epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Дзіўная заява

1
2


1

Здарылася гэта ў Пятроўку. Была нядзеля. Сонца пачало пячы з самага рання. Уся вёска пацягнулася ў цэркаў.

Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў цэркаў хадзіў рэдка. Ён больш маліўся дома дзеля таго, што недалюбліваў папоў. «Гавораць у цэркаўцы адно, а робяць зусім другое»,— адказваў ён, калі яго пыталі, чаму не любіць папоў.

Сёння, як заўсёды ў святую нядзельку, пад’еўшы добра бліноў з верашчакаю і вычысціўшы міску беленай заціркі, Гарбуз выйшаў у садок, сеў на лаўцы пад кустом агрэсту і стаў пазіраць на агарод. Ён вельмі дзівіўся, што, нягледзячы на сухую вясну, варыва на градах «шалела».

— Вось толькі агуркі трохі заняпалі, мусіць апошняя спёка пашкодзіла,— прагаварыў ён сам сабе і пагладзіў рукою па жываце, які ўжо зверху стаў награвацца ад сонца.

У гэты час сусед Мікола Шклянка, ідучы з поля, убачыў, што ў яго агародзе рыецца Гарбузова свіння.

Шклянка быў чалавек сярдзіты. Гэта можна было ўгадаць па тым, што ён заўсёды кусаў свае «каціныя» вусы і жаваў канец барады. Ён мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі, пасля прасіць прабачэння і ў канцы зноў пачынаць лаяць.

Убачыўшы чужую свінню, Шклянка ўхапіў здаравенны кол каля загарадкі і стаў ганяцца за ёю. Свіння кінулася на Лыску, якога жонка Шклянкі ўспела выпусціць з хаты, пачуўшы голас гаспадара.

— Лыска, кусі! Каб яе ваўкі задушылі! — крычаў нечалавечым голасам Шклянка.

Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны сваёй асобы.

Шклянка гэтым часам падбег да яе і так аперазаў калом па спіне, што яна з болю заглушыла піскам усю вёску.

У гэту хвіліну Гарбуз якраз ганяў з лысіны мух. Ён хацеў нешта на іх казаць, але, пачуўшы такі піск, так і астаўся з расчыненым ротам.

— Божухна! — закрычаў, апамятаўшыся, Гарбуз,— ці не маю Перапалосую хто пачаставаў.

З апошнімі словамі ён пабег на месца крыку.

Свіння так і асталася ляжаць у плоце, а Шклянка стаяў з калом у руках і з пераляку не ведаў, што рабіць.

Пабачыўшы Гарбуза, ён хацеў кінуць кол у крапіву, але Гарбуз закрычаў:

— Стой! Стой, каб цябе пярун забіў! Што гэта ты зрабіў? Апошнюю свінку...

— А навошта пускаеш у чужыя грады? Для тваёй свінні сеяў, ці што? Лысая падла! — адказаў Шклянка і пайшоў на свой двор.

— Дык ты думаеш, гэтым усё і скончыцца? — крычаў услед яму Гарбуз.— Я гэтага не дарую! Яшчэ ёсць воласць, суд!..

Пачуўшы гэты крык, Гарбузіха кінула паліць у печы і выскачыла з чапялою ў руках, забыўшыся, што на гаршках дапякаўся апошні блін.

Яна, даведаўшыся ў чым справа і пабачыўшы, што Шклянка з жонкаю раяцца на сваім дварэ, выбегла на вуліцу і пачала крычаць і клясці іх на чым божы свет стаіць:

— Недавярак! Арыштант! Злодзей! Гэта табе не каноплі Васілёвы цягаць з падсвіронка!.. Каб ты да святога Пятра не дажыў! Каб ты гэтак поўзаў жыватом, як мая свінка поўзае!..

— Годзе! годзе ўжо! — сутрымліваў яе Гарбуз,— пашануй святой нядзелькі.

На гэты крык выскачыла на вуліцу Домна, кума Гарбузіхі. Яна не разбірала, хто і ў чым вінаваты, а зразу навалілася на жонку Шклянкі і пачала яе лаяць.

— Добра, добра ведаю, што ты за штучка! — крычала Домна.

— А ты не сунь носа, куды не трэба! Ты нічога не бачыла! — агрызнулася жонка Шклянкі.

— Што? — мацней закрычала Домна.— Ты яшчэ агрызацца ўздумала? Не бач ты свету, калі я не бачыла, як твой «ваўкалака» (Шклянку за яго сярдзіты від у вёсцы звалі «ваўкалакам»)... як твой «ваўкалака»...— прагаварыла яна яшчэ раз, але далей не ведала, што казаць, бо не ведала, за што сварацца. Сваю гутарку Домна кончыла тым, што павярнулася задам... і пабегла да Гарбузоў, каб распытаць, што такое здарылася.

Хутка Гарбузы пакаціліся на свой двор; толькі людзі, якія збегліся на гэты лямант, гутарылі паміж сабою, хто больш вінен. Як трэ’ было і чакаць, большасць вінаваціла Шклянку.

Кончыўся ўвесь гэты кірмаш тым, што стары Сцяпан, выкурыўшы тры люлькі чужога тытуню, сказаў:

— Што нам да іх? Няхай самі разбяруць, хто больш вінен, і пагодзяцца, а нам час разысціся... Толькі дай, Сымон, яшчэ на люльку тытуню.

— Закурвайце, мужчыны! — адазваўся Сымон, выняўшы з-за пазухі вялікі капшук з тытунём.

Усе закурылі і разышліся.

 

2

Прайшло некалькі дзён. У воласці адбываліся суды. Сходавая была перапоўнена сялянамі. Адны з іх былі закліканы павесткамі, а другія прыйшлі проста так, каб пачуць навіны. Хаця яны паміж сабою гутарылі і «ціхенька», але часам падымаўся такі гвалт, што прымушаў высоўваць галаву аднаго з суддзяў з пакоя, дзе разбіраліся справы, і крычаць на ўсё горла:

— Мужчыны, не крычыце! Бо старшыня вон павыганяе!.. І што за народ! — і галава гэта зноў знікала.

Ад дыму ў сходавай нікога не было відаць, калі ўкаціўся ў яе Гарбуз, трымаючы ў руках нейкую паперу.

— А браточкі мае! Вось накурылі, і бацькі роднага не распазнаў бы,— забурчаў пад нос Гарбуз і стаў праціскацца да тых дзвярэй, якія вялі да пана старшыні.

Дзверы гэтыя ён ведаў добра, бо не раз прыходзілася іх адчыняць. Толькі ён даціснуўся да іх, пацягнуў за клямку, як зараз нехта закрычаў:

— Куды не ў чаргу- прэшся! Паклічуць, як будзе пара!..

Але Гарбуз на гэта не звярнуў увагі: ён ведаў, што яго не паклічуць, бо заявы аб яго справе там не было,— ён трымаў яе ў руках.

Пастаяўшы трошкі ля дзвярэй, Гарбуз першым увайшоў у канцылярыю, як толькі адтуль выйшла якаясь баба — уся чырвоная, як рак печаны.

Нічога не кажучы, ён падышоў да стала і палажыў сваю паперу пад самы нос старшыні.

— А ты чаго не ў чаргу? — пачаў быў старшыня, але, спазнаўшы Гарбуза, таго самага Гарбуза, з якім пару дзён назад выпіваў у Залмана, ён дабавіў:

— Хіба такая пільная справа?

— Вельмі пільная, паночку! Калі ласка, каб зараз і разабраць... Буду вельмі дзякаваць, і як кончыцца суд...

Але старшыня не даў яму дагаварыць, а сказаў, каб выйшаў у сходавую і пачакаў, пакуль будуць разглядаць гэту паперу. Гарбуз выйшаў.

Дзеля таго, што старшыня быў няграматны, то ён адразу гэту паперу падсунуў да пісара і запытаў:

— Аб чым там?

Пісар глянуў на паперу, раскінуў яе і здзіўлена стаў ківаць плячыма. На паперы нічога не было напісана, але нешта было намалёвана.

— Нічога я тут не разбяру! — сказаў пісар,— разбірайце яе самі. Гэты чалавек, мусіць, звар’яцеў: падаў не заяву, а чорт ведае што! І чаго толькі ні пачуеш і ні пабачыш ад гэтых паганых мужыкоў! Ох, ох,— і стаў пісаць далей, перадаўшы яе старшыні. Старшыня доўга круціў яе ў руках, нават пад святло паглядзеў, але каб зразумець што, дык нічога. Усе суддзі папарадку разглядзелі, і ніхто нічога не мог паняць.

— Я восьмы год суддзёю, але яшчэ такой заявы не бачыў,— загаварыў адзін суддзя, які да таго быў п’яны, што сеў у куточку паміж двух сцен, каб толькі, пахіснуўшыся, не паляцець на падлогу.

Вы не дзівіцеся, што суддзя быў п’яны. Тут усе суддзі былі п’янымі, а таксама і старшыня і пісар. Бо суды цягнуліся ўжо трэці дзень, а пасля кожнай разабранай справы, як бы яна ні канчалася, на чыім бы баку ні была праўда, ім усім прыходзілася ўставаць з крэслаў, ісці ў пакой, які аздначаўся для судоў, калі прыязджаў земскі начальнік, і там выпіваць некалькі бутэлек гарэлкі. Але, нягледзячы на тое, што былі ўсе п’яныя, яны рабілі сваё і судзілі так, як на гэта паказвае «стацця», якая ўжо даўно стаяла ў вышэйсказаным пакоі. Яны думалі, што з такою самаю «стаццёю» прыйшоў і Гарбуз, дзеля чаго «дзела» яго «без паследства» астаўляць не можна было.

— Пазваць яго сюды! — закрычаў старшыня.— За каго ён нас лічыць, каб падаваць заместа заявы чорт ведае што!..

Зараз з’явіўся Гарбуз.

— Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам?— закрычаў зноў старшыня і націснуў слова «начальствам».

— Барані божа, паночку! — нясмела загаварыў Гарбуз.

— Ды што гэта? — запытаў пісар, паказваючы на яго паперу.

— Гэта... гэта заява, каб вы разабралі маю справу з суседам Шклянкам.

— Ці ж тут што-небудзь напісана? — загаварыў пісар мацней, коса паглядаючы на Гарбуза.

— А ці ж вы, паночкі, няграматныя, што пытаеце мяне?

— Дурань! З канцылярыі паганю! — закрычаў старшыня і высмаркаўся ў кулак.— Хто табе напісаў?

— Там не напісана, пане старшыня, а намалёвана,— паправіў пісар, які быў цверазейшы за ўсіх.

— Гэта мне Юрка Арцёмаў напісаў, бо сам я, як ведама, няграматны...

— А ён граматны... Юрка той? — запытаў адзін суддзя...

— Таксама не, але за залатоўку ўзяўся напісаць... Ён казаў, што ў судзе разбяруць, хоць трохі галовы і паломяць.

— Каб ён сабе ногі паламаў,— прамармытаў п’яны суддзя, седзячы ў кутку.

— Бачыце, мае паночкі,— казаў далей Гарбуз,— усё сяло абышоў, нікога граматнага не знайшоў. Андрэй Базылёў умее пісаць, але ён нейкі пляменнік Шклянкі, дык ні за якія грошы не ўзяўся напісаць заявы на свайго дзядзьку... Думаў не судзіцца, але, дзякуй яму, Юрка зрабіў ласку, напісаў...

— Вось каб яго палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог. Ведаў бы, як пісаць! — сярдзіта прабасіў суддзя, які ўжо даўно меціў у старшыні і заўсёды стараўся актаваю ніжэй гаварыць за другіх суддзяў.

— Дык ты растлумач, што ўсё гэты малюнак азначае... Людзі... свіння, і ўсё такое...— запытаў зноў старшыня,— што гэта такое?

— Гэта і ёсць тая самая заява, што Юрка пісаў...

— Цьфу! Свінячая морда! — гукнуў старшыня і плюнуў якраз на пісараў камаш, але той як бы ненарокам выцер яго аб крысо світы суддзі, які сядзеў радам з ім.— Растлумач нам, у чым справа? Чуеш?! А то...

— Гэта ўсё аб свінні, што сусед Шклянка забіў,— пачаў гаварыць Гарбуз, а пра сябе думаў, што і тут усе няграматныя...

— Ну, дык як далей? Кажы, кажы!..

— Вось я і кажу,— тлумачыў ім Гарбуз,— тут аб усім напісана. Вось гэты чалавек, што з калом у руках, гэта мой сусед Мікола, а шклянка намалёвана — гэта яго прозвішча. А гэта плот... і вось тая самая дзірка, кудэю свіння лезла. Вось гэта самая свіння, што тут намалёвана, і ёсць мая Перапалосая, якую сусед і забіў у гэтай дзірцы, што вы бачыце, і вось гэтым калом, што ў руках трымае... А ўнізе, бачыце, намалёваны чалавек — гэта я сам — Апанас, а каля мяне гарбуз намазаны — гэта маё прозвішча Гарбуз...

— Значыцца, і тут непісьменныя,— падумаў услых Гарбуз і цяжка ўздыхнуў.

Усе ўвесь час сядзелі з расчыненымі губамі, а як Гарбуз кончыў тлумачыць, разам сказалі:

— Разумеем. Вось яно што!!

— Як жа будзе? Апошнюю свінку...

— Добра, добра! — пачаў старшыня, — мы пасля разбярэм гэту справу і адповедзь дамо... Павестку пашлем...

— Але дзіўная твая заява! — у адзін голас загаварылі.— Відаць, што няграматны пісаў,— дабавіў пісар і сунуў гэту паперу пад сукно...

«Або няграматныя чыталі»,— падумаў Гарбуз і, пакланіўшыся да пояса, выйшаў з канцылярыі.

Ідучы дамоў, ён увесь час думаў: «Хто граматнейшы: Юрка, што гэту заяву пісаў, ці суддзі, што не маглі яе прачытаць».

Ужо пачынала змяркацца, калі Гарбуз узышоў на двор. Першая яго спаткала жонка, якой ён і стаў расказваць, як было ў судзе.


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан