epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхайла Грамыка

Нас натхняў подых рэвалюцыі

ДАДАТАК ДА ЎСПАМІНАЎ


 

Пачаткам майго ўдзелу ў рэвалюцыйным руху ў Магілёве ў перыяд першай рэвалюцыі можна лічыць неаформлены гурток гімназістаў-пяцікласнікаў Магілёўскай гімназіі.

У адным класе са мной вучыўся Ювенальеў. Ён быў сынам Кусковай, а яна — жонкай Пракаповіча. Абодва былі высланы ў Магілёўскую губернію як «палітычныя». Пракаповіч пазней стаўся «легальным» марксістам. Ювенальеў па ўказцы вотчыма і маці пачаў групаваць вакол сябе аднакласнікаў.

У групу ўваходзілі: Бычкоў Яўгеній, Судзілоўскі Аляксандр, Гурвіч, я і, пэўна, іншыя. Мы чыталі недазволенае. Хутчэй за ўсё гэта былі пракламацыі супраць самадзяржаўнага рэжыму, але якога кірунку, дакладна не памятаю.

Тое, што нам даваў Ювенальеў, мы, прачытаўшы дома ўпотай, перадавалі адзін другому.

Галоўнае, што было ў такім гуртку, гэта выхаванне пачуцця таварыскай сувязі, нейкай канспіратыўнасці, а таксама пэўнай «мужнасці», адказнасці, бо мы добра разумелі, што чакае кожнага, калі мы будзем выкрыты.

Я часта хварэў, балела горла. Вучобу запусціў, і бацькі рашылі пакінуць мяне на другі год па хваробе. На другі год быў ужо іншы склад вучняў. Ювенальеў пераехаў у іншы горад. Бычкоў быў выключаны, здаецца, з 6-га класа і вярнуўся толькі ў 7-мы клас. Ён скончыў гімназію разам са мной у 1905 годзе.

Пасля універсітэта Бычкоў выкладаў у нашай гімназіі гісторыю. Ужо пры Савецкай уладзе я сустракаўся з ім у Мінску.

Гурвіч зрабіўся адвакатам, я сустракаў яго.

Судзілоўскі быў сярод нашага гуртка самым «радыкальным».

Збіраліся невялікімі групамі ў каго-небудзь з рабочых. Я знаёміў з рабочым рухам, выкладаў папулярна тэорыю Маркса. Задаваліся пытанні. Прапаганда ішла як бы своеасаблівым «канвеерам»: ад нашых кіраўнікоў праз нас да рабочых. Але галоўным была тая даверлівасць да маладых рэвалюцыянераў. Ведалі, што мы з інтэлігентных сем’яў — гімназісты, студэнты, і ўспрымалі нас як настаўнікаў наогул.

Першым маім рэвалюцыйным даручэннем як прапагандыста была работа сярод рабочых мукамольных млыноў. Млыны, здаецца, групаваліся па Быхаўскаму тракту. Трэба было ісці пешкі праз увесь горад, бо дом бацькі знаходзіўся на другім канцы.

Не памятаю дакладна: ці займаўся я з мукамоламі да універсітэта. Гэта значыць у 8-м класе (зіма 1904— 1905 гг.), ці вярнуўшыся ўжо з Масквы пасля маніфеста 17 кастрычніка.

Рэвалюцыйную работу сярод яўрэйскага пралетарыяту вёў Бунд, або іначай «Усесаюзны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі».

Мы ведалі некаторых бундаўцаў, але аб Магілёўскай арганізацыі па ўмовах канспірацыі не ведалі. Зрэдку арганізоўваліся загарадныя «масоўкі», на якіх, мне здаецца, выступалі і сацыял-дэмакраты, і бундаўцы.

Паводле ўспамінаў Б. Каржанеўскага, адзін такі мітынг у лесе арганізаваў Сімоса Эйзенштат. Гэта быў першамайскі мітынг, «маёўка».

Але калі? Мусіць, ужо пасля маніфеста. Так ці іначай, трэба было трымаць варту. Пры сігнале аб набліжэнні конных стражнікаў мітынг рассейваўся ў лесе. Казакаў у Магілёве я не помню.

Больш замкнёна трымаліся сацыял-рэвалюцыянеры. Яны павінны былі больш канспіравацца. Усё ж часам у якой-небудзь «ліберальнай» сям’і сярод моладзі (студэнты, гімназісты, рэалісты) зачыналася «дыскусія» аб праграмах сацыял-дэмакратаў і сацыял-рэвалюцыянераў, нават анархістаў. Некаторыя, можа, уваходзілі ў іншыя гурткі: была як-ніяк поўная канспірацыя.

Больш актыўнымі былі: Міхаіл Герасімаў, Барыс Каржанеўскі. Далей ішлі не актыўныя, але «надзейныя», у якіх можна было часова схаваць пракламацыі, даць пачытаць, але якім не давалі даручэнняў.

Пачалі чытаць загранічнае выданне «Искры», якое прыходзіла вельмі рэдка. Памятаю такі выпадак. Прыношу «Искру» дамоў. Толькі нарыхтаваўся чытаць, як раптам званок на ганку: вярнуўся з горада бацька. Умомант газета — за пазухай. Але... бацька ў добрым настроі: ідзі да мяне, бярэ «па-сяброўку» за талію... Ходзім па пакоі, гутарым. Адчуваю, што бацькава рука варушыць пад кашуляй паперу...

Зараз запытае: «Што там у цябе, сынок?» Будзе размова сур’ёзней, чымся пасля пахавальнай дэманстрацыі. Тады, ужо год ці болей таму, допыт скончыўся. Бацька быў крануты маім спачуваннем нябожчыку, маімі слязьмі. Ды і што было? Удзел у пахаванні. Іншае зусім зараз: «Искра»... А-а! Значыць, свядомы ўдзел у падпольных справах! Рэвалюцыянер!

Папера шамаціць... Але — усё абышлося. [...]

Першае вулічнае выступленне ў Магілёве, якое, я памятую, адбылося на другі год у 5-м класе, а мо ў 6-м, гэта значыць у 1900-м ці 1901 годзе.

Вось з якога выпадку.

Пакончыў самагубствам вучань рэальнага вучылішча. Сярод вучнёўскай моладзі хадзіла тлумачэнне, што самагубства здарылася на палітычным грунце. Рэвалюцыйныя кіраўнікі паставіліся скарыстаць пахаванне юнака, якое мусіла быць «грамадзянскім», г. зн. без свяшчэнніка, як форму палітычнага пратэсту супраць тагачаснага школьнага, а заадно і супраць агульна-паліцэйскага рэжыму.

Ад аднаго да другога перадавалася: праводзіць труну! За труной ішоў натоўп вучняў і рамеснай моладзі, настроенай больш-менш рэвалюцыйна.

Ад рэальнага вучылішча спусціліся на мост. Труну везлі на простых калёсах. Ішлі моўчкі, сумна.

Калі прайшлі значны кавалак Лупалава, нечакана труна была пакрыта чырвоным палотнішчам.

Мы ўсе насцярожыліся. Але не прайшлі так і дваццаці крокаў, як скуль «вынырнуў» паліцэйскі чын і рашучым рыўком садраў з труны чырвонае палотнішча.

Адначасна раздаўся абураны крык: «Не дазваляйце гэтаму нягодніку чапаць пакрывала!» На плячо смельчака лягла цяжкая паліцэйская рука, і пачуўся загад: «Арыштаваны!» Яго павялі.

Упершыню я ўбачыў тады таварыша Клябанскага. Пазней мы даведаліся, што ён і арганізаваў гэтую дэманстрацыю. Натоўп быў рассеяны паліцэйскімі, якіх да гэтага мы не бачылі. Далей за труной пайшлі толькі сваякі.

Прозвішча паліцэйскага прыстава, які пазней стаў паліцмайстрам,— Радыёнаў.

Колькі часу быў Клябанскі пад арыштам, не памятаю. Як палітычнаму ссыльнаму, яму, мусіць, «надбавілі». За абразу прыстава. Я магу назваць Клябанскага як першага больш-менш выразнага кіраўніка вучнёўскага гуртка.

Барыс Каржанеўскі, які пазней увайшоў у аграрную групу, успамінае, што Клябанскі «праводзіў гутаркі, ...арганізаваў друкаванне пракламацый на гектографе». Сам Б. Каржанеўскі, па яго словах, друкаваў дзве пракламацыі разам з Засімовічам.

Але калі Клябанскі праяўляў гэтую рэвалюцыйную актыўнасць — да арышту на пахаванні вучня ці пасля,— гэтага ў сучасны момант я сказаць дакладна не змагу.

Ужо ў 20-х гадах у Мінску я сустракаўся з Клябанскім. Успаміналі з ім маладыя гады і работу ў Магілёве. Каб мы ведалі, што ўспаміны нашыя калі-небудзь спатрэбяцца, мы запісалі б іх.

З 6-га класа да старых удзельнікаў гуртка далучыліся новыя. Як гэта адбывалася канкрэтна, сказаць зараз цяжка. Неяк стыхійна, пачуццём мы «нашчупвалі». [...]

Вельмі здольны, востры на слова Судзілоўскі напявяў нам досыць цынічныя вершыкі пра царкоўна-папоўскі побыт. У той час такія «вольныя» напеўкі хісталі ў нашай свядомасці традыцыйна-царкоўнае светаразуменне. Калі пазней я прачытаў раман «Бесы», дык герой яго, Мікалай Стаўрогін, асацыіраваўся ў мяне з Судзілоўскім. І дзіўна тое, што гэты радыкальны юнак быў сынком... павятовага станавога прыстава. Аб далейшым яго лёсе я нічога не ведаю.

[...] Да лібералаў належалі дзеці старога адваката Баніна. Большы сын быў судзейскім чыноўнікам, другі, Канстанцін,— адвакатам. Ужо пры Савецкай уладзе ў Мінску гэты Канстанцін быў юрысконсультам Саюза драматургаў і кампазітараў, і я меў з ім справы па Саюзу. Найбольш актыўнай у гэтай сям’і была дачка Анна (Нюра Баніна). Б. Каржанеўскі ўспамінае, што адзін паход у вёскі, калі складалася аграрная група, ён адбыў з Нюрай.

Больш радыкальна дэмакратычнай была сям’я Барыса Каржанеўскага — яго бацька і ён сам. Тут не толькі можна было дыскутаваць, але і хаваць нелегальшчыну і пісталеты. Праўда, на канікулы Каржанеўскія выязджалі ў свой Рагачоўскі павет.

У канцы лета 1906 года, быўшы ўжо актыўным членам аграрнай групы пры Магілёўскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў (бальшавікоў), я парадніўся з сям’ёй Елізаравых, з дачкой якіх Яўгеніяй (Жэняй) мы сябравалі, як суседзі, дамамі, з малодшых класаў. Жэніна цётка, фельчарыца на Чарнігаўшчыне, дзядзька доктар, а таксама сям’я другой цёткі, якая жыла ў Тыфлісе — Гарбуновы. Усе былі радыкалы і нават рэвалюцыянеры. Яны і падтрымлівалі Жэню ў яе рашучых настроях. Яна сябравала з Нюрай Банінай і вучылася з дачкой жандарскага ротмістра Піжоля, забітага пазней сацыялістамі-рэвалюцыянерамі. Ад яе мы што-якое дазнаваліся з настрояў і планаў жандарскага ўпраўлення. Ужо ў 1910—1911 гг. пасля забойства бацькі дачка казала мне, што бачыла ў яго кабінеце папку з надпісам: «Дело Михаила Громыки». Цікава, што тэрарысты накіравалі пісталет не на палкоўніка Палякова, якога лічылі больш «пакладзістым», але на «актывіста» ротмістра.

Дарэчы сказаць тут, што актыўнасць сацыял-рэвалюцыянераў у Магілёве праяўлялася, апрача забойства Піжоля, у нямногіх выпадках. Сюды належыць намер забіць губернатара Клінгенберга сацыял-рэвалюцыянеркай Язерскай. Яна была жонкай своеасаблівага магілёўскага грамадзяніна, некалі высланага ў наш горад «за палітыку». Член гарадской управы, ён быў вялікім прыхільнікам азелянення горада. У вайну ангельцаў з бурамі (1899—1901) ён называў сябе «стары бур, брат Сцяпан». Дык вось, вярнулася з Сібіры, здаецца, яго жонка, спынілася ў гасцініцы і адразу ж накіравалася на прыём да «начальніка губерніі». Тут, нядоўга разважаючы, накіравала пісталет на «яго правасхадзіцельства». Але ззаду апынуўся паліцмайстар Радыёнаў і даў пад локаць: куля прайшла міма. У горадзе ўпарта трымалася чутка, што паліцыя ведала пра падрыхтоўку тэрарыстычнага акта.

Язерскую судзілі: яна атрымала шэсць гадоў катаргі. У поўным выйграшы ад гэтага няўдалага стрэлу аказаліся губернатар і паліцмайстар.

Нечакана скончыў самагубствам студэнт, сын таксама цікавага грамадзяніна, адваката (прозвішча не памятаю). Ён пабудаваў сабе на здзіўленне магілёўцаў чатырохпавярховы дом па два пакоі ў кожным паверсе. Стаяла гэтая «вежа» на рагу былога Афіцэрскага бульвара і Дняпроўскага праспекта, побач з нізкім доўгім домам Баніна. Казалі, што самагубства студэнта адбылося на грунце невыканання нейкага тэрарыстычнага задання. Цела было знойдзена вясной у бярозавым гайку каля Карабанаўкі, праляжаўшы пад снегам усю зіму. Праз якіх два гады на тым жа месцы загубіў сябе і сам бацька-адвакат. Здаецца, ён быў паляк па нацыянальнасці.

Недалёка ад дома майго бацькі жыла сям’я адстаўнога чыноўніка Дуброўскага, таксама ў сваім доме.

Большы сын, Мікалай, выключаўся з універсітэта. Другі сын, Міхаіл, быў на два класы старэйшы за мяне. Ён не ўваходзіў, як мне здаецца, ані ў якую арганізацыю. Усё ж нейкая рэвалюцыйная традыцыя перадалася яму ад брата. Хутчэй за ўсё ён далучаўся ў перакананнях да сацыял-рэвалюцыянераў. Так ці іначай, але я без сумнення аднёс да яго пісталет, з якім вярнуўся з Масквы ў снежні 1905 г., і мы з цёзкам закапалі яго пад ганкам. Пра гэта далей. Большасць тагачаснай студэнцкай моладзі ў Магілёве за выключэннем выразных кар’ерыстаў была тыпу Міхаіла Дуброўскага.

Значна большая колькасць ліберальных, нават дэмакратычных сямей была сярод яўрэйскай інтэлігенцыі — дактароў, адвакатаў. Пасля маніфеста 17 кастрычніка сходкі адбываліся ў некаторых дома. Вядома, што, нягледзячы на «свабоды», паліцыя і жандармерыя рабілі сваю справу, і не кожны доктар ці адвакат рызыкаваў дапусціць сход, разам з ім — нарад паліцыі або, яшчэ горш — банду чарнасоценцаў.

Успамінаю адзін з такіх збораў. Драўляны флігель за гародчыкам. Збіраліся невялічкімі групамі. Аканіцы зачынены, шторы спушчаны. Хутка два-тры пакоі запоўнены народам. Разначынная інтэлігенцыя, моладзь. Тыповых рабочых (рамеснікаў) мала. Па партыях — большасць... кадэцкага кірунку. Бундаўцы, сіяністы, сацыял-дэмакраты і сацыял-рэвалюцыянеры. Гуллівая гутарка, спрэчкі па групах. Якога-небудзь «даклада» не чуваць. Выдзяляецца голас, які прыцягвае ўвагу. Ага! «Еврейский вопрос!» — звычайныя спрэчкі бундаўцаў і сіяністаў? Не, не тое! Паўтараецца слова: «асіміляцыя», г. зн. поўнае зліццё. Пайшоў гоман, голас нязгоды. Калі ж апошнім аргументам за «асіміляцыю» нечакана выпіраецца: «Вось за тое вас і б’юць, што вы абасабляецеся»,— голас пераходзіць у абурэнне. Не памятаю, якую нефармальную рэзалюцыю вынес сход. Аўтар дзікай прапановы (ледзь не сам гаспадар) адчуваў сябе, мусіць, не самавіта.

Падобныя сходкі мелі тое станоўчае, што дэмакратычная інтэлігенцыя адчувала сябе не паасобку, не групкамі, але пэўнай «грамадой», якая падтрымлівала настрой яднання і хоць бы не радыкальнай барацьбы.

У жніўні 1905 г. я выехаў у Маскву вучыцца ва універсітэце. Далі мне адрас-яўку. Хто даў? Можа, Клябанскі, можа, Сімха Эйзенштат — не памятаю. Хутка накіроўваюся па адрасу. Дом, здаецца, на Цвярскім бульвары, «пышнейшы» за тыя, у якіх сяліліся студэнты на Броннай, па Козісе. Падобная і кватэра. Сустракае мяне дама «свецкага» тыпу. Падаю ліст. Прачытаўшы, гаспадыня ветліва ўхмыляецца, запрашае ў гасціную. З запытанняў і маіх адказаў высвятляецца, што я трымаюся сацыял-дэмакратычных поглядаў, менавіта бальшавіцкага кірунку. «Нават бальшавік? Вельмі крайняя праграма!»— халодным ужо тонам адзначыла гаспадыня. Не памятаю, накіравала яна мяне куды ці не, але я зразумеў, што маю справу са звычайнай «лібералкай» (пазней гэта былі кадэты). У другі раз я ўжо сюды не пайшоў, а стыхійна пачаў далучацца да масавага студэнцкага руху. Усерасійскую забастоўку, маніфест 17 кастрычніка, вялізную дэманстрацыю першага грамадзянскага пахавання забітага «чорнай сотняй» Баўмана, пагромы студэнтаў і «забастоўшчыкаў», забарыкадыраванне універсітэцкіх карпусоў дзвюма тысячамі студэнтаў — усё гэта я перажыў. Між іншым, сярод «барыкадаваных» студэнтаў я сустрэўся з Зелікам Лур’е, магілёўцам, які разам са мной канчаў гімназію. Універсітэт быў закрыты урадам. Я вярнуўся ў Магілёў у лістападзе, але не надоўга, як сталася на справе.

Пасля маніфеста фармальна былі дазволены ўсе партыі. Мне даручылі ад сацыял-дэмакратычнай арганізацыі ўзяць у гарадской управе дазвол скарыстаць тэатр для мітынгу. Звяртаюся да належнага служачага. Мне адмаўляюць з прычыны таго, што тэатр патрабуе рамонту. Спрачаюся. Вакол збіраюцца кіраўнікі, ухмыляюцца, шэпчуцца... Азіраюся і бачу свайго «продка», як зараз кажуць. Трымаюся афіцыйна. «У чым справа?» — падыходзіць бліжэй бацька. «Ды вось... ваш сынок... ад сацыял-дэмакратаў!» Нямая сцэна. Я выходжу. Дома «нямая» сцэна пераходзіць у вельмі выразны дыялог, які ледзь не скончыўся трагічна. Чаму? Для бацькі маніфест, свабоды і г. д.— гэта не болей як слабаволле Мікалая ІІ і хітрыкі Віттэ. Але яго сын, яго «першынец» — канчатковы рэвалюцыянер, нават «партыйны!» — непераносна! Я зразумеў, што заставацца далей у сям’і немагчыма. Ледзь не на другі дзень я «збег» у Маскву разам з Жэняй Елізаравай і яе сяброўкай. Яны, праўда, выехалі без сямейнай драмы.

У Маскве я прабыў усё снежаньскае паўстанне. [...]

У канцы снежня, пасля разгрому рэвалюцыйных дружын на Прэсні, я зноў вярнуўся ў Магілёў.

Мне пашанцавала прайсці патруль на вакзале і нават правезці ў чамаданчыку пад бруднай бялізнай пісталет. Зварот мой быў успрыняты ў сям’і радасна. Нават бацька сустрэў мяне як «уваскросшага з мёртвых», бо па Магілёву пайшлі чуткі, што бачылі (?) мяне і Жэню забітымі на барыкадах. Але ў першы ж дзень ён «абследаваў» чамаданчык і знайшоў наган. Толькі раніцай, калі ён пайшоў на службу, я пераканаўся, што даў промаху. Але зараз жа пайшоў на пошукі і ў шуфлядзе пад чыстай бялізнай убачыў свой «баявік»! Не разважаючы доўга, я занёс яго Міхасю Дуброўскаму, і, як ужо гаварыў, мы закапалі яго ў кабуры пад ганкам. «Дзе рэвальвер?» — было першае пытанне, калі вярнуўся з горада бацька. Я разыграў наіўнага сынка. «Як? Дзе? Што?» «Продак» зразумеў, што мы квіты. Ён шматзначна зірнуў на «першынца». Я вытрымаў гэты позірк, і тым справа скончылася.

З зімы 1905—1906 гг. я ўступіў у аграрную групу пры Магілёўскай арганізацыі РСДРП. У групу ўваходзілі яшчэ Барыс Каржанеўскі, Засімовіч, Барыс Бундавец. [...]

Кіраваў аграрнай групай таварыш Мацвей, на розных кватэрах якога мы і збіраліся. Ён быў мужнага выгляду чалавек, з цёмна-русай барадой, тып інтэлігентнага рабочага. Ён уносіў у нашу маладую групу дух бадзёрасці, упэўненасці і рашучасці. Перакананы прыхільнік ленінскай лініі ў партыі, ён, калі бываў у вясёлым настроі, расказваў, як давялося яму неяк выступіць на адной канферэнцыі супраць меншавіка Маслава. «Вы казыраеце сваёй доўгай барадой,— кіўнуў ён таму,— але ў мяне барада яшчэ даўжэйшая».

Таварыш Мацвей даваў нам тэарэтычныя ўстаноўкі, а таксама практычныя парады, як трэба весці работу ў вёсцы. Тут можна сказаць, што самым тэарэтычна падрыхтаваным у групе быў Барыс Каржанеўскі, які ўважліва прачытаў два тамы «Капітала» і ўзяўся нават за трэці.

Перад аграрнай групай стаяла задача: падцягнуць тагачасную беларускую вёску на Магілёўшчыне да ўзроўню рэвалюцыйнай свядомасці. Рабочы рух пасля маскоўскага снежаньскага паўстання быў загнаны, як вядома, глыбока ўнутр. Але сялянства толькі з 1906 года пачало актыўнічаць, прынамсі, на Беларусі. У цэнтральных губернях, на Паволжы, на Украіне палілі фальваркі, дзялілі маёмасць. Вядома, якімі жорсткімі карнымі паходамі супраць хлебаробаў адказала царская «конституционная» (пасля маніфеста) улада на сялянскі дух. Па нашай беларускай зямлі вялізных «жакерый», наколькі мне вядома, у той час не падымалася. А наколькі палітычна адсталай, наіўнай была самасвядомасць, відаць хоць бы з таго, як сяляне па глухіх кутках успрымалі агітатараў. Нас называлі «дэмакратамі» (чарнасоценных перарабілі ў «домокрадов»), а месцамі нават «прынцамі». Мы былі нічым іншым, як прынцамі, якія праз галовы міністраў ды губернатараў надумалі адабраць зямлю ў паноў. Чакалі, што з Пецярбурга накіравана «дзесяць вазоў планаў і па тых планах будуць дзяліць зямлю». З прыведзенага відаць, наколькі складанай і асцярожнай, «дыпламатычнай» павінна была быць агітацыйная работа ў вёсцы і выступленні на сходках.

Прывяду некалькі паасобных выпадкаў, каб даць уяўленне тагачаснай абстаноўкі для аграрнай групы. Выязджалі мы не толькі ў вёску, але і ў мястэчкі і гарадкі Магілёўшчыны. Хадзілі і пяшком.

Прыязджаю цягніком у Копысь (ці ў Шклоў?). Заходжу па пэўнаму адрасу ў тыповы драўляны дамок. Сустракае малады мясцовы падмайстра (а то дык і сам майстра), звычайна бундавец. Мяне ўжо чакалі. Трэба арганізаваць сход, на якім я зраблю даклад на тэму: «Аграрнае пытанне ў сацыял-дэмакратаў і сацыял-рэвалюцыянераў». Заходзяць на кватэру яшчэ некалькі маладых «актывістаў», якія заўважылі на вуліцы прыезджага, хоць было ўжо цемнавата. Выясняецца, што прыйдзецца скарыстаць памяшканне сінагогі: больш няма дзе сабраць народ. Ды ў сінагозе і больш гарантыі ад паліцэйскага наскоку. Хлопцы разыходзяцца, каб папярэдзіць равіна ды «склікаць народ».

І вось праз якую гадзіну-паўтары «праваслаўны» студэнт упершыню ў сваім жыцці — у яўрэйскім малітвенным доме! Ды не ў якасці... турыста, але ў ролі дакладчыка, які гаворыць з равінскай вышкі. Народу набілася досыць: яўрэйская рабочая моладзь, хлопцы з бліжэйшай вёскі, некалькі чалавек з мясцовай інтэлігенцыі — аптэкар, настаўнік і іншыя. Пасля даклада — дыскусія на поўны ход: «нацыяналізацыя» ці «сацыялізацыя» пасля канфіскацыі зямлі ў паноў. Спрэчкі вольныя, палымяныя. Сходка скончылася досыць позна — толькі паспець на цягнік. Мясцовая паліцыя прыкінулася, нібы не заўважыла ані прыезджага, ані няўчаснага «малітвенага» збору. Ды ці ахвота звязвацца з мясцовай «баявой дружынай» бундаўцаў!

Другі выпадак.

Прыйшла неяк падвода з мястэчка Х., ці тое пад Бялынічамі, ці ў бок Быхава — не памятаю. Патрабаваўся туды агітатар. Даручылі мне. Апрануўшы пінжак на чорную кашулю, захапіўшы літаратуру, сеў я на мяшок з сенам, куды запіхнуў пісталет, і паехалі. Пасярэдзіне дарогі заехалі ў двор падкарміць каня. Гаспадар, сляпы яўрэй сярэдніх гадоў, увесь час, пакуль я чакаў, нервова хадзіў па хаце з кута ў куток шырокімі «сляпымі» крокамі, чухаючыся. «Скуль, хто, куды?» — задаваў ён пытанні. «У госці, у мястэчка»,— быў адказ. Позна ўжо спыніліся на двары, дзе жыў местачковы аптэкар (а мо фельчар?). Сустракае таварыш Жэня, дачка гаспадароў. Дапазна гутарым на розныя тэмы. Жэня досыць начытаная. Яна — сацыял-дэмакратка. Раніцай выходзім з Жэняй «у паход». Да абеду абышлі дзве-тры бліжэйшыя вёскі. Усюды збіраўся народ ахвотна, бо, мусіць, было свята. Слухалі, задавалі пытанні. Жэню ведалі, а значыць, і да таго, з кім яна прыйшла, адносіліся даверліва.

— Трэба было б зайсці яшчэ ў адну, крыху ў бок ад шляху,— прапануе Жэня.— Даўно прасілі.

Трэба дык трэба! Перакусваем у Жэніных бацькоў. Ідзём. Уваходзім у вёску. На бярвеннях каля хат групкі сялян. Жэня ўголас заклікае збірацца на сярэдзіну вёскі. Ідзём далей. Я азіраюся і бачу, што ўязджае ў вёску конны стражнік. Я падыходжу плячо ў плячо да Жэні, упаўголаса кажу: «Не азірайцеся назад, стражнік! Бярыце ў мяне пракламацыі і пісталет». Умомант Жэня хавае ўсё гэта сабе пад кофту. Спакойным крокам ідзём далей. «На канцы — знаёмы гаспадар, зойдзем да яго»,— гаворыць Жэня. Так і робім. «А да мяне госць прыехаў з горада»,— тлумачыць яна гаспадару, заходзячы ў хату. «Сядайце!» Але нам не дужа «сядзіцца». Гаспадар скардзіцца на дзетвару, што трасуць у яго яблыкі. Ён, відаць, здагадаўся, што за госць такі. А трэба заўважыць, што да нас звярталіся неаднойчы як да сапраўдных нейкіх «камісараў» па розных бытавых справах. Мы спачуваем гаспадару і не заступаемся за хлапчукоў. Гаспадар задаволены. Але трэба нешта рабіць! «Ці не можна ад вас пераехаць на другі бок? Човен ёсць? — пытаюся ў гаспадара.— Мне трэба карацей выйсці на шлях!» — «Можна! — адказвае гаспадар. — Ды толькі човен мой бярэ адразу не больш дваіх». Ну і добра! Выходзім з хаты, спускаемся па ўзгорку да рэчкі, якая цячэ ўздоўж вёскі. Тут яна пашыраецца і пераходзіць у прудок. Хлапец перавозіць спачатку мяне. А калі падплывае ў другі раз з Жэняй, на двор сыпануў натоўп, а на чале яго — конны стражнік. Ён хвалюецца, паказвае ў наш бок... Гэ, гэ! Спазніўся, дабродзі! Не адважышся пераехаць за намі адзін! Не азіраючыся, нібы ўсе падзеі на беразе нас не дачытаць, лугавінай заходзім у лес. Тут умаўляемся. Я буду чакаць у лесе, а Жэня вернецца ў мястэчка і вышле падводу. Чакаць прыйшлося доўга. Зусім зацемна затарахцелі на шляху калёсы. Зноў пастаялы двор і сляпы гаспадар. Ён пазнаў мяне па голасу. «Чаму так мала гасцявалі?» — пацікавіўся сляпы. Трэба было неяк тлумачыць. Ужо пад раніцу, падрыжэўшы ў пінжаку, пад’ехаў я пад горад. Злез з воза і завулкамі прабраўся... але не дадому, а на кватэру да аднаго з тых, хто не актыўнічаў, ды «спачуваў».

Неяк правялі сходкі групкай, здаецца, ў аколіцах Княжыц. Было нас: Барыс Каржанеўскі, Барыс Бундавец, Засімовіч і я. Сходкі прайшлі добра, ніхто не «сарваў», не перашкодзіў. Асабліва ў агітацыйнай «форме», як зараз кажуць пра спартсменаў, быў Барыс Бундавец. Ён наогул лічыўся ў аграрнай групе агітатарам, бо браў сваім палымяным характарам, які не скруціла і год сядзення ў Варшаўскай цытадэлі. Б. К., Засімовіч кваліфікаваліся больш у якасці прапагандыстаў. Варочаемся ўжо зацемкі. Вёрст за 8 да горада абганяе нас фаэтон у парцы коней. Не дужа шпарка фаэтон рушыць сярэдзінай шляху, а мы абочнымі сцежкамі. Чамусьці мы без згавору паскорылі крокі, як бы наганяючы коні. Аж тут бліснуў агонь з фаэтона, і ў той жа момант пальнуў пісталет. Проста ў наш бок. Не разважаючы, я выхапіў з-пад пінжака свой (ці не той наган, што вывез з Масквы?) і бахнуў у адказ! Тут мяне схапілі за руку: «Што ты нарабіў!» — «А што?» — «Ты забыўся, што пару дзён назад выехаў у павет віцэ-губернатар? Што, калі ў фаэтоне ён? Падыме ў горадзе трывогу, вышлюць на заставу стражнікаў...» Так! Я ўцяміў, што «сплахаваў»... І праўда: коні адразу ўзялі на шпаркую рысь. Трэба нешта рабіць. Не даходзячы да заставы вярсты 3—4, мы крута зварочваем улева і праз Пячэрскі лес, на Пелагееўку, выходзім проста на астрог. Адзін з нас аддзяляецца і знікае ў ціхіх вуліцах, а мы утрох апынуліся на пляцу перад астрогам. На пасту стаіць гарадавы. Уздоўж закратаных акон ходзіць вартаўнік... Ані душы на аколіцах! Мы спакойна абыходзім паліцэйскага. Ён не адважваецца адзін спыніць нас: усё ж была яшчэ пара рэвалюцыйнага рушэння. Мы праходзім уздоўж левага крыла астрога, па глухой вуліцы. У канцы «Сеннай плошади» разыходзімся. Я заначаваў, здаецца, у Барыса Каржанеўскага.

На другі дзень сярод губернскага чыноўніцтва пайшла чутка: учора ўноч на віцэ-губернатара Ладыжанскага, які варочаўся з паветра, было зроблена ўзброенае нападзенне. Ён адстраляўся.

Пасля аднаго з выездаў па заданні аграрнай групы я прастудзіўся і захварэў на запаленне лёгкіх. На вялікую непрыемнасць для маёй сям’і я застаўся хворым у Елізаравых. Дактары раілі, каб я пабыў на выздараўленні на поўдні. Бацькі ўхапіліся за гэты выпадак і накіравалі мяне да матчынай радні ў Растоў і ў Грозны. Бацька спадзяваўся «забіць двух зайцаў»: адхіліць ад рэвалюцыйнай работы і адначасова ад сяброўства з Жэняй Елізаравай. Але... вярнуўшыся з Поўдня, я афіцыйна пашлюбаваў з Жэняй. З восені 1906 г. мы паехалі ў Маскву. Жэня паступіла на курсы французскай мовы. Але хутка вярнулася ў Магілёў і пачала служыць у земскай управе. Па тагачаснаму універсітэцкаму статуту можна было здаваць курсы навук па прадметна. Я з гэтай прычыны наведваўся ў Магілёў, але не браў ужо даручэнняў ад аграрнай групы. Сувязі станавіліся ўсё радзей. Група распадалася. Улетку 1907 г. я, памятаю, дзе-нідзе выступаў на паўлегальных сходах у якасці сацыял-дэмакрата. У афіцыйнай выбарчай кампаніі ў Дзяржаўную думу мы, моладзь, удзелу, наколькі мне вядома, не прымалі.

За час актыўнай дзейнасці аграрнай групы арыштаваны быў толькі Барыс Каржанеўскі. Яго затрымалі ў вёсцы ці на дарозе ў Быхаўскім павеце. Два месяцы сядзеў ён у Быхаўскай турме. Судзіла яго аж Кіеўская судовая палата (вядома, выязная сесія). Але з прычыны, што пры ім знайшлі толькі «Выборгское воззвание» першай Думы, ды на судзе ён прыкінуўся наіўным хлапчуком, далі яму два месяцы турмы «з залікам». Ён і выйшаў «на волю».

Аб далейшым лёсе Засімовіча і іншых дакладна не ведаю.

 

ДАДАТАК ДА ЎСПАМІНАЎ

«Искра» прыходзіла ў Магілёў хутчэй за ўсё праз Палескі камітэт РСДРП, які, наколькі мне вядома, знаходзіўся ў Гомелі. Як даходзіла нелегальная літаратура з-за мяжы ў Расію — агульнавядома. Тут яна размяркоўвалася па камітэтах, а далей праз кіраўнікоў арганізацый або паасобных таварышаў. Дэталі адносна Магілёва мне невядомы.

Ніякіх паасобных дамоў для явак я не ведаю. Збіраліся на кватэрах кіраўнікоў, кватэры мяняліся. Там жа знаходзіліся гектографы для адбіткаў пракламацый.

Барыс Каржанеўскі, як я ужо пісаў, гаворыць: «Клябанскі арганізаваў (але як, не ўказвае) друкаванне пракламацый на гектографе...» Аб друкарні я не чуў ніколі.

Ён — настаўнік-пенсіянер, апошнія гады жыве ў Казахстане. Зелік Лур’е быў аднаго са мной выпуску гімназіі— 1905 г. Безумоўна, ён належаў да рэвалюцыйнай моладзі, але пра непасрэдны ўдзел яго ў Магілёўскіх арганізацыях я нічога не ведаю. Ён паступіў у Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча імя Баўмана. Лёс яго далейшы мне невядомы.

З Жэняй Елізаравай нашы жыццёвыя шляхі разышліся трагічна з 1908 г. Яна, кажуць, выйшла замуж у другі раз за доктара і жыла са сваёй сям’ёй на поўдні Украіны.

Далейшы лёс таварыша Мацвея мне невядомы.

1965 г.

 


1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамыка, М. Родная пушча: П'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты / Уклад. С.П. Шушкевіч; аўтар прадм. С.С. Лаўшук. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 461 с.
Крыніца: скан