epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Пастушкі

Дзіцячая п'еса ў 2-х актах

АКТ І
  З'ява І
  З'ява ІІ
  З'ява ІІІ
  З'ява ІV
  З'ява V
  З'ява VI
  З'ява VIІ
  З'ява VIII
  З'ява ІХ
  З'ява Х
АКТ ІІ
  З'ява І
З'ява ІІ
  З'ява ІІІ
  З'ява IV
  З'ява V


АСОБЫ:

Вацік,

Ядзя, панскія дзеці

Лявонка,

Грышка, дваровыя пастушкі 13-14 год.

Марыська,

Юзік, дзеці дваровага каваля.

Янка — дваровы хлопчык.

 

 

 

АКТ І

Хор за сцэнаю
Панскі двор. Пекна прыбраны ганак. Каля ганка панская
калыска і шмат розных цацак.

 

З'ява І

Ядзя (калышацца ў калысцы з лялькаю і пяе дзіцячую песню). Чаму ж ты вочак не закрываеш? Я цябе і калышу і песеньку табе спяваю, а ты ўсё не спіш. Што? Не хочаш? Калі ты мяне, паненкі, не будзеш слухацца, дык скажу нашаму аканому. Ён цябе моцна, моцна будзе біць. Тады ж плакаць будзеш, а я цябе не пашкадую. Чула, як учора аканом біў нашу пакаёўку Юльку, а яна плакала, плакала... Гэтак і ты будзеш плакаць... Ён сярдзіты, усіх б’е, хто паноў не слухаецца... Або аддам цябе пастушкам... А яны чорныя, страшныя, возьмуць цябе ў лес, ваўкам аддадуць! Ну, дык спі ж... А я песеньку праспяваю (пяе дзіцячую песню).

 

З'ява ІІ

 

Вацік (выходзіць з хаты). Вось, ты тут, а я цябе шукаю ў пакоях.

Ядзя. Нашто я табе патрэбна?

Вацік. Бач, Ядзя, сёння пекная пагода, дык трэба запрэгчы Юзіка і Янку ды і паехаць у лес... Трэба паглядзець, каб вясковыя дзеці ягад не збіралі ў нашым лесе...

Ядзя. А як жа мы пакоі пакінем? Тата з мамаю яшчэ ў гасцях... Хто ж павінен за ўсім наглядаць... Сёння мы нікуды не паедзем...

Вацік. Ага!.. Ну, значыцца, заўтра паедзем...

Ядзя. Ды ты, Вацік, павінен вартаваць сад. А то бачыш, як пастушкі прыганяюць паіць быдла, дык заўсёды нашыя яблычкі рвуць... Ідзі ў татаў пакой, сядзь і пазірай у акно, пакуль яны зноў у лес не пагоняць.

Вацік. Ну, добра, пайду... А як пабачу, што будуць рваць яблыкі, паклічам аканома, ён ім задасць такога перцу... (Пайшоў у пакой.)

Ядзя. Паганцы гэткія, рвуць нашыя яблыкі... Чуеш? (Да лялькі.) Крадуць у паноў яблыкі... Дасць ім аканом, як мы яму скажам. А ты не спіш? Бедненькая!.. Ну, я цябе панясу ў пакоі на мякенькія падушачкі... Ты там хутка заснеш... Пойдзем, мая маленькая, мая прыгожая, мая харошая. Дам табе булачкі з малачком, спяю песеньку, ты і заснеш... Пойдзем жа, мая кветачка... Пойдзем... (Пайшла у пакой.)

 

З'ява ІІІ

Лявонка (крадучыся, выбягае). Грышка! Грышка! Ідзі сюды! Хутчэй!

Грышка (крадучыся, выходзіць). Чаго? Што?

Лявонка. Паны старыя паехалі ў госці, Вацік і Ядзя ў пакоях, давай ускочым у сад, нарвем яблыкаў ды тады кароў пагонім... Вось будзем есці!

Грышка. Не, брат, баюся! Мой бацька шмат разоў лупцаваў мяне за такія штукі, баюся!

Лявонка. Ды не бойся!

Грышка. Яшчэ хто ўбачыць ды скажа аканому... Дык і той, брат, не пашкадуючы, так пагладзіць, што і сядзець не будзе на чым... Хіба паклічам Юзіка кавалёвага, ён палезе і нарве. Ён на гэткія штукі майстар добры!.. Вось бачыш?! Ён ля кузні... Юзік! Юзік! Бяжы сюды!

Лявонка. Юзік-гузік! Хутчэй! Каб толькі не позна было кароў гнаць, а то зноў аканом вячэраць не дасць.

Грышка. Яблыкаў пад’ядзім — вячэраць не трэба будзе.

 

З'ява ІV

Юзік (адна нага ў лапці, другая ў боце). Навошта мяне клікалі?

Грышка. Лявон кажа, што ты надта палахлівы, што пабаішся нарваць панскіх яблыкаў...

Лявонка. Ведама, пабаіцца!

Грышка. А вось жа не! Ускоч у сад, Юзік, вырві некалькі штучак з чырвонымі бачкамі.

Лявонка. Баіцца! Ха-ха-ха!

Юзік. А вось жа не баюся! Захачу і нарву!

Грышка. Вось маладзец! Ускоч у сад, а мы павартуем, каб панскія дзеці не ўбачылі.

Лявонка. Ды баіцца!

Юзік. Ага... Яшчэ зловіць хто дый шапку здзярэ!

Грышка. Ты ж без шапкі, што ён у цябе здзярэ?

Юзік. А я... яй! Дзе ж я згубіў?.. Пабягу шукаць!..

Грышка. Стой! Стой! Пасля знойдзеш!

Юзік. А яшчэ вушы аддзярэ!..

Лявонка. Ты ж без вушэй!

Юзік. Што?

Лявонка. Не, не... Ёсць вушы, толькі ўскоч у сад.

Юзік. А вы самі...

Грышка. Ты спрытнейшы! Ускоч — ягад прынясем з лесу.

Лявонка. І дудку скруцім, іграць будзем!..

Юзік. Дудку? Ну, добра, толькі каб вечарам дудку прыняслі ды даўгую, як...

Лявонка. Як твой нос!..

Юзік. Ну, вось і не пайду, самі ідзіце.

Грышка. Кінь, Лявон! Скакані, Юзік: ты добры хлапец!..

Юзік. Ну, вартуйце, а я абягу кругом, з таго боку плот паламаны, я ўжо тудою лазіў... А пасля, як нарву, вы бяжыце за мною, я вам аддам...

Грышка. Толькі, Юзік, шмат не рві.

Лявонка. Лепш насабірай, што пападалі.

Юзік. Я ведаю якіх — кругленькіх, з чырвонымі бачкамі. Толькі, як будзе хто ісці, свішчыце — я ўцяку.

Грышка. Добра! Свіснем!..

Лявонка. Бяжы хутчэй!

 

З'ява V

Грышка. Куды я палажу?

Лявонка. Я за пазуху!

Грышка. А я ў торбу.

Марыська (за сцэнаю). Пачакай, пачакай, Юзік! Скажу я тату!.. Ну і дасць жа ён табе! Адлупцуе! (Выходзячы.) Ужо падвучылі дурныя пастухі! Скажу тату! Далі-бог, скажу!

 

З'ява VI

Грышка. Марыська-крыська! Чаго ты галёкаеш, каб усе чулі. Панскіх яблыкаў табе шкода?

Марыся (увайшла). А чаму ж ты сам, Грышка-кішка, не лезеш, а Юзіка нашага падвучыў. Скажу і твайму тату! Вось будзе!

Грышка. Баюся я цябе, як жаба мухі! Ну, бяжы, скажы, бяжы!..

Лявонка. Ці мы яго вучылі? Сам захацеў яблыкаў, дык і палез!

Марыся!. Сам!.. сам!.. Ведаю я! Пастухі дурныя, красці вучаць!..

Лявонка. Можа разумнейшыя за цябе... Ён не пайшоў красці, а толькі ўзяць.

Грышка. Не чапай яе, а то заплача!

Марыся. Ты хутчэй заплачаш!

Грышка. Ціха! Ідуць! Вой! Свішчы, Лявон!

Лявонка (свішча). Ты свішчы: я спужаўся, не засвішчу!

Грышка (свішча). У мяне не выходзіць!

Абодва (да Марысі). Марыська, ты засвішчы!.. засвішчы!..

Марыся. Вось бацька вечарам, калі возьме пугу, ды і засвішча вам абодвум, толькі нагамі задрыгаеце!..

Грышка (крычыць). Юзік, уцякай!

Лявонка. Хутчэй у лес бяжы!

 

З'ява VIІ

Вацік. Мы скажам тату: бачылі, як Юзік яблыкі збіраў!.. (Убачыўшы Лявонку і Грышку.) І вы тут, пастухі?

Грышка. Тут!..

Вацік. Мо’ і вы хацелі ў наш сад лезці?

Лявонка. Хацелі!

Вацік. Скажам аканому, ён вам пакажа!..

Грышка. Не баімся мы аканома!

Ядзя. Ого! Можа, і паноў і нас не баіцеся?

Грышка. І паноў і вас не баімся!..

Ядзя. Чуеш, Вацік, што яны кажуць?

Вацік. Вось, як вернецца тата ды прыкажа даць розаг, як учора фурманшчыку за тое, што брычкі не памыў, дык будуць баяцца.

Лявонка. Што? Нам розаг дасць?!

Грышка. А назад мы яму не патрапім даць?..

Ядзя. Вацік, Вацік! Чуеш, што гэтыя чорныя пастухі нам кажуць?

Грышка. Тое, што белыя чуюць...

Вацік. Нашто вы ў наш сад лазілі?

Лявонка. Які ён ваш? Што, вы яго садзілі?

Ядзя. А можа, ваш?

Грышка. Але, наш, бо я вясною вазіў гной пад дрэвы, а Лявонаў бацька дрэвы садзіў. А мой бацька галлё сухое абразаў.

Вацік. Дык калі ваш, чаму ж вы крадзяце яблакі, а смела не ідзяце і не рвяце іх?

Грышка. Таму, што вы нашага ўласнага не пазваляеце нам смела ўзяць!

Ядзя. Вось як?

Грышка. Вось так!

Лявонка. Мы не крадзём, бо гэта не чужое, мы толькі, хаваючыся, бяром!

Вацік. Дык, можа, і каровы вашы, бо вы іх пасеце?

Грышка. Але, нашы!

Ядзя (смяецца). Дурныя вы пастухі! Чаму ж мы малачко ядзім, а вы толькі бегаеце за каровамі, пасучы іх?.. Вы ўсе чорныя, як галавешкі, як наш гаршчок, што Агата есці варыць!

Грышка. Каб і вы ўвесь дзень папякліся на сонцы, як мы, дык горш бы за гаршчок пачарнелі!

Лявонка. Як не накормім кароў, дык здохнеце без малака!..

Ядзя. Мужыкі, пастухі! Мы з вамі гаварыць не хочам!..

Лявонка. І не трэба!..

Грышка. Мы з вамі дзесяць разоў не хочам! Паны якія знайшліся!

Вацік. Вон ідзіце!

Грышка. А вось жа не пойдзем!

Ядзя. Ідзіце ад нашага ганка, хто вам пазволіў тут стаяць у лапцях? Пастухі чорныя!

Грышка. Хоць і пастухі, хоць і чорныя, а вось жа не пойдзем!

Вацік. Ну, дык стойце, як сабакі, каля ганка

Лявонка. Гэта ж вы сабакі! Гыр-гыр-гыр!

Грышка (цішэй). Аканом ідзе, уцякайма!

Лявонка. Няўжо ж? Але, ідзе! Хутчэй у лес кароў пагонім!

Вацік. Як вырасту, вось пакажу, як паноў зневажаць! Пачакайце!

Ядзя. Ідзіце з двара, чэрці!

Грышка і Лявон. Гэта ж вы чэрці, каб вам памерці, у суботу рана, выкапана яма... (Дражняцца і ўцякаюць.)

 

З'ява VIII

Ядзя. Пастухі гэтыя! Прыйшлі пад панскі ганак і яшчэ адважыліся так гаварыць! Марыська, да нас: ты не такая, як яны, ты добрая!

Марыся. Гэта яны нашага Юзіка падвучылі, каб лез у сад!..

Вацік. Нічога! Аканом увечары ім пакажа, як у панскі сад лезці. Як чапаць панскае дабро!

Ядзя. Яшчэ дурні паважыліся казаць, што іх сад, і што каб не яны пасвілі кароў, дык мы б малака не елі! (Паўза.) Але, праўда, Вацік, хто б нашы каровы пасвіў, каб не Грышка ды Лявонка!

Вацік. Хто? Мала хлапцоў у дварэ.

Ядзя. А каб і іх не было, хто пасвіў бы?

Вацік. Ну, дык... стары Кузьма, ці з вёскі каго-небудзь узялі! (Пайшоў у пакоі.)

Ядзя. Але, праўда, на вёсках шмат людзей... Яны да нас на работу прыходзяць... Ты была, Марыська, на вёсцы?

Марыся. Была!

Ядзя. А якія там людзі, белыя, як мы, ці чорныя, як нашы пастухі і парабкі?

Марыся. Такія ўсе, як пастухі і парабкі!

Ядзя. А чаму яны такія? Чаму яны чорныя?

Марыся. Я не ведаю!

Ядзя. А чаму ты чорная? Вось ты добрая, не такая, як тыя пастушкі, а гэтакая чорная, як і яны, чаму?

Марыся. Не ведаю. Тата мой чорны і мама чорная, дык і я чорная!

Ядзя. Ага! Вось чаму! А ў нас усе белыя, харошыя, чыстыя! А ў вас усе замараныя!.. Твой тата заўсёды чорны...

Марыся. Бо мой тата каваль, заўсёды працуе, вугалле бярэ ў рукі, дык і чорны. Каб і твой тата працаваў у кузні ды браўся за вугалле, таксама зарабіўся б у сажу!

Ядзя. Што ты, Марыська! Мой тата вугалле будзе браць у рукі? Ён жа рукавічкі замарае!

Марыся. Не, я так сабе кажу!..

 

З'ява ІХ

Юзік (поўна за пазухай яблыкаў і ў руках. Ядучы яблык). Уцякалі і яблыкаў не ўзялі!.. І дудкі не зробяць, іграць не буду!..

Марыся. У кулак зайграеш, як тата вечарам адлупцуе!...

Юзік. Што?! (Хавае яблыкі за пазуху.)

Марыся. Будзе і дзвесце, не толькі сто!

Ядзя. Вось які ты, Юзік! Мы табе і боцік далі, а ты ў нас яблыкі крадзеш!

Юзік. Я? Далі-бог жа не краў! Я хацеў толькі ападкаў назбіраць!.. Яны ўсё роўна ў траве гніюць!..

Ядзя. І ападкаў няможна, няхай сабе гніюць!.. Не тваё дзела!

Юзік. А што бот далі, дык на чорта ён мне, ды яшчэ адзін!

Марыся. Нашто так гаворыш?!

Юзік. Вось я скіну. (Скідае.) Лепш я ў лапцях пахаджу альбо босы!..

Марыся. Дасць тата за бот!

Юзік. Гэта ж не наш, Марыська, а іх, няхай сабе бяруць, калі ім шкода! Шкадаваць не буду!

Ядзя. Не скідай, не трэба!

Юзік (кідае на ганак). На! Хоць на нос адзень свой недатопак!

Ядзя. Вацік, Вацік! (Да Юзіка.) Нашто паскудны бот на ганак кідаеш?

Юзік. Хоць паскудны, але ён панскі, яму ў пакоях і месца!

 

З'ява Х

Вацік. Хто бот шпурнуў?

Юзік. Я! Насі ты: на маю нагу не прыйшоўся!

Вацік. Дурны мужык! Бяры паскудны бот, ганак замараеш! (Кідае назад.)

Юзік. Я паскудных не нашу!.. Толькі паны такія носяць, бо і самі паскудныя!

Ядзя. Як ты паважыўся, дурны?

Юзік. Вы самі дурныя, як гэты бот! (Кідае назад.) Пойдзем, Марыська! (Пайшлі.)

Ядзя і Вацік. Мужыкі дурныя! Пастухі чорныя!

 

Заслона.

 

АКТ ІІ

Лес. Невялічкая палянка. Абапал кусты і дрэвы. Свеціць сонца. Пяюць птушкі. Час-ад-часу чуваць далёка хор вясковых дзяцей. Грышка і Лявонка сядзяць і абедаюць, дастаюць
хлеб з торбачкі.

 

З'ява І

 

Лявонка. Еш, Грышка, бо да вечара яшчэ далёка (пазірае на сонца).

Грышка. Ды я ем... Але нешта хлеб усухамятку не дужа лезе.

Лявонка. Не лезе?.. Дык пабяжы да канавы ў ваду памачы, мо’ лепей палезе!

Грышка. А што ты думаеш? Сапраўды, пабягу памачу... Гэта ж тут блізка і канава з вадою (устае).

Лявонка. Там маю чорную карову перагані на гэты бок, а то яна, паралюш на яе, на тым баку ўжо апынулася...

Грышка. Добра!.. Я хутка! (Пабег.)

 

З'ява ІІ

Лявонка (паўза). Вось жыццё!.. Цэлае лета каровы пасі, а хлеб з вадою еш, а не з малаком... Божа мілы! Як ты няроўна падзяліў: той, хто нічога не робіць, есць булкі з малаком, а той, хто працуе,— чорны хлеб з вадою. Вось хоць бы Вацік і Ядзя — панскія дзеці! Мы іх каровы пасём, а яны малачко п’юць і кажуць, што гэтак трэба... Не! Па-мойму зусім не гэтак трэба. Але нічога не зробіш! Трэба слухаць, што пан кажа, бо як не паслухаеш, — і хлеба з вадою не будзе... А замест хлеба лазы не пашкадуе даць... Эх, як кепска жыць на свеце!.. (Уздыхае.)

 

З'ява ІІІ

Грышка. Ну, вось! Карову тваю перагнаў і хлеб размачыў!.. (Садзіцца каля пня зноў.)

Лявонка. Ну, дык садзіся, еш... Я кажу, што дрэнна бог мяркуе. Вось мы ўсё лета каровы пасём, а малака ў вочы не бачым.

Грышка. А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго.

Лявонка. Эх! Мала што і я люблю. Нам трэба, брат, любіць тое, што ёсць...

Грышка. Гэтак жа, гэтак!.. Вось панам мусіць добра, чаго захочацца, тое і ядуць...

Лявонка. А хоць іх чэрві ядуць. Парабкі на іх працуюць, а яны тое і ведаюць, што ядуць, ды яшчэ на парабкоў сварацца.

Грышка. Ну, брат, я, як вырасту, не буду ў паноў служыць.

Лявонка. А дзе ж ты падзенешся?

Грышка. Пайду ў свет! Няўжо дзе-небудзь будзе горш, як тут?

Лявонка. Але пахвалішся тады, калі пан пусціць.

Грышка. Уцяку, і бачыць не будзе!

Лявонка. Хіба што так... Ну, вось трохі і падмацаваліся, дужэй будзе бегаць за быдлам... (Вешае торбу на дрэва.)

Грышка. Павесь, братка, і маю.

Лявонка (беручы). Што, пад’еў шмат, дык не ўстанеш?

Грышка. Але... А можа, недаеў, дык сілы няма стаць.

Лявонка (узіраючыся ў лес). Ого-го!.. Сёння паніч з паненкаю едуць у лес...

Грышка. О, зноў нячыстая нясе... А на кім жа едуць?

Лявонка. Здаецца, на кавалёвым Юзіку і на Янку Хведаравым... а Марыська кавалёва за фурмана.

Грышка. Я не вёз бы! Ні за што! Вось ахвота, язык высалупіўшы, бегчы аж у лес. Няхай адно другога запрэглі б ды ехалі... Шкада мне гэтых дзяцей, што іх возяць... Але нічога не зробіш: загадае — павінен слухацца... Яны, мусіць, не ведаюць, як гэта цяжка цягнуць каламажку гэткую далечыню?

Лявонка. Вядомая рэч, што не ведаюць, бо ні разу не цягнулі...

Грышка. Куды ім!.. Усё наш брат цягне. Як яны завуць: «Мужыкі чорныя, пастухі дурныя»... Эх вы, дармаеды, і робім на іх, а яшчэ ўсё лаюцца... Ніяк ім не ўгодзіш!.. Вось дзе наша няшчасце...

Лявонка. А ведаеш, Грышка, што? Давай калі-небудзь мы іх запрагом! Вось будзе цуд!

Грышка. Не ведаю ці цікава, каб пасля не шкадаваць... Але папрабаваць можна...

 

Чуваць здалёку спевы вясковых дзяцей.

 

Лявонка. Гэта ж цікава было б, каб паніч ды паненка везлі каго-небудзь.

Грышка. Хутчэй на вярбе ігрушы вырастуць, пакуль паны каго-небудзь павязуць.

Лявонка. Вядома, не па добрай волі... Прымусіць трэба...

Грышка. Ого-го! Нешта не верыцца... (Чуваць песня.)

Лявонка. Во, чуеш? Гэта ж вясковыя пяюць...

Грышка. Што, сюды ідуць?

Лявонка. Мусіць, сюды... Ага, вось і Вацік з Ядзяю пад’язджаюць. Давай схаваемся за кусты, каб нас не бачылі.

Грышка (устае). Давай! Мне хоць бы дзе ляжаць... усё роўна.

Хаваюцца.

 

З'ява IV

 

На каламажцы выязджаюць Вацік і Ядзя; Марыська ўперадзе за фурмана; Янка і Юзік запрэжаны. Задыхаўшыся, моцна сапуць, калі выязджаюць на сцэну.

 

Марыська (супыняе.) Тпру!..

Ядзя (вылазячы). Вось мы і прыехалі! А што гэта за спевы чуваць?

Марыська. Мусіць, зноў вясковыя дзеці прыйшлі ягады збіраць.

Ядзя. Ну, добра! Мы спярша паядзім, а пасля іх прагонім.

Вацік (вылезшы). Марыська, выпрагай коні, няхай пасуцца, а мы будзем палуднаваць.

Ядзя (вымаючы булку з маслам). На, еш, Вацік...

А для фурмана я ўзяла чорнага хлеба, а коні няхай травіцу скубуць ды ядуць.

Юзік. Ты ж траву еш!

Ядзя. Маўчы, коні не гавораць! Марыська, маеш хлеб!

Марыська. Дзякую! (Бярэ і есць.)

Янка. Як нас не накорміце, дык назад не павязем.

Вацік. Коні не маюць чалавечага языка і гаварыць не павінны! Павінны рабіць тое, што ім кажуць!

Янка. Але ж мы не коні, не жывёла, а людзі!

Вацік. Пакуль мы на вас ездзім, вы — жывёла. Павінны маўчаць і рабіць тое, што гаспадар загадае.

Янка. Вось як! Ого-го!

Юзік. Дык я больш не хачу канём быць, няхай вас вязе хто хоча; хоць на чорту можаце ехаць, а я вас не павязу!

Ядзя. Што?! Канём быць не хочаш? Канём будзеш і слухаць будзеш, бо пугу доўгую маем!

 

З'ява V

Тыя ж. Выходзяць Грышка і Лявонка.

 

Грышка (паказваючы пугу). І ў мяне ёсць пуга!

Лявонка (вылез з куста і паказвае пугу). І ў мяне пуга. Значыцца, у вас адна, а ў нас дзве!

Грышка (да Лявонкі). Бачыш, булку ды яшчэ з маслам ядуць.

Юзік. Я, дальбог, не павязу назад!

Янка. І я не павязу.

Ядзя. Ну і пехатой мы не пойдзем. Як прыкажам везці — павязеце, нідзе дзенецеся!

Янка. І не думаю.

Лявонка. Колькі разоў яны на вас прыязджалі?

Юзік. Ой, шмат, нават і не пералічыш!

Марыська. Вось маніш, можа, разоў сто.

Юзік. Ты ж пальцаў на руцэ не злічыш, жаба ты!

Марыська. І цябе навучу!

Грышка. Значыцца, яны на вас наездзіліся?

Юзік. Ну, вядома!

Грышка. Вы замарыліся?

Янка. Яшчэ як... ісці не магу.

Лявонка. Ну, калі ісці не можаце, дык назад паедзеце.

Вацік. На кім?

Грышка. На табе!

Ядзя (пагардна). Што? На кім?

Лявонка. І на табе!

Ядзя. Як гэта можна! Няхай толькі, дык і месца не знойдзеце!

Грышка. Месца хваце. Лес вялікі. А тут у лесе лепш жыць з ваўкамі, як у дварэ з панамі.

Вацік. Вы пастухі і гэтак паважыліся казаць на нас, на панскіх дзяцей!?

Лявонка. У дварэ вы паны, а тут — усе роўныя!

Ядзя. Гэта ж наш лес!

Грышка. Лес ваш? Усё ваша?

Лявонка. Увесь свет ваш? А дзе ж наша?

Юзік (да Янкі). Вось добра; дальбог, паедзем дамоў на панскіх коніках.

Марыська. Юзік, маўчы, а то дасць тата.

Янка. Што маўчаць? Чаго маўчаць?

Грышка. Хто замарыўся, той і паедзе — гэта па праўдзе будзе.

Юзік. Я!

Янка. Я!

Грышка. Вось і паедзеце!

Ядзя. Але як жа гэта можна, каб вы, пастухі чорныя, і ехалі на нас?

Лявонка. На белых? А чаму ж не? Коні ёсць і чорныя і белыя! Што ж тут дзіўнага?!

Янка. Вось Рыгорава кабыла белая.

Юзік. А Мікітаў конь чырвоны.

Вацік. Гэтак не будзе... Мы пастухоў ніколі не слухалі і слухаць не будзем.

Лявонка. А вось жа паслухаеце. Бо той таго слухае, хто дужэйшы. А мы пастухі — чорныя тут дужэйшыя, чым вы, паны — белыя: нас тут болей.

Марыська. Дармо, паненачка, я вас моцна паганяць не буду.

Юзік. А калі я скажу паганяць, дык і пагоніш, бо я буду за пана сядзець!

Марыська. Эх! Пан які знайшоўся! Нос вытры ўперад! .

Юзік (моцна ўцірае нос).

Вацік. Нам яшчэ трэба прагнаць вясковых дзяцей, каб не сабіралі ягад у нашым лесе.

Грышка. А вось жа не дадзім іх праганяць з лесу. У вас дома сад ёсць: яблыкі, грушы, вішні, агрэст — усяго ў вас шмат... А вы шкадуеце бедным вясковым дзецям гэтых кіслых ягад. Хлопцы, не дадзім прагнаць дзяцей?

Усе. Не дадзім!.. Няхай збіраюць.

Ядзя. Вацік, як гэта можна? Што яны сабе думаюць?

Вацік. Пойдзем хутчэй у двор і раскажам аб усім аканому.

Грышка (не пускаючы). Не, мы вас не пусцім!

Лявонка. Вы не пойдзеце ўлегцы, а на вас паедуць Юзік і Янка за тое, што вы на іх ездзілі... Вось пабачыце, як гэта смачна вазіць каго-небудзь... Ну, а ты, Марыська, зноў за фурмана будзеш!

Марыська. Не хачу я за фурмана! Лепш пехатой пайду дамоў.

Юзік. Эх, ды паедзем, паедзем!

Янка. Ды на беленькіх коніках, на панскіх!

Марыська. Юзік, Юзік! Вось будзе ад таты...

Юзік. Не баюся я ні таты, ні мамы, нават аканома не баюся!

Грышка. Ну, годзе таройкацца! Юзік і Янка, запрагайце коні!

Юзік (супыняючыся, падыходзіць). Я баюся: яшчэ ўбрыкнуць.

Янка (памкнуўшыся). І я баюся, ні разу не запрагаліся — брыкацца будуць.

Лявонка. Не будуць, а пуга навошта? Давай, Грышка, мы з табою іх запрагом.

Грышка. Я з ахвотаю! (Ловіць Ваціка.) Тпру, сюды!.. Стой, коська! (Запрагае.)

Ядзя (уцякаючы). Гэта ж нам сорамна: каб на нас ды ехалі... Вон, чорныя пастухі!

Лявонка (трасучы шапку). Кось! Кось! Кось! Кабыла панская не ловіцца! Кось... Кось... Кось! (Злавіўшы.) Ага, папалася?

Марыська. Вось будзе ад паноў!

Юзік. Будзе, будзе! Нічога не будзе! Каб усе былі гэткія смелыя, як Грышка ды Лявонка, дык бы і старых паноў запрэглі і ездзілі б на іх, а то яны на ўсіх ездзяць.

Ядзя (запрэжаная). Як ты паважыўся на тату і маму гэтак казаць.

Лявонка. Тпру! Табе гаварыць няможна! Ты ўжо конь, бо запрэжаная, а коні языка не маюць, вы гэта самі нядаўна казалі на Янку і Юзіка! І булку з маслам аддайце панам! Яны замарыліся, вас везучы — горш есці хочуць. На, Юзік і Янка!

Юзік (хапаючы). О, то-то!

Янка. Давай! Давай! (Ядуць.)

Вацік. Куды нашу булку ясце?

Грышка. Тпру! Коні маўчаць, і булак не ядуць. Травіцу скубіце!

Марыська. Не еш, Юзік, няможна, вось будзе!

Юзік. Чаму няможна. Я як быў мужыком, дык, дальбог, ніколі панскай булкі не еў... А цяпер жа я пан — чаму ж не можна есці?

Янка. А вы, конікі, травіцу скубіце, а то дарога вялікая, ды першы раз у аглоблях — нябось, моташна будзе.

Грышка. Ну, паны чорныя, рыхтуйцеся ды садзіцеся на каламажку. Марыська — пугу ў рукі.

Юзік. А што, калі яны нас разнясуць ды павыкідаюць, бо маладыя, першы раз запрэжаны?

Лявонка. Дасце рады. Ды на ўсякі выпадак я закілзаю, каб лепш сутрымліваць (кілзае).

Ядзя. Паскудную вяровачку ў рот.

Грышка. Вы цяпер коні, без языка — вас ніхто не чуе. Тпру! Не ўстоіш на адным месцы, выгулялася!

Янка (да Юзіка). Маладзенькія, дык брыкаюцца.

Лявонка. Ну, усё гатова. Марыська, на маю доўгую пугу, ды не шкадуй беленькіх.

Марыська. Я, паненачка, вас не буду моцна паганяць.

Юзік. Няма тут паненачкі. Ёсць толькі коні (паказвае на іх) і людзі (паказвае на сябе). Садзіся, Янка!

Янка. Паспеем... Яны нас як запрагуць, дык дзве гадзіны стаіш у аглоблях, пакуль'з двара выедуць.

 

Гутараць усе паміж сабою.

 

Вацік. Выпражце нас!.. Чаму яны нас не чуюць?

Ядзя. Бач, Вацік, мы цяпер коні, жывёла, а яны людзі, вось і не разумеюць нашай мовы.

Вацік. Ага, вось чаму... значыцца, мы іх павязем?

Ядзя. А ўжо ж павязем, калі запрэглі...

Вацік. Дрэнна быць жывёлінай... Хоць і цяжка, павінен маўчаць, бо ніхто не разумее моеы тваёй... А чаму яны на нас хочуць ехаць?

Ядзя. За тое, што мы на іх ездзілі...

Вацік. Дык мы больш на іх не паедзем, няхай толькі на нас не едуць...

Янка. Ну, садзімся! Марыська, наперад за фурмана. Бяры лейцы ў рукі ды моцна трымай, каб не вывернулі!

Юзік. Ты, Янка, будзеш за паню і сядай з правага боку, а я за пана — з левага: гэтак нашы старыя паны ездзяць.

Лявонка. Ну, вось, Грышка, хоць раз чорныя на белых праедуцца...

Грышка. Гэтак то гэтак, але не хацелася б мне на іх ездзіць.

Лявонка. Ведаеш, мне самому шкада было іх запрагаць... Але не запрогшы, не паездзіўшы на іх, яны, бадай што, не павераць, як гэта цяжка вазіць... А вось няхай папрабуюць гэты смак, мо' тады пераменяцца і людзьмі стануць...

Янка. А куды нам пад’ехаць: пад кузню ці пад панскі ганак?

Лявонка. Пад’язджайце пад кузню, а як у пакоях жыць будзеце, тады пад ганак будзеце пад’язджаць.

Юзік (кратаючы сядзенне). Вось як мякка будзе сядзець... Як гэта добра панам ездзіць.

Ядзя (праз плач). Вацік, вось як дрэнна быць канём ды вазіць паноў.

Вацік (плачучы). Але... дрэнна.

Марыська (падыходзіць да яе). Не плачце, я не сяду ехаць... Не, паненачка, толькі кіньце плакаць...

Юзік. А цяпер, Грышка і Лявонка, шчыра вам дзякуем, што памаглі запрэгчы, а то зноў бы іх везлі, а так паедзем, Янка.

Янка. Эх, ды паедзем на беленькіх рысаках.

Лявонка. А вечарам малачка пад’ядзіце, як прыгонім кароў, бо вы цяпер паны.

Янка і Юзік. Вось добра будзе жыць!

Юзік. Марыська! На месца!

Марыська. Я не паеду... (Плача.)

Юзік. Што?

Янка. Вось навіна!

Ядзя і Вацік. Мы болей не будзем вас запрагаць... (Моцна плачуць.)

Янка. Грышка, Лявонка! Нашы коні плачуць...

Грышка. А што, бачыш? Не сказаў я? Эх, брат!..

Лявонка. Вось і рабі, што хочаш!..

Юзік. Марыська! А ты чаго выеш, як воўк на здохлую кабылу? Цябе ніхто не запрагае...

Ядзя. Мы больш не будзем, адпусціце...

Марыська. Якія вы ўсе нядобрыя... Яны кажуць, што больш вас запрагаць не будуць...

Лявонка. Мала што яны кажуць, толькі слухай іх!

Вацік. Дальбог, не будзем! Мы не везлі, а ведаем ужо, як гэта цяжка.

Юзік. А каб жа вы столькі правазілі, як я з Янкам, вы б не толькі гэтак заплакалі. (Пачынае плакаць.)

Янка. Ага! Бачыце, як лёгка быць канём... А вы заўсёды кажаце — вазі ды вазі! (Пачынае плакаць.)

Чуць чуцен хор.

 

Ядзя. Больш не паедзем... І з саду праганяць не будзем.

Лявонка. А што, Грышка, бачыш? Граза на лес не ідзе!

Грышка. А чаго Янка і Юзік плачуць?

Лявонка. Чаго вы? Га?

Юзік. Я не ведаю: Марыська плача... і я...

Янка. І я не ведаю... усе плачуць...

Грышка. Кіньце! Не трэба плакаць. (Сам плача.)

Лявонка. І ты плачаш? (Плача.)

 

Чуваць мацней хор. У гэты час Лявонка і Грышка выпрагаюць Ваціка і Ядзю. Невялічкая паўза. Хор патроху заціхае.

 

Лявонка. Вось бачыце... Чорныя паны не такія, як белыя... Яны маглі б на вас так пракаціцца, што ўвесь свет задзівіўся б, але пашкадавалі вас...

Грышка. А вы ніколі не шкадуеце.

Ядзя. Цяпер мы нікога болей не запрагом — ведаем, як гэта смачна... вазіць.

Янка. Ага! бачыце!

Юзік. Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем.

Вацік. Ніколі не запрагом... І пастухамі чорнымі не будзем абзываць...

Янка. І мужыкамі не завеце...

Ядзя. Не будзем. Мы бачым, што хоць вы і пастухі, але таксама маеце сілу і можаце зрабіць з намі, што захочаце...

Лявонка. Во, тош-то, і ё... А вы гэтага не ведалі? Не? Дык ведайце!

Грышка. Усё роўна цяжка вазіць ці вам, ці нам, бо мы хоць і чорныя, але таксама людзі, як і вы, не праўда?

Вацік. Праўда! Такія!.. Я, як вырасту, ніколі аканому не пазволю вас біць, бо і вам баліць так, як бы і мне балела, каб хто біў.

Ядзя. І я не пазволю... Мы будзем зусім добра жыць...

Лявонка. Тады і мы з вамі будзем жыць хораша.

Грышка. Ніколі вас крыўдзіць не будзем, калі вы нас не пакрыўдзіце... Бачыце, мы каровак вашых пасём, працуем, а вы нічога не робіце, яшчэ на нас сварыцеся... А хто малачко есць? Вы! А мы чорны хлеб з вадою!..

Юзік. Мой тата працуе ў кузні, а аканом яго б’е за гэта... А вы ніхто не працуеце, і вас ніхто не б’е...

Вацік. Я, як вырасту, праганю аканома, буду сам працаваць і з усімі згодна жыць...

Лявонка. За гэта ты маладзец!

Ядзя. І я буду працаваць сама, як і ўсе ў дварэ дзяўчаты працуюць...

Марыська. І я буду з вамі працаваць!..

Янка. Усе будзем працаваць разам. (Чуваць хор.)

Усе. Усе! Усе!..

Лявонка. Во, за гэта малайцы. Цяпер Ядзя і Марыська садзіцеся. (Садзяцца.)

Грышка. А ты, Юзік з Вацікам, запрагайцеся і павязіцё іх дамоў, а як цяжка будзе, яны вылезуць...(Запрагаюцца.)

Янка. А каб не было цяжка, я буду ззаду папіраць...

Лявонка. Вось так гэта добра!

Янка. А ззаду не добра папіраць... Эх, пакоцім, аж дамоў!..

Вацік. Табе не цяжка, Юзік?

Юзік. Не...

Ядзя. А калі цяжка, мы злезем.

Вацік. Не, не цяжка! Сядзіце!

Марыська. Няхай правязуць!..

Ядзя. А вечарам, кароў як прыгоніце, будзем усе разам гуляць...

Лявонка. Добра, будзем!

Грышка. І яблыкаў дасцё?

Вацік. Колькі захочаце!

Янка. Ну, пайшлі! Паганяй!

Марыська. Но, белы і чорны!

Лявонка (да Грышкі). Белы і чорны і не брыкаюцца.

Грышка. Ажна дзіва... Але гэта добрая прыкмета — цягнуць дужэй будуць.

Марыська і Ядзя. Но! Пайшлі! Гэй!

Вацік і Юзік (заіржалі). Іго-га-га!

Янка. Эх, паганяй! (Паехалі з крыкам.)

Грышка. Аж люба глядзець, калі чорны і белы ў адну каламажку ўпрагліся.

Лявонка. Я ж кажу, граза на лес не ідзе! Чуваць галасы. Бывайце здаровы! Грышка і Лявонка. Бывайце, бывайце! Да пабачэння!

 

Махаюць рукамі, чуваць мацней хор.

 

Заслона.

1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан