epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Самалёт

Вёска Венцяры была тым глухім кутком, які толькі можа спаткацца паміж абшараў беларускіх лясоў ды балот.

Венцяроўцы жылі ціха і супакойна праз шмат дзесяткаў гадоў... Нішто не парушала іх ідылію... Ды што магло парушыць іх жыццё, калі вёска была недаступнай ні для нагі, ні для вока чалавечага.

Вёска стаяла паміж балота, паросшага густою лазою і алешнікам. Паводдаль жа, як нарачна, яе абвівала рэчка Пціч... Хаты з саламянымі і чаротавымі стрэхамі стаялі на расцярэбленай палянцы, як на востраве... Гэтай палянкі зусім даволі было, каб засеяць збожжа ды бульбы і гэтым пракарміцца да новага ўраджаю.

Апрача таго, венцяроўцы лавілі шмат рыбы, білі розную звярыну, птушак і жылі прыпяваючы...

Мінула вайна, адбылася рэвалюцыя, а венцяроўцы жывуць, як і даўней... Ні за час вайны, ні за час рэвалюцыйнай барацьбы ні адна вайсковая часць не прайшла праз іх вёску... Вось толькі, як скінулі цара, то з воласці прыехаў нейкі чалавек і загадаў усім зніштожыць царскія партрэты... Але ніводнага партрэта ў вёсцы не было, так што сяляне доўга не маглі вырашыць, як ім выпаўніць гэты загад. А далей зноў пайшло, як і раней.

Летам ніхто не заглядваў у гэты глухі куток... Ды як жа можна папасці ў Венцяры? Або на лодцы пераехаць, а пасля мясіць па гразі, або пешкам прайсці старою грэбляю, якую штогод у вясновае разводдзе гэтак размывала, што сяляне перасталі больш і папраўляць яе.

Не любілі венцяроўцы зімы. Тады шмат часцей да іх даведваліся чужыя людзі. Едучы па сена ці па дровы, суседняй вёскі мужыкі заязджаюць у Венцяры, каб купіць сухой рыбы або лапцей лазовых...

Але з’явіліся новыя грошы, і ўсякія гандлёвыя зносіны з суседнімі вёскамі спыніліся. Венцяроўцы адмовіліся іх браць... Можна было толькі абменным спосабам што-небудзь у іх выманіць.

Мала ішло венцяроўцаў і ў войска як пры цару, таксама і ў часе свабоды. Раней яны былі ў воласці на ўчоце, а пасля, як у час жыццёвай завірухі ў воласці пагарэлі паперы, дык ніхто ў другі раз не ішоў запісвацца... Нават і навароджаных сяляне не пісалі ў пасямейныя спісы...

Усё роўна згінуць паперы... Дык навошта іх псаваць запісамі... Ды, не запісаўшыся, ніхто і ведаць аб табе не будзе, а гэта і найлепей,— разважалі венцяроўцы і ўсё глыбей і далей залазілі ў лазу ды балота.

Воласць шмат разоў прабавала прысылаць той ці іншы загад, але венцяроўцы былі няграматныя і загадаў ніколі не чыталі. А калі аднаго разу ў асеннія замаразкі з воласці прыехала некалькі чалавек, то ўсе жыхары разбегліся па балоце, асталіся толькі дзеці ды старыя кабеты. Пасля гэтага воласць махнула на ўсё рукою і больш да іх не прыязджала...

Але вось аднаго разу негадана-нечакана бяда здарылася, ды такая, якой самы старэйшы селянін вёскі не памятае.

Быў цёплы летні дзень... Венцяроўцы працавалі — хто на полі, хто на сенажаці, а хто проста каля хаты. Невядома што быў за дзень: панядзелак ці пятніца, свята ці будні, бо венцяроўцы днёў не лічылі і святкавалі тады, як не было працы...

Дык вось у гэты самы дзень здарылася тое, што заварушыла балота і раз назаўсёды жыццё венцяроўцаў зрабіла неспакойным...

Было ўжо крыху за поўдня, але сонца смаліла нібы лучынкаю... Наўкола была такая ціша, што плясканне рыбы ў рэчцы было чуваць за некалькі ганей.

Раптам да вёскі пачалі далятаць нейкія нячутныя дагэтуль гукі, — ні то гудзенне жука, ні то малатарні... Але гэта не быў шум лесу, які гэтак часта напяваў свае нудныя спевы венцяроўцам.

Мужчыны і кабеты, дзе хто ні быў, пачалі азірацца і паглядаць угору... На іх тварах быў прымецен нейкі перапалох...

Шум чагось невядомага ўсё гучней і гучней далятаў да іх вушэй...

Прайшло некалькі хвілін, і венцяроўцы ўбачылі, што далёка-далёка ў блакітнай высі плыве да іх нешта бліскучае, вельмі пахожае на птушку-стрыжа, якая палошча паветра перад дажджом...

Гэта птушка ўсё бліжэй і бліжэй ляцела да іх паляны... Венцяроўцы пачалі сходзіцца ў адну грамаду. Над іх вёскай першы раз пралятае гэта няведамае страшыдла, маючае сілу ўзняцца да нябёс...

Сяляне маўчалі і з заміраннем сэрца сачылі за птушкай, чакаючы, што вось-вось яна апусціцца на іх загоны...

— Нічога страшнага,— казаў малады хлапец Хведар, які год таму назад вярнуўся дамоў, адзін за ўсю вёску адслужыўшы вайсковую службу,— гэта самалёт, такі струмант, што сам лятае, а ў ім сядзяць людзі...

Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт.

Зусім ужо нізка кружыцца самалёт, гудзе, рэжа крыллямі паветра і проста мерыцца апусціцца на грамаду, якая сабралася на прасторным папары за вёскаю.

— Ён падае на зямлю! — крычалі малыя хлопцы.— Можа, сапсаваўся, а можа, вестку цікавую прывёз да нас.

— А можа, хоча каго-небудзь ухапіць,— сказаў другі хлапец, і азіраючы на дзяўчат,— уцякайма, пакуль яшчэ кружыцца ўгары...

— Кіньце жартаваць, падшыванцы,— крыкнуў стары Пракоп ды, скінуўшы шапку і выняўшы з зубоў люльку, стаў пазіраць на самалёт, які то апускаўся аж да комінаў хат, то зноў уздымаўся высока-высока...

Грамада ўвесь час спрачалася паміж сабою, тлумачачы на ўсе лады, што ўсё гэта значыць... Перапалох пачаў праходзіць.

Раптам самалёт з непамернай вышыні вопрамеццю пачаў падаць на зямлю, робячы розныя выкрутасы то ўлева, то ўправа...

Некалькі чалавек кінулася ўцякаць у вёску... Уся грамада разбеглася... Маладыя хлапчукі прыляглі пад мяжою і, як зайцы, баяліся выткнуць вушы.

Самалёт апусціўся на чыстай і гладкай угарцованай авечкамі палосцы, непадалёку, дзе толькі што стаяла грамада.

Два челавекі вылезлі з самалёта і махалі на сялян шапкамі, каб ішлі да іх...

Ніхто першым не адважваўся...

— Ды што яны — звяры, што мы іх баімся,— гаварылі сяляне, збіраючыся зноў у грамаду.— Гэй вы, моладзь, пабяжыце да гэтых летуноў, можа, ім дапамагчы што-небудзь патрэбна!..

— Хто са мною? Я першы,— крычаў Хведар да хлапцоў.— Эх вы, як жа на пазіцыі, калі гэты самы самалёт зверху яшчэ бонбы кідае... А тут жа не пазіцыя... Гэта нашы летуны прыляцелі...

— Добра... нашы,— разважалі старыя,— але чаго ж прыляцелі сюды, у гэта нетра-балота... Тут, пэўна, нешта не зусім чыстае...

Першым да самалёта пайшоў Хведар, а за ім нясмела, ззаду, дыбала яшчэ некалькі смялейшых хлапцоў...

Летуны ж не рушыліся з месца, а ўвесь час махалі шапкамі і нешта крычалі...

Прайшло колькі хвілін, і самалёт быў акружан грамадою сялян, якія адважыліся рушыцца толькі пасля таго, як туды зайшлі свае хлопцы і паклікалі іх...

Як старыя, гэтак і моладзь спачатку пужліва падыходзілі да самалёта і аглядалі яго з усіх бакоў...

— Вось дык штука,— казаў зухаваты хлапец Мікітка,— каб нам такую самалётку, хоць бы ў воласць зляталі, а то наўкол гэткае балота, што ні пехтурой, ні на кані не вылезеш з вёскі...

Летуны тут жа тлумачылі сялянам, як і чаму ён лятае ў паветры, якая карысць можа быць ад самалёта. Хацелі даць хлопцам кніжак і лісткоў, але зразу некалькі галасоў адказала, што ў вёсцы няма ніводнага граматнага чалавека.

Летуны паціскалі плячыма, паглядзелі адзін на другога і пачалі ўгаворваць сялян, каб зрабілі дарогу да воласці, што гэтак толькі звяры могуць жыць, а не людзі...

— Майстравалі грэблю праз шмат гадоў,— пачаў гаманіць адзін сівабароды дзед,— але кожны год рэчка змывае вясною, і зноў трэба яе ладзіць... Ну вось і плюнулі на гэту справу... Жывём адны, і мы да нікога, і да нас ніхто не прыязджае...

Летуны, пачуўшы гэткую гутарку і пазнаёміўшыся з жыхарамі вёскі, доўга не маглі ўцяміць, куды гэта яны папалі... Ні вачам, ні вушам не хацелі верыць, што ў вольнай краіне ёсць гэткія месцы, дзе ні кроплі не відаць усяго таго, чым сотні гадоў жыве культурнае чалавецтва...

Сонца бязлітасна прыпякала. Абодва летуны былі абліты потам, але не пераставалі гаварыць аб усім тым, што дзеецца на свеце... Бадай што ўся вёска ад старога да малога абступіла летуноў і, не зводзячы з іх погляду, лавіла кожнае слова.

Уся грамада маўчала, толькі гучныя словы прамоўцы разляталіся па прасторы гэтага балотнага вострава...

Моладзь была захоплена словамі той нібыта дзіўнай казкі, якую апавядалі нямаведама адкуль прыляцеўшыя людзі.

— І першая праца, за якую вы зараз жа павінны ўзяцца,— канчаў адзін з летуноў, — гэта пабудаваць добрую дарогу праз балота, каб вам можна было ездзіць у воласць і каб да вас была магчымасць дабрацца жывому чалавеку...

— А каб нам вось гэтую самую штуку прыдбаць,— сказаў Мікіта,— на ёй толькі страшна, а то так і хутчэй і спрытней ездзіць куды-небудзь...

Летуны ўсміхнуліся... Уся грамада залілася моцным рогатам.

— Чаму не,— казаў лятун,— можна і гэткую штуку прыдбаць... Будзе хутка час, калі будзеце і на самалёце лятаць, але пакуль што павінны пралажыць дарогу, каб хоць на конях можна было выехаць з гэтага балота ды пабачыць свет...

— А ці не грэх на гэтым самалёце ўздымацца пад нябёсы? — запытаў кароценькі, худзенькі селянін, які ўвесь час, скінуўшы шапку, стаяў збоку і лавіў слова за словам...

Грамада зноў зарагатала.

Венцяроўцы, асабліва маладыя хлопцы і дзяўчаты, былі на сёмым небе ад радасці, пачуўшы ўвесь той сказ, які апавядалі летуны...

Усе пачалі прасіць летуноў у госці, але тыя адмовіліся за недахватам часу,— трэ' было яшчэ шмат абляцець месцаў, дзе таксама прыйдзецца шмат гутарыць... Летуны абяцалі ў другі раз прыехаць да венцяроўцаў і астанавіцца ў іх на больш даўжэйшы час...

Залапатала нешта ў самалёце, завярцеліся калёсы, пабеглі па прыплясканай зямлі... Замітульгалі крыллі... Самалёт пачаў уздымацца...

Венцяроўцы з крыкам віталі іх на прашчанне і беглі ў бок за самалётам...

Вышэй і вышэй уздымалася гэта дзіўная птушка і бліскучымі крыллямі мітусілася ў сонцам залітай высі...

Грамада доўга не магла разысціся... Пазірала ў бяздонную сінь і махала летунам шапкамі...

Гукі самалёта пачалі аддаляцца... Грамада стала расходзіцца, зачарованая дзіўным сном-казкаю незнаёмых людзей.

— А якія яны прыгожыя, гэтыя летуны, зусім непадобны да нашых распапузлых хлапцоў,— гаманілі паміж сабою дзяўчаты,— іх пекны белы твар і поўныя агню вочы доўга будуць бачыцца нам у сне...

— Я з імі не спалохалася б не толькі балота праляцець,— дадала другая прыгожанькая дзяўчына,— а ўзнялася б за самыя хмары, паляцела б, куды яны толькі захацелі.

І зноў пачалі бегчы дні за днямі... Але гэтыя дні не былі падобны да мінулых дзён.

Самалёт парушыў спакойнае жыццё венцяроўцаў. Як бы залом хто заламаў над іх адвеку спячым востравам з таго дня, калі ў іх былі людзі-летуны.

Загарэлася праца. Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Яна, не пакладаючы рук, майстравала грэблю, каб як найхутчэй па гэтай дарозе дайшло да іх тое новае прыгожае жыццё, аб якім апавядалі людзі-летуны.

У галаве венцяроўцаў зрабіўся нейкі пераварот... Яны пачалі адчуваць сябе інакш, як раней. Яны адчувалі нейкае нездавальненне жыццём, але не ведалі, чым і як яго палепшыць...

Пачалася несупынная ўпартая барацьба моладзі са старымі, якія, гледзячы на ўсё, што рабіла моладзь, уздыхалі і гаварылі:

— Чуем, што напаўзае на нашу вёску цёмная хмара... Быць неспакою... Не ў добры час праляцела птушка-самалёт над нашымі сялібамі... Хутка ў гняздо наша ястраб прыляціць і не жыць больш венцяроўцам тым жыццём, якім дзяды ды прадзеды жылі... А моладзь не дрэмле. Новы дзень — і што-небудзь новае прыносіць венцяроўцам...

Штоноч сніцца венцяроўцам самалёт... Здаецца, не ходзяць яны па размытай грэблі ды балоце, а на самалёце птушкай крылатай носяцца.

А познім летнім вечарам, калі ў высі зоркі, як тыя балотныя светлячкі, пачынаюць гарэць над вёскай, хлопцы і дзяўчаты збіраюцца каля хат на лавачку, каб супачыць ад працы і пагаманіць аб птушцы-самалётцы... Згаснуць зоркі, схаваецца месячык за хмару, а моладзь не можа нагаварыцца...

Часта і цяпер у цішы ночы звонкім адгалосам разлягаюцца па балоце гукі гармоніка і складзенай самімі венцяроўцамі песні:

 

Грай, гармонік, грай, гармонік,

На ўсе тоны-галасы,

Хай закружацца над вёскай

Самалёта калясы.

        Не люблю цябе, мой мілы,

        Калі едзеш на кабыле,

        Сядзь хутчэй на самалёт —

        Паляту з табой ў палёт.

Сёння бачыла у сне

Прыгожага хлопчыка,

Пэўна — замуж выйсці мне

Ды за самалётчыка...


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан