epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Сенажаці і полі аснежаны

 

Сенажаці і полі аснежаны,

Рэкі высланы гладкім памостам.

Воўк з гушчару дарогай няезджанай

Бяжыць к вёсцы няпрошаным госцем.

 

Лес у шлюбным адзенні, а хмурыцца,

Не вітае ён песнямі рання...

А у вёсках завеяны вуліцы,

Ў мяккіх гурбах купаюцца сані.

 

Сівалапы гуляе пад вокнамі,

Пазірае хаціне у вочы,

Толькі ў поўдзень часамі замоўкне ён,

А як вечар - у шыбы стукоча.

 

Дзеці пальцамі шыбы з узорамі

Размалёўваюць, тулячы плечы.

Згорнуць ў жменю сняжыначкі-зоры

І бягуць пасмактаць у запеччы.

 

Ноччу печ заспявае ім комінам,

Сон салодкі ў пасцелі ім сніцца,

Што ў садку яны з крыкам і гоманам

На сіле ловяць гуртам сініцу.

 

1922

 


25.11.1922

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая