epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Мікітаў лапаць

АКТ І
  З'ява І
  З'ява ІІ
  З'ява ІІІ
  З'ява IV
  З'ява V
  З'ява VI
  З'ява VII
  З'ява VIII
  З'ява ІХ
  З'ява Х
  З'ява ХІ
  З'ява XII
  З'ява XIII
  З'ява XIV
  З'ява XV
  З‘ява XVI
АКТ ІІ
  З'ява І
  З'ява ІІ
  З'ява ІІІ
  З'ява ІV
  З'ява V
  З'ява VI
  З'ява VIІ
  З'ява VIII
  З'ява ІХ
  З'ява Х
  З'ява ХI
  З'ява XII
  З'ява XIII
  З'ява XIV
  З'ява ХV
  З'ява XVI
  З'ява XVII
  З'ява XVIII
  З'ява XIX
  З'ява ХХ


Камедыя ў 2-х актах

 

АСОБЫ:

Яўмень — селянін.

Грыпіна — яго жонка.

Зоська — іх дачка, гадоў 19.

Дар’я — іх суседка.

Саўка — яе сын, гадоў 22.

Мікіта.

 

 

АКТ І

Двор. Абапал — хаты. За вуліцай відаць садок.

 

 

З'ява І

Дар'я (адна)

 

Дар'я (з аўсом у прыполе і кліча курэй). Цып! цып! цып! цып! Дзе ж яны падзеліся? Каб часам зноў не пайшлі несціся ў суседаву крапіву! Вось бяда з курамі! Бадай на іх каршун! Цып! цып! цып! Кур! кур! кур! Нездарма, мусіць, людзі кажуць, што суседзі нешта ведаюць, што ў іх не то свае куры нясуцца ў хаце, але і чужыя прыходзяць несціся.

 

З'ява ІІ

Дар’я — Грыпіна

 

Грыпіна (праз акно). Каб ты не ведала ні святых каляд, ні асенніх дзядоў, калі я што-небудзь гэта паганае ведаю і калі ў мяне чужыя куры нясуцца. Вось ты — дык праўда, што кожную раніцу аўсом ды ячменем прынаджваеш да сябе чужых курэй! Выдра ты! Пляткарка! Шкада святой серады, а то аблаяла б цябе, як суку!

Дар’я. Суседачка! Я ж на вас нічога дрэннага не кажу. Што ў вашай крапіве мае куры несліся — гэта праўда, твой мужык Яўмень не дасць маніць... Але ж я не кажу, што вы іх бралі!.. Няхай мяне пярун заб’е, калі я дарэмна на каго выдзіраю... А калі яйцы мае прападалі, мо’ іх ела ваша сучка.

Грыпіна. Сама ты сучка! Гадаўка! Цьфу! (Плюе.) Гаварыць з табой не хачу! (Зачыняе акно.)

 

 

З'ява ІІІ

Дар'я (адна)

 

Дар’я. Не разумею, чаго яна да мяне чэпіцца кожны божы дзень!

 

 

З'ява IV

Дар’я — Саўка

 

Саўка (выходзіць з хаты). Мама! Навошта вам сварыцца з суседзямі.

Дар’я. Мой сынок! Ці ж гэта я?! Гэта ж яна першая пачала.

Саўка. Яна пачынае, а вы ўзялі ды пайшлі ў хату! Што людзі кажуць, чуючы штодзень сварку на нашым дварэ?

Дар’я. Гэтак то гэтак... Але чаго ж яна да мяне лезе заўсёды?

Саўка. Няўжо ж не разумееце за што? Усё за тое.

Дар’я. Што дачкі не хоча за цябе аддаць? Мы ж сілком не бяром... чаго сварыцца!.. Захочаш жаніцца, дык такое дабро знойдзеш...

Саўка. Не кажыце гэтак, бо Зоська мяне ўсёю душою кахае... і бацька згаджаецца... вось толькі маці ніяк...

Дар’я. І ліханька яе бяры... Але не дажджэ яна! Я ёй такую штуку падстрою, такога вараб’я падпушчу, што яшчэ сама прыйдзе маёй ласкі прасіць... Вось пабачыш!.. Здохну я, калі ёй не аддзякую за яе сварку!.. Лахта гэта! Як пачнецца раніца— і пачынае лэхціць языком, як трапло! Сутрымаеш язык, пачакай толькі! (Пайшла ў хату.)

 

З'ява V

Саўка (адзін)

 

Саўка (зняўшы касу са сцяны). Эх, бяда з гэтымі старымі... Ніяк не паладзяцца! Не тое, дык тое. Не за курыцу, дык за яйцы, а ўсё сварацца. Ніяк іх пагадзіць няможна. Не ведаю, што даў бы, каб толькі яны жылі ў згодзе... Мо’ хутчэй Зоська была б маёю... Гэтак я яе страшэнна кахаю... Дзе ні іду, усё аб ёй думаю (Уздыхае.)

 

З'ява VI

Саўка — Грыпіна

 

Грыпіна (уваходзіць). Аб кім гэта, пане дабрадзею, думаеш?

Саўка. Ды вось думаю, як бы сенажаць хутчэй скончыць касіць. А цяпер пайду ў садок цялятам травы выкашу...

Грыпіна. Аб сенажаці думай сабе колькі хочаш, а вось аб Зосьцы кінь думаць... Не раз казала і цяпер кажу, што яна табе не пара... За такога, як ты, я яе не выдам; няхай лепш у дзеўках сядзіць... Што ў цябе ёсць? Зямлі кавалак ды хата, небам крытая!..

Саўка. Мне здаецца, цётачка, што лепш выйсці за беднага, калі яго кахаеш, чым за багатага, ды нялюбага...

Грыпіна. Што з твайго кахання: спадніцу пашыеш ці хлеб есці будзеш? Лепш богу не грашы і людзей не смяшы, хлапец!.. Шукай сабе такую, як і сам, ды жаніся, а на Зоську не спадзявайся, бо нічога не будзе... Знайшоў каго пакахаць?! (Пайшла ў хату.)

 

З'ява VII

Саўка (адзін)

 

Саўка. Ці я вінават, што яе кахаю... Мо’ б я і не хацеў кахаць, але сэрца!.. А што я бяднейшы за яе... і тут не вінен... Эх!.. Як гэтыя старыя не могуць зразумець нас, маладых... Няўжо ў свой час ім не прыходзілася кахацца і гэтак хварэць, як хварэю я... не... мусіць, не... бо, каб ведалі яны, як гэта цяжка... Эх! Убогасць усяму віна. Але Зоська? Яна шчыра кахае, нягледзячы, што я бедны... Бацька дакляруе нават дапамагчы! чым-колечы, а маці і гаварыць не хоча...

 

З'ява VIII

Саўка — Зоська

 

Зоська (бегучы з вуліцы). Ой! вой! вой! вой! Савачка, барані мяне... (Мікіта паказваецца і хаваецца.)

Саўка. Што! што такое?

Зоська. Вой! утамілася!.. Гэта ж той дурань гнаўся за мною!

Саўка. Хто? Які дурань?

Зоська. Які дурань! Адзін жа ў нас дурань — Мікіта!

Саўка (смяецца). А бадай цябе! І ты яго спалохалася?

Зоська. Заўсёды ка мне чэпіцца, кажа — кахаю цябе, жыць без цябе не магу...

Саўка. Ну, значыцца, кахае...

Зоська (злосна). Ідзі ты вон разам з ім!.. Як да нас прыходзіць, я з хаты ўцякаю альбо яго качаргою ганю вон... Ты заступіся за мяне!..

Саўка. Ну добра, заступлюся.

Зоська. А ці сёння мацеркі нашы не сварыліся?

Саўка. Як жа... Яшчэ як!

Зоська. Завошта?

Саўка. За курэй!.. Эх, Зоська, нешчаслівыя мы з табою. Не быць, мусіць, таму, аб чым мы так часта гутарылі!?

Зоська. Не сумуй, Савачка! Прыйдзе шчаслівая хвіліна — мацеркі нашыя пагодзяцца, і мы злучымся назаўсёды... А пакуль што, кахаймася і не трацьма надзеі, што і наша зорка засвеціць ясней на небе і ўзвядзе нас на адну сцежку, якой і будзем ісці з табою ўсё жыццё. (У гэты час Мікіта праходзіць па вуліцы, хаваецца за вугал і слухае.) Мо’ хто-небудзь пагодзіць нашых мацерак.

Саўка. Зоська! Я не счакаю той гадзіны!..

Зоська. Э-э! Счакаеш! Не памрэш! (Мікіта пераходзіць за другі вугал, бліжэй.) А куды ты касіць пойдзеш?

Саўка. Пайду ў садок, выкашу трохі, пакуль сонца не пячэ, бо тады за вашымі пчоламі няможна пыдысці...

Зоська. Ну, добра! Ты ідзі касіць, а я пайду табе бліноў прынясу.

Саўка. Што ты, Зоська!

Зоська. Гэта не тваё дзела!.. Калі я кажу, так і трэба. Я хутка. (Пайшла ў хату).

Саўка (паглядзеўшы ўслед). Ну і Зоська! Без яе мне жыцця не будзе! Эх, доля, доля! Чаму я такім радзіўся! (Пайшоў у садок.)

 

З'ява ІХ

Мікіта (адзін)

 

Мікіта (падбягаючы пад дзверы). Ага, не злавіў! А то, дальбог, пацалаваў бы! Вось толькі лапаць развязаўся, ганяючыся за ёю. (Садзіцца на лаўку і абувае.) А спрытная дзяўчына, як наша цялушка!.. Толькі хвастом не махае, а бяжыць таксама, што дагнаць няможна... І чаму яна мяне не любіць? Перш казала: люблю! Нават і яблыкі ёй даваў, дык не хацела браць, кажа: лепш сам еш, я цябе шкадую... А цяпер ні прыступу, як малады конь да аглобляў. Вой дык Зоська, Зоська! (Чухае патыліцу). Трэба пачакаць, мо' хутка будзе бліны несці Саўку, хоць пабачу — і то лягчэй будзе. (Лажыцца на лаўку.) Каб толькі яна Саўку не пакахала. Але ж!.. Кажуць людзі, што мяне — значыць, мяне... (Пяе.) Значыць, мяне... (Пяе.)

 

Ай у полі жыта расце з каласамі,

Пакахала Мікіту яна з кутасамі.

 

Здаецца, ідзе!.. (Маўчыць. Зося з блінамі ідзе ў садок. Мікіта ўстаўшы.) Пайду за кусты схавацца... Як пачне Саўка бліны есці, я знянацку як крыкну! (Крычыць.) Ён спужаецца і блінамі ўдавіцца, а мне Зоська застанецца... (Пяе «застанецца...» і пайшоў у садок.)

 

 

З'ява Х

Дар'я (адна)

Дар’я (выйшла). Што гэтак сёння доўга Яўменя няма з поля... Зарабіўся!.. Трэба яму нагаварыць хоць няпраўды, каб яе трохі аддубасіў, няхай ведае, як добра слухаць няпраўду... Каб хутчэй ён толькі ехаў... Пабачым, хто перад кім паклоніцца... Паскуда гэтакая!.. Брахуха! (Пайшла ў хату.)

 

 

З'ява ХІ

Зоська (адна)

 

Зоська (бяжыць, баронячыся ад пчол, і раскідае бліны). А няхай вас ліха! Вой! вой! У валасы ці што забіліся... Мёд смачны, але моцна кусаюцца, і бліноў не данесла Саўку, а ён будзе чакаць. (Бяжыць у хату.)

 

 

З'ява XII

Мікіта (адзін)

 

Мікіта (ідзе ззаду, падымае бліны і есць напяваючы). Смачныя бліны! Смачныя бліны! Вось яшчэ адзін... Якія смачныя бліны пячэ Зоська. А я яшчэ не снедаў сёнека. Вось падвязло. (Пяе.) Смачныя бліны! Смачныя бліны! (Углядаецца.) Здаецца, бацька яе ідзе з поля! Трэ ўцякаць. (Пяе.) Смачныя бліны! (Уцякае.)

 

З'ява XIII

Яўмень — Дар‘я

 

Яўмень (з пугаю). Во пячэ! Як у чалесніках! Трасца яму ў бок!

Дар’я. (выйшла). Дзень добры, суседзе!

Яўмень. Добры дзень!

Дар’я. Я ж кажу, што зранку пачало так пячы, каб дождж, часамі, не пайшоў. І замарыліся, відаць!

Яўмень. А ўжо ж замарыўся, трасца яму ў бок! Хлапца не наняў, самому прыходзіцца і за сахой, і за бараной, і за канём, і за ўсякаю паветраю цягацца, трасца яму ў бок! Ніколі ў хаце не бываем.

Дар'я. А гэта і дрэнна, што ў хаце не бываеце!

Яўмень. А хто ж кажа, што добра? Ведама — дрэнна, трасца яму ў бок!

Дар’я. Я ж кажу, што чалавек за працаю ніколі ў хаце не бывае, а людзі чорт ведае што гавораць.

Яўмень. Што ж яны гавораць, трасца ім ў бок? Што я гультай?

Дар'я. Ды не... Але лепш аб гэтым не казаць.

Яўмень. Што ж такое?

Дар’я. Кажу, лепш не казаць!

Яўмень. Зацікавіла, трасца яму ў бок, і казаць не хочаш! Кажы, я злавацца не буду...

Дар’я. Баюся казаць, каб дрэннага чаго не выйшла... Мо’ гэта ‘шчэ і няпраўда!

Яўмень. Ну дык кажы, трасца табе ў бок!

Дар’я. Ну, калі так прыстаеш, то не гневайся і слухай. Кажуць людзі—мо’ ‘шчэ гэта і няпраўда — што як сам бываеш у полі, працуеш, то да жонкі госці ходзяць... частуюцца...

Яўмень. Трасца табе ў бок, ад каго ты чула?

Дар’я. Гэта я табе не скажу, але ’шчэ раз кажу, што можа ўсе маняць. Пакуль сам не пераканаешся, маўчы лепш: мала што людзі кажуць!

Яўмень. Я буду маўчаць, трасца ёй у бок! Яна тут п’янствуе ды ’шчэ што вырабляе! Я бачу, што апошнія дні асою ў вочы пачала кідацца! Вось гэтым пугаўішчам пацягну разоў колькі, дык не захоча мяне больш ашукваць, трасца ёй у бок! Бачыў ты яе?! (Пайшоў за здверы.)

 

З'ява XIV

Дар'я (адна)

 

Дар’я. Вось і ўдалося! Няхай жа ведае, як няпраўду казаць. Мо’трохі памякчэе, а то не прыступіцца. Ён ёй пакажа: Яўменя я добра ведаю. (Слухае.)

Яўмень (чуваць за дзвярыма). Што? Трасца табе ў бок.

Дар'я. Дастанецца ёй за курэй! Пугаўё добрае маё! Будзе ведаць, як з суседзямі трэба жыць. (Пайшла ў хату.)

 

 

З'ява XV

Мікіта (адзін)

 

Мікіта. Няма нікога. (Аглядаецца.) Жадаў, каб Саўка бліном падавіўся, ажно сам чуць не ўдавіўся ўцякаючы! Але бліны смачныя... Трэ’ ’шчэ паляжаць, мо’ вынесе болей. (Лажыцца на лаўку і пяе.) Вынесі, Зоська, бліноў яшчэ болей! У садку цябе Саўка чакае... (Смяецца.)

Яўмень (чуваць у хаце крык). Гэта падзяка за маю шчырую працу?! Вон з хаты!

Мікіта. Вой! Дзе мне дзявацца! А мо' не ўбачыць! (Выцягнуўся на ўсю лаўку).

Яўмень. Каб і нага не была тут! Вон, трасца табе ў бок!

Мікіта (кідаецца з лаўкі і лезе пад лаўку). Вось тут! Можа, не знойдуць. Чаго гэта Яўмень расхадзіўся?! (Пяе.) Вынесі, Зоська, бліноў яшчэ болей. У садку Саўка чакае. (Далей хаваецца.)

 

 

З‘ява XVI

Яўмень — Грыпіна — Зоська — Мікіта

 

Грыпіна (бяжыць, за ёю Яўмень з пугаю, за ім Зоська ).

Яўмень. Сорам на свет паказацца будзе!

Грыпіна. Яўменька, даражэнькі, паслухай!

Зоська. Татачка, гэта — няпраўда! (Дар'я пазірае ў акно, смяецца.)

Яўмень. Я табе пакажу, як здзекі з мяне строіць, трасца табе ў бок! Вон з двара, каб вочы мае не бачылі, калі ты гэтакая!

Грыпіна. Слухай жа, дурны!

Яўмень. Слухаць не хачу! Я вось табе выведу твой розум, трасца табе ў бок!

Грыпіна. Не баюся я цябе, дурань! Дурань! (Бяжыць пад лаўку.)

Яўмень. Дык ты вось як, трасца табе ў бок! (Сцёбае раз пугаю па лаўцы.)

Зоська. Ай, татачка!

Мікіта. Вой! вой! вой! Залавіў па пальцы! (Ліжа палец.)

Грыпіна. Ну, бі болей, бі болей.

Яўмень. Трасца табе ў бок! (Хвошча па лаўцы.)

Зоська (крычыць). Ай, татачка, не біце!

Грыпіна. А-я-яй! а-я-й!

Мікіта (крычыць пад лаўкай). Вой! вой! вой! Ратуйце! (Кідаецца Яўменю пад ногі, збівае з ног і ўцякае.)

Яўмень (валячыся, крычыць). Трасца табе ў бок! (Мікіта паўзе.)

 

Заслона.

 

 

АКТ ІІ

Тая самая дэкарацыя. На лаўцы сядзяць і гутараць Грыпіна
і Дар’я.

 

З'ява І

Грыпіна — Дар'я

 

Грыпіна. Не хачу клясціся святою нядзелькаю! Самі бачыце, што дарэмна на мяне наваліўся... І гэтак збіў, што яшчэ не магу да плячэй дакрануцца... Каб я калі каму што якое,— ніколі нікому нічога! А каб я калі каму што якое, дык што там такое! Ды ці ж бы вы, суседачка, не бачылі, па суседству жывучы, каб хто да мяне хадзіў. Але ўсё благія языкі...

Дар’я. Я ж кажу — языкі!.. Але... але... Сёння спаткалася з Яўменем і ўчора нават казала яму, што не слухай людзей, бо людзі — чэрці, так і мяркуюць, каб звесці каго-небудзь.

Грыпіна. Дзякую, дзякую табе... Я бачу, што ён памякчэў крыху, мусіць, ад таго, што вы яму гаварылі аба мне...

Дар'я. Я ж кажу... Гаварыла не верыць усякай брыдзе!

Грыпіна. Ён увесь час цяпер сходзіць з дому, а потым раптам з’яўляецца, каб каго застаць... Бачыце вы самі, ці ж я даслужыла гэтага, каб цікаваць... І цяпер кудысь выйшаў з дому. Ох, божа, божа!

Дар'я. Я ж кажу, што зрабіць! Пацікуе, пацікуе, нікога не ўбачыць, дасць веры, што мана ўсё... 'Шчэ перапросіць... Я яму ўжо казала, каб хутчэй перапрасіў вас, бо ўсё, што ён чуў — выдзірка людская.

Грыпіна. Ён то перапросіць, але сінякі, што парабіў пугаю, ад гэтага не загояцца.

Дар'я. Я ж кажу, трэба цярпець...

Грыпіна. Ды ўжо ж буду цярпець... Няхай таму бог аддасць, праз каго ён біў мяне...

Дар’я. Я ж кажу, і клясці не трэба — загояцца...

Грыпіна (устае). Эх, эх! А дзе ж ваш Саўка?

Дар'я. У хаце сядзіць.

Грыпіна. І Зоська адна ў хаце. Чаму ж ён не прыйдзе да яе пабавіцца... Які ж з яго хлапец... Ідзіце, кажыце, кажыце, няхай ідзе да яе... А вам дзякуй, што хоць вы майго дурня ўгаворваеце... Ён вам дае веры... Ды пайду і я ў хату... (Пайшла.)

 

 

З'ява ІІ

Дар’я (адна)

 

Дар’я (ідучы ў хату). Ну вось і ўдалося! Бач якая мяккая стала, хоць к хвораму месцу кладзі. А то нос вышэй коміна насіла! Ага! Як у бяду ўпадзеш, Кузьму бацькам назавеш. Толькі хутчэй бы зусім іх згодзіць, мо’ б тады і Зоська з Саўкам пабраліся... А то ўсё хванабэрыю нейкую строіла, але вось за гэту хванабэрыю чухай цяпер плечы. (Пайшла.)

 

 

З'ява ІІІ

Мікіта (адзін)

 

Мікіта (праходзячы па вуліцы, пяе і пазірае ў двор).

 

На вуліцы тупанец,

Дзеўка, не шатайся:

Хлапец зловіць, пацалуе, —

Нікому не жалься! (Пайшоў.)

 

 

 

З'ява ІV

Зоська (адна)

 

Зоська (праз акно). Эх, як хораша на дварэ! Хлопцы і дзяўчаты на сяле гуляюць, а мне так сумна, што гэта нядзелька здаецца буднім днём. І Саўка таксама сумненькі. I хто нам дапаможа ў нашым каханні, хто паможа злучыцца назаўсёды?

 

 

З'ява V

Саўка — Зоська

 

Саўка (выходзіць з хаты). У свята ’шчэ горш на сэрцы робіцца. У будні дзень працуеш, дык аб усім забываешся.

Зоська. Саўка!..

Саўка. Чаго? Ага! Я і не бачу!

Зоська. Куды ты сабраўся?

Саўка. Пайду разнясу жуду. Пагляджу, як гуляюць хлопцы ды дзяўчаты! Мо’ пойдзем разам! Ах... я і забыўся, што твая маці ў хаце... Я буду там, дзе гуляюць!

Зоська. Не, даражэнькі, я не пайду, бо тата вернецца. Баюся, зноў каб не біліся з мамаю.

Саўка. Паб’юцца і пагодзяцца. Ну, я пайшоў... А вечарам...

Зоська. Вечарам я буду... Я толькі чакаю вечара!.. Толькі не пазніся! Памятай!

Саўка. Не. Ніколі не спазнюся! Бо, дзе шчасце чалавека чакае, і, ведаючы аб гэтым, хто стане марудзіць... Ну, бывай! (Пайшоў.)

 

З'ява VI

Зоська (адна)

 

Зоська. Бывай! Бывай, мой саколік! Гуляй і за мяне, а я ... я застануся ў хаце і буду чакаць вечара! Ох! Хутчэй бы сонейка хавалася і зоркі на небе ўбачыць. Не... не так хутка! ’Шчэ рана. Эх, эх! (Хаваецца.)

 

 

З'ява VIІ

Мікіта (адзін)

 

Мікіта (ідучы). Хлапец зловіць, пацалуе — нікому не жалься. Ну, пайшоў Саўка на ігрышча, значыць, смела можна ісці гуляць да Зоські... Ды трэба занесці ёй яблыкаў. (Вымае з-за пазухі.) Аж папацелі, увесь дзень за пазухай лежачы... Толькі каб не даць кіслага, а то, як учора, шпурне мне ў галаву. (Кусае.) Вой, кіслы! Пэўна, дзічка папалася! (Плюе.) Як палын пячэ! (Кусае.) Гэты лепшы! (Кусае.) А вось гэты, як цукар! Ну, гэты я дам ёй. (‘Шчэ разы два кусае, кладзе за пазуху і ідзе ў хату.)

 

 

З'ява VIII

Дар'я

 

Дар’я (выйшла). Саўка! А, Саўка! Дзе ж гэта ён дзеўся? Няўжо да Яўменевых пайшоў! Палуднаваць забыўся хлапец! А бадай цябе! (Пайшла ў хату.)

 

 

З'ява ІХ

Зоська — Мікіта

 

Зоська (у хаце). А то як скажу Саўку! Што? Вось гэтай чапялою!

Мікіта!. Вой, вой, вой! (Выбягае, але абора ўчапілася ў дзверы, ён падае.) Стой, стой, абора ўчапілася! (Зрывае лапаць і ўцякае. Здалёку.) Пайду Саўку скажу, што не хоча цалавацца. Ай-яй-яй! Бацька ідзе! Уцякаю!

 

 

З'ява Х

Яўмень (адзін)

 

Яўмень. Ага!. Трасца яму ў бок! Не ўгледзеў толькі, хто паляцеў з двара! Значыцца, не абмыліўся! Значыцца, мая жонка, трасца ёй у бок!.. А гэта што? І лапця забыўся, як спужаўся! (Падымае.) Аборку ўшчаміў, каб ты сабе галаву ўшчаміў у плот, трасца табе ў бок! Я ёй пакажу гэты лапаць! (Пайшоў у хату.)

 

 

З'ява ХI

Мікіта (адзін)

 

Мікіта (выбягае на двор). Куды ж гэта ён дзеўся? Так напалохала, што згубіў лапаць і не ведаю дзе... Вось бяда! Штодзень новыя лапці пляці; гэтак хутка рву, а тут яшчэ губляць пачаў. Не відаць!.. (Пайшоў па вуліцы.)

 

 

З'ява XII

Яўмень (адзін)

 

Яўмень (выйшаў з хаты). А трасца табе ў бок! Цяпер не вывернешся!.. (Пад акно.) Суседка! А, суседка! Калі ласка, на хвілінку выйдзі на двор, трасца табе ў бок!

 

 

З'ява XIII

Дар'я — Яўмень

 

Дар’я. А што маеце казаць, суседзе!

Яўмень. Скажы мне, трасца табе ў бок, чый гэта лапаць?! А?

Дар'я. Скуль я магу ведаць, пане суседзе!

Яўмень. Не! Ты ведаеш, але казаць не хочаш! Вы ўсе ў адну дудку іграеце, трасца вам у бок!

Дар’я. А дзе вы яго ўзялі, пане суседзе?

Яўмень. Дзе ўзяў? Вось тут, на дварэ!

Дар'я. Мо’ дзеці чые прынеслі. Я ж кажу...

Яўмень. Дзеці, дзеці! Вось я ёй пакажу — дзеці! Значыцца, і ты за яе,— чорт за чорта! А ’шчэ хацела, каб дачку аддаў за сына, трасца табе ў бок! А праўды казаць не хочаш!

Дар’я. Ды кіньце вы, суседзе! Людзі нагаварылі, вы і веры далі. (Пайшла ў хату.)

 

 

З'ява XIV

Яўмень (адзін)

 

Яўмень. Я не кіну, пакуль не буду ведаць, чый гэта лапаць. А тады... тады... трасца яму ў бок! (На вуліцы бегае Мікіта, шукае лапця, размахвае рукамі.)

 

 

З'ява ХV

Яўмень — Мікіта

 

Яўмень. Мікіта!

Мікіта. Чаго?

Яўмень. Ты не бачыў?

Мікіта. Каго?

Яўмень. Хто з двара бег?

Мікіта. Чаго?

Яўмень. Хто з двара бег?

Мікіта. Чаго? (Плюе.)

Яўмень. Цьфу! дурніца, трасца табе ў бок, я пытаю...

Мікіта. Чаго?

Яўмень. Ты не бачыў?

Мікіта. Каго?

Я ўмець. Хто з двара бег?

Мікіта. Чаго?

Яўмень. Цьфу! (Мікіта плюе.) Трасца табе ў бок! (Пайшоў.)

 

З'ява XVI

Мікіта (адзін)

 

Мікіта. І крычыць і плёвае. Ці не адурнеў ён? Нічога не разумею!.. І што гэта будзе? Што я бацьку скажу, дзе ён дзеўся? А мо’ я яго дома забыўся?.. Не, здаецца, быў; трэба шукаць. (Пайшоў.)

 

З'ява XVII

Яўмень — Зоська — Грыпіна

 

Яўмень. Трасца табе ў бок! Я ж пытаю, хто ў цябе быў? Я пытаю, чый гэта лапаць?..

Зоська. Скуль жа мама ведае, чый гэта лапаць. Можа, свінні прыцягнулі на двор.

Яўмень. Мо’ скажаш — вароны прынеслі!.. Не, я ўсё разумею! Далей гэтак не будзе! Я хутка за цябе вазьмуся. (Суне лапцем жонцы пад нос.) Кажы хутчэй, чый гэта лапаць?

Грыпіна. Адчапіся! Здзяцінеў, ці што? Знайшоў недзе атопак, ды каб я ведала, чый ён! Скуль жа мне ведаць?

Яўмень. Вось як вазьму аборамі сцягаць, дык будзеце ведаць, трасца вам у бок!

Зоська! Ізноў, тата, пачынаеце? Святы дзень — усе людзі на вуліцы смяяцца будуць!

Яўмень. Няхай смяюцца! Няхай ведаюць, якую Яўмень жонку мае, той Яўмень, які на ўсёй вёсцы лепшым гаспадаром лічыцца.

 

З'ява XVIII

Яўмень — Зоська — Грыпіна — Дар’я

 

Дар’я (увайшоўшы). Няўжо ж аб тым!.. Суседзе даражэнькі!

Грыпіна. Вось бачыш, мая міленькая, знайшоў на вуліцы лапаць і хоча, каб я згадала, чый ён... Звар’яцеў ці што чалавек?

Яўмень. Не на вуліцы, а на дварэ, трасца табе ў бок!

Зоська. Кіньце вы яго, тата! Няхай ён згарыць!..

Яўмень. Я не кіну, пакуль не даведаюся, чый ён!..

Дар’я. Кажу, што дзеці тут пясок у ім вазілі, сама бачыла.

Грыпіна. Ну, вось, пясок вазілі...

Яўмень. Каб цябе на могілкі вывезлі! Ты яшчэ будзеш зубы загаворваць! Я цябе пытаю, чый гэта лапаць?

 

З'ява XIX

Тыя ж — Мікіта

 

Мікіта (бегучы). А дзядзечка, аддайце лапаць мой, а то тата сварыцца будзе на мяне!

Яўмень. Які лапаць, трасца табе ў бок?

Мікіта. Ды мой! Я ўцякаў ад вас і ўшчаміў абору ў дзверы, дык лапаць адарваўся!..

Яўмень (кідае лапаць). Цьфу! Трасца табе ў бок! Што ж ты раней не казаў, як я ў цябе пытаў?

Мікіта (падымаючы лапаць). А дзякуй вам! А я думаў, што згінуў.

Грыпіна. Ага! Ці я не казала! Каб табе столькі дзён хварэць, колькі ты мне сінякоў дарэмна пасадзіў на плячах пугаю! Бачылі, якая праўда!?.

Дар’я. Я ж кажу, суседзе, людзей не слухай!

Грыпіна. Вось як вазьму гэты лапаць, дык усю морду вытаўку. (Бярэ лапаць.)

Мікіта (не даючы). Ой-ёй! Я не дам, я не дам паскудзіць лапця!

Грыпіна (да Яўменя). Прасі прабачэння!

Дар’я. Але, суседзе, трэба перапрасіць жонку! Мала што прыйдзецца. Лепш згодна жыць.

Яўмень. Ну, прабачай, трасца табе ў бок! Я абмыліўся — людзей паслухаў... Болей гэтага не будзе... І вы, суседка, прабачайце: здаецца, з гарачкі сёння і вас трохі аблаяў,— мне здавалася...

Грыпіна. Здавалася!.. Няхай табе не здаецца, дурной авечцы... Здавалася!

Дар’я. Ды нічога... Я ж кажу, я прабачаю...

Зоська. Вось, дзякуй табе, Мікітка, што ты прызнаўся да лапця, а невядома, што было б...

Мікіта. Прызнаўся! Каб да свайго лапця ды не прызнацца! Хто мне спляце, акром бацькі!

Дар’я. А лепш за ўсё — гэта з суседзямі жыць у згодзе. Яны заўсёды праўду скажуць!.. Ці ж не бачаць, што робіцца на адным дварэ... (Чуваць спеў хлопцаў і дзяўчат.)

Зоська. Пэўна, Саўка вяртаецца! А мо’ б у гэту шчаслівую гадзіну на ўсё мама згадзілася?.. (Ідзе на вуліцу, за ёй Мікіта.)

Грыпіна. Ды мы, здаецца, ніколі не сварымся, хіба вось ён...

Яўмень. Што ён? Што ён, трасца табе ў бок?

Дар’я. І дзеткі нашы жывуць у згодзе паміж сабою!.. Мой Саўка колькі разоў хацеў, але не адважыўся ў вас запытацца.

Яўмень. Ды што там пытацца, калі Зоська згодна...

Грыпіна. Ці ж у нас аб гэтым пытаць? Самі няхай згаворацца!

Зоська. Мамачка! Даражэнькая! Даўно аб гэтым хацела вас запытацца.

Грыпіна. Дачушка! Або я перашкаджаю? Няхай бог дае ўсяго найлепшага...

Дар’я (убок). Вось і памагло тое зелле! Мікіта, пазаві ідзі Саўку.

Мікіта. Вось ён тут ужо! Ідзе з хлопцамі.

Зоська (з радасцю). Саўка!.. Хутчэй, хутчэй!

 

 

З'ява ХХ

Тыя ж.
Убягае Саўка. Услед за ім хлопцы і дзяўчаты.

 

Саўка (да Зоські). Чаго табе?

Зоська. Не пытай чаго, а вось цалуй руку тату і маме!

Саўка. Навошта!

Зоська. Не пытай, а цалуй, калі кажу! Ды Мікіту «дзякуй» скажы, хутчэй — яго лапцю; ён пагадзіў бацькоў, а яны згадзіліся, каб мы жаніліся...

Саўка. Няўжо? (Цалуе руку.) Дзякую!. Большага шчасця я мець не хачу! Дзякую!

Яўмень. Жаніся з Зоськай, а як мы, старыя, памром, прыары зямлю сваю' да нашай ды жывіце з богам, трасца вам у бок!

Жонка. Няхай вас бог благаслаўляе. (Мікіта стаіць з лапцем і робіць міну.)

Саўка. Але цікава, як Мікітаў лапаць дапамог мне жаніцца з Зоськай?

Дзяўчына. Мікіта! Абувай лапаць! Зараз скакаць будзеш. Зоська замуж ідзе за Саўку!

Мікіта. Замуж! За Саўку! Вой! Вой! Вой!

Зоська. Ну, Мікіта, і ты паскачаш на вяселлі. Бо каб гэта не твой лапаць, мо' б ’шчэ не скора яно было б. (Смяецца.)

Мікіта. А мо’ гэта не мой лапаць? (Углядаецца.)

Дзяўчына. Ну, хутчэй абувай, чуеш! Скакаць пойдзеш!

Мікіта. З табой?

Дзяўчына. Ну, а што ж? Са мною! Ох ты, дурніла! Яшчэ падзякуй, што бяру!

Мікіта. Бярэш?! Буду абувацца. (Садзіцца і абувае.)

Яўмень. Трасца вам у бок, праспявайце што-небудзь ды паскачыце!

Дар'я. Але, дзяўчаткі! (Пяюць вясельную.)

Усе. А цяпер паскачам!

Дзяўчына. Хутчэй, Мікіта!

Мікіта. Абору завяжу!

Яўмень. Мо’ і мы, свацця, тупнем, трасца ім у бок?

Дар’я. А чаму ж не!

Хлапец. А я з вамі, цётачка, каб зайздросна не было, што ўсе скачуць.

Грыпіна. Дый даўно я ўжо не скакала.

Мікіта. А цяпер і я тупну! Вось гэтым лапцем, што Зоську ажаніў! Пойдзем, Аўгіня, ды тупнем, каб чорту моташна стала!

 

(Усе напяваюць і пачынаюць скакаць.)

 

Заслона.

1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан