта застаецца ў сіле, то добра было б, каб які тэатр прыняў бы яе да пастаноўкі. Тады лягчэй было б і ў друк. П’еса «Каля тэрасы» юбілейная, актуальная.

Другая п’еса «Над Нёманам» ляжыць у мяне. Умомант магу выслаць яе (машынапісны экз.). Другі экз. знаходзіцца ў архіве тэатра імя Я. Купалы. Уся бяда, што я жыву далёка ад усіх належных «кропак». Прыходзіцца звяртацца да сваіх сяброў-прыхільнікаў. А іх у Мінску у мяне небагата: ты, дарагі Аркадзь Нікіфаравіч, ды Шушкевіч Станіслаў, на карак якіх дазваляю сабе сесці.

Ну, вось! Заставайся здаровенькім. Жадаю і далей плённай творчай працы.

Міхайла Грамыка.

 

30. Марціновічу А. Н. 30 ліпеня 1967 г.

 

30/VІІ-67 г.

 

Даражэнькі мой Аркадзь Нікіфаравіч!

[...] Чытаю «Прасеку». Падабаецца «Выбух» за драматычную канцэнтраванасць і адсутнасць залішняй «чарнаты» і крыві. Не кепска таксама «Белае воблачка». Буду чытаць далей. Надрукаваныя раней у «Полымі» аповесці крыху слабейшыя.

Бывай здаровенькі і творча мацней!

Ад сям’і прывітанне.

Міх. Грамыка.

 

31. Шушкевічу С. П. 24 жніўня 1967 г.

 

24/VІІІ-67 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Дзякую за прыемную інфармацыю, але сэнс яе да канца я не ўхапіў.

1. Якія гамяльчане і ў якой форме «не забываюцца» пра мяне?

2. Хто напісаў артыкул пра мой зборнік і «якімі днямі» ён будзе надрукаваны ў «ЛіМе»?

Добрую і праўдзівую рэцэнзію даў у «Полымі» Міхась Стральцоў пра твае дзіцячыя вершы.

Вельмі радуе мяне, што ты ўсё вышэй падымаешся па сцежцы на Парнас.

Маёй сястрыцы падабалася гравюра — Фр. Скарына перад друкарскім станком.

Укладзі ў канверт штук пяць такіх паштовак. Калі нарэшце зазірнеш?

Прывітанне тваёй сямейцы.

Бывай здаровенькі!

Міх . Грамыка.

 

32. Шушкевічу С. П. 2 кастрычніка 1967 г.

 

2/Х-67 г.

 

Дарагі мой Станіслаў!

Колькі вады прайшло праз мой жыццёвы «ставок» з тых часоў, як мы абмяняліся апошнімі лістамі! Пасля верасня я са старога, хранічна хворага чалавека стаўся апроч усяго інвалідам. Каротка: выявілася вельмі пашырана (я і не ведаў) хвароба мужыкоў (старых да 70 працэнтаў і сярэдніх гадоў да 40 працэнтаў). Не цікава апісваць усе фазы папярэдніх доследаў, даведак і аналізаў, вельмі балючых! Нарэшце мне зрабілі аперацыю, прарэзалі дзіру ў поласць пузыра і ўставілі вывадную трубку. Цяпер урына ідзе, мінуючы натуральны канал.

Праляжаў я ў вядомай маскоўскай «второй городской больнице» (уралагічны інстытут) з 12 па 27 верасня. Зараз дома.

Першыя тыдні ўсё было добра. Але ноч з 1-га зрабілася для ўсіх, хто быў пры мне (Л. Ів., дачка Расціслава, сын Барыс, унучка Танечка 5 г.) напружанай, бяссоннай. Два разы вызывалі карэту, каб спыніць крываток з трубкі. Два разы да рання дачка і сын хадзілі ў нашу бальніцу і раіліся з дзяжурнымі дактарамі: у якую бальніцу пакласці, адвезці мяне. Барыс прывёў быў і таксі. Але раптам кроў спынілася, і я застаўся на сваім добрым ложку!

І вось панядзелак, аўторак — крыві няма. Дачка дае лекі, робіць з сынам перавязкі. Як будзе далей — Зеўс з Аллахам ды з Пярунам адно ведаюць!

Вось які нецікавы ліст накідаў я табе, дружа!

Хацелася з вамі, маімі роднымі сябрамі, падзяліцца сваёй бядой-горам.

Але досыць. Багата людзей, не горшых за мяне, перажываюць і яшчэ горшае. Панагледзеў я іх за гэтыя дні!

ІІ/Х. Зноў прайшло праз ставок досыць струмнай вады! Зноў бальніца, тая ж палата № 2, знаёмыя мужыкі — церпяліўцы! Зноў Расціслава вязе мяне туды і назад.. Туды — у карэце сваёй бальніцы, у якой я ляжу, як на ложку, ухутаны ў коўдру. (Гэта было 5-га.) Назад — учора, 1-га. У чым справа? Пузыр з урынай зноў пачаў крываточыць і напужаў у першую чаргу Расціславу. А можна было б і не пужацца, бо і тут, на месцы, зрабілі б амаль тое самае, што і ў бальніцы. Праўда, тут было больш кваліфікацыі. А гэта само па сабе супакойвае людзей. Адно: у бальніцы мне, апроч усяго, змянілі трубку. Гэта робіцца раз у 3—4 тыдні. Пакуль усё добра, дзякуй невядомаму духу Жыцця! Зноў свой ложак, свой пакойчык!

Дома я ўбачыў прысланыя табой два часопісы. Прачытаў твае кароценькія, але добрыя вершы. Пра зайку і яго таратайку вельмі дойдзе да дзетак. Сатыры ў «Вожыку» таксама і досыць прыцэльныя, і досыць гучныя.

Не менш за твае вершы быў бы рады прачытаць і твой ліст, напісаны звычайнай, эпісталярнай прозай, які расказваў бы мне, напрыклад:

1. Хто твой зяць? 2. Як пачалі агульнае жыццё маладыя? 3. Ці кінуў ты штодзённую службу і над чым працуеш? 4. Як чытаецца мой зборнік і ці разыходзіцца больш-менш? 5. Ці збіраешся ў Маскву?

З Гомеля пішуць мне, што ў кнігарнях майго зборніка і няма, і не было, што наогул на беларускай мове ніхто не чытае.

Прывітанне ўсёй тваёй сямейцы ад усёй маёй! Бывайце ўсе здаровенькія, багатыя нашым добрым смачным хлебам ды салам нашым хоць халодным са склепу, хоць гарачым з патэльні!

Твой Міхайла.

 

33. Шушкевічу С. П. 29 кастрычніка 1967 г.

 

29/Х-67 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Адначасова з гэтай паштоўкай кідаю «авія» — пасылаю ў рэдакцыю «ЛіМа» (Пашкевічу) верш, прысвечаны Кастрычніку. Вазьмі клопат прасачыць за ягоным лёсам і інфармаваць мяне. Нязменна чытаю твае артыкулы, рэцэнзіі, нататкі, не гаворачы пра вершы. Пашана тваёй рознабаковасці і працаздольнасці!

Віншую са святам!

Прывітанне ад усёй маёй сям’і ўсёй тваёй!

Міхайла.

 

34. Шушкевічу С. П. 2 снежня 1967 г.

 

2/ХІІ-67

 

Дарагі Станіслаў!

Мусіць, вельмі заняты творчымі ўздымамі, калі не маеш часу чыркануць хоць разок у тыдзень? Я быў бы вельмі задаволены, каб ты ўзяўся за значную тэму і разгарнуў яе ў раман.

Учора перад сном перачытваў вершы Якуба Коласа (зборнік «З майго летапісу» — характэрны для Коласа загаловак!). Вершы нашаніўскага часу і да 1917 года — звычайныя па тэматыцы для таго перыяду, слабейшыя за купалаўскія і багдановічаўскія, ёсць цеплыня, шчырасць... Вершы апошніх гадоў ёсць вельмі добрыя, па форме значна больш апрацаваныя за ранейшыя. Абурэнне ад захопу Радзімы фашыстамі, заклікі да змагання і помсты... Шчыра напісаны лірычныя звароты да сябра, да жонкі... Падабаецца мне «Песня на сон у бяссонне» — арыгінальна і цёпла! [...]

Ад Гілевіча Н. атрымаў ліст пра мой апошні верш. Значыць, спадабаўся. Ну, не бяда! Калі пабачыш яго, перадай маю падзяку за ўвагу і добрыя пажаданні.

Каторы раз пытаюся, як разыходзіцца мой зборнік. Мусіць, ляжыць сабе спакойна на паліцах кнігарняў! Нічога не пішаце мне, каму высылаць працяг «Хронікі». Ці ж пакрыўдзішся, калі я вышлю ў архіў Саюза пісьменнікаў? Думаецца мне, што гэта будзе найлепей. Хто захоча, зможа скарыстаць з часам гэты матэрыял.

Хацелася б папоўніць сваю беларускую бібліятэчку. Вось у першую чаргу — у мяне няма «У палескай глушы». Каб ты ўзяў на сябе перасылку? Не чытаў «Сэрца на далоні», «Людзі на балоце». Вядома, усё будзе аплочана.

Мой стан здароўя не змяніўся. Пакуль не выходжу, хоць доктар і патрабуе.

Часам бываюць вельмі сумныя гадзіны. Нейкая паняверка...

Ну, бывай здароў, дружа!

Сямейка твая — таксама!

Міхайла з-пад Рэчыцы.

 

35. Шушкевічу С. П. 12 студзеня 1968 г.

 

12/І-68 г.

 

Дарагі мой Станіслаў!

Дзякую за ліст ад 9/1. Усе кніжкі, што высылаў ты, атрыманы, і за іх таксама вельмі дзякуй!

Твае перакладныя вершы даю чытаць унучцы Таццяне (5 г. 4 м.) і другой не роднай унучцы (у 3-м класе). Ці выдадзены гэты зборнік па-беларуску?

Прачытаў уважліва «На ростанях». Праўдзіва, проста напісана. 1-я частка (пісалася ў 22—23 гадах!). Уважліва-наглядальна пададзены замалёўкі палескай прыроды. Няблага намечаны людзі і быт. Але ўсё абрываецца і нічога закончанага не застаецца. Другая частка значна слабейшая. [...]

Іншае ўражанне ад аповесці Івана Пташнікава (беларус?) «Тартак» («Полымя» № 12 1967 г.). Тут і арыгінальнасць пісьменніцкай манеры, стылю... Тут і багацце мовы (хоць для мяне — гамяльчаніна — магілёўца досыць першачутных слоў). Месцамі, здаецца,— паўтарэнні. Але — не! Нешта кожны раз новае ў гэтых перажываннях і прыгодах людзей, якія ідуць і ідуць з нейкім «абозам»... Ідуць кудысь на «Тартак» — нешта і рэальнае і разам з тым жудасна-казачнае, як і ўся вайна! І добра ў яго, што няма пакуль што (бо прачытаў 80 ст.) геройскіх подзвігаў, а толькі сляпая, інстынктыўна-моцная барацьба за жыццё! Аповесць без сораму можна перадаць за межы Айчыны!

За гасціннае запрашэнне ў Мінск (на «твой дзень» — 19 лютага!) і то вельмі дзякую, але...

Я ёсць сёння і заўтра — хронік-інвалід на ланцужку (бутэлька на шыі... ды не пад гарэлачку, якую так паважаў коласаўскі Лабановіч і яго сябры!). Трубка ў чэраве. Пытанне аб працягу аперацыі застаецца нявырашаным. Рызыка перайсці ў нябыт пад агульным наркозам або пасля аперацыі праз тыдзень-месяц, бо старыя «клеткі-цысты», старыя органы 82-гадовага Міхайлы наўрад ці вытрымаюць шэраг мучэльных працэдур, звычайных пры аперацыі адэномы. Вось чаму мяне вельмі ажыўляе і радуе кожны візіт, кожнае наведванне мяне тут, у Хімках. І я чакаю — і няўжо не дачакаюся? — бачыць у нас таксама «за сталом» такога пажаданага госця, сябра, як Станіслаў, сын Пятровіч?!

Тым часам заставайся заровенькі з усім сямействам!

Міхайла Грамыка.

 

36. Шушкевічу С. П. 15—16 сакавіка 1968 г.

 

15 — 16/ІІІ-68 г.

 

Даражэнькі мой колішні вучань, сучасны шчыры сябра Станіслаў!

Атрымаў ад цябе і газеты, і часопісы, і лісты, і сеў за адказ.

Ці трэба падкрэсліваць, што дагэтуль радуюся тваім радасцям у сувязі з юбілеем тваім? Ты нібы ўвайшоў на гару, адкуль і цябе лепш пабачылі тыя, што не звярталі яшчэ належнай увагі на разварот плячэй нашага разнаграннага пісьменніка, ды і твае кругавіды раздаліся праз заслужаную ўвагу нашай грамадскасці.

Мой віншавальны ліст, накіраваны якраз пад 19 лютага, не дайшоў, мусіць. Гэта дробязь у параўнанні з грамадскай увагай, але ўсё ж шкода.

Мы сардэчна крануты запрашальнай запіскай на 8-ю гадзіну 24 лютага. З вялікай прыемнасцю павячэраў бы я за адным сталом з юбілярам ды з сотняй дарагіх землякоў! Але што ж ты зробіш! Малайцы вы абодва з паважанай Кацярынай, што разгарнуліся частаваннем, нібы беларуска-літоўскія ваяводы. Так і трэба: грай, скрыпачка, грай, бі ў бубны, бі, сучасная Беларусь!

Адно мяне ўводзіць у пэўны сум. Я ўяўляў тваё аблічча, як яно дадзена на запрашальных картках Саюза. Але ў газетах ты пададзены іншы. Юбілейныя гады твае не такі век, каб «пасталець». Трымайся за волю ў жыццё: не меней як яшчэ 20 гадоў творчага плёну! Апавяданне «Воўчыя слёзы» ясна гаворыць, што «даспеў», як празаік. Толькі апошняя парачка радкоў крыху не стасуе да мастацкага, наогул стыльна і псіхалагічна вытрыманага твора. Трэба, каб што-якое засталося «дарабляць» чытачу. Хай ён сам уяўляе сабе, што б далей зрабіў герой, каб... і г. д. Такія парады даюць і Тургенеў, і Чэхаў у сваіх лістах да пісьменнікаў. Ну, ды гэта дробязь.

Наконт «Полымя». Я выслаў 14/ІІІ ліст да адказнага сакратара Бачылы. Падаў тут у п/а запытальную паштоўку. Што робіцца з маім Гомлем? Ні ў адной кнігарні, ні ў бібліятэках і не чулі пра мой зборнік. [...] Настрой мой нагадвае (не праз «пясочак»!) хвалі: або «горою підимо», або «до долу вербы гне». А да долу ўжо недалёка...

Ну, бывай здароў фізічна, а творчага парывання, дзякуй нашаму богу, бачу, што хапае!

Прывітанне шаноўнай Кацярыне і ўсяму «зялёнаму» твайму галлю!

Міхайла Грамыка.

 

37. Шушкевічу С. П. 4 красавіка 1968 г.

 

4/ІV-68г.

 

Дарагі Станіслаў!

Атрымаў тваю першамайскую паштоўку. Дзякуй за ўвагу! Але не яе чакаў я ўжо досыць здаўна. Гэтыя агульныя добрыя пажаданні — даніна ўмоўнасці і традыцый — не дае таго, чаго чакаеш ад сябра.

Як ён жыве? Чым дыхае ў сучассі? Над чым працуе яго пісьменніцкае пяро? Як сям’я, сябры і г. д.?

На пасяджэнне ў Саюзе пісьменнікаў (23 красавіка) я атрымаў вельмі прыхільнае сяброўскае запрашэнне ад М. Гарбачова. Але ніяк не змог выехаць з Хімак на значны час праз складанасць апранання і далейшых паводзін па-за кватэрай (бутэлька на шыі ды і інш.).

Але ж вельмі хацелася пабачыцца з нашымі пісьменнікамі! І прасіў жа я ў адказным лісце, каб наведаў мяне хоць бы хто з іх. Ані адзін не адгукнуўся! Ды чаго ты, стары Міхайла, дамагаешся? Каму цікава гутарка са старым ды хворым? Ды яшчэ ехаць кудысь у Хімкі нейкія... (Хоць можна за 25 мінут даехаць ад Маскоўскага да Хімкінскага вакзала!)

З вялікім задавальненнем перачытаў вершы Ф. Багушэвіча — тое, што надрукавана ў тым т. «Анталогіі». Які быў гэта моцна прымацаваны да народа свайго беларусін! Дый мове ягонай можна з карысцю вучыцца да нашых дзён!

Добра напісаны аповесці М. Гарэцкага. Кніжку яго мне пераслаў акадэмік Гаўрыла Гарэцкі. Праўда, занадта ж багата (трэба кінуць частае ўжыванне слова «шмат»: яно проста «шматуе», ірве на шматкі нервы!) у Максіма слоў вузка мясцовага «арэала» (з-пад Мсціслаўля).

У свой час досыць начуўся нашай мовы ад Гомеля да Оршы, асабліва ў Быхаўскім і Магілёўскім раёнах. Дык жа паважаны пісьменнік карыстаецца такімі словамі, які я ані слыхам (?) не чуў і ў вочы не бачыў!

Чаму пайшло зараз «слых» заместа «слух»? Нібы няма ў нашай мове: «слухаю», «паслухмяны», «слушна» і г. д.?!

Ну, але ж тым часам — бывай здаровы з сямейкай сваёй і плённы на паперы!

Твой Міхайла з-пад Рэчыцы .

 

38. Шушкевічу С. П. 28 чэрвеня 1968 г.

 

28/VI-68 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Перадай, калі ласка, зборнік па прызначэнню.

Пісьменніцкага білета пакуль не атрымаў.

«Беларусь» выслалі № 6 чэрвень.

Малайчына ты, што плённа аб’язджаеш гарады і весі роднай краіны. Вандруй, вывучай, сей «нашае добрае, адвечнае», пакуль сілы ёсць, галава і ногі, і вантробы робяць сваю справу!

Заставайся ані на каліва, ані на валасок хворым!

Міхайла.

Уся нашая сямейка ўзаемна вітаюць караткачаснага, але прыемнага госця і чакаюць зноў.

 

8—9/ VII-68 г.

 

Станіслаў падумае нічога сабе пастскрыптум з інтэрвалам у дзесяць дзён!

Так і ёсць, даражэнькі: дзесяць дзён вандраваў зборнік з лістом у партфелі нашага Барыса!

Да сёння быў у мяне вельмі песімістычны настрой. Прычын — досыць. Але сёння разгарнуў «ЛіМ» за 9 ліпеня і «...узрадавалася сэрца маё і дух мой возвесяліхся!».

Вельмі, вельмі дзякую табе, Станіславе, бо без твайго 90-працэнтнага ўдзелу не бачыў бы я гэтых слупкоў у газеце. Падзякуй за мяне (і ад мяне?) таксама і Марціновічу.

Членскі білет атрымаў. Зноў-такі: дзякуй!

Яшчэ раз усяго найдабрэйшага!

Міхайла.

Атрымаў «ЛіМ» ад 5-га ад цябе, дзякую! Болей не трэба.

 

39. Шушкевічу С. П. 17 верасня 1968 г.

 

17/ІХ-68г.

 

Дарагі Станіслаў!

Выслаў табе 5 фота з аўтографам. Адзін належыць асабіста табе. Іншымі распараджайся на свой план.

Што чуваць з перакладам п’есы «Каля тэрасы»? Працягваю хроніку, але вельмі марудна. Каб ведаць, што яна пойдзе ў друк, то, мусіць, шпарчэй пайшло б. Халады адбіваюць ахвоту сесці за лісты паперы. А ў ложку — хутчэй пад коўдру!

Эканомім на ацяпленні, стыхійная бяда. У такія дні з замілаваннем успамінаюцца добрыя сялянскія печкі, ляжанкі, грубкі... Можна час ад часу ўключаць электрапеч. Але ці ж параўнаць!

Добрую кніжачку склаў ты, сапраўды няспынны пісьменнік і грамадзянін. [...]

Чытаю аповесць Грамовіча «Далі сабе слова». Рэч змястоўная. Закранае багата сучасных пытанняў сямейнага і грамадзянскага парадку. Але мова вельмі ж «шарпатая». Яна і не «народная», спрошчаная, ды і не надта літаратурна апрацаваная. Але ці ж мне, адарванаму ад Айчыны, крытыкаваць мову нашых сучасных пісьменнікаў!

Шчырае прывітанне і падзяка ад усяго нашага сямейства за добры нарыс пра мяне! Як твая сямейка? Бывай жа здаровы на безліч гадкоў ды каб працавалася з плёнам.

Твой Міхайла.

Калі, нарэшце, вы, нашыя родныя, шаноўныя пісьменнікі, спынецеся «шматаваць» (па-руску: рвать на клочья) нашую багатую мову? Злоўжываючы без патрэбы абмежаванае па асноўнаму значэнню непрыгожае слоўка «шмат» (клок, клочья)? Ці ж няма ў нас «многа», «багата», «безліч» і г. д.? Які праўдзівы беларус-селянін казаў калі: «На кірмашы было шмат (?!) народу», «У дзядзькі Петруся шмат грошай»? А тут на табе: «шматграннае мастацтва». Прыгожа?!

 

40. Шушкевічу С. П. 27 кастрычніка 1968 г.

 

27/Х-68 г.

 

Даражэнькі наш Станіслаў!

Падкрэсліваю «наш», бо не толькі мяне аднаго ўздымае на радасць амаль кожная вестка твая, але і ўсё сямейства нашае.

Сапраўды: «Гомельская праўда»... Разгортваем — ёсць, памінаецца стары Міхайла!

«Вячэрні Мінск»... Не толькі артыкул, але і фота, ды не абы-якое, а сядзіць за «творамі» пісьменнік! І хто ж руку прыклаў да ўсяго такога прыемнага? Ды што — руку! Прыкладзена сяброўская цеплыня, шчырасць, павага! Чым адкажам Станіславу Шушкевічу? Хіба толькі згуртаванымі ад усёй сямейкі нашай такімі ж самымі пачуццямі! Наша галоўная гаспадыня Л. Ів. падкрэслівае, што нарысы твае пра мяне не толькі ўважліва, але прыгожа, таленавіта напісаны.

Перадай, калі ласка, маё адказнае прывітанне ўсім братам-пісьменнікам, якія не забываюць мяне. У «ЛіМе» (№ 85) надрукаваны артыкул С. Міско — «Крокі станаўлення», разбор кніжкі А. Семяновіча пра гісторыю нашага тэатра. На маё здзіўленне ўбачыў я і «М. Грамыка» (побач з Ул. Галубком). Гэта ўпершыню даследчык Семяновіч успомніў забытага і выкінутага са спісу драматургаў іншымі даследчыкамі нашага тэатра Міхайлу Грамыку! Ці не змог бы, даражэнькі Станіслаў, пераслаць мне гэтую кніжку?

Цікавяць мяне пытанні:

1. Як разыходзіцца мой зборнік?

2. Ці зачытваюць часам дакладчыкі некаторыя мае творы і як рэагуюць слухачы?

3. Ці даваў ты чытаць каму маю «Хроніку»?

Бывай здаровенькі з усёй сямейкай!

Ад Л. Ів. і Барыса шчырае прывітанне.

Твой Міхайла.

 

41. Шушкевічу С. П. 30 лістапада 1968 г.

 

30/XI-68 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Вельмі хваляваўся я, не маючы ад цябе такі працяглы час ані гуку. Што здарылася з маім, такім акуратным, не гультайным «чычэроне» па літаратурных лабірынтах і калізеях? Ці не хварэе моцна? Прачытаўшы ў «ЛіМе» тваю заўвагу пра кніжку М. Гарэцкага крыху супакоіўся. Але зноў-такі, заўвага магла пісацца раней...

Спадзяюся, што ніякае «блага» (у нашым не стараславянскім разуменні) не закранула цябе. Чакаю з нецярплівасцю тваіх радкоў.

У сувязі з хранічнай хваробай насоўваюцца часам змрочныя думкі і развагі вельмі песімістычнага кірунку. Вось тады нават невялічкая заўвага пра мяне ў нашым друку падбадзёрвае і вяртае да жыцця-сцвярджэння! Напрыклад, радкі артыкула пра кнігу Семяновіча (пра наш тэатр, «Полымя», № 113). Нарэшце не толькі мой вызваленца з літаратурнага ( і асабліва тэатральнага) палону Ст. Ш., але і іншыя ўспомнілі «пахаванага» Міх. Гр.!

Ці ж не прыемна да ганарыстасці параўнанне «Каля тэрасы» з «Разломам» Б. Лаўранёва?!

Каб дастаць кнігі пра наш тэатр! [...]

Калі ў цябе ўсё добра (хай вартуюць нас старажытныя багі!), дык дазволь ускласці на твае плечы торбачку з такім даручэннем:

Падпішыся на год на «Полымя», «Беларусь» і «ЛіМ».

З гэтым я крыху спазніўся і баюся, што праз «Саюзпечать» можа стацца, як у мінулым годзе. Грошы на падпіску вышлю днямі, але не пазней 8 снежня. Ад усёй сям’і шчырае табе прывітанне!

Заставайся здаровым ды радасна працаздольным, як і ўся сямейка Шушкевічаў.

Твой Міхайла.

 

42. Шушкевічу С. П. 7 снежня 1968 г.

 

7/ХІІ-68 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Вялікае дзякуй за кнігу Семяновіча! Аўтар удзяліў Міх. Грамыку досыць увагі. Шкада толькі, што перад ім ляжаў па ўсіх адзнаках крытыкі друкаваны калісь экз. «Каля тэрасы». Як табе вядома, я значна перарэдагаваў п’есу. Чаму не трапіў да Семяновіча рукапісны (або машынапісны) экземпляр? Так ці іначай, але падзякуй яго ад майго імя.

Я і сам бы напісаў Семяновічу, ды не ведаю ягонага адрасу.

Вельмі цікавае фота «старых» маладнякоўцаў. Пакуль не разбярэшся, што на ім усе слухаюць М. Лынькова, дык дзіўным могуць здацца выразы твараў пісьменнікаў.

Настрой у мяне вось ужо некалькі дзён вельмі дэпрэсіўны з розных асабістых прычын... Спадзяюся, што пройдзе.

Заўтра высылаю табе грошы за падпіску і кнігу. Выбачай за клопаты.

Што зараз у цябе пад пісьменніцкай рукой? Мусіць, усе вы рыхтуецеся да юбілею.

Добра піша мой зямляк па Гомельшчыне І. Шамякін. Чакаю працягу яго рамана (ці аповесці?).

Бывай здаровы з сямейкай!

Прывітанне ад нашага сямейства.

Твой Міхайла.

 

43. Шушкевічу С. П. 10 сакавіка 1969 г.

 

10/ІІІ-69 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Ліст твой ад 3/ІІІ атрымаў. Я таксама быў занепакоены тваім доўгім маўчаннем.

Інфармацыя пра чарнянскіх краязнаўцаў вельмі прыемна мне. Твая няспынная ўвага да маёй п’есы, як і наогул да маёй «творчасці», ужо неаднойчы адзначалася ў маіх лістах да цябе ў форме перманентнай падзякі.

Але вось у чым справа.

Якія экземпляры п’есы «К. Т.» фігуруюць там у вас (у перакладчыка, у тэатральным аб’яднанні і г. д.)? Я даўно дамагаўся ад цябе адказу, але да сёння не маю яго. Ёсць надрукаваная мая п’еса «К. Т.» яшчэ да вайны. І ёсць (павінна быць!) перароблены значна (!) рукапісны экземпляр. У свой час я адаслаў яго табе (або ў рэдакцыю выдавецтва?). Ці быў гэты рукапіс пад машынкай — не памятаю. У свой час запрашаў мяне пра гэту п’есу і тэатр імя Я. Коласа. Я тады накіраваў іх у Мінск, да цябе. Калі зараз мае хаду стары варыянт, дык гэта было б для мяне вельмі непрыемна ! Тваё маўчанне прымушае мяне насцярожыцца (аж да забароны!).

І другое.

Я з усёй сяброўскай душэўна адчыненай шчырасцю пераслаў некалькі вершаў па-руску. Ты пішаш, «...прачытаем, абмяркуем...». Вершыкі гэтыя глупства, дробязь. Але чаму маўчанне больш за месяц замест адказу на шчырасць шчырасцю?! Калі дажыву, хацеў бы пабачыцца з табой улетку. За тваімі выступленнямі і друкаванымі, і вуснымі сачу і радуюся. Вельмі добра перакладзена крылоўская байка. «Шынель» — так сабе. Бывай здаровенькі, вядома, з усёй сям’ёй.

Ад маіх — падзяка за незабыўнасць.

Твой Міхайла.

 

44. Шушкевічу С. П. 25—26 сакавіка 1969 г.

 

25 — 26/ІІІ-69 г.

 

Дарагі Станіслаў!

Твой ліст супакоіў і падбадзёрыў мяне. Магу толькі падзякаваць за пераклад майго верша. Ты безумоўна лепш зрабіў гэтую справу, чымся бы сам аўтар, асабліва зараз, бо «творчы порах» значна падмок у мяне апошні час. Але навошта такая літаратурная самаахвярнасць з твайго боку? Я даўно даў табе «белую картку» на мае творы, якія перасылаю табе: рабі з імі, як знойдзеш патрэбным і лепшым.

Гэты мой ліст не застане цябе ў Мінску. Але другім разам, калі наведаеш Магілёў, спытайся ў краязнаўчым музеі (ці ў архіве?) пра мае ўспаміны 1905—1907 гг. Не зусім разумею тваю вандроўку ў Сібір, асабліва ў дадзеную пару года.

Ганаровы тытул «несупынны», які ты паднёс мне, больш падыходзіць да цябе самога.

Але ў гэтай разнастайнасці, раскіданасці хаваецца значны агрэх: трэба спыніцца на чымся адным. Агрэх гэты я пранёс праз сваё жыццё.

Усе выпісаныя табой выданні высылаюць акуратна.

Атрымаў сёння ліст ад Саламевіча. Трэба адказаць на шэраг запытанняў.

Нехта з нашых пісьменнікаў сёння званіў па тэлефоне: збіраюцца да мяне.

Буду вельмі рады.

Заставайся здаровым!

Дзед Міхайла.

 

45. Шушкевічу С. П. 12 красавіка 1969 г.

 

12/IV-69 г.

 

Дружа Станіслаў!

Атрымаў «Вяч. Мінск» з вершам і тлумачэннем. Вельмі добра, прыемна! Але ўслед прыйшоў і паштовы перавод, чаму, каму, завошта?

Давай, браце, умовімся: калі нешта падобнае да гэтага літаратурнага выпадку здарыцца яшчэ калі-нікалі, то каб пераводу грашовага ані не было. Лепш ужо тады якую добрую кніжку, пра якія я пісаў табе.

За дзень-два раней прыслала мне выразку з «Веч. М.» за той жа дзень Юлія Бібіла. Я і не ведаў, што газета выходзіць двумоўна.

З нашымі маладымі пісьменнікамі, што былі ў Маскве, выйшла нейкае непаразуменне. Яны раскажуць табе, у чым справа. Мы чакалі іх з дня ў дзень, так і не дачакаліся! А я так радуюся сустрэчы з суайчыннікамі! [...]

З прыходам вясны, а з ёю — сонца і цеплыні, спадзяюся і я выпаўзці на свет боскі.

Ці пабываў у Магілёве?

Ну, бывай здаровенькі з сямейкай!

Шчырае прывітанне і падзяка ад маіх усіх.

Твой Міхайла.


1964-1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамыка, М. Родная пушча: П'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты / Уклад. С.П. Шушкевіч; аўтар прадм. С.С. Лаўшук. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 461 с.
Крыніца: скан