epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

На пасеках

І
ІІ
ІІІ
IV


І

У маёнтку пана Манішэўскага жыццё ішло звычайнымі крокамі...

Пан, аддаўшы загад аканому, ехаў з паняю баляваць у бліжэйшы маёнтак, аканом ганяў да працы парабкоў, парабкі бурчалі пад нос і запускалі моцныя слоўцы і на пана і на аканома...

Толькі вось у адзін дзень, вечарам, пан, не паспеўшы выскачыць з брычкі, паклікаў да сябе аканома і сказаў:

— Вайною пахне... Ты, Францішак, чым найхутчэй павінен мне прадаць Пасекі... Чуеш? Заўтра ж дай ведаць мужыкам аколічных вёсак, хай прыходзяць да мяне...

— Ну, а як жа, шаноўны пане, калі сячанскія мужыкі зноў перашкодзяць... іх жа сервітут...

— Ат! Я ім паабяцаю ў іншым месцы, а пакуль што мне ёсць рахунак прадаваць Пасекі... З гэтым трэба паспяшацца, бо... пахне і вельмі пахне вайною... Ну, дык ты іх пастарайся ўгаварыць, а ў нядзелю ў мяне будзе адвакат, я з ім параджуся наконта сервітуту...

Пан пайшоў да пакояў, а аканом зараз жа сеў на каня і паскакаў у Сячанку, якая знаходзілася вярсты за тры ад маёнтка... Сяляне якраз вярталіся з поля... Аканом заехаў да старасты і растлумачыў таму, у чым тут справа, прасіў старасту, які лічыўся ў вёсцы самым разумным чалавекам, угаварыць мужыкоў адкупіць зразу ўсю Пасеку...

Праз паўгадзіны каля стараставага двара сабралася амаль не ўся вёска.

— Нешта нядобрае чуе пан, калі Пасекі задумаў прадаваць...

— Ды проста,— адказаў аканом,— хоча чым-небудзь здаволіць сваіх суседзяў-сялян... Вось чаму яму і пажадана, каб усе Пасекі былі адкуплены вамі...

— О, які пан стаў добры,— вырвалася ў Андрэя Драчуна,— і аб нас, мужыках, стаў клапаціцца... Не, тут, мужчыны, нешта не тое...

— А каму ж, калі не пану, аб вас клапаціцца?

— А калі так,— загукаў Марцін Краўчонак,— дык няхай аддасць нам наша — сервітут няхай аддасць...

Усе сяляне голасна загаманілі...

— Але, але! — пачалі раздавацца галасы...

— У нас і даная ёсць, колькі нам належыць ад Манішэўскага... Яшчэ бацька яго павінен быў павялічыць нашы надзелы, а тут сын задумаў за нашу зямлю грошы з нас дзерці... Не дамо, мужчыны, прадаваць Пасекі?.. А не, то няхай у Падгацці аддасць нашу частку ды сенажаці ў Прылуках выдзеліць...

— Не дамо!..— загукалі ўсе ў адзін голас...

Аканом пабачыў, што ні аб чым не дагаворышся, сеў на каня ды гайда да маёнтка. А сяляне яшчэ доўга гаманілі паміж сабою, радзіліся, як быць, і парашылі, што не толькі самім не купляць, а і другім мужыкам не дазволіць купляць на Пасеках зямлю, пакуль пан не разлічыцца за сервітут...

Аканом, як трэ’ было і чакаць, аб усім далажыў пану... Пан доўга маўчаў, кусаў кончыкі вусоў, нарэшце закрычаў:

— Ну, гэта яшчэ пабачыма! Яны зноў хочуць, каб я ўспомніў ім пяты год... Мяцежнікі! А ты, Францішак, стары, але дурны... Колькі з мужыкамі жывеш, а не ўмееш да іх падысці як след... Не ведаеш, з кім справу маеш... А яшчэ шляхецкая кроў у жылах цячэ... Ідзі!..

Аканом выскачыў куляю з пакояў, а пан закурыў цыгару, сеў у крэсла і пачаў думаць...

— Гм... Вайна! Гэта нічога... Але як што іншае?..

У галаве зароіліся палахлівыя думкі... Не п’ючы вячэрняй гарбаты, ён заснуў.

Да нядзелі ў маёнтак не паказаўся ні адзін ваколічны мужык...

— Тут нешта нядобрае,— прагаварыў пан,— раней пішчом лезлі, каб прадаў ці зямлі ці лесу, а то сам наказаў, і ніхто не ідзе...

Зараз жа загадаў запрэгчы брычку і разам з аканомам паехаў у Сячанку...

Хлопцы і дзяўчаты гулялі прыбранымі... Каля кожных варот стаяла па некалькі мужчын... Шмат хто пакланіўся пану, які на стаенным жарабцы пракаціў па вёсцы да старасты...

— Пасекі прывёз прадаваць,— смяяліся мужчыны... Каля стараставых варот сабралася вялікая грамада. Пан выйшаў ад старасты, а за ім аканом і стараста...

— Ну, што, мужчыны?

— Нічога, пане, жывем памаленьку,— адказаў Марцін Краўчонак,— толькі вось пан скрыўдзіць надумаў...

— Што ты, Марцін? Як і чым?

— Ды Пасекі пан, здаецца, мае замеры прадаць, а гэта ж нашы надзелы...

— У сервітуце, значыцца,— падхапілі сяляне...

— Вы што? Звар’яцелі? Вашы Пасекі?..

— Ды гэтак жа і ў данай паказвае... Яшчэ ваш нябожчык бацька павінен быў...

— Ну, гэта глупства мне гародзіце... Няхай вам нябожчык і дае... Вось хочаце, дык купляйце... Для вас я таней прадам... Зямля добрая, вось толькі пні павыдзіраць...

Андрэй Драчун не мог далей маўчаць...

— Што гэта пан надумаў?

— Як што? Пасекі прадаць...

— Хто ж іх у пана купіць?

— Не купіце вы, купіць нехта іншы...

— Па-першаму,— пачаў Драчун,— яны клінам уразаюцца ў нашы палосы, дык хто гэта туды палезе, а па-другому— мы не дазволім, каб хто і хацеў купіць... Пан, пэўна, жартуе?!

— Як гэта не дазволім? Што? Вы зноў бунтаваць? Будзеце ўсе там, дзе сядзіць Бутрым, калі вы мне слова пікнеце... Даю вам два тыдні тэрміну... Падумайце і купіце, а не — дык!..

— Ну, гэта яшчэ пабачым,— прашаптаў Андрэй Драчун.— А палохаць нас не вельмі...

Брычка зноў пасакатала, уздымаючы хмару пылу... Мужыкі ўсе маўчалі... Усе перанесліся ў мінулае, калі ў пятым годзе іх, па ласцы гэтага самага пана, «хрысцілі» бізунамі казакі за тое, што збунтаваліся і не пайшлі бульбу выбіраць за залатоўку ў дзень...

— Глядзі ты яго, пузаты чорт, успамінае пра Бутрыма,— першы загаварыў Драчун, якому Бутрым прыходзіўся блізкім сваяком,— знойдзецца на тваю галаву яшчэ не адзін Бутрым! Я сам табе першы жывот гэты тоўсты прапару...

Зухаваты хлапец Грышка падышоў да Драчуна і сказаў:

— Я, дзядзенька, чуць-чуць памятаю той час... Але вось, каб цяпер, то я, дальбог жа, першы... Эх, толькі вось іншыя ў нас... Ды стараста таксама, як відаць, ліжацца з панам... Сказаў бы ад усяго вобчаства: не хочам купляць і другім не дазволім.

Усе пачалі расходзіцца. Пачуліся гукі гармоніка... Грышка плюнуў, вылаяўся яшчэ раз і тады пайшоў.

Сонца закацілася за хмару... Каля старасты ўжо нікога не было, толькі нейкі зусім сівенькі дзядуля стаяў каля вушулы варот і ўціраў кулаком слёзы...

Гэта быў бацька Бутрыма...

— Успомнілі... зноў успомнілі, зладзеі... восем з палавінаю гадоў... Ах, сынок мой дарагі...

І сляза за слязою кацілася па зморшчаным твары...

 

 

ІІ

Загрукалі гарматы...

— О, маё сэрца чула,— гаварыў пан, паціраючы рукі,—усё-такі дурняў знайшоў, а цяпер хоць трава там не расці...

Зямля на Пасеках была прададзена багатаму шляхціцу, які шмат гадоў арандаваў княжацкі маёнтак.

Сячанскія сяляне павінны былі здаць сваю пазіцыю дзеля таго, што Андрэя Драчуна і яшчэ самых галоўных заправіл вёскі забралі на вайну ў першую мабілізацыю...

— Калі не цяпер, дык як вярнуся з вайны, я гэтага паганага «шэршня» выкуру з Пасекі,— сказаў Драчун, пакідаючы вёску...

А Ліпніцкі, купіўшы Пасекі, зараз жа стаў абжывацца... Пачаў строіць новыя будынкі, карчаваць поле, дакупіў да Пасек яшчэ дваццаць дзесяцін, каля рэчкі, сенажаці... Праз два з палавінаю гады ён чужымі рукамі выстраіў гэткі маёнтачак, што яму нават пазайздросціў і сам Манішэўскі...

Фронт штораз то ўсё сунуўся бліжэй і бліжэй... Сячанцы апускалі рукі... А Ліпніцкі і вухам не вёў, а рыхтаваўся жыць тут цэлую вечнасць...

— Бач,— гаманілі сячанцы,— Ліпніцкі, мусіць, і паміраць не думае? Глядзі, які за гэткі час палац пабудаваў...

— Нічога,— адказаў адзін з сялян,— вайна спаліць усе яго палацы... Толькі шкада, што гэта праца такіх жа самых гаротнікаў, як і мы... А яго што? Грошы якія... таксама чужым мазалём здабыты...

Але вось войска пачало капаць зямлянкі і на Пасеках... Тады толькі Ліпніцкі ўбачыў, што не ўсюды ціха... Хацеў ён забараніць псаваць яму засеяныя жытам ляды, але пабачыў, што мае справу не з сячанскімі мужыкамі... А сам Манішэўскі зараз жа кудысьці выехаў, пакінуўшы ўсё дабро на аканома...

— О, пачало пячы панам,— смяяліся сячанцы,— наш пан некуды шмыгануў, а Ліпніцкі, кажуць, дзень і ноч богу моліцца, каб нашы немцаў усіх пабілі...

Не прайшло двух тыдняў, як Ліпніцкі прыляцеў у Сячанку сварыцца, што вясковыя коні атаву патравілі ля рэчкі.

— Здаецца, пан Ліпніцкі, першы раз да нас і трапіў,— падсміхваліся сячанцы...

— Не меў інтарэсу да мужыкоў,—вырвалася ў яго...

— Ну, дык і мы не хочам мець... Заварочвай аглоблі...

— Ну, а за атаву калі расквітаемся?..

— Ды ўжо тады, як і за Пасекі,— адказаў Марцін Краўчонак, які даўно вастрыў зубы на Ліпніцкага...

— Ну, пачакайце! — пагразіў ён пальцам, садзячыся ў каламажку...

— Шэршань!..— пусціў нехта з грамады за ім слова...

Ліпніцкі, буркаючы нешта сабе пад нос, завярнуў у бок Пасекаў і пачаў паганяць каня...

— Глядзіце, глядзіце! — крычалі малыя хлопцы,— то ж Андрэй Драчун едзе...

— Ах ты, ваяка!.. Ну, як здароў?

— Што, зусім ужо?

— На папраўку,— загаварыў весела Андрэй і пачаў цалавацца з усімі па парадку...

— Ай, ды стары ты стаў...

— А жонка, жонка як будзе рада! — гаварылі, вітаючыся з ім, бабы...

— Ну, а Пасекі як? — было яго першае запытанне...

— Ды вось толькі што Ліпніцкі тут быў, атаву яго паелі вясковыя коні...

— Гэ, Андрэйка, не бачыць нам Пасекаў, як сваіх вушэй... Гэткія палацы пабудаваў,— куды там!.. А Манішэўскі некуды ўцёк, калі пачало тут войска станавіцца...

Вечарам у Драчуновай хаце была чуць не ўся вёска...

— Не бойцеся, сюды немец не прыйдзе... Хутка яму капут...

— Я чуў,— казаў канцавы Міхалка,— што нібыта вясною замірэнне будзе?

— Можа, і будзе, але ненадоўга... Не з немцамі будзем ваяваць, дык з кім-небудзь...

— Няўжо ж з пранцузам? — запытала Тэкля, якая прыйшла да Андрэя, каб пісьмо сыну напісаць.

— А калі самі з сабой? — адказаў Андрэй...

— Ну, гэта не вайна,— смяяліся сяляне,— гэта так сабе... бойка... у гэткую вайну і мы можам пайсці... Толькі з кім нам біцца?

— Хіба з Ліпніцкім,— гукнуў нехта з грамады...

— Во, праўду сказаў... Але што ж яго нам біць: ён адзін, а нас вунь колькі!..

Раптам праскрыпелі дзверы...

— Гэта што за сход? — І ўраднік, бразгаючы шпорамі, пачаў праціскацца да стала... Усе змоўклі і пачалі скідаць шапкі...

— Тут чыя хата?

— Мая,— адказаў Драчун...

— Вайсковы?

— Але, сёння прыйшоў на тры месяцы на пабыўку...

— Гэта ты — Андрэй Халімонаў Драчун?

— Я.

— Ты арыштован!

Усе, разявіўшы раты, застылі.

— Гэй, вы,— загукаў ураднік,— зараз жа зрабіць вобыск.

Два стражнікі сталі каля дзвярэй, а два прыняліся шукаць...

— Што вам трэба? — супакойна запытаў Андрэй.

— Мы ведаем, што нам трэба! — крыкнуў ураднік.— Толькі нікога не выпускаць — усіх абшукаем...

Мужыкі пачалі шаптацца. Ніхто не ведаў, чаго шукаюць. Жонка Андрэя і двое малых дзяцей пачалі плакаць.

— Вось як ты з вераю і праўдаю служыш цару? — гаварыў ураднік, сочачы за вобыскам...

— Даволі таго, што вы, сабакі подлыя, верна яму служыце...

— Ага, — заскрыпеў зубамі ўраднік, — значыць праўда...

— Ну, дык не шукайце, здраднікі людскія, я сам вам аддам,— і пры гэтых словах Андрэй дастаў свой паходны мяшок і выцягнуў адтуль жмут папер...

— Вось, задушыцеся імі...

— Няўжо ж, як Бутрыма, за кніжкі...— пачалі шаптацца мужыкі.

— Больш няма? — перадаючы стражніку паперы, пытаў ураднік.

— О, не бойся, ёсць столькі, што ўсе вы, царскія найміты, не сабераце...

Праз некалькі хвілін Андрэй, акружаны стражнікамі, выходзіў з хаты. Жонка залівалася горкімі слязьмі... Бабы і мужыкі таксама пачалі плакаць.

— Ненадоўга,— сказаў Андрэй,— хутка пабачымся... А я пайду вам Пасекі адваёўваць... Глядзіце жонкі... дзяцей...

Асенняя чорная ноч пацямнела, калі Андрэй выйшаў на вуліцу... Мужыкі пачалі разыходзіцца, а бабы супакойвалі жонку Андрэя, якая кінулася на пасцель і залілася, як морам, слязьмі.

Над сячанцамі яшчэ гусцейшая навісла хмара... Усю зіму не маглі яны забыць Андрэя...

— Хутка вернецца, казаў...

І пры гэтых словах сонца пачынала выглядаць з-за хмары і жартаўліва, але з нейкім прадчуццём, ухмылялася...

 

ІІІ

Прыйшла новая, яшчэ небывалая восень... Як мала часу прайшло, а як шмат чаго здарылася!

Андрэй зноў у сваёй вёсцы.

— Ну, а цяпер—гуляй бедната! Тваё пачынае браць...

— Пасекі нашы будуць?

— Гэ, што Пасекі,— смяяўся Андрэй, — усё наша будзе!..

І сячанцы чуць не на руках насілі Андрэя.

— А што, Андрэй, дрэнна было ў астрозе?.. А праз каго, скажы, браток? Хто выдаў цябе?

— Ды цяпер можна сказаць: праз пана Ліпніцкага.

— Што?! Як жа гэта? Ён не знаў цябе зусім...

— А вось увосені, едучы дамоў, я парабкам яго на полі раздаў гэтых самых кніжак... А ў вёсцы з ім і стрэўся... Фурман яго, Даніла, ведае мяне... Ён, пэўна, без усякай благой думкі сказаў, што гэта Андрэй Драчун дамоў паехаў. А зараз жа Ліпніцкі, едучы ад нас, заехаў на поле ды неяк пабачыў гэтыя кніжкі... Парабкі, як пачаў іх выпытваць ды пагражаць, сказалі, што жаўнер нейкі праехаў ды даў пачытаць... Ну, а той тады і змікіціў, што гэта я, ды ўрадніку... Гэтак у пратаколе значылася... як судзілі мяне...

— Ах, паслугач панскі, глядзі ты — чалавека хацеў закапаць... Але вось сам няхай цяпер гэтага хлеба паспытае.

— А Манішэўскі што? — запытаў Андрэй.

— Ды за тыдні два перад гэтым, як цара скінулі, уцёк некуды...

А ў гэтую самую ноч на Пасеках было відна, хоць іголкі збірай... Нехта падпаліў новыя будовы Ліпніцкага.

Сячане прахваціліся ў самую поўнач... Пабеглі на пажар. Ваколічныя вёскі таксама беглі на агонь... Кожны хацеў чым-небудзь пажывіцца...

— Не браць! — загукаў, прыбегшы туды, Андрэй,— калі загарэлася, няхай усё гарыць, каб духу панскага не асталося...

А праз паўгадзіны яшчэ святлей стала на Пасеках... Загарэўся маёнтак Манішэўскага...

Частка людзей пабегла туды... Аканом Манішэўскага, які не паспеў уцячы разам з панам, бегаў на дзядзінцы і прасіў, каб затушыць...

— Цябе яшчэ туды ўкінуць,— закрычаў здаравенны парабак Яўхім,— хай згарыць гэта паганае гняздо, каб не было куды варочацца звярам-кравапіўцам... Мы там не жылі...

— Мы сабе лепшыя пабудуем, якія не будуць успамінаць аб мінулым.

Толькі панскія падлізнікі бегалі наўкола палаючага пакоя і шапталі пацеры...

Стары Ахрэм, які трыццаць пяць год праслужыў пастухом у гэтым маёнтку, выйшаў з пякарні і пазіраў на вогненную стыхію, якая штораз, то ўсё хутчэй і шчырэй несла дымам ахвяру да неба, каб скупіць прад чалавецтвам усе тыя здзекі і ўчынкі, якія ўтвараліся ў гэтых пакоях...

— І там светла,— сказаў Ахрэм, пазіраючы на Пасекі,— і новае гняздо дымам нясецца ўгору...

— Не шкада табе, Ахрэм, што гэткія пакоі і ўсё дабро ў іх нішчыцца? — падышоўшы, запытаў яго Яўхім...

Ахрэм доўга маўчаў, а пасля адказаў:

— Не. Хоць гэта ўсё і наша, але не шкада...

І здавалася, што ўся зямля хутка загарыцца, а неба ўтопіцца ў чырвоным водбліску пажару.

На Пасеках пагарэла ўсё.

Парабкі і дзяўчаты разышліся, хто куды папала. Ліпніцкі быў арыштован, але пасля нямаведама дзе загінуў...

Сяляне захадзілі каля Пасек...

Той, хто прадаў, і той, хто купіў — абодва загінулі... Усё ж такі наша — нам...

...А прайшло некалькі тыдняў. Ліпніцкі як з зямлі вырас. Ён зноў з’явіўся разам з находам немцаў.

Усё было зруйнавана... Толькі абгарэлыя шуллі стаялі, як тыя вартаўнікі размытага дажджом вогнішча...

— Вось тут... Я калісь...

Але крык людзей і скрып калёс вывелі яго з задуменнасці... Ён азірнуўся і пабачыў, што сячане вязуць бярвенне з яго бору.

— Стойце! — крыкнуў ён нечалавечым голасам.— Спалілі, зруйнавалі!.. А цяпер яшчэ... Эх вы, зладзеі!..

Не паспеў ён аглянуцца, як магутная рука Яўхіма абхапіла яго шыю...

— Дык ты яшчэ жыў? Сабака паганы!

— Не душы, не трэба рук мараць! — загаманілі мужчыны.

— Каб гэтак я свайго злавіў пана — тут бы з яго і дух вон. А ты... не стоіш таго, каб Яўхім цябе... Нікому не скажаш?

— Не...— прашаптаў Ліпніцкі і чуць-чуць пачаў дыхаць.

Сячане абкружылі Ліпніцкага і сталі трымаць раду, што з ім рабіць...

— Шкада,— сказаў аднавокі Кузьма,— паўцякалі нашы хлопцы. Яны б ведалі, які суд над ім учыніць... Вось Андрэй бы Драчун быў, якога ты прадаў калісь, помніш?

— А ён... вярнуўся? — дражачым голасам запытаў Ліпніцкі.

— Га! — падхапіў Яўхім.— Ты думаў, што яго загубіў? Такія, як ён, не гэтак хутка гінуць... не гэтак лёгка... а вось ты тут жа павінен знайсці сваю сабачую смерць...

— Пусціце... бярыце і сячыце!

— Ды не за гэта, а за тое, што чалавека прадаў...

— Даруйце... Я вінен у тым...

— Годзе! — угаворвалі мужчыны Яўхіма.— Ён сам сабе галаву хутка зверне, навошта мараць рукі...

— Жыві, паганае стварэнне, ды глядзі, каб аб гэтым спатканні, апроч нас ды гэтай Пасекі, ніхто не ведаў...

Ліпніцкі пабажыўся, што нікому не данясе...

Праз тыдзень сячане даведаліся, што ў Даўгабродскім лесе Ліпніцкага знайшлі павешаным...

— Сабаку — сабачая смерць,— сказаў Яўхім,— яшчэ на другую галіну Манішэўскага трэба было павесіць...

Сячане захадзілі каля Пасек.

— А можа яшчэ вернецца і сам пан Манішэўскі! — гаварылі яны,— боязна прыступаць да падзелу... Хутчэй бы прыйшлі нашы хлопцы.

Больш за ўсіх сваіх хлапцоў чакаў Яўхім. Ён даў слова не ісці больш да паноў парабкам. Цяпер па просьбе Андрэя Драчуна жыў у яго жонкі. Памагаў засяваць ёй шнур і карміць дзяцей...

Дні беглі... Пасекі пачыналі зарастаць быллём і палыном.

Сячане чагосьці чакалі.

Нямнога прайшло часу, як пачалі хадзіць чуткі, што зноў ідуць бальшавікі.

— Эгэ, ці я не казаў, што хлопцы нашы не забавяцца!? — радаваў сябе Яўхім.

І чорны бор, скуль ваколічныя мужыкі вазілі паціху новыя хаты, зашумеў галасней, як бы прадчуваў, што дажывае апошнія дні, як бы раней уведаў, што яго высекуць...

А на Пасеках было зацішша. Толькі вецер шалёны свістаў, як бы пяяў жалобную песню па мінулым.

 

IV

Пасекі ажывіліся... Зусім новыя людзі насялілі іх.

Хлопцы і дзяўчаты ў белых кашулях, як мак, упрыгожылі поле.

Работа кіпіць. Разудалыя песні глушаць усю аколіцу.

— Ай ды камуна! Глядзі, як у іх усё ідзе скора і гладка: мы жыта не паспелі павазіць, а яны авёс возяць,— гаварылі сяляне суседніх вёсак.— Ці не далучыцца і нам да іх?..

А сячане проста не маглі надзівіцца з усяго таго, што тварылася на Пасеках.

Андрэй Драчун быў самым баявым заправілам усёй камуны, а Яўхім — першым працаўніком.

— А сяляне не памыкаюцца адняць у вас гэту зямлю?— пыталі ў Андрэя праязджаючыя інструктары і камісары.

— Ды што вы, гэта зямля належыць да Сячанкі па сервітуту, а сячане самі і захацелі, каб тут была камуна... Аддалі сюды сваіх малазямельных і батракоў, а частка парабкоў, што жылі калісь у пана,— вось хто ў нас у камуне.

— І непаразуменняў не бывае з ваколічнымі вёскамі?

— Куды там! Мы ў іх, а яны ў нас дарагімі гасцямі бываем,— гаварыў Андрэй.— Часцей заязджайце, ды, калі можна, кніжак і газетак нам сюды прышліце: на гэту зіму школку думаем адчыніць... Толькі вось з будынкам у нас туга. Згарэла ўсё панскае. Але нічагуткі. З часам усё будзе.

Не прайшло два гады жыцця камуны, як Пасекі няможна было пазнаць.

Быў дзень супачынку. Хлопцы і дзяўчаты сабраліся каля Андрэя, а той апавядаў ім аб сваім вайсковым жыцці, як сядзеў у астрозе і як запісаўся ў бальшавікі. Усе слухалі. Засыпалі яго рознымі пытаннямі, на што Андрэй чуць успяваў адказваць. Раптам убачылі, што цэлая грамада людзей ідзе да іх з боку Сячанкі.

— Глядзіце, глядзіце! Ніяк вайною на нас сячанцы ідуць?

Усе зарагаталі і сталі напраўду цікавіцца, чаго гэта ўся вёска сыпле на Пасекі.

Пачуліся гукі рэвалюцыйнай песні, і грамада стала падыходзіць бліжэй.

— Ну, значыць, свае, калі з гэтай песняй ідуць,— пажартаваў Андрэй.

Падышлі зусім блізка. Нарэшце ўсе сышліся, пачалі вітацца. На тварах сячан столькі было напісана радасці, столькі бадзёрасці чулася ў гутарцы, але ніхто з камунараў не мог зразумець, з чаго яны ўстроілі гэткую ўрачыстую гасцібу.

— Не пазналі, не пазналі! — гаманілі сячане...

— Ах! Ты — Бутрым?! — вырвалася ў Андрэя...

І Андрэй гэтак моцна абняў ужо напалову пасівеўшага незнаёмца, што, здавалася, яны больш і не разлучацца. Слёзы ў абодвух пакапалі з вачэй.

Мала хто знаў Бутрыма, але ўсе чулі пра яго, і цяпер не маглі ўпомніць у сэрцы сваім радасці, якую ім прынёс дарагі госць.

— А я і не думаў, што нашы сячанцы першымі добры прыклад пададуць,— загаманіў Бутрым.

— Крыўдзіш нас, Бутрым,— загукалі мужчыны.— Што табе, сячане не на агні печаны? Ды ты паглядзі, як камуна ў нас спраўна працуе. Напэўна хутка мы ўсе сюды запішамся і загоны свае далучым да Пасек...

— Вітаю вас, братцы, вітаю з добрым пачаткам! Збожжа, што я сеяў тут, не загінула...

— О, не! — падхапілі сячане.— Яно ўжо дало добры прыклад.

— Вось той,— казаў Андрэй да грамады,— хто першую жменю волі і братэрства пасеяў у нашай вёсцы, за што і пасівеў у астрозе...

Сонца, як бы нарочна, гэтак пачало пячы, што ўсе прымушаны былі пайсці ў цянёк, дзе доўга гутарылі з Бутрымам, што робіцца на свеце... а пасля ўсе гуртам праводзілі яго да самай вёскі.

— Калі Бутрым пахваліў нас,— гаварылі ў камуне,— значыць, справа наша ўгору ідзе...

І на Пасеках яшчэ шпарчэй пайшла праца... Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца.

У адзін дзень, якраз у час полудню, каля ганка астанавілася каламажка, і ў ёй сядзеў бацюшка суседняга прыходу.

Усе здзіўлена пераглянуліся і пачалі рагатаць.

— Бачыце, бачыце,— сказаў адзін хлапец,— бацюшка прыехаў у камуну запісацца.

— А-а? — сказаў Пётра, гадоў пад сорак пяць мужчына.— Ды гэта ж мой бацюшка: я ў яго калісь тры гады служыў.

Андрэй выйшаў на ганак.

— Здраствуйце! — сказаў бацюшка і зняў капялюш.

— Добры дзень! — адказаў Андрэй.

— Хто ў вас тут старшы?

— У нас няма старшых, усе мы роўныя!

— Значыцца, з вамі таксама можна гаманіць?

— Можна.

Бацюшка злез з воза, прывязаў лейцы за драбінку і ўзышоў на ганак.

— Я вось хацеў бы,—пачаў ён,—каб тут, на Пасеках, дастаць з паўдзесяцінкі сенажаці скасіць. Вядома, што хоць бы на пэўную частку. А то мае суседзі аднялі ў мяне да апошняй дзесяцінкі. А кароўку маю... трэба ж зіму як-небудзь пракарміць.

— У нас і ў саміх мала сена, не ведаем, як зіму прахарчуемся...

— А як жа вы тут?

— Ды камунаю.

— Ка-амунаю? — спужана загаварыў бацюшка і пачаў азірацца.

— Няма лішняга,— сказаў Андрэй, пазіраючы на бацюшку.

Бацюшка ўвесь час ціскаў у руках пугу і капялюш.

— Няма... так... няма... а я думаў...— Пры гэтым ён саскочыў з ганка і стаў заварочваць каня.

— Спужаўся аднаго слова, як чорт крыжа,— сказаў усміхаючыся Андрэй і пайшоў канчаць полудзень.

Выйшаў Пётра і падышоў да бацюшкі.

— Дзень добры, бацюшка!

— А, Пётра, калі не мыляюся?..

— Ён, той самы...

— Таксама ў камуне?! Ну, як жывеш?

— Вельмі добра. І да смерці хацеў бы так.

— Ды што ты, Пётра? А мне дрэнна...

— А вы, бацюшка, да нас, значыцца, у камуну...

Бацюшка адхіліўся ў другі бок і, каб не прымеціў

Пётра, перажагнаўся...

— А ты, Пётра, молішся богу?

— Не.

— Чаму?

— Не ўмею.

— Навучыцца, навучыцца трэба...

— У праграму нашу, бацюшка, не ўходзяць малітвы... Часу няма гэтым займацца. Мы больш з плугам, з касою...

— Так, так... праграму ведаеш... Но! — загукаў бацюшка на каня.

— Пудзіла канаплянае,— забурчаў пад нос Пётра,— цябе слухаць цяпер нехта будзе!.. Ты маліся — за гэта грошы ад дурняў заграбаеш...

Дзяжурны барабаніў у павешаную бляху, што значыла выходзіць да працы...

Зноў жарты і вясёлыя песні заглушылі абшары палёў. А яскравае сонца са сваіх праменняў саткала бліскуча-залацісты арэол над Пасекамі.


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан