epub
 
Падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Бунтар

 

Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар.

Я балота буджу гучным шумам.

У вадзе я жыву і абмыт дажджом хмар,

Але змоўкнуць не дам сваім струнам.

 

Уздыму дух людзей, прабуджу іх ад сну, -

Славу, будучнасць я ім прарочу...

Я, мяцежны бунтар, клічу жыцця вясну,

Клічу к працы свабоднай і творчай.

 

Як не счуюць мяне, я мацней загуду,

Дам гучнейшы акорд песні новай...

А каб змыць з зямлі бруд, скалыхну я ваду,

Што дажджом налілася свінцовым.

 

Чаму ж вы, песняры, што будзілі людзей,

Чуць не хочаце песні чарота?

Нашы песні - наш кліч, бо адных мы грудзей,

Край адзін наш - то наша балота.

 

Дык шумі, як шумеў, велікан-ясакар,

Шапаці, спелы колас, у полі...

А я песню сваю буду пець - я бунтар!

Буду клікаць народ свой да Волі.

 

1922

 




Крыніца: невядомая

Беларуская Палічка: http://knihi.com