epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Пасля буры... (Сказ старога дзядулі)

Схлупіліся хмары ў паветры...

Стала душна...

Вось-вось, думаем, пачнецца бура... Гэтак і сталася...

За тры дні да адступу палякаў амаль уся наша вёска са ўсёю жывёлаю перабралася ў лес, на палянку балота, і там дажывала апошнія дні польскага панавання...

У вёсцы асталіся толькі старыя ды малыя дзеці, якія раз-пораз насілі весткі, а таксама і яду тым, хто пахаваўся...

Па вуліцах гайсалі на конях польскія афіцэры... Жаўнеры шарылі па хлявах і хатах, лавілі курэй, малых парасят, тут жа, на дварэ або на вуліцы, раскладалі вогнішча і варылі нарабаваную жывёлу...

Раптам перапалох...

На дарозе каля суседняй вёскі, вёрст за пяць, афіцэр убачыў цэлую грамаду людзей, якія, несучыся на конях, паднялі чорную хмару пылу...

— Бальшавікі! Бальшавікі! — закрычаў ён нечалавечым голасам, і ўсе жаўнеры, як адзін, хапіліся за стрэльбы...

Пачалася страляніна... Жаўнеры стралялі, хто куды папала, не ведаючы, дзе і з якога боку падыходзяць бальшавікі...

Гэта нас толькі радавала. Стралянінаю нас не напужаеш... Праз нашу вёску не раз ужо за часы гэтай калатніны ляталі кулі ды бомбы...

А вось што ідуць нашы — гэта зусім добра... Я ўскочыў у сваю хату...

— Баба! а, баба! — загукаў я на жонку: — Пячы бліны... госці ідуць...

— Ці ж можа быць? А божа літасцівы, дай жа ім сілы і адвагі, каб хутчэй гэтую погань пагналі ад нас!..

Але хутка ўсё заціхла, і пранесліся чуткі, што гэта не бальшавікі былі, а хлопцы на начлег ехалі ці з коньмі ў лес ад паноў уцякалі...

А назаўтра а гадзіне дзесятай раніцы і сапраўды пачалі паны даваць лататы, бо бальшавікі наступалі з усіх бакоў... А тут яшчэ нашы хлопцы нямаведама скуль падаставалі стрэльбы і давай жарыць панам: хто з лесу, хто з жыта, а хто і ў адкрытую...

Наўкола, як можна было акінуць вокам, відаць быў толькі дым ды агонь...

Гэта гарэлі вёскі і масты, падпаленыя панамі, каб, напэўна, затрымаць наступ Чырвонай Арміі.

Пазіраем мы з-за вуглоў на вуліцу, ажно — на табе ліха!.. У польскай вопратцы бягуць па вуліцы нашы хлопцы... Мы ўсе ўголас...

— Ды што вы, пашалелі,— гукаем ім,— прадаліся... На свайго брата пайшлі...

— Не бойцеся,— крычаць яны рагочучы,— гэта мы панам даём па пятах...

— Гэта паўстанцы,— чуліся галасы.

Мы смялей пачалі вылязаць адусюль.

Страляніна, гоман і грукатня пачалі аддаляцца...

Прайшло паўгадзіны поўнага зацішша...

— Урр-ра! — пранесліся ў канцы вёскі галасы...

Мы ўсе на вуліцы...

— Нашы! Нашы!..

Загарэлыя, запыленыя, але бадзёрыя і вясёлыя, як адзін, праходзілі чырвонаармейцы...

Апошняе пачалі мы выносіць, каб падмацаваць сілы нашых збавіцеляў... Выносім сала, хлеб, страву... Не бяруць чырвонаармейцы.

— Нам забаронена дарма браць — плаціць павінны...

Мы проста прасілі іх, каб яны хоць трохі пажывіліся чым-колечы.

— Зусім інакшымі сталі,— кажу я сваёй бабе, якая напякла міску бліноў і выйшла частаваць гасцей,— памятаеш, апошні раз як былі перад польскім панаваннем і сілком калі-нікалі бралі... А цяпер...

Было ўжо поўдня.

Цэлы абоз нашых уцекачоў цягнуўся ў вёску з лесу... Гналі кароў, авец, свіней...

Вечарам чырвонаармейцы склікалі мітынг.

Толькі позняя ноч улажыла ўсіх спаць...

Адно вартаўнікі хадзілі па вуліцы ды бесперастанна трашчалі трашчоткамі... Па канцах жа вёскі стаялі каравульныя чырвонаармейцы.

 

 

* * *

Вось і жывём мы цяпер па-новаму ды па-вольнаму.

Успомніш мінулае — проста не верыцца. Нібы то сон, а не праўда была. Хто толькі не павандраваў па нашай зямліцы, хто крыві не пасмактаў нашай...

Чаго не прыйшлося перанесці і маёй старой спіне...

Закрыеш вочы ды зірнеш у мінулае, перанясешся на некалькі гадоў назад... Уся жыццёвая бура, як на далоні...

І што першым заўсёды кідаецца ў вочы — гэта шапка з чырвонаю звяздою... Каб не гэта шапка, здаецца, так бы і віселі вечныя хмары над нашымі загонамі, так бы і жылі мы ў духаце, якая не сёння, дык заўтра атруціла б усё паветра...

Часам і цяжка бывае... Няма таго, няма сяго. Але чуеш сябе гэтак вольна і бадзёра, што каб пад маё старое цела ды хто падставіў новыя, здаровыя ногі, сам бы ўзяў стрэльбу, адзеў бы шапку з чырвонаю звяздою, ды туды, на захад, дзе гэтак густа сабраліся хмары... Хочацца, каб там гэта бура пранеслася...

Мне думаецца, што хутка і там з’явіцца гэта чароўная шапка з чырвонаю звяздою. Нешта хмурна заўсёды ў тым баку, куды кожны дзень сонца заплывае...

Мне вось, часам, здаецца, калі я думкамі аблятаю ўвесь свет, што нават сонца, вось гэта самае, што ў нас гарыць і свеціць, як толькі туды, на тыя абшары спаўзае, зараз жа перастае блішчаць... Не можа яно там сеяць свае залатыя праменні...

А без сонечнага цяпла і свету няма жыцця...

 

* * *

Яго старыя прышчураныя вочы з-пад сівых густых броваў пазіралі ўдаль на захад... Здавалася, што ён хоча рынуцца туды, адзеўшы на сваю белую галаву шапку з чырвонаю звяздою...

Успаміны буры, здавалася, маладзілі яго на шмат гадоў і ўздымалі ў ім дух нейкага несвядомага пратэсту...

На твары гэтага старэнькага дзеда з’явілася ніколі не бачаная мною ўсмешка...

— Крылляў! Крылляў яму! — хацелася мне закрычаць моцным голасам...

Я быў нібы зачарованы і не мог свайго погляду адарваць ад гэтага старога целам, але маладога духам героя-дзядулі...


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан