epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Балотам снежным праз сасоннік

 

Балотам снежным праз сасоннік,

Які смаловым пахам вабіць,

Прастор балот зімою соннай

Люблю санямі разухабіць.

 

Люблю, як кусцік нізкарослы,

Калі з саней назад паглянеш,

Нібы адкінуўшы ён вёслы,

Плыве па белым акіяне.

 

Пукаты стог люблю аб'ехаць,

Сляды наўкол зрабіць палоззем

І сена, выскубнуўшы вехаць,

Люблю раскідаць па дарозе.

 

Люблю, як санкі мчацца з плачам,

Пісклявы гімн зіме заводзяць,

А конь, падкуты чортам, скача,

Нібы па шкле, па гладкім лёдзе.

 

Люблю закутацца кажухам,

Згайсаць ад меж да меж краіну

І крыкнуць гучна завірухам,

Што ў хвалях белых не загіну.

 

І зноў ляцець... Дуга хай звоніць,

Пакуль конь лейцы не аслабіць...

Прастор балот зімою соннай

Люблю санямі разухабіць...

 

1922

 


25.12.1922

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая