1
Вайна і пажар...
На вогнішчы людзі
Жывуць босымі.
- Няўжо ж гэтак і будзе?
Свой уласны дар
У чужых просім мы?
Працуй - на пана,
Працуй - на падпанка.
Жыць стала пагана.
А тут яшчэ з самага ранку
Усякі чорт лезе ў балота.
Ну і ёсць жа людзям ахвота?
Крыжам бы іх - каля плота,
Ды - трах!
Які тут страх?!
А ты маўчыш,
Цягнучы сам цяжкі крыж.
Крыжамі ўставілі поле,
Пад крыжамі - магілы.
Шлях класці да Волі
У людзей няма сілы.
- Эх, жыві як папала...
А для жыцця мала
Аднаго толькі хлеба.
Пагуляць бы, душу адвясці!..
Эх!.. пусці!!!
На ўсходзе зардзелася неба:
Нібы золата, падаюць косы...
На зямлі... агнявыя палосы, -
Дзень новы, новыя ночы,
Век новы: агню, дыму, попелу...
Будзе шмат каму горача,
Нам толькі цёпла,
Дармо што мы босыя!
2
- Пажар на Усходзе!
Таварышы, ур-р-ра!
- Што вы, шалёныя, годзе!
Што вам не шкода дабра?
Усё, што збіралі вякамі,
Сёння марнее ў агні...
- Маўчы! Мы цябе кулакамі,
Чуеш?! Ні-ні!
Цэрквы, палацы, харомы -
Памяць мінулага - з дымам!
Што не запалім мы - зломім!
Знізу наверх ўсё падымем!
Страшна вам? страшна?
Пажару агонь ломіць вочы?
Затое нам відна уночы...
Не ліце крыві - не пагасне.
Маліцеся, грэшныя, небу,
Рукі ўгору узняўшы,
Вас не паслухаюць хмары.
Таварышы!
Што нам трэба?
- Пажа-ары!
3
І пылае мур струхнелы,
Іскры скачуць па страсе.
Раптам вецер, вецер смелы,
Крыж чырвоны нам нясе.
- Адным крыжам будзе болей, -
Шэпча змучаны народ...
На крыжы чытаюць «Воля».
- Братцы! Гляньце на Усход!
То ж агонь, агонь збавення
Нам нясе Чырвоны Крыж.
- Братцы, песню вызвалення!
Люд гаротны, што маўчыш?
Паняслася песня волі
Між лясоў густых, балот...
І аб лепшай вольнай долі
Стаў ля рэчкі пець чарот.
4
Крыжы... курганы на балоце...
Заросшыя дзёрнам магілы -
Ўсё ў вогненнай зноў пазалоце:
Бушуюць дзве страшныя сілы -
Змагаюцца праца з багаццем:
Свет новы жыццё утварае.
Зышліся дзве моцныя раці,
І праўда няпраўду змагае.
Глядзяць, пацяшаюцца людзі,
Зюзюкаюць бабы паціху:
- Цяпер мо і нам добра будзе?
Забудзем бяду ўсю і ліха!
Баіцца наш пан-непаседа,
Нябось яго кончыцца песня!
- Не будзем больш мець дармаеда,
Да працы сам пойдзе, аж трэсне!
5
- Стойце, хлопцы! будзь на месцы!
Не кідайце на бяду...
- А казаў паганы ў Брэсце,
Што вайною не пайду...
А цяпер - глядзі!.. Ну, дзіва?!
Пачакайце... як жа нас?
- К вам мы прыйдзем, прыйдзем жыва,
А цяпер мы: раз! - два!! - раз!!!
Пры запаленых будынках
Чуем плач мы беднаты...
- Дзе ж цяпер шукаць прыпынку?
Ці даваць мо ла-та-ты?
Пан з падпанкамі рагоча,
Гладзіць тоўсты свой жывот
І пад нос сабе бармоча:
- Йдзе Хвядот, але не тот!..
6
Над палямі Белай Русі
Стогне віхар-бура...
- Зноў прыйшлі дзянькі прымусу, -
Шэпча люд пануры.
Арол чорны ўецца ў высі,
Крыллямі махае.
Над пахілымі крыжамі
Песню напявае;
Чуе пах сваёй ахвяры,
Когці распраўляе,
Ўніз спусціцца - там пажары,
Дымам павявае.
І змагацца стаў угоры
З бураю мяцежнай...
Рэжа крыллямі узоры
Ў небе чорна-снежным.
7
А на зямлі - даждаліся раю:
Старыя лады і манеры,
Ў пагонах ідуць афіцэры...
- Упакой раба Мікалая...
- Аляксея на многія лета...
Босыя кажуць:
- Што гэта?
З кукардай, акуляры на нос,
Чыноўнік па скверы гуляе...
У кішэні няма папярос, -
Мусіць, шмат зарабляе?
На Захараўскай вуліцы
Дзень як уздзене чорны халат,
Толькі песня чуваць блудніцы:
- Палюбі ты хоць трошкі, камрад!
А босыя ходзяць па попелу,
На Ўсход пазіраюць з надзеяй:
- Покуль што нам яшчэ цёпла,
Але мы вам ўспомнім,
Зладзеі!..
8
Бура страшная вырвала пер'я
Арлу чорнаму ў высі...
- Зямля! ах, зямля, цяпер я
Ўніз паляту - сцеражыся!..
І рэха адклікнулася: «Ах!..»
Буржуі крычаць: «Які страх!
Вось цяпер нам будзе скок...»
Дружна, роўна, крок у крок:
Ідуць чырвоныя палкі,
І чуваць напеў стары:
- Эх, сякі-такі,
Чорт вас пабяры!..
Босыя спаткалі іх:
Гоман, жарты, крык...
- Туды бег, назад прыехаў,
Бач ты, бальшавік!
9
Босым дарогу!
Поп, памаліўшыся богу,
З цэрквы ідзе па завулку:
- «О времена ныне...»
А ў разбітай вітрыне
Спекулянт шукае булку.
Чыноўнік казённай палаты
Скінуў парадны сурдут...
Бурчыць пад нос: «Праклятыя!
Зноў яны тут!»
Паны за граніцу
Давай бог ногі...
Гром... навальніца...
Б-о-с-ы-м д-а-р-о-г-у!..
Паўцякалі? Ну, так што ж!
На вогнішчы, басанож,
Пагуляем... Эх, глядзі!
Бедната ўся, выхадзі!
Ўчора там - а сёння тут...
Буржуазіі капут!
Зноў гуляем на балоце!
Ў войска, братцы, - па ахвоце...
Ухапіўшы сваю частку,
Расчынілі людзі пастку:
- Вой, вой, вой!
Будзе бой!..
10
Чырвоным завешаны вуліцы,
Вокны, балконы і плот,
Белы дом толькі журыцца:
Не йдуць туды на сход...
Чытаюць адны пацеры, -
У бога пытаюць, як быць?..
А босыя на сабранні
Пасылаюць к... мацеры...
Пану даволі служыць -
Вось наша заданне!
- А як жа?
Кім будзем звацца?
Як жа будзе вось гэта ды тое?
- Давайце ўсе разам змагацца,
Пакуль не знішчым старое!..
Замоўклі яны - ні слова.
Чакаюць другога адказу...
Толькі шэпчуць, стуліўшы галовы:
- Паслаў бог бальшавіцкую заразу.
Зноў мы безгалосыя,
І цярпі, як сабака шалёны:
Ўласць усю забралі босыя,
А іх тут - мільёны!
11
Не ціхне бура. Стогне лес...
На ўсе лады віхура свішча!..
Лясун стары к русалкам злез
Спраўляць над возерам ігрышча.
Чырвоны колер ціхіх хваль...
У іх відаць адбітак неба,
І з тых краёў, дзе смерць і баль,
Руччы крывавыя шле глеба.
Русалкі скачуць з лесуном.
Музыка грае - «бух ды бразь!».
І вось, хто спаў адвечным сном, -
Усплыў над возерам - «сам князь!».
Не далі спаць. Вайна, агонь
Руйнуе ўсю яго краіну.
Пад ім стаяць не хоча конь.
І кліча князь сваю дружыну...
Русалак рогат... Ночы ціш...
Пужаюць князя над вадою...
Адказ чуваць: «Чаго крычыш?
Твая дружына там, з табою».
- А дзе паслухны мой народ?
Ён за мяне у бойцы ляжа!..
І чуе шум крывавых вод:
- Цяпер ён сам сабою княжыць!
І злосна князь рвануў каня,
Падняў уверх пярэдні ногі, -
На ўсход зірнуў, дзе золак дня,
Дзе кроўю змочаны дарогі...
Вось чуе раптам - «бух ды бразь!»
У саму поўнач ціхай ночы...
І зноў паплыў на дно наш князь,
Закрыўшы шлемам твар і вочы.
Блакітна-белы князя цень
Заслаў ўсё возера туманам,
І ходзяць хвалі ноч і дзень,
Шумяць і вечарам і рана.
Лясун, русалкі там рагочуць,
К сабе ўсіх маняць, кажуць: «Глянь!»
Ў вадзе чырвонай шмат хто хоча
Уночы бачыць князя здань.
12
На вогнішчы стала пячы.
На вуліцы вецер... бура...
- Трэба ўцячы,
Каб была цэлая скура.
- А мы, босыя, адступаем...
Не дадзім ахвотаю
Новай зямлі!
Таварышы, страляем!
Ротаю!..
Плі!..
Разлягаецца грук.
Чорны жук
І павук
Сядзяць у падвале, слухаюць,
Баяцца выткнуць жывот,
Дзеці сабачыя!
Босыя патыліцы чухаюць,
Пазіраюць праз плот,
У кулак плачуць:
- Бач, нашы паўцякалі,
Куды дзявацца нам?
Зноў служыць панам
Мы прычакалі?..
Людзей мала на вуліцы.
Ноч прыйшла, горад - пустка,
Толькі новы крык чуецца:
«Пшэ-пу-устка!!!»
13
Застагналі вёскі і сёлы...
Брычка стаіць ля святлічкі.
А народ схаваўся ў касцёлы:
Моліцца, чытае кантычкі...
«Бэндзь, люд спанялы...»
На шапку «ожал бялы», -
Блішчаць гузікі, -
Чыноўнік зноў на скверы
Лушчыць гарбузікі,
Думае, якой ён веры?
- Ах, халеры!
Каб дастаць работу,
Пытаюць, хто ты?
А босым - холадна...
Абутым - голадна...
Жыць не ахвота.
14
Над балотамі дыміцца -
Згас агонь.
А па вогнішчы імчыцца
Белы конь.
Скача ўлева, скача ўправа -
Не стрымаць.
Захацеў улан на славу
Пагуляць.
Расступіся, свет, дарога -
Аднаму!
«За айчызну і за бога».
Што яму?!
Яго сіла, яго права,
Ёсць бізун...
Скача ўлева, скача ўправа
Конь-скакун.
Гэй, ляці, але дзяржыся,
Злы яздок,
Без пары не праваліся
У масток.
На вадзе ляжыць мост новы,
На агні.
Не праедзеш ты дубровы -
Пагані?!
Усхадзіўся лес шумлівы, -
Вые воўк.
Конь спаткнуўся палахлівы.
Стой, яздок!
На балоце і на полі
Зноў агні.
Не гуляць табе тут болей -
Павярні!
15
Вёскі і гарады
Дымам спавіты
Днём.
Ўночы глянеш куды -
Неба абліта
Агнём.
Слёзы... кроў на траве...
Як у магіле
Спіш.
- Бач, чырвоны плыве
Па небасхілу
Крыж.
Цёпла, і груганы
Ўсе на чужыне...
Эх!
Чуеш гоман? Яны!
Леташні гіне
Снег.
Нам не шкода: бяры
Стужы зімовай
Цень.
Крыж! Ты стань на гары:
Радзі нам новы
Дзень!
16
На вогнішчы басанож,
У руках вінтоўка, нож...
Здабываць галодным славу:
«Даёш Варшаву?!»
- Нам не трэба гарады:
Волі сцяг нясём туды,
Іскры гонім мы пажару.
Смялей ударым!
«Нам дарогу - уцякай!»
Чуваць крыкі: а-я-яй!..
Бач, улан астатні едзе:
«Ах, цо то бэндзе?..»
А чырвоныя ідуць,
Песні волі зноў пяюць,
Адусюль бягуць к ім людзі:
- Нам цёпла будзе!
17
Замоўклі песні грознай сілы...
Адкуль прыйшлі? хто яны?
Што рвуць няволі кайданы
І сыплюць свежыя магілы?..
Яны - байцы вялікай раці.
Іх хата там, дзе ёсць прастор.
Няволя, крыўда - вось іх маці!
Ідуць яны да сонца й зор.
За імі йдзе, хто голы, босы,
Ў пакуце жыў хто цэлы век...
Дарогу чорны снег заносіць -
Загінуць можа чалавек.
- Загінуць? Што ж! На той магіле,
Якая зможа прыгарнуць,
Вясною ранняй урадлівай
Прыгожа кветкі зацвітуць.
Прывабіць колер іх чырвоны
Схіліць калені над пяском
Таго, хто шле цяпер праклёны
І вострыць меч на нас тайком.
- Браты, за намі! Кінь маленне,
Хто праўдай жыць не даў зарок...
Смялей!.. Нас будуць біць каменнем.
Мы - нашых вольных дней Прарок.
18
Босыя ходзяць па вуліцы.
Тыдзень не елі стравы...
- Жыць будзем - нічога!
Буржуй за вугал туліцца,
Шэпча: «Дрэнныя іх справы...
Дзякуй богу!»
Хмары, дзе заход,
Падняліся...
- Што? зноў непагода?
- Вецер! - крычыць народ.
- Вецер, уздыміся!..
Вецер адказвае: «Згода!»
Хто слабы - дзяржыся.
...Хто рэжа,
Таму не балюча.
Балюча - каго рэжуць.
- Цяжка жыць ваюючы.
Зрабілі межы...
А вецер свішча, гудзе...
Сціхнуць не хоча.
- Гэй, хто там ідзе?
Сцягам белым махае?
Рагоча?!
Вецер, плюнь яму ў вочы!
- Пачакаю!..
19
Мы - дзеці краіны,
Дзе бура бушуе...
Мы на прадвечных руінах
Працы палац пабудуем,
Не любяць нас - босых,
Хто век быў абуты...
На нас узіраецца скоса,
Хто, як і мы, быў закуты...
І вы, хто гімны пеў гаротным,
Хто ў цемру слаў жыцця праменні, -
Ў руках трымаеце каменні
І нас пабілі бы ахвотна.
А можа, Чырвань Сонца Волі
Вам асляпіла раптам вочы...
А помніце, як вы кляліся
Братам, сялянам і рабочым,
Што вы не здрадзіце - ніколі?!
Пявун не прапяяў тры краты,
Вы - адракліся...
С у п а с т а т ы!!!
Без вас раць наша узрастае,
Рады шчыльнеюць, крэпне дух!
Вы чуйце! Песня не сціхае:
«Паўстань, хто з голаду век пух!..»
20
Бягуць яны... Іх рукі, ногі
Ў крыві... пякуцца на агні...
Куды бягуць яны дарогай,
Дзе страшна ехаць на кані?
Яны баяцца спатыкнуцца, -
Не ўсякі будзе верны конь...
Хутчэй каня яны нясуцца
З агню ў агонь і праз агонь...
Пакуты крыж чырвоным крыжам
Яны наважылі змагчы...
Што шаг - пабеда бліжай, бліжай,
Іграйце песню, трубачы!
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Гэй, за намі, бедната!
На дарозе макрата...
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Тухне вогнішча ў крыві, -
Песню іграйце: «дзін-дзі-ві!»
Каго зловіш - разарві,
Хто не наш - таго даві...
Босы хто - за намі ўслед,
Хто убогі, хто раздзет...
Гэй, за намі - ў новы свет!..
Цёпла там, і там прастор,
Небасхіл там повен зор...
Сонца тчэ жыцця узор!..
Там спачынеш, бедната...
Тру-ру-ру, тра-та-та!
Бягуць яны... Іх ловяць вочы
Золатасонечны прамень,
Які і родзіць з цемры ночы
Вялікай будучыні дзень...
Што шаг - пабеда бліжай, бліжай...
Штандар чырвоны на плячы...
Чым крыж цягнуць - лепш спаць пад
крыжам...
Іграйце песню, трубачы!!!
1921