epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

«Нам добра. Цёпла. Зямля ў пажары...»

 

Нам добра. Цёпла. Зямля ў пажары.

Дым чорны ўецца аж да нябёс.

Крыжы. Магілы. Вайна. Ахвяры.

Рагочуць людзі. А поўна слёз.

 

Чырвона неба. Зямля чырвона.

Адны баяцца чырвоных хварб.

Другія мкнуцца на клікі звона.

Багатым помста. Бяздольным скарб.

 

Замоўклі песні. Шумяць дубровы.

Прыгожы, вольны куток глухі.

Адно чужыя равуць каровы.

Шукаюць пашы іх пастухі.

 

Патухлі зоркі. Гарыць у дыме.

Чырвона сонца - вітае рань.

Яно засвеціць. Народ падыме.

Смялей да працы. Загіне здань.

 

1921

 


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая