epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Свінапас

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII


І

Свінапас дражнілі, а звалі Грышка.

— Свінапас, лаві нас! Свінапас, лаві нас! — гукалі на яго дзеці-сябрукі, калі завошта-небудзь гневаліся.

Не любіў Грышка гэтага прозвішча, злаваўся, калі яго так абзывалі, і не адзін раз за гэту абразу сцябаў пугаўём па пераносіцы свайго ворага.

— Дурны ты,— казаў Грышку бацька,— ты ж такі сапраўды свінапас, бо свінні скарбовыя пасеш... Чаго ж ты сярдуеш? Вось падрасцеш крыху, пачнеш быдла пасвіць, дык і перастануць свінапасам абзываць...

Грышка не мог дачакацца таго дня, калі ён зробіцца пастухом кароў... Прайшло не шмат часу, як раптам пан паклікаў Грышку да ганка пакояў, дзе піў вячэрнюю гарбату, і сказаў яму, каб ішоў падпаскам да бацькі, каровы пасці...

Свіней жа пасвіць быў наняты другі хлапец.

Рад Грышка, адно падскаквае, бегучы дахаты.

— І свінапасам не буду і разам з бацькам каровы буду ганяць у поле — усё ж лягчэй, чым аднаму за свіннямі бегаць,— разважаў Грышка, атрымаўшы новую пасаду.

Грышку пятнаццаць гадоў... Хлопец—зух. Лапці сам пляце, аборы ўе... Нават дастаў ад панскага сына лемантар і чытаць літары навучыўся.

Але свінапасам не перастаюць клікаць...

Грышка да таго звыкся з гэтым нялюбым празваннем, што часта забываў сваё ўласнае імя, а адклікаўся, калі яго абзывалі «свінапасам».

Не дражніла яго свінапасам толькі адна дзяўчынка Гэлька, дачка лесніка, з якою ён разам пасвіў каровы і вучыўся па адной кніжцы чытаць...

Грышку вельмі было прыемна праводзіць час з Гэлькаю...

Стары ляснік, бацька Гэлькі, вартуючы лес, часамі падыходзіў да пастухоў і, жартуючы, казаў:

— Ведаеш, Лявон, падабаецца мне твой Грышка, ці не будзем мы сватамі?... Гэлька мая таксама не брыдкая дзяўчына... Толькі вось адно дрэнна, прозвішча брыдкае Грышка мае — свінапас!..

Грышка чырванеў і з-пад лоба пазіраў на Гэльку... Гэлька, чатырнаццацігадовая дзяўчынка, моўчкі калупала пугаўішчам пясок.

Старыя бацькі рагаталі, любуючыся на сваіх дзяцей...

 

ІІ

Надыходзіў вечар...

Каровы спакойна пасліся каля бору на іржэўніку.

Лявон канчаў падплятаць лапаць і дудзеў пад нос нейкую сумную песню...

Грышка, які палез на хвою пароць белчына гняздо, вопрамеццю зваліўся на зямлю і, чуць пераводзячы дух, бег да бацькі...

— Тата, тата!—гукаў ён здалёку.— Нейкі страшны чалавек у лесе ходзіць...

— Ты што гэта? Мазгі адбіў, кідаючыся з дрэва, ці вочы выпараў?.. Што ты плявузгаеш?.. Вось падганяй у гурт каровы, хутка дахаты гнаць час...

Грышка не пераставаў тлумачыць бацьку, каго ён убачыў, і гэтак зацікавіў, што стары Лявон устаў, ускінуў на плечы вярэньку і падыбаў да лесу, каб упэўніцца самому, ці праўда, што там ёсць хто-небудзь...

Не прайшоў Лявон некалькі крокаў, як пабачыў, што нейкі чалавек выйшаў з-за дрэва і накіраваўся да статка...

Лявон астанавіўся, сеў на камень... Каля яго спужаным зайцам прысеў Грышка.

Незнаёмы падышоў да іх...

Увесь абросшы валасамі, у парванай вопратцы, у дзіравых ботах, з загарэлымі рукамі...

— Добры дзень! — загаманіў першым незнаёмы.

— Дзень добры! — адказаў Лявон. — Куды гэта бог нясе?..

— Не бог нясе, а сам нясуся... А куды?.. Вось гэта і я не ведаю...

Гаварыў меладычна-прыемным голасам незнаёмы і прысеў каля пастухоў.

— Відаць, не з нашых краёў,—казаў паважна Лявон, узіраючыся на рызманы незнаёмца,— пэўна здалёку?

— Я тутэйшы, хіба вы не спазналі?

Прайшло некалькі хвілін маўчання.

Лявон паківаў галавою, абвёў вачыма з ног да галавы шмат разоў незнаёмага і сказаў:

— Першы раз спатыкаю цябе...

Незнаёмы ўсміхнуўся...

Грышку гэтак зацікавіў незнаёмы чалавек, што ён, разявіўшы рот, лавіў кожнае яго слова і ўсё штораз бліжэй да яго падсоўваўся.

— А ты чаго з лесу ад мяне ўцякаў? — звярнуўся незнаёмы да Грышкі.

— Спужаўся вас, дык і ўцякаў,— адпаліў не думаючы Грышка і перавёў свой погляд на бацьку.

Губы і твар незнаёмага пакрывіліся, лоб паморшчыўся...

Праз паўгадзіны незнаёмы закусваў з Лявонавай вярэнькі. Кавалак засохлага хлеба, абліты крынічнаю вадою, смачней булкі быў для зморанага голадам...

Грышка пабег да хвойкі, зняў торбачку і прынёс кавалак сыру...

Падмацаваўшыся крыху, незнаёмы шчыра падзякаваў пастухоў і на развітанне запытаў:

— Ці пан ваш зноў вярнуўся дахаты?

— Так, вярнуўся толькі стары, а маладога няма,— адказаў Лявон.— Пасля таго, як страслося такое няшчасце, калі тут пачалі паліць маёнткі, ён недзе быў уцёкшы, а з прыходам палякаў зноў прыехаў і пачаў панаваць, пачаў маёнтак адбудоўваць... Жывёлы накупіў шмат, бо тая, што была раней, памарнавалася ў часе завірухі... Нягодны наш пан, бадай на яго шыбельніца... Усіх парабкоў папраганяў, што калісь былі, шмат каго ў турму пасадзіў, за тое што з бальшавікамі каншахтавалі... Вось мой Даніла таксама...

Пры гэтых словах Лявон пачаў выціраць слёзы рукавом сваёй світкі. А Грышка пачаў моцна плакаць, успомніўшы старэйшага брата Данілу, якога пан пасадзіў у турму нямаведама за што...

— Не плач, Лявон,— сказаў незнаёмы, абнімаючы пастуха...

Лявон і Грышка здзіўлена пазіралі...

— Адкуль ты імя маё ведаеш?

— Добра ведаю і тваё імя і твайго сына Данілу...

...Ён ужо не ў турме, ён, як і я, вандруе па лесе, чакаючы лепшага часу... Што так здзіўлена пазіраеце на мяне? Я таксама скарбовы парабак, толькі другога маёнтка, і разам з вашым Данілам быў засуджаны...

Лявон ад радасці кінуўся незнаёмаму на шыю і пачаў яго цалаваць, як роднага сына. Грышка пазіраў на бацьку і на незнаёмага і ад радасці не мог прагаварыць слова...

У гэтую самую ноч Даніла разам з незнаёмым пабываў у бацькі ў гасцях, прыказаўшы бацьку і Грышку, каб нікому не прагаварыліся, што ён жыве ў лесе разам са сваімі сябрамі...

 

 

ІІІ

— Неспакойны, дужа неспакойны наш лес,— гаманіў пан, паклікаўшы да сябе лесніка,— няўжо ты ні разу нікога не спаткаў вартуючы?

— Не, паночку, апрача вясковых мужыкоў, якія часамі прыязджаюць жэрдку ўкрасці, нікога бачыць не давялося... У лесе ціха і спакойна.

— Ды ты звар’яцеў,— закрычаў на яго пан.— Мне добра вядома, што тут цэлая банда жыве, абірае маёнткі, багатыя хутары і гэтым жывіцца... Ты чуў, дубовая твая галава, што мінулай ночы пану Альхоўскаму сырабойню спалілі і хацелі аграбіць, але жаўнеры стаялі ў маёнтку, дык перашкодзілі?

Ляснік маўчаў. Ён сам ведаў, што лес напоўнен незнаёмымі людзьмі — бегунамі, якія хаваліся ад польскай улады. Ведаў, што гэтыя людзі былі найзлосныя ворагі паноў, але не хацеў выказваць пану, бо яны яму аб гэтым сурова прыказалі.

— Глядзі мне,— паківаў пан пальцам на лесніка, адпускаючы яго дамоў,— няхай толькі здарыцца што-небудзь з маім маёнткам, то табе першаму астрога не мінаваць... Які ж ты ляснік, які ты вартаўнік, што не ведаеш, хто жыве ў тваім лесе? Можа, сам пакрываеш гнёзды гэтых прахвостаў?.. Пайшоў з вачэй маіх.

Ляснік хутка выйшаў з пакояў, а пан стаў меркаваць, як бы акружыць лес і зрабіць аблаву...

Аб усіх арганізацыях больш за ўсіх ведаў падпасак Грышка. Ён штодня тайком сустракаўся з братам Данілам...

Кожны дзень раніцаю альбо змрокам Грышка адносіў у вызначанае месца вярэньку, альбо торбу, напоўненую харчамі, і паспяваў аб тым-сім пагутарыць з братам.

Лявон толькі раз і меў магчымасць пабачыць сына Данілу, а так ведаў пра яго жыццё па апавяданню Грышкі.

Грышка мала таго, што насіў харчы ў лес, быў таксама і жывою сувяззю паміж патайнымі арганізацыямі лесу і арганізацыямі акружаючых вёсак.

Грышку ўсе давяралі, і ён ніколі ні ў чым не падкачаў, дармо што быў малы, і яго называлі свінапасам.

Грышка насіў у лес газеты, якія краў у панскіх пакоях альбо якія яму перадавалі вясковыя хлопцы. Грышка гэтак захапіўся сваёю чыннасцю, што часамі ночы цэлыя не спаў, а абдумваў той ці іншы план выпаўнення даручанай яму работы.

Бацька і рад быў і дужа баяўся, каб дрэнным не скончылася ўся гэта штука.

— Глядзі, сынку, глядзі, мілы, не пападзіся,— часта напамінаў яму бацька,— а то прапалі мы ўсе тагды...

Грышка ўсміхаўся, падбягаў да бацькі і шаптаў яму на вуха:

— Не бойся, тата, ужо хутка скончыцца гэта блуканне па лесе... Мне Даніла апавядаў, што чырвоныя войскі пачынаюць хутка праганяць ад нас панскіх паслугачоў-жаўнераў...

Стары Лявон жагнаўся і цяжка ўздыхаў, ківаючы галавою.

А смеласць і храбрасць Грышкі, здавалася, не маюць ніякіх межаў...

 

IV

Была туманная летняя раніца. Не можна было пазнаць, узышло сонца ці не.

Грышка, бегучы ў стадолу памагаць бацьку адвязваць каровы, убачыў, што каля ганка панскіх пакояў вялікая грамада польскіх жаўнераў з коньмі і аружжам...

Грышка ўвесь задрыжаў. Яму было вядома, што пан збіраецца зрабіць аблаву па ўсім лесе, каб палавіць тых, хто яму перашкаджае супакойна жыць. Грышка дагадаўся, што грамада гэта якраз і прыехала на аблаву.

Чакаць не можна было ні адной хвіліны.

— Тата,— шаптаў спужаным голасам Грышка на вуха Лявону,— ты адзін сёння каровы гані на раніцу, а я павінен зараз жа бегчы ў лес... Я хачу папярэдзіць хлопцаў, што пан напраўляе на іх жаўнераў...

Лявон памкнуўся нешта казаць, але каля яго ўжо не было Грышкі.

Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес.

У лесе Грышка адчуваў сябе крыху вальней.

Ён увесь час бег бягом, штохвіліны азіраючыся, каб за ім ніхто не гнаўся і не сачыў, куды і якой сцежкаю ён імчыцца...

Каб зацерці след, які заставаўся на расе, Грышка некалькі разоў абягаў наўкола аднаго дрэва, кідаўся бегчы назад, бегаў улукаткі, альбо лажыўся на бок і каціўся праз некалькі крокаў...

У самым гушчары, ва ўмоўленым месцы для спатканняў, Грышка залажыў два пальцы ў рот і засвістаў...

Трэск пераломанай недалёка палкі быў адказам.

Грышка абрадаваўся, што так хутка адшукаў.

Між мокрых кустоў арэшніку паказалася сонная постаць Данілы. Грышка кінуўся да яго і расказаў, што іх збіраюцца лавіць.

— Ідзі за мною,— сказаў Даніла, трымаючыся зусім спакойна.

На невялічкай палянцы, аброслай з усіх бакоў густым арэшнікам, стаялі і ляжалі людзі, усе падобныя адзін да другога...

Грышку не было страшна... Яму было цікава ўбачыць тых смелых хлопцаў, якія вялі барацьбу з панамі, якія паўцякалі з астрогаў і жылі ў лесе.

— Нам пагражае небяспека,—сказаў не зусім трывожным голасам Даніла,— сёння нас акружаць польскія жаўнеры... Нам трэба зараз жа перабрацца з гэтага лесу ў больш густы і прастарнейшы лес князя Радзівіла... У Вараб’ёўскія пушчы, куды адправіліся дзве першыя нашы арганізацыі... У адну хвіліну сабрацца ў дарогу!..

Усе ўсхапіліся і першым чынам аглядзелі аружжа.

Праз пяць — дзесяць хвілін атрад паўстанцаў, чалавек сорак, быў у поўным баявым парадку...

— А што з запасным аружжам? Не кідаць жа яго гніць у зямлі? — загаварыў адзін з паўстанцаў.

— Гэта я ўладжу,— адказаў Даніла,— Грышка будзе ведаць, дзе яно захована, і перадасць аб гэтым вясковым хлопцам, якім таксама хутка прыйдзецца жыць, як і нам... у лесе.

Грамада паўстанцаў акружыла Грышку, і ўсе хвалілі яго за храбрасць.

— Ты, свінапас, маладзец! Твая адвага зробіць цябе вялікім чалавекам,— казаў стары паўстанец, гладзячы Грышку па плячы.

Увесь мокры, з абдзёртымі да крыві босымі нагамі, Грышка стаяў і весела пазіраў на свайго брата Данілу. За слова «свінапас» ён не крыўдзіўся, бо яно стала цяпер падпольнаю клічкаю для Грышкі. Нават часта перадаючы пісьменны данос той ці іншай патаемнай паўстанцкай арганізацыі, Грышка ўнізе допісу выводзіў нязграбнымі кручкамі сваё новае прозвішча: «Свінапас».

— У дарогу, хлопцы,— скамандаваў Даніла,— які быў старшым арганізацыі,— і ты за намі, Грышка, прайдзі некалькі крокаў, а пасля вернешся.

— Я хачу заўсёды быць з вамі,— звярнуўся Грышка да брата.

— Не, ты тут больш карысным будзеш...

У гэты час далёка, на краю лесу, пачуўся выстрал, які моцным рэхам пакаціўся па ўсім лесе...

Паўстанцы рассыпаліся па кустах і прыбавілі кроку...

Даніла пайшоў шпарчэй, а за ім Грышка...

— Вось бачыш,— сказаў Даніла,— бураю выламана хвоя. Пад вываратнем барсукова нара... У гэтай нары, якая зверху здаецца маленькай дзюрачкай, ляжыць шмат аружжа, бомбаў і дынаміту... Сам ты нічога не чапай, бо не ведаеш, як абыходзіцца з ім, і можаш пакалечыцца... Ты аб гэтым перадай Андрэю, з якім увесь час ты быў у сувязі... А мы пайшлі... Нас не зловяць...

За апошнімі словамі Даніла моцна пацалаваў свайго брата Грышку і скрыўся ў гушчары...

Грышка хацеў заплакаць, але апомніўся, што яму зараз жа трэба пакінуць гэта месца і выбрацца непрыкметна з лесу да бацькі, які ўжо даўно іграў на трубе, даючы ведаць, куды павінен пакіроўвацца Грышка...

Сонца паднялося вышэй, і туман знікаў. У лесе было сыра і холадна...

Грышка, тулячыся за дрэвы і кусты, прабіраўся да бацькі... Яго ахоплівала нейкая незразумелая палахлівасць...

Стук дзятла па гнілым дрэве яму здаваўся выстралам жаўнера, які нібыта крадзецца ўслед за ім...

 

V

Лес з трох бакоў быў акружан жаўнерамі...

Заставалася чацвёртая старана, дзе лес прымыкаў да абшараў балот, заросшых густымі кустамі лазы. А за балотамі, якія цягнуліся ўшыркі вярсты тры, пачыналіся непраходныя лясы князя Радзівіла. Туды грамада паўстанцаў і пакіравалася.

Грышка дабраўся да самага краю лесу. Ён ужо бачыў раз’язджаючых на конях з белымі арламі польскіх жаўнераў, чуў мала зразумелыя для яго выкрыкі камандзіраў.

Раптам Грышка пачуў за плячыма трэск сухога галля. Ён аглянуўся і ўбачыў, што за ім крадзецца жаўнер...

Сэрца моцна застукала ў маладога барацьбіта.

Грышка, доўга не думаўшы, павярнуў хутка ўправа, а затым — што было сілы — папёр назад у лес.

— Стой, пся крэў! Страляю!..

І водгалас выстралу пакаціўся па лясным гушчары...

Грышка, не азіраючыся, стралою імчаўся, сам не ведаючы куды... Урэшце ён папаў на сцежку, якая вяла да хаты лесніка...

У галаве мігнула думка бегчы да лесніка...

За некалькі крокаў да лесніковай хаты Грышка ўбачыў на дварэ Гэльку... Дзяўчынка, якая гэтак падабалася Грышку, нібы паддала яму смеласці. Ён стаў, азірнуўся ва ўсе бакі, пільна прыслухаўся і пабег на двор лесніка.

— Мне трэба ў вас схавацца,— загаварыў Грышка да Гэлькі,— за мною гоняцца польскія жаўнеры і калі зловяць, то будзе вельмі дрэнна...

Гэлька спалохалася і не ведала, што рабіць.

— Таты няма дома, пайшоў на абход... Я адна... Я не ведаю, куды лепш...

Грышка акінуў вокам і застанавіўся на складзеных у кастры дровах...

— У хату я не пайду. Там знойдуць... Я лепш залезу між двух кастроў дроў, а ты аблажы з бакоў мяне паленнямі, каб не маглі ўбачыць...

Так і зрабілі...

Грышка прасядзеў у дровах больш гадзіны, раздумваючы, што рабіць, куды пайсці.

Гэлька прынесла яму хлеба і шкварку сала. Грышка з’еў.

Сонца пачало прыпякаць. Грышку гэтак зрабілася прыемна пасля ўсёй сённяшняй беганіны, што ён пачаў драмаць... Але страляніна, якая чулася ўсё бліжэй і бліжэй, не давала яму заснуць, а пачынала штораз то больш непакоіць.

Чуе Грышка, што нехта ўзыходзіць на двор. Прылёг шчыльней да зямлі і ўсцягнуў на сябе палена дроў...

Прыслухоўваецца...

Ляснік божыцца і моліцца, што ён нікога не хавае, што нават да яго ні адна душа чалавечая не заглядае ў гэтым гушчары...

Жаўнеры лаюцца апошнімі словамі, пагражаюць бізуном і стрэльбаю, каб ён выказаў, дзе знаходзіцца гняздо паўстанцаў.

Ляснік плача...

Гэлька таксама плача і нічога не адказвае на запытанні жаўнераў...

Грышку стала страшна, як ніколі. Ён ляжыць і не шавеліцца.

Ажно чуе — нешта ўзбіраецца на дровы.

У Грышкі пот пачаў выступаць на твары. Ён заплюшчыў вочы і баіцца пазіраць угору.

Пасля асмеліўся і зірнуў... Морда лесніковага сабакі Лыскі тарчала між дроў і пазірала на яго.

Лыска забрахаў...

«Знойдуць!» — успеў толькі падумаць Грышка, як да дроў падбег жаўнер...

Лыска пазіраў з кастра ўніз і гаўкаў.

— Вылазь, псякрэў! — крычаў жаўнер.— Вылазь, а то штыком пароць буду... Застрэлю, шэльма! Вылазь!..

Галава Грышкі высунулася з дроў.

Гэлька загаласіла мацней...

Калі жаўнер узяў Грышку за світку і вёў к варотам, дзе стаяў ляснік і яшчэ некалькі жаўнераў, Лыска падскочыў да Грышкі, пачаў лашчыцца і лізаць яму рукі. Гэлька са злосцю схапіла палку і з усёй сілы аперазала сабаку.

Жаўнеры рагаталі.

— Гэта Грышка, сын пастуха, з гэтага самага маёнтка, ён прыходзіць гуляць да маёй дачкі... Ён дзіця, ну, і залез у дровы, як пачуў страляніну...

Але ў гэты час на двор прыбег жаўнер, які гнаўся за Грышкам.

Ён, спазнаўшы хлопца, загадаў звязаць і адправіць да пастарунка.

Да пастарунка загадалі ісці лесніку і яго маленькай дачушцы Гэльцы...

Грышку павёў жаўнер асобна. Па дарозе Грышка не адказаў ні на адно запытанне.

Жаўнер некалькі разоў сцебануў яго не моцна бізуном...

Грышка толькі войкаў, але не ўраніў ні адной слязінкі...

А ў гэты самы час бацька Грышкі Лявон, загнаўшы каровы ў бярэзнік, выйшаў да крыжа, які стаяў пры дарозе пры уваходзе ў лес, схіліўся на калені і горача маліўся, просячы бога ратаваць яго сынкоў ад паганых рук азвярэлых панскіх паслугачоў... Потам і слязьмі быў абліты яго паморшчаны твар.

Надыходзіла поўдня. Час быў гнаць каровы на вадапой...

А Грышка так і не з’явіўся на кліч трубы.

Чорныя думкі не давалі Лявону супакою.

 

VI

Цэлы дзень па лесе разлягаліся страляніна і свіст. Конніца і пяхота дратавала ўдоўж і папярок тыя мясціны лесу, дзе можна было праехаць ці прайсці. Але нікога не злавілі, толькі напалі на свежы след, які паказваў, што грамада прайшла ў пушчу радзівілаўскіх лясоў...

Паручнік, кіраўнік усёй аблавы, прыказаў трубіць збор...

Калі Грышку прывялі да пастарунка, было ўжо далёка за паўдня...

Грышку ажно скаланула ўсяго, калі ён спаткаў там свайго бацьку і лесніка... Было яшчэ шмат незнаёмых Грышку людзей. На вачах усіх заарыштаваных былі буйныя слёзы. Гэлькі тут не было.

— Вас білі? — было ў Грышкі першым словам да бацькі, калі толькі яго ўпіхнулі добрым штурхачом ззаду ў грамаду заарыштаваных...

Лявон і ляснік кіўнулі галовамі заместа адказу і паказалі, што не могуць сядзець... У Лявона быў глыбокі, акрываўлены шрам на твары — след жандарскага бізуна...

Страшна стала Грышку.

Яго яшчэ не дапрашвалі ў пастарунку, і Грышка быў пэвен, што бізун не міне і яго плячэй, як пачнецца дапрос...

Невядома з якой прычыны, а Грышку не дапрашвалі да вечара...

Грышка ўвесь час хадзіў па вузкім пакойчыку і пазіраў у акно...

У галаве яго раілася адна думка — уцячы. Але на падворку каля самага акна пахаджваў са стрэльбаю жаўнер,— разбіць акно і ўцячы не было як...

У гадзіне дванаццатай ночы за дзвярыма пачуліся крокі і ляск аружжа.

Дзверы крыху адчыніліся.

— Хто ест тутай хлопак Грышка, ідзь да полкуўніка!

Грышка драмаў на лаўцы пад акном.

Ён усхапіўся, абвёў усіх нейкім незразумелым поглядам і, заместа таго, каб ісці да дзвярэй, гэтак рынуўся ў акно, што толькі пачуўся звон шкла ды выкрыкі знянацку перапуджаных арыштаваных, якія драмалі на падлозе...

На дварэ чутна была страляніна, крыкі жаўнераў, але Грышка нічога не чуў... Ён без памяці бег, сам не ведаючы куды. Ды яму ўсё роўна было, абы толькі ўцячы ад бізуна ды шомпала...

Апамятаўся Грышка толькі тады, калі яму стала холадна. Ён прачнуўся і ўбачыў, што ляжыць у высахшай канаве, вёрст за пяць ад маёнтка, у якім знаходзіўся пастарунак...

Грышка азірнуўся — наўкола нікога не было. Ён пачаў абмываць кроў на твары, на руках і нагах, прыпамінаючы, як усё было...

Сонца ўзнімалася з-за лесу, і цяпло праменняў праганяла холад туманнай раніцы.

Увесь дзень Грышка праляжаў галодны ў канаве, не паказваючыся, каб хто не пабачыў яго.

Як толькі сцямнела, Грышка пачаў прабірацца ў вёску да Андрэя, каб аб усім расказаць яму і хоць трохі прагнаць голад...

Андрэя дома не было... Яго старая матуля, аблітая слязьмі, спужалася, калі пабачыла Грышку, бо ў вёсцы днём пранеслася чутка, што Грышку-свінапаса застрэлілі, калі ўцякаў з пастарунка...

Крыху супакоіўшыся, старая расказала Грышку, што Андрэй уцёк мінулай ночы ў лес і што палавіна маладых хлопцаў з вёскі паўцякалі, каб не папасці ў лапы польскіх жандараў.

Грышка павесялеў. Ён быў рад, што не адзін будзе вандраваць па лесе...

Пападвячоркаваўшы, захапіўшы з сабою кусок сала і буханку хлеба, Грышка пакіраваўся ў лес, які яму быў вельмі вядомы, як падпаску, дзе прыходзілася пасвіць каровы і страчацца з Гэлькаю... Непакоіла яго толькі думка аб бацьку, якога ён пакінуў у пастарунку.

А ноч была цёмная... Узняўся вецер, хмары пачыналі пакрываць неба...

Па ўсім было відаць, што распачнецца страшэнная бура...

Лес шумеў... Дрэвы хіліліся да самай зямлі, нібы нізкім паклонам віталі Грышку-свінапаса, які ішоў хавацца ад злых ворагаў...

На другі дзень адзінокага блукання па лесе Грышка напаткаў грамаду вясковых хлапцоў... Воплескамі і радаснымі крыкамі спаткалі хлопцы Грышку, ведаючы яго старыя заслугі, як спрытнага падпольніка.

З гэтага дня распачалося новае жыццё Грышкі-свінапаса...

Жыццё ўпартай барацьбы за праўду...

 

VII

Прытуляе каўказца да сябе ўшчэлле гор, украінца — стэп шырокая ды прывольная, а беларуса — лес...

Эх, лес!..

Нібы думкі ён ведае сваіх насельнікаў.

Плачуць людзі — лес шумна і жаласліва шуміць; людзям радасна, весела — лес рагоча, аж заліваецца. Лісце на дрэвах шапаціць цудоўную казку, верхаліны прыхіляюцца адна да другой і соладка цалуюцца...

Але вось шмат дзён не сціхае бураломнае ігрышча...

Нешта нядобрае дзеецца на абшарах Беларусі, калі стогнам стогнуць сасоннікі і бярэзнікі, калі дубы-сталеткі варушаць сярдзіта сваімі моцнымі рукамі — голлямі...

А па гушчарах лесу блукаюць людзі...

Хто яны?!.

Чаму яны не там, дзе святло і сонца?..

Чаму яны замурзаныя, закураныя дымам, абраслі валасамі?

Чаму яны ў зараслях пушчы, у пастаяннай вільгаці і цемры марнуюць сваё жыццё?!.

Засвістаў вецер, пачаў скакаць з дрэва на дрэва нібы шалёны, пачаў лахмаціць лісце...

І дрэвы загаманілі...

Трэба прыслухацца, аб чым лес гамоніць.

Невядомыя людзі, што вандруюць па абшарах беларускіх лясоў,— гэта паўстанцы...

Гэта пакрыўджаныя, зняважаныя, асмеяныя і аплёваныя польскім панам старыя і маладыя сяляне.

Толькі тут, у лесе, знайшлі яны сабе прытулак, толькі тут ім можна смела выказаць сваю крыўду на ворага... Можна і помсту прыдумаць...

Лес не выдасць...

Вось і сонейка апусцілася за ўзгорак.

Вечар...

Туман нашай балотнай краіны павіс над лесам, нібы хто белую коўдру распасцёр.

Замоўклі спевы дняўных птушак. Толькі аднастайная траскучая песня драча парушала вячэрнюю цішу...

Змрок ахіляў лес усё хутчэй і хутчэй.

Пад старым дубам, які распасцёр сваё голле на некалькі сажаняў ва ўсе бакі, на досыць прасторнай паляне сярод непраходнага гушчару, пачаў усхліпваць аганёк...

Паўстанцы-бунтары адусюль накіроўваліся на полымя, якое асвячала кавалачак пушчы.

Каля агню сядзела некалькі чалавек. На завостраных прутках арэшніку яны пяклі мяса некай застрэленай дзікай птушкі.

Як толькі дзе-небудзь чуліся крыкі чалавека, які ішоў да вогнішча, некаторыя палахліва пазіралі ў цёмную даль лесу.

Але вартаўнікі, пастаўленыя ва ўсіх канцах паляны, зараз жа давалі ведаць, што гэта свой, і ўсе былі супакойна...

Малады, стройны хлопец Андрэй закурыў насушаных альховых лістоў, лёг непадалёчку ад вогнішча пад кустам і пад нос сабе запяяў:

 

Эх ты, ночка, маці-ночка,

Эх ты, бацька — цёмны лес,

Жыву тут я паўгадочка,

Тут не страшны сам і бес...

 

— Што? Новую сачыніў? — запытаў, папраўляючы дровы, стары Мікола, які кожную хвіліну ўспамінаў пакінутую жонку і дзяцей і плакаў пры кожнай сумнай і вясёлай песні.

— Так, браток, выдумаў пад кустам лежачы. Можна, •ведаеш, цягнуць на матыў:

 

Эх ты, доля, мая доля,

Доля долюшка мая...

 

— Ну, ну! Пакінь Андрэй,— пачуўся голас з грамады,— бач Мікола ўжо нарыхтаваў рукаў слёзы ўціраць...

— Не буду... А вось Грышка тае... Даўно час быць тут,— сказаў Андрэй, прыкурваючы «папяросу», якая ніяк не хацела гарэць...

— За Грышку баяцца не трэба,— загаманіў Сцёпка, які мацней за ўсіх любіў Грышку і гатовы за яго памерці хоць зараз.—У якіх пераплясах Грышка быў, нам таго не бачыць...

— Ну і хлапец,— падхапіў Мікола,— хто б гэта думаў, каб пастухоў сын, свінапас?.. ну і храбры... Адвагі і смеласці больш як у старога. А да чаго спрытны!

У гэты час недалёка ад вогнішча затрашчала сухое галлё.

Усе наставілі вушы.

Хуткім, але лёгкім поступам нехта ішоў на святло вогнішча...

— Грышка! Грышка! — зашушукала грамада...

Казюк, дванаццацігадовы хлапец, адскочыў ад агню, накінуў на галаву кажух і лёг нібы то спаць...

Казюк уцёк у лес тыдні два таму назад... Бацька яго багаты засцянковы шляхціц... На пытанні, чаго ён пайшоў у паўстанцы, Казюк адказваў, што яго польскія жаўнеры два разы высеклі за тое, што знайшлі ў стозе на гумне аружжа... Гэта і прымусіла ўцячы ў лес, каб адплаціць за шрамы, якіх ён нікому чамусьці не паказваў.

Шмат хто не давяраў Казюку. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго.

Казюк гэта адчуваў, дзеля чаго стараўся з Грышкам не сустракацца.

— Ён! ён!—мацней загаманілі хлопцы...

Так. Гэта быў Грышка... З кароткім карабінам за плячыма, абвешаны гранатамі, Грышка стаў каля вогнішча і, нахмурыўшы бровы, загаварыў:

— Час надыходзіць! Больш асцярожнасці, больш адвагі і смеласці. Сувязь паміж усімі атрадамі, якія знаходзяцца ў гэтай пушчы, устаноўлена... Праз некалькі дзён мы мусім злучыцца ў больш мацнейшыя дружыны і прыблізіцца да тых шляхоў, якімі маюць адступаць польскія войскі.

— Эх, скарэй бы, далі-бог! — усхапіўшыся з-пад куста, крыкнуў Андрэй і тут жа пусціўся ўпрысядкі...

Грамада зразу павесялела. Усе не маглі счакаць рашучага часу, каб выступіць адкрыта ў бойку з тымі, праз каго гніюць у балоце цэлыя месяцы...

— Адно дрэнна! — пачаў зноў Грышка,— Макара Грыба злавілі, якому было дадзена заданне выкрасці адны вайсковыя паперы. Але я думаю, што ён не выдасць...

— Ніколі! Ніколі! —загула грамада.

Але гэта вестка крыху сапсавала настрой.

Нейкі час усе маўчалі,

— Змяніць варту,— сказаў Грышка,— ды на супачынак!..

Праз паўгадзіны ўсе спалі. Вогнішча было затушана.

 

VIII

Ноч мінула. Надышла раніца.

Холад узбудзіў амаль усіх.

Хто каля агню грэецца, а хто закутваецца з галавою і нагамі ў світку або кажух і нібы вужака шыецца ў куст ці ў кучу сухога лісця. Грышкі ўжо даўно няма.

Да ўсходу сонца ён праснуўся і пашыбаваў к вызначанаму месцу, дзе яго чакаў чалавек з таго маёнтка, з якога ён уцёк.

— Што з бацькам? — было першым пытаннем Грышкі, калі ён пабачыў свайго сябрука панскага парабка Кузьму.

— Выпусцілі. І лесніка выпусцілі,— гаманіў Кузьма, не верачы, што перад ім стаіць той самы Грышка-свінапас, якога ўсе ваколічныя паны баяцца і якога кожная вёска ведае...

— А Макар?

— Застрэлілі,— ціхім голасам сказаў Кузьма,— але маладзец, што ні рабілі, як ні здзекаваліся — не прызнаўся ні ў чым...

Па целе Грышкі прабегла нейкая дрож. Яму захацелася зараз жа прыдумаць помсту для тых, хто застрэліў яго лепшага сябра.

— А дзяўчынка леснікова,— гаварыў Кузьма далей,— Гэлька, таксама некуды знікла. Кажуць, пайшла цябе шукаць... Бацьку выпусцілі, а дачкі няма...

Вочы Грышкі загарэліся дзіўным агнём. Твар паружавеў. Грышка паглядзеў на Кузьму і нічога не сказаў.

Стрэл з вінтоўкі перарваў гутарку.

Грышка хапіўся за карабін і прыхіліўся да дрэва. Кузьма ўпаў на зямлю і палахлівымі вачыма пазіраў на Грышку.

З-за кустоў у кроках трыццаці паказаўся чалавек. Грышка зразу спазнаў Амельку і кінуўся да яго.

А Кузьма тым часам яшчэ лепш прылягаў да зямлі, каб яго не бачылі, думаючы, што пачнецца бойка...

— Я другі дзень не магу адшукаць цябе... Прымушан быў страляць, каб хто-небудзь адгукнуўся — даў аб сабе ведаць...

— Гавары, гавары, як справы? — паспяшаў Грышка, вітаючыся з Амелькам...

— У Ігуменшчыне шмат заарыштавана... Цэлую арганізацыю раскрылі...

— Хто прадаў? — злосна крыкнуў Грышка.

— Яшчэ невядома... Толькі я прыйшоў... мяне прыслалі папярэдзіць, што шмат польскіх шпіёнаў пушчана па лясах, каб выкрываць паўстанцкія арганізацыі. Трэба быць асцярожным пры фармаванні атрада і папаўненні новымі людзьмі... Мясцовая шляхта распаўзлася па лесе... Трэба думаць, што не з панамі яны ваяваць будуць, а хутчэй нас прададуць...

У Грышкі мільганула думка аб Казюку.

— У твой раён перасылаецца яшчэ некалькі атрадаў — гаварыў больш спакойна Амелька,— з якімі ты таксама павінен трымаць сувязь. Заўтра, а можа нават і сёння, ты атрымаеш загад аб нападзенні на харчовы транспарт, які будзе ісці на мястэчка, дзе стаіць N-ская дывізія...

Тым часам Кузьма, убачыўшы таварыскую гутарку Грышкі з незнаёмым, устаў і накіраваўся да іх.

Усе трое пайшлі па вузенькай сцежцы, якая вяла да месца стаянкі атрада, якім камандаваў Грышка...

Сонца пачало прыграваць... Але было росна. Капелькі буйной расы рассыпаным серабром блішчэлі на траве.

Грышка аба ўсім забыўся. Усімі сваімі думкамі ён быў каля лесніковай хаты, каля Гэлькі, аб якой ён ніяк не мог забыцца.

Шмат разоў у яго лунала думка — украсці Гэльку і забраць з сабою ў лес. Альбо спаткацца і ўгаварыць ісці разам з ім.

Цяпер жа, калі Грышка даведаўся, што Гэлька кудысьці пайшла,— непакой апанаваў усю яго істоту...

— Гэй, свінапас! — пачуўся за дрэвам голас.

Усе трое вандроўцаў аглянуліся...

Гэта быў Андрэй, які хадзіў па лесе, задраўшы галаву і трымаючы вінтоўку нагатове, каб падстрэліць якую-небудзь дзічыну і сасмажыць на полудзень.

 

ІХ

— Паганяй, пся крэў! А то вазьму бат, ды раз па каню, а раз па табе, морда мужыцка!..

— Калі ж, паночку, бегчы не хоча... Не можа... Учора з горада паноў прывезлі, а сёння зноў...

— Ну, ешчэ цо мувіць бэньдзеш?!

І, уздымаючы слуп пылу, неслася фурманка з вёскі да засценка к шляхціцу: сын яго Казюк пайшоў у паўстанцы...

Туды ехаў польскі жандар.

Фурман, вясковы хлапец, які вёз жандара, таксама быў сябрам адной падпольнай арганізацыі... На гэты раз Сяргей (так звалі фурмана) быў нарочна пасланы з жандарам, каб выведаць, чаго ён едзе да Казюковага бацькі...

— Ты што? —загаманіў жандар да Сяргея, — у паўстанцы хутка пойдзеш?

— Тата не пускае...

— А, дурны хлопак! — усміхаючыся, сказаў жандар і закурыў цыгару...

Шляхціц Яроцкі сустрэў жандара, як найдаражэйшага госця...

У часе падвячорку Сяргей, ядучы малако ў сенцах, пачуў размову, якая выкрыла здрадніцтва Казюка...

— Праз тыдзень ён дома павінен быць, каб паказаць нам усе сляды тых шэльмаў,— казаў жандар Яроцкаму, які штохвіліны пазіраў то на акно, то на дзверы...

— Праз тыдзень, кажаце, значыцца, хутка?..

— І Казюк і ты бэньдзеце мець вельку падзяку і награду ад пана палкоўніка...

— Каб жа толькі бог даў усё яно добра абышлося...

Сяргей ціхенька прытуліўся да кубла і слухаў...

Ён гарэў увесь ад нецярплівасці, каб хутчэй гэту вестку перадаць каму трэба...

Дадому едучы, Сяргей сам гнаў каня, што было сілы. Яго непакоіла думка — пераказаць аб гэтым Грышку, у атрадзе якога, як вядома, знаходзіўся Казюк...

Не прайшло трох дзён, як Грышка быў паведамлёны аб «паўстанцу»-шпіёне...

Грышка сакрэтна загадаў двум хлопцам сачыць за кожным крокам Казюка і даносіць аб усім яму...

За два дні перад тым, як павінны былі адняць харчы вайсковага транспарту, Казюк хацеў уцячы дахаты і, напэўна, папярэдзіць аб гэтым адпаведных асоб. А можа, проста баяўся ўзброенага выступлення...

Спроба ўцячы скончылася для Казюка вельмі дрэнным... Два сакрэтна прыстаўленыя сачыць за ім хлопцы некалькі вёрст далі яму прайсці, а пасля прымусілі вярнуцца...

Казюк пачаў нават страляць. Але сакрэтнікі не паддаліся і паставілі на сваім...

У тую самую ноч яго судзілі. На судзе Казюк ва ўсім прызнаўся і кляўся, што ніколі б не выдаў ніводнага чалавека...

— Да дрэва! Да дрэва здрадніка! — гукала грамада.— Паміж паўстанцаў не павінна быць шпіёнаў! Да дрэва!..

— У нас хацелі карову і каня забраць польскія жаўнеры... А калі, кажуць, ты будзеш служыць нам і рабіць тое, што загадаем, то нічога не возьмем... Бацька мяне і набухторыў... Я сам ніколі,— поўзаючы па мокрай траве на каленях і кідаючыся Грышку ў ногі, прасіўся Казюк...

Грышка гордым поглядам акінуў усю сваю грамаду, а Казюка падарыў агідлівай усмешкай.

Грамада не пераставала патрабаваць хуткай расправы.

— Ціха, хлопцы! — гукнуў Грышка.— Я з ім распраўлюся па-свойму... Нават рукі сорамна мараць аб такую паганую панскую падлізу... Ці ж стоіць псаваць порах і кулю!?.

— Даруйце, даруйце! — абліты слязьмі, прыпадаючы да ног то аднаго, то другога паўстанца, прасіўся Казюк.

— Вон з лесу, паганец, каб і вочы нашы цябе не бачылі! — крыкнуў злосна Грышка і паказаў пальцам удаль...

Усе здзіўлена паглядалі на Грышку...

А Казюк гэтак рынуўся ў кусты, ажно траскатня пайшла па лесе... Пабег куды вочы глядзелі...

— Малады яшчэ хлапец,— казалі сталыя паўстанцы Грышку.— Глядзі, што, выбраўшыся з лесу жывым, ён табе за гэту ласку шыбельніцу нарыхтуе... Ты яшчэ мала ведаеш такіх паганых здраднікаў...

Але Грышка маўчаў. Яму цяпер было не да гэтага, не да расправы над гэткім слабенькім і мізэрным чалавекам, які валяўся пад яго нагамі...

Грышку пачаў непакоіць лёс раскрытай арганізацыі, лёс тых асоб, якія не паспелі ўцячы ў лес...

— Калі толькі іх павесяць ці расстраляюць, то за кожную галаву нашага брата павінна загінуць па дзесяць панскіх галоў і па дзесяць маёнткаў са ўсім скарбам... І гэта мусім зрабіць зараз жа, пакуль яшчэ будзе сырым пясок магіл загінуўшых паўстанцаў,— гаварыў натхнёна Грышка, сабраўшы вакол сябе ўсю грамаду сваёй дружыны паўстанцаў...

У адзнаку згоды ўсе паднялі карабіны ўгору... Наступіла маўчанне.

А лес так зашумеў, так загуляў віхар па галлі дрэваў, што, здавалася, вось-вось пранясецца над зямлёю такая страшэнная бура, якая нічога жывога на зямлі не пакіне...

Усе моўчкі пераглянуліся і зашпілілі світкі.

— Кажуць, што нехта павесіўся, калі вецер такі пачынае шаймаваць,— сказаў стары Мікола і, узяўшы карабін у левую руку, правай перажагнаўся...

— А можа, каго павесілі... Крыжам паратунку ім не дасі,— загаманіў нехта сярод грамады...

— А цяпер,— змяніўшы голас, сказаў Грышка,— гэта месца нам трэба пакінуць... Магчыма, Казюк ужо даносіў як-небудзь аб нашым гняздзе... Бліжэй да Дубовай Грады трэба пакіраваць — туды і носа ніхто не ткне...

І ўся грамада па аднаму слову каманды знікла ў гушчары лесу, забраўшы на сябе ўсе пажыткі і аружжа...

Застаўся стаяць толькі адзін Грышка. Яго нешта вабіла туды, бліжэй да лесніковай хаты. Яму захацелася пабачыцца з Гэлькаю і бацькам...

У глыбіні ж лесу, у пушчы непраходнай Грышка мог толькі спаткацца са сваім старшым братам Данілам, аб паўстанцкай працы якога таксама хадзіла шмат чутак...

Грышка стаяў, абапёршыся на карабін, і думкаю разам з ветрам гатовы быў несціся далёка, далёка...

Вецер не пераставаў гусці... Скрып дрэваў і шуршаніна лісця складалі чароўную, а разам з тым і дзікую лясную песню-казку...

 

 

Х

Гараць маёнткі. Нішчацца панскія скарбы, скарбы, набытыя мазольнымі рукамі батракоў ды парабкоў...

І руйнуецца ўсё гэта тымі самымі рукамі, чыімі было і набыта.

Яны маюць права пусціць усё з дымам і пажарам.

Лявон і ляснік, выпушчаныя з астрога, зноў занялі ў таго самага пана свае пасады.

Лявон пасе каровы, а ляснік — лесу вартуе.

Пан праз дзень — два прызывае да сябе Лявона і пытае:

— Скажы мне, Лявон, праўду: дзе твой сын Даніла? Толькі не мані — лепей будзе...

— Каб я так жыў, паночку, што не ведаю. Напэўна, ў бальшавікоў... Я трэці год не бачыў яго...

А свінапас дзе твой?

— Вось гэтага, то я зусім не ведаю... Мусіць, загінуў недзе... Ён тады так напужаўся...

— А ты не чуў, што кажуць пра тваіх сыноў?

— Не, не чуў?

— Маніш, шэльма... Усе як у бубен б’юць, што яны абодва ў лесе арудуюць з іншымі паўстанцамі... Ведаеш, што амаль кожную ноч шугае да нябёс агонь то ў тым, то ў другім маёнтку?.. А ты яшчэ кажаш, што не ведаеш аб іх, што не чуеш гутаркі аб іх зладзейскіх паступках...

— Вольна каму-небудзь плявузгаць, узводзіць ману на непавінных людзей.

— Глядзі, Лявон, яшчэ раз кажу, што твая старая галава адпавядаць будзе, калі толькі ў мяне здарыцца якое-небудзь няшчасце.

Так яно і выйшла.

Нібы то пан нагаварыў сам на сваю галаву няшчасце.

Праз тры дні пасля размовы з Лявонам панскі маёнтак быў падпалены зразу з чатырох канцоў...

Хаця пажар хутка быў затушаны польскімі жаўнерамі, якія стаялі ў маёнтку, але страты было прынесена шмат.

Больш за ўсіх напалохаўся пастух Лявон, які чакаў не малой расплаты за такое здарэнне.

Але пан быццам бы і забыўся на свае пагрозы Лявону, бо адшуканне вінаваўцаў пажару раскрыла зусім новую справу.

У суседняй вёсцы было знойдзена шмат аружжа і кулямёты, а таксама знойдзены былі ў аднаго заарыштаванага паперы, якія выкрылі патаемную арганізацыю.

З гэтай прычыны пан Панятоўскі, пастухом у якога і служыў Лявон, быў заняты расправаю з сялянствам!

Панятоўскі добра ведаў сялян бліжэйшых вёсак, з многімі судзіўся за сервітут, і вось цяпер ён задумаў за ўсё разлічыцца.

Жандары цэлыя вёскі, ад малога да старога, выганялі на дазнанне.

Самымі жорсткімі карамі мужчын і кабет хацелі выведаць, хто пайшоў з гэтай вёскі ў паўстанцы, з якой хаты ёсць бальшавікі ў Савецкай Расіі.

Ніхто слова не раняў лішняга, ніхто не прызнаўся і не даў правідловага адказу...

Тады караючыя атрады польскай жандармерыі падпальвалі вёску ў трох месцах і нікога не пускалі тушыць...

Змаганне пачалося не на жыццё, а на смерць...

Агонь і дым пакрылі абшары краіны, людзі якой цярпелі праз шмат вякоў і чакалі якогась збавення.

Уночы гарэлі маёнткі, а ўдзень жандары палілі вёскі і сёлы.

Дні і ночы захліпаліся ў моры агню, які і павінен быў прынесці збавенне мільёнам працоўных мас...

У адзін з гэткіх «светлых» дзён адбыўся палявы суд над паўстанцамі Ігуменшчыны...

Іх расстралялі...

— Як мала, як мала! — казаў пан Панятоўскі, п’ючы гарбату з мясцовай жандармерыяй. — Толькі расстраляць?.. Па-мойму— раней павесіць, не даць сканаць на шыбельніцы і тады страляць, па аднаму, як шалёных сабак... Ды ўсё трэба гэта рабіць на вачах ваколічнага сялянства, на вачах бацькоў і матак гэтых бунтаўшчыкоў, каб і дзесяты закаяўся займацца такімі штукамі.

— За тых хлопакаў, якіх мусім ешчэ вешаць і стрэляць! — чуць трымаючыся на нагах і паварочваючы языком, сказаў жандарскі палкоўнік, чокаючыся з панам Панятоўскім...

— Я, пане палкоўніку,— гаманіў, трымаючы чарку ў руках Панятоўскі,— заўсёды мувіў, цо не вольна даваць патолі хамам... Цо, пан палкоўніку, паведзе на тэн выпадак, які быў у моім маёнтку? Хто мусі быць пакараны за руйнаванне і пажары дзесёнткаў, соткі такіх маёнткаў, за пшэліту крэў нашэго шляхецтва ў гэтым хамскім краі!? Так нех бэньдзе спокуй, і наша панаванне нех жые!

Пры слове «жые» камізэлька не стрымала тоўстага жывата Панятоўскага, і два гузікі ўпалі на стол.

— Пшапрашам,— сказаў сканфужаны такім здарэннем пан Панятоўскі і сеў у крэсла...

 

Траля-ля-ля-ля-ля...—

 

цягнуў у кутку, набраўшыся да адказу «пазнанкі», ад’ютант палкоўніка, раз-по-раз цалуючы руку маладой дачкі Панятоўскага, паненкі Ванды.

— Мне хцэся до Варшавы... Мувяць, цо там так ладне, так пшыемна,— захапляючыся прыгожасцю ад’ютанта, гаварыла Ванда...

— О, так ... мы хутка ў Варшаве бэньдземы...

— Для чэго?

— А так...

— Цо пан ад’ютанце мувіць?!

Раптам вясёлая капела, якая спраўляла «хаўтурны» вечар па толькі што расстраляных паўстанцах, ускочыла з-за сталоў, пачуўшы за акном страляніну.

Атрад паўстанцаў адбіваў у польскіх жандараў арыштаваных сялян, якіх вялі на дапрос да палкоўніка...

Усе вайсковыя выскачылі на ганак, а Панятоўскі бегаў як апантаны па хаце, не знаходзячы месца, куды схавацца...

Калі бойка скончылася, палкоўніку быў данесен рапарт, што паўстанцы ў ліку больш сотні чалавек перабілі канвойную каманду і вызвалілі арыштаваных, захапіўшы апошніх з сабою ў лес...

Палкоўнік даў загад усіліць варту пастарунка, а сам, насупіўшы бровы, сеў дапіваць «пазнанку»...

 

ХІ

 

Па дарозе ў вёску Ціхі Бор ішоў сляпы жабрак Мітрафан, трымаючыся рукою за плячо свайго хлапца-павадыра.

Павадыр быў босы, у падраных штанах і кашулі, з торбаю за плячыма і сухім лазовым прутком у руках.

Гарачы ранняга лета дзень змарыў да астатку сіл старога і малога жабракоў...

— Скажы, сынку,— запытаў Мітрафан,— відаць вёска ці не?

— Відаць... некалькі крокаў і мы ў вёсцы,— адказаў павадыр, папраўляючы торбу...

— Гэта што там у цябе ў торбачцы шарахціць?

— Знайшоў кніжку — вось і нясу.

— А цікавая?

— Чытаць не ўмею.

— І ты не ўмееш? Шкода... Няхай я сляпы, а то і відушчы пазірае на паперу і не разумее, што там надрукавана...

— А начаваць, дзядуля, тут не будзем... Пройдзем адным бокам сяла — ды далей...

— Калі ж ногі мае, сынку, ісці адказваюцца... Ты што!? Ты столькі сцежак не пралажыў, столькі зямелькі чорнай не патаптаў, як я... Мяне тут уся акруга ведае... Мужыкі і паны... Часамі ў маёнтак зойдзеш, то ў парабкоў дзень — два, а то і тыдзень пражывеш. Ёсць людзі добрыя на свеце.

— А паны добрыя? Як па-твойму, дзядуля?

— Што паны... Аб іх цяпер і гаварыць не можна. Я хаджу па свеце і калі не бачу, то шмат чаго чую. О, як здзекаваюцца паны з беднага народу...

— А народ цярпіць,— дагаварыў павадыр.

— Мусіць цярпець, калі панская ўлада...

З гэтымі словамі жабракі ўвайшлі ў вёску...

Ліра Мітрафана і яго цененькі галасок пачалі напамінаць кожнай сялянскай хаце аб жабрацкім краі. Аб краі і народзе, які спакон веку жабруе.

Павадыр таксама крыху падпяваў.

Але яму не цярпелася. Яму хутчэй хацелася быць у той вёсцы, дзе ў сягонняшнюю ноч павінна адбыцца сходка...

Мінаючы то адну то дзве хаты, павадыр як бачыш прайшоў са старцам вёску і пайшлі далей.

Ужо было цёмна, калі двое жабракоў у той самай вёсцы, куды павадыр і спяшаўся, хадзілі ад хаты да хаты і прасіліся начаваць.

Урэшце самы бяднейшы жыхар вёскі адвёў у сваё гумно і паказаў кучу саломы, дзе можна начаваць.

А дванаццатай гадзіне ночы, як было і ўмоўлена, павадыр выкраўся ад заснуўшага старца і пабег туды, дзе яго чакалі.

Маленькая вясковая хатка, з завешанымі шчыльна вокнамі, была перапоўнена хлопцамі-сялянамі.

Як толькі пасля шостага стуку адчынілі дзверы, у хаце зрабілася так ціха, што жужаніна мухі чутна была...

— Грышка, Грышка! — чулася нават у сенцах...

А калі толькі Грышка ў вопратцы павадыра з’явіўся ў хату, амаль не ўсе спалохаліся.

Грышкі ніхто не пазнаў, таго самага Грышкі, якога не так даўно бачылі ў Каровіным Гаі на сакрэтным сходзе...

— Мяне сляпы Мітрафан сюды прывёў,—сказаў Грышка, вітаючыся са ўсімі па парадку.

— Гэта, значыцца, павязло, калі сляпы відушчага прывёў... А ты хітрэц, Грышка...

— Ай ды малайчына, каб так яму жылося! Вось надумаў штуку!

Некалькі хвілін — і ў кожнага прысутнага ў руках была бальшавіцкая адозва, якія Грышка некалькі дзён насіў у сваёй жабрацкай торбе.

Сход зацягнуўся да трэціх певуноў.

Хлопцы не маглі развітацца з Грышкам, не маглі надзівіцца яго смеласці і выдумцы.

А праз некалькі дзён Грышка ў гэтай самай вопратцы, ведучы за руку сляпога Мітрафана, уваходзіў у маёнтак пана Касінскага, дзе змяшчаўся штаб адной польскай дывізіі.

Тут яму даручана было выпаўніць больш паважную і сур’ёзную справу — выкрасці сакрэтныя паперы і раскідаць прызываючыя да бунту лісткі сярод польскіх жаўнераў.

На вялікі жаль Грышка зразу, як толькі ўвайшоў у пякарню, дзе жывуць парабкі, пачуў вестку, якая парушыла ўсе яго планы.

Два парабкі, якія былі ў сувязі з паўстанцамі і павінны былі дапамагчы Грышку выпаўніць даручэнне, сядзелі ў пастарунку заарыштаванымі за падазрэнне ў нападзенні на скарбніка, які вёз грошы ў дывізійную касу.

У маёнтку было неспакойна.

Грышка ўбачыў, што аставацца тут ні ў якім разе не можна, і, выкінуўшы некалькі лісткоў каля кузні, пад плугі, якія парабкі пасля абеду павінны былі запрагаць для ворыва, угаварыў дзядулю ісці далей.

— Няма супакою на свеце і не будзе,— казаў Мітрафан, чуючы размову Грышкі з тутэйшым пастушком,— тады толькі настане для чалавека супакой, калі зямлёю вочы загорнуць... Чаго б вось нам баяцца з табою? Нас не абкрадуць, бо не багатыя, не заб’юць бо нікому дрэннага нічога не робім, а неяк вось, сынку, непакойна на сэрцы...

Грышка маўчаў. Яму нават сорамна стала, што ён водзіць сляпога жабрака, а жабрак прыкрывае маладога бунтара-паўстанца, які вялікую справу робіць, ходзячы ад вёскі да вёскі... Такую справу, за якую сотні і тысячы людзей павешаны і застрэлены...

І пайшлі жабрак і бунтар ад адной мясціны да другой..

Адзін моліцца — ласкаю і пакорнасцю просіць сабе кавалак хлеба...

А другі, каб мець кавалак хлеба, каб знішчыць крыўду і няволю, уздымае бунтарскі дух народу, кліча да барацьбы з панамі...

 

XII

Недалёка ад шляху, на ўзгорку, пад трыма нізкарослымі хвойкамі была насыпана высокая магіла...

Там былі закапаны сяляне-паўстанцы.

Грышку аб гэтым месцы даўно было вядома, вось чаму, параўняўшыся з гэтымі трыма хвойкамі, Грышка звярнуўся да сляпога старца:

— Дзядулька! Вунь... але ты, праўда, не бачыш... Адным словам, недалёчка ад шляху стаяць магілы, дзе закапаны паўстанцы...

— Так чуў, чуў аб гэтым...

— Зойдзем туды...

На вачах Грышкі навярнуліся слёзы, калі яны ўкленчылі на жоўты пясок магілы...

— Маліся, сынку, хай ім бог дае царства нябеснае.

— Я не ўмею, дзядуля, маліцца... Ты маліся, а я так... па-свойму...

Тры жмені пяску Грышка ўсыпаў сабе ў торбачку. Сэрца яго забілася мацней. Але пачуццё помсты заглушала ўвесь боль яго маладой, поўнай агню і адвагі, бунтарскай душы.

Толькі шум хвоек вывеў яго з задумення.

— Не дараваць! — вырвалася гучна слова з вуснаў Грышкі.

Мітрафан у гэты час перажагнаўся і сказаў.

— Слабыя мы з табою, сынок дарагі... Не даруе, хто сілу будзе мець...

Грышку нібы то хто сказаў зірнуць на шлях, з якога да гэтых самых магіл ішоў нейкі незнаёмы чалавек...

— А можа, сочаць за тымі, хто тут бывае на гэтых магілах? — мільганула думка ў Грышкі.

І ён, доўга не думаючы, ускінуў сваю торбу на шыю . Мітрафана, сам пабег з узгорка ўніз, у адваротны бок ад шляху.

Грышка не памыліўся.

Незнаёмы чалавек падышоў да жабрака, нешта доўга гаварыў, паказваючы пальцам на Грышку. Пасля відаць было, што выцягнуў з торбы лісткі і, разгледзеўшы іх, сілком пацягнуў за сабою сляпога.

Грышка што было духу папёр цераз поле ў бярэзнік. Яму было вядома, што за вёрст пяць пачынаюцца абшары пана Панятоўскага, дзе ён быў свінапасам, дзе і пагэтуль яго бацька пасе быдла...

«Туды страшна,— падумаў Грышка, прыхіліўшыся за бярозу і аглядаючыся наўкола, каб з кім-небудзь не спаткацца.— А то можа да лесніка? Няўжо хто зловіць? Няўжо там варта пастаўлена?»

Дабраўшыся да густога лесу, Грышка зусім спакойна пайшоў па знаёмых дарожках да лесніковай хаты.

«А што яны зробяць са сляпым жабраком? — не пакідала думка Грышку.— Няўжо таксама па-звярынаму расправяцца?»

Ляснік толькі што вярнуўся з абходу і разам з Гэлькаю сядзелі на прызбе.

Гэлька вярнулася дахаты праз два тыдні.

Яна ўцякла была з дому да цёткі, якая таксама была замужам за адным з леснікоў радзівілаўскага лесу.

Усе думалі, што Гэлька загінула. Бацька хацеў ужо імшу адслужыць. Але яна з’явілася дахаты, ні слова не кажучы, дзе і чаго была. Толькі праз некалькі дзён прызналася бацьку, што пайшла шукаць у лесе Грышку і гэтакім чынам дайшла да цёткі.

Стары ляснік быў бязмерна рад, і цяпер ні на адзін крок не адпускаў яе ад сябе.

У лес ідзе — вядзе з сабою, дома сядзіць — казкі ёй гаворыць або паложыць галоўку на калені і гладзіць яе прыгожыя, мяккія, як шоўк, валасы.

А Гэлька назбірае кветак, уе вяночкі і штохвіліны ўспамінае Грышку, з якім гэтак дружыла, пасучы каровы, і якога выдаў польскім жаўнерам гэты паганы сабака Лыска.

У нядзельку ж яна разам з бацькам нясе гэтыя вяночкі на магілу якогасьці забітага палякамі хлапца, якая знаходзілася недалёка ад краю лесу.

Гэлька чамусьці думала, што там пахован Грышка, якога забілі, калі ўцякаў з пастарунка.

Лявон, бацька Грышкі, таксама штодня маліўся на гэтай магіле, не ведаючы таго, што яго Грышка жывы і здаровы.

— Тата, чаму мне не страшна ў лесе?..

— Таму, дачушка,— адказаў ляснік, —што ты ў лесе радзілася, выгадавалася і ўвесь час жывеш... Ты, як ваўчанятка дзікае, хутчэй людзей спалохаешся, чым глухой пушчы і шумлівага лесу.

Лыска, які ляжаў каля ног лесніка, загаўкаў і пабег да варот.

Гэлька кінулася ўслед за Лыскам.

— Тата, тата!.. Паглядзіце... хто гэта...

Стары ляснік бягом падбег да варот і стаў углядацца на чалавека, які баязліва пазіраў з-за дрэва.

— Грышка!—загукала Гэлька, ажно рэха пакацілася па лесе...

І Грышка стрымгалоў бег да варот.

Лыска перастаў брахаць. А ляснік не верыў сваім вачам.

Толькі калі Гэлька, кінуўшыся на шыю, пачала спазнанага абарванца цалаваць, ляснік паверыў, што гэта быў Грышка-свінапас.

— Ты жывеш?! — чуць прамовіў ад радасці бацька Гэлькі.

— А чаго мне паміраць!

Стары ляснік, выпускаючы слязу за слязою, не пераставаў цалаваць Грышку, аберуч абняўшы яго і Гэльку.

— У нашым лесе цяпер крыху паспакайнела,— казаў ляснік, ведучы Грышку ў хату.— Не бойся, у мяне можна доўга жыць, ніхто ведаць не будзе...

І толькі сёння першую ноч за ўвесь час блукання па лесе, за час паўстанцкага жыцця Грышка начаваў большменш спакойна, не галодны і ў цёплай хаце.

Схавалася ў змроку ночы хата лесніка. Наступіла мёртвая ціша. Бадай усё жывое паснула.

Але Грышка яшчэ не спаў. Ён слухаў апавяданні лесніка, які больш месяца разам з Лявонам сядзеў у астрозе.

Гэлька ўжо спала...

 

XIII

— Вы чулі? Сляпога жабрака Мітрафана палякі заарыштавалі...

— Гэта таго жабрака, што на Чырвоных магілах маліўся? (так звалі магілы паўстанцаў).

— Таго самага. Павадыр уцёк, а ў яго, кажуць, поўныя торбы знайшлі бальшавіцкіх лісткоў...

Такімі чуткамі зажылі ўсе ваколічныя вёскі...

— Кажуць,— дадавалі другія,— што гэта не павадыр яго быў, а паўстанец, які ішоў пана нашага забіць.

— Шкада, што не забіў гэту погань...

І шмат іншых казак хадзіла пра жабракоў, якія па ўсёй Беларусі хадзілі і бунтавалі народ, каб паўставалі супроць паноў.

З гэтага часу ўсе жабракі, якіх так шмат на Беларусі, былі ў вялікай пашане. А польская ўлада пачала папаўняць пастарункі рознымі калекамі, бачачы ў кожным свайго ворага, шчырага прыхільніка паўстанцаў.

Тым часам наступаў вялікі неспакой сярод польскіх войскаў. У паветры запахла порахам. Усе ў адзін голас пачалі гаварыць, што палякі вось-вось павінны пакінуць залітыя крывёю абшары Беларусі...

— Паўстанцы, стройся! — пранеслася баявая каманда па лясах і балотах...

З далёкіх глухіх пушчаў паўстанцкія атрады пачалі падыходзіць бліжэй да шляхавых дарог, да тых мясцін, дзе маглі быць непадалёку пазіцыі...

Грышка ўжо даўно разам са сваёю дружынаю знаходзіўся ў добра знаёмым яму лесе, дзе быў вартаўніком бацька Гэлькі.

Жыццё паўстанцаў пайшло куды лепей.

Раней прыходзілася жыць дзічынаю ды перахвачанымі харчамі ў польскіх войск, што стоіла заўсёды немалой ахвяры.

Цяпер жа — былі блізка родныя вёскі.

У цёмныя ночы шмат хто з паўстанцаў, крадучыся, прабіраўся дахаты, жыў там дзень — два ў саломе або дзе-небудзь у склепе, каб на вочы нікому не паказацца, а пасля, набраўшы харчоў, зноў уцякаў да сваёй дружыны ў лес...

Хатнія таксама часта дастаўлялі ў лес харчы сваім бацькам ды братам, прысылалі цэлых рэзаных кабаноў, цялят, авечак, хлеба і інш.

Адным словам, не жыццё пайшло, а масленіца. Уся сувязь паўстанцаў той дружыны, дзе быў Грышка, трымалася праз лесніка і яго дачку Гэльку.

Познім вечарам, калі ўсё нарыхтуецца да сну, Грышка штодня ішоў на спатканне да Гэлькі. Гэлька выпаўняла ўсе заданні, якія ёй даручаў Грышка. Яна амаль штодня хадзіла ў маёнтак пана Панятоўскага, прыслухоўвалася да настрою польскіх войскаў, якіх тут было нямала, і аб гэтым даносіла Грышку.

Не паспее ўзысці сонейка, не прасохнуць яшчэ лясныя сцежкі ад ранняй расы, як Гэлька ўжо бяжыць у маёнтак або ў вёску, дзе былі хлопцы, таксама трымаючыя сувязь з баявымі дружынамі лясоў і балот.

А вечарам, маленькая паўстанка са здавальненнем, якога не можна нават апісаць, апавядае Грышку аб усім, што яна чула і што ёй перадавалі сказаць.

Месяц выплыве на сярэдзіну неба. Пачынаюць часамі і птушкі раннія шчабятаць, захаваўшыся ў лісці дрэваў, пастушок-свінапас і пастушка не могуць развітацца.

Скончыўшы гутарку аб справах сакрэтных, яны цэлымі гадзінамі сарамліва пазіраюць адно на другога, моўчкі прытуляюцца, але не знаходзяць слоў аб чым гаманіць.

Ды нашто словы, калі ім і так прыемна, прыемна толькі пазіраць адно другому ў вочы, якія заўсёды зоркамі блішчаць у змроку ночы.

Гэлька не раз хадзіла разам з Грышкам да дружыны. Ёй падабаліся гэтыя адважныя незнаёмцы, якія дзень і ноч жывуць у лесе.

Паўстанцы таксама любілі гэту дзікую, чарнавокую дзяўчынку, якая парою выручала іх ад голаду і іншага няшчасця. Яны жартавалі з ёю, абзывалі яе лясным ваўчаняткам... А Грышку часта не праміналі сказаць, нібы жартамі, што ваўчанятка яго каханка.

Грышка маўчаў, толькі яго загарэлыя шчокі ружавелі, вочы хутка пачыналі бегаць і свяціцца нібы аганькі.

— Ну, а калі тваё ваўчанятка прыбяжыць да нас? Вясёлая яна дзяўчынка! — не раз жартавалі хлопцы над Грышкам, які сапраўды пачынаў сумаваць, калі дзень або два не прыходзілася спатыкацца з Гэлькаю.

Неяк аднаго дня надвечар прыбегла «ваўчанятка» ў густы кустарнік, дзе быў прывал дружыны...

Але не вясёлую вестку прынесла яна хлопцам, якія так радасна яе спаткалі.

З вёскі даносілі, што вайсковыя часці заўтра павінны пакінуць гэты раён і накіравацца да Мінска. А за тры дні або чатыры ад’язджае і караючы атрад жандармерыі. З гэтай прычыны, як даносілі падпольнікі, у гміне павінен спешна адбыцца суд над сялянамі, больш чым над палавінай вёскі, якія збунтаваліся і не пайшлі да пана на работу. Шмат каго будуць судзіць за зносіны з паўстанцамі, хаця ніякага доказу на гэта ў польскіх уласцей не маецца...

Заставалася адно. Папоўніць дружыну суседнімі баявымі атрадамі і ў часе суда напасці на гміну, каб такім чынам выратаваць нявінных...

Хлопцы заварушыліся.

Былі пасланы нарочныя для паведамлення ўсіх бліжэйшых атрадаў, каб у вызначаны час злучыцца ў пэўным месцы і разам атакаваць гміну.

Яшчэ патрэбна было як найхутчэй паведаміць мясцовае жыхарства, каб з іх боку была пэўная дапамога паўстанцам разузнаць сілу польскіх войск, якія знаходзяцца блізка ад гміны, дзе павінен адбыцца суд над сялянамі...

— Я пайду! — выскачыў першы Сцёпка.— Мяне тут мала ведаюць... Я і Андрэй...

— Я гатовы! — гукнуў Андрэй, майструючы падэшву, якая адвалілася ад бота.

— Я адзін пайду,— ціхім голасам сказаў Грышка,— я як бачыш аб усім разведаю... Вы таксама са мною, толькі не далей краю лесу... У гміну я адзін пайду...

Усе пазіралі на Грышку.

А Гэлька памкнулася была нешта казаць, а пасля закрыла твар хусткаю і бягом пабегла ў туманную даль гушчару.

Назаўтра раніцаю Грышка хадзіў па акраіне лесу, які стыкаўся з канцамі сялянскіх загонаў той вёскі, дзе патрэбна было зрабіць разведку.

На полі нікога не было відаць працуючым, бо было яшчэ рана.

Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Грышка скінуў падзёртую вопратку і аружжа, захаваў пад кусты, а сам застаўся без нічога, у адных зрэбных штанах і кашулі.

Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік, каб не было ніякага падазрэння.

Вясновае сонца песціла яго лахматую галаву, цалавала яго твар гарачымі праменнямі.

Рой думак насіўся ў яго галаве аб тым, што ён будзе рабіць, калі яго зловяць. Але палахлівасці не было ні капелькі.

Можа Грышка прывык ужо да такіх апасак, да такіх рыскоўных разведак, калі ён не раз сам ішоў у лапы свайго ворага, але заўсёды з-пад самага носа ўцякаў, як толькі было небяспечна.

— А можа, і цяпер удасца выпаўніць планы,— уцяшаў ён сам сябе.

Пачуўся недзе далёка-далёка плач трубы пастуха. Гэты знаёмы і блізкі сэрцу гук прагнаў усе змрочныя думкі.

Грышка пачаў успамінаць, як ён пасвіў свіней, пасля кароў, як гуляў з хлапцамі, лавіў птушкі,— адным словам, жыў, нічога не ведаў і нікога не баяўся.

— Но, каб цябе ліха!.. Куды вернеш?!.

Грышка зірнуў на загоны і ўбачыў селяніна, які абворваў бульбу...

Узяўшы на плячо звязаныя венікі, Грышка пайшоў да аратага...

«Шнурок вузенькі,— падумаў Грышка,— значыцца, бедны... Не выдасць мяне»

Араты, пабачыўшы незнаёмага хлапца, застанавіўся і пачаў курыць...

— Што, горача, дзядзька? — запытаў Грышка, кідаючы на мяжу венікі...

— Вядома не холадна, калі потам абліты і я і кабыла!.. А ты адкуль гэта? Нешта не ведаю ў твар...

— Я з той вёскі...

— З Камянёў?

— Так... З Камянёў... А чаму дзядзька адзін?

— Не пытайся! Абодва сыны там недзе...

Пры гэтым араты махнуў галавою на лес і цяжка пачаў уздыхаць.

— Я каня паваджу вам, хутчэй будзе... А вы мяне ў вёску сваю правядзіце,— сказаў Грышка зусім смела, бачачы, што перад ім чалавек надзейны.

— Ото-то добра, а то, падла, мухі кусаюць, дык з ёю не справіцца ніяк...

Не прайшло і паўгадзіны, як Грышка запытаў аратага:

— Вы чулі пра Грышку-свінапаса?

— А то як жа!.. Ого, пра яго рэчы апавядаюць...

— Вось гэта я і ёсць той самы Грышка-свінапас...

Араты выпусціў з рук пугу і нейкім спужаным поглядам аглядаў Грышку з ног да галавы...

— Я думаю,— казаў больш сур’ёзным тонам Грышка, выпусціўшы з рук павадкі вобруці,— што ты мяне не выдасі польскім легіёнам...

Незнаёмы селянін, хрысцячыся, пачаў казаць:

— Няхай бог бароніць... Ніколі, ніколі... Сыночак, мае дзеткі таксама там, у лесе... Ужо два месяцы весткі не даюць аб сабе...

І крыж за крыжам клаўся на мокрыя ад поту грудзі сівабародага селяніна...

— Я веру,— сказаў Грышка,— жагнацца не трэба... Я бачу, што табе таксама нясмачна жывецца...

Араты маўчаў, толькі ківаў галавою і ўздыхаў...

Пасля паўдня, калі скончылі абворваць загон, Грышка вярхом на кані, перакінуўшы цераз плечы венікі, уехаў у вёску, па якой дзень і ноч хадзілі і пяялі п’яныя жаўнеры. Вясковыя хлопцы і дзяўчаты, як толькі цямнела, нават на вуліцу баяліся паказацца...

На Грышку ніхто нават не звярнуў увагі.

А вечарам, адзеўшы гаспадарову бравэрку і кажух, Грышка разам з вясковымі хлопцамі і дзяўчатамі ехаў на начлег пад той самы лясок, дзе яго павінны чакаць Андрэй і Сцёпка...

Невясёлая песня начлежнікаў кранула чулае сэрца Грышкі... Ён пачаў ім падпяваць, уваткнуўшы твар у каўнер кажуха.

Ні ў кога з начлежнікаў і думкі не з’явілася, што з імі едзе Грышка-свінапас, аб якім яны гутараць штодня на начлезе.

Калі на сенажаці, каля самага лесу, начлежнікі расклалі вогнішча і паселі наўкола, Грышка зразу пачуў вельмі цікавую і нават новую для яго гутарку.

Хлопцы апавядалі аб Казюку, які быў разам з Грышкам-свінапасам і з іншымі паўстанцамі, а пасля ўцёк дахаты і цяпер паказвае польскім жаўнерам, водзіць іх па лесе, каб выкрываць нашых хлопцаў паўстанцаў...

— Кажуць,— дабавіў адзін з хлопцаў,— што яго Грышка пакрыўдзіў, дзеля чаго Казюк і хоча злавіць Грышку, каб не дараваць.

— Эге! Здохне, не зловіць! Не такі Грышка дурань, каб яго шляхцюк злавіў! — гаварылі адзін да другога хлопцы, далей адсоўваючыся ад вогнішча, якое расло і шырылася ад ускладзеных на яго сухіх бярозавых дубцоў...

Грышка, седзячы паводдаль каля дрэва, лавіў кожнае іх слова і нейкі час не паказваўся...

 

XIV

Поўнач. Маўкліва.

Толькі чуваць, як коні жуюць траву ды бражджыць жалезнае пута.

Але начлежнікам не палахліва. Гм што?! Не першую ночку пасуць яны коней сярод лясоў і палёў... Не адну байку праслухалі яны ад старэйшых начлежнікаў аб розных страхах, аб чэрцях і ведзьмах, аб ваўкалаках і мертвяках. Іншы раз гэтак зачаруюцца якім-небудзь прыгожым сказам, што не пабачаць, як і ночка прабяжыць.

Гэта было раней...

Цяпер жа не байкі баялі, а гаварылі аб тым, што сапраўды наўкола дзеелася — гаварылі аб паўстанцах.

— Эх, каб я быў такім адважным, як Грышка-свінапас... Я і дня не сядзеў бы ў хаце...

— Пайдзі ў лес, і адвага знойдзецца.

— Баюся... Падумаеш аб гэтым, і то мурашкі па целе забегаюць... Зловяць легіёны — бата ўсыплюць, як Ігнасю Пятроваму, што і цяпер яшчэ сядзець не можа.

І грамада начлежнікаў гучна рагатала...

У гэты час непадалёку ад вогнішча нехта выстраліў з карабіна.

Грышка здрыгануўся...

— Пэўна парабак Яроцкага прывёў коней да нас,— загаманілі хлопцы,— распытаем аб Казюку...

Так. Гэта быў Хведар, які ўжо некалькі гадоў служыць у шляхціца Яроцкага... Хведар быў крыху, як кажуць, «недапечаны»... Служыў увесь час без грошай, толькі за яду і адзенне.

— Ну, Хведар, раскажы, як Грышка-свінапас твайго паніча з лесу прагнаў?

— Што аб гэтым казаць... Ёсць іншыя навіны...

— Ну, ну! Гавары!

Хведар зняў з плячэй карабін, сеў каля вогнішча на купіне і сказаў:

— Учора Казюк з легіёнамі начаваў дома... Паміж сабою гаманілі, што ўцякаць трэба, а то наўкола паўстанцы і чырвоныя напіраюць...

— Напіраюць?!.

— Ды яшчэ як напіраюць... Казюк таксама будзе ўцякаць. Ужо адзеўся ў жаўнерскую форму, з карабінам... А маці яго як плача!.. Не хоча, каб уцякаў... Можа, даруюць, кажа... Казюк і слухаць не хоча... Грышка, кажа, як вернецца, то першы застрэліць за тое, што паўстанцаў выказваў... І то яшчэ, кажа, добра, што зразу не застрэлілі там, у лесе, як даведаліся аб здрадзе...

— Ну, а яшчэ аб чым гаварылі?..

Хведар аглянуўся на бакі і пачаў шаптаць:

— У маёнтку, дзе стаіць усё начальства, паперы нейкія прапалі... Мусіць важныя, бо шмат каго пасадзілі ў пастарунак, каб прызнаваліся, хто ўзяў... Парабкоў білі нагайкамі... Нешта пра лесніка гаварылі і пра пастуха Лявона... Не чуў толькі, што гаварылі...

Грышка падняўся. У яго моцна застукала сэрца і паружавеў твар. Гутарка аб прапажы папер, аб бацьку і лесніку выклікала думку аб Гэльцы.

«Няўжо гэта яна выкрала паперы? А што, калі яе зловяць?» — падумаў Грышка і занепакоіўся...

— Заўтра суд будзе над сялянамі ў воласці,— зноў гаманіў Хведар,— легіёны туды з’язджаюцца.

Грамада змоўкла. Пачуліся цяжкія ўздыхі...

— Зноў будуць вешаць...

— І страляць...

— А за што? — загаманіў адзін з хлопцаў, падняўшыся з-пад кустоў,— за тое, што не пайшлі надарэмніцу працаваць на пана?! І за гэта судзіць? За гэта вешаць?

— Хто дужы, таго і права, таго і слухай...

Грышка не сцярпеў. Сціснуўшы кулакі і насунуўшы шапку на лоб, ён падбег да палаючага вогнішча і сказаў:

— А хто, па-вашаму, дужэйшы? Адзін пан ці вось наша гэта грамада хлопцаў?!

— А легіёны! — адказаў Хведар.

Хлопцы прыпадняліся.

— Гэта хто такі смелы? Ты ў каго служыш?— смеючыся, запытаў адзін з хлопцаў.

Усе начлежнікі пачалі ўзірацца на Грышку. А Грышка сярдзітым поглядам аглядаў кожнага хлопца.

— Табе, такому зухаватаму хлопцу, не коні трэба пасвіць, а разам з Грышкам у паўстанцах быць.

— А вы што — баіцеся? — сказаў голасна Грышка.

— Неяк боязна,— пачуўся голас з грамады.

— А вам не боязна, што заўтра прыгавораць на шыбельніцу такіх вось самых, як вы, лапцюжнікаў? Гэта вас не палохае?

Усе маўчалі. Некалькі хвілін Грышка не пераставаў злоснымі словамі лаяць паноў і сарамаціць тых хлопцаў, што не хочуць рашуча бараніцца — не ідуць у паўстанцкія атрады.

Хлопцы, дзяўчаты і нават мужчыны абступілі Грышку і лавілі кожнае яго слова.

— Пакуль не позна — не дайце рабіць самасуду над сялянамі. Віламі і тапарамі абаранеце заўтра тых, каго жандары павесіць захочуць. Мы вам паможам... А цяпер бывайце здаровы! Перадайце прывітанне Казюку і скажыце, што Грышка з ім паспее паквітацца... Цяпер жа Грышку трэба ў лес паспяшацца. Мяне там чакаюць...

І Грышка шпарка пашыбаваў у цемень ночы. Начлежнікі некалькі часу былі нібы зачараваны. Яны не маглі даць веры, што гэта быў той самы Грышка-свінапас.

— Вось скажу заўтра Казюку, што Грышку бачыў,— абазваўся Хведар.

— Маўчы, дурніца... і слова нікому не рэкні... Ён, пэўна, прыходзіў узнаваць, як і што тут робіцца... ая-яй?.. ну, гэта дзіва... Глядзі — не пабаяўся...

Трашчыць на агні яловае голле, недзе заржала жарабятка... Усе чамусьці павярнулі галовы ў той бок, куды накіраваўся Грышка, і маўчалі... Полымя шугала... Асвечаныя зялёныя дрэвы здаваліся нібы пазалочанымі, здаваліся нейкімі казачнымі раслінамі. Але гэта хараство не вабіла да сябе погляду начлежнікаў... Яны пазіралі на лес і думалі аб Грышку, думалі аб паўстанцах...

 

XV

Грышка спяшаўся ў тое месца, дзе яго чакалі таварышы...

У галаве яго цяпер раілася адно: хутчэй даведацца, што з Гэлькаю...

Не даходзячы некалькі крокаў да чыгункі, Грышка застанавіўся прыслухацца, ці не ходзіць па палатне чыгункі варта.

Было ціха. Толькі недзе далёка-далёка быў чуваць свісток паравоза.

Грышка стаў прыслухоўвацца лепш і ўглядацца паўздоўж чыгункі.

Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Яны падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосу на палатно, прыпаднялі галовы і доўга пазіралі ў той бок, дзе за тэлеграфным слупам стаяў з карабінам у руках Грышка.

Наўкола лес і балота.

— А можа, свае хлопцы?

Грышка падаў умоўленыя гукі...

Тры фігуры шчыльней прыляглі да зямлі, але адгукнуліся:

— Свае!

Раптам Андрэй спаўзае з адкосу і, сагнуўшыся, ідзе ў бок Грышкі.

— Ты, Андрэй?

— Грышка?!.

— Але...

— Хлопцы, сюды... Свінапас жыў!

Яшчэ два паўстанцы вопрамеццю скаціліся ўніз і бягом да Андрэя і Грышкі...

— Ну, што? — пытае Андрэй,— многа легіёнаў? Ці можна будзе заўтра «прыпарку» ім даць у гміне?

— Не можна, а трэба! — сярдзіта адказаў Грышка,— а ў вас што чуваць?

— Эге!.. У нас, брат, таво...

Чатыры паўстанцы прыселі непадалёку ад палатна чыгункі за альховымі кустамі...

— Кажы, Андрэй!

— У нас, брат, навіны... Тваё «ваўчанятка» такія паперы выкрала ў штабе, што мы ведаем усе шляхі, кудою польская армія будзе адступаць...

— Ты праўду кажаш! А дзе Гэлька?

— Гэлька і яшчэ два паўстанцы панеслі гэту паперу да паўстанцкага камітэта, ну, а адтуль хутка і чырвоныя атрымаюць яе... А лесніка і... твайго бацьку зноў заарыштавалі... Намерваюцца вывезці з сабою...

— Значыцца, Гэлька жыве?! А бацькі зноў...

Шмат бліжэй пачуўся свісток паравоза...

Андрэй усхапіўся.

— Ты што? — запытаў Грышка.

— Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Шрубы адвінчаны, балты выняты... Як цягнік будзе блізка — рэйкі трэба расцягнуць...

Ужо далёка за поўнач...

Яшчэ паўгадзіны, і пачне брацца на золак...

Цягнік ужо недалёка. Чуваць, як шыпіць паравоз і тарахкаюць калёсы... Робіцца жудасна.

— А раптам хто зловіць?

Паўстанцы не палохаюцца.

Грышка ўстае. Карабін за плечы і шэпча голасна:

— Адзін — налева! Другі — направа! Мы з табою, Андрэй, за працу!..

А праз хвілін дзесяць, калі зноў усе чацвёра паўстанцаў стаялі далёка сярод густых кустоў і думалі аб тым, як заўтра абараніць ад шыбельніцы некалькі дзесяткаў ні ў чым не вінных сялян, пачулася груканіна, трэск і чалавечы крык.

Цягнік быў пад адкосам...

У гэты самы час Гэлька з двума праваднікамі ўжо была ў паўстанцкім камітэце.

Атаман паўстанцкага руху па ўсім абшары Беларусі вачам сваім не верыў, што ў яго руках план адступлення польскіх войск. Ён то нахмурыць бровы, то пачынае ўсміхацца...

— Гэта яна, вось гэта «ваўчанятка», як мы яе завем, сцібрыла гэтыя лісты... Яна крыху прыслугоўвала ў пана Панятоўскага... Выгледзела, дзе ляжаць, ды таво... Яна ўвесь час усе сакрэты перадавала Грышкусвінапасу... Па яго даручэнню і паперы гэтыя выкрала... Кахаюцца яны з Грышкам, таварыш атаман...

Гэлька пачырванела!..

Атаман падышоў і стаў яе гладзіць па скудлачаных валасах...

— Ты, «ваўчанятка», будзеш з намі — мы цябе не адпусцім...

— А дзе Грышка? — вырвалася з вуснаў Гэлькі...

— Ён таксама хутка тут будзе...

Зашасталі непадалёку кусты...

Чуваць галасы:

— Прыклад!

— Пінскі!

З кустоў выглянуў паўстанец і сказаў:

— Таварыш атаман, да цябе з вусным данясеннем ад Грышкі-свінапаса!

— Слухаю!

— Цягнік пад адкосам. Заўтра пад вечар суд над сялянамі ў N-скай гміне. Сялянства на нашай старане. Польскія войскі нашага раёна рыхтуюцца да одступу!.. Чакаем загаду!..

— Сувязь з вясковымі паўстанцкімі тройкамі ўстаноўлена?

— Устаноўлена, таварыш атаман! Сам Грышка быў на вёсцы — усё зроблена!..

— Тады... усяму раёну быць нагатове!.. Камандзірам усіх паўстанцкіх атрадаў трымаць сувязь з Грышкам-свінапасам і слухаць яго загаду!..

— Добра, таварыш атаман!..

Ужо раніца.

Сонца чырвоным капытом пачынае вытыркаць з-за ўзгорку. Лісце алешнікаў нібы крывёю аплёвана...

Птушкі не перастаюць звінець над галовамі паўстанцаў, якія прыляглі на некалькі хвілін супачыць перад боем...

А Грышка не спіць. Ён павярае ўсе атрады. Абмяркоўвае план наступу на гміну. Раз-по-раз выслухоўвае данясенні аб падрыхтоўцы сялян у бойку з жандармерыяй. А як толькі вольная хвіліна — ён думае аб Гэльцы.

Грышка хацеў бы яе пабачыць... Хацеў бы заглянуць на яе чорныя вочы, на загарэлы ад вясенняга сонца твар— можа, гэта наддало б яму адвагі зрабіць налёт на гміну і выратаваць сялян-бунтароў...

— Грышка, супачні хвіліну!—кажа Андрэй, схіліўшыся пад кустом...

— Не магу... Пасля працы супачыць толькі можна... Цяпер не да гэтага... Рыхтуюся...

І ў галоўным паўстанцкім камітэце таксама рыхтаваліся...

Выкрадзеныя паперы аб плане одступу польскіх войск яшчэ ўночы былі пасланы нарачным да чырвоных... Цяпер жа ў камітэце абмяркоўвалі планы, як накіраваць паўстанцкія атрады, каб перасеч дарогу польскім войскам і пры першай жа бойцы спрытна злучыцца з чырвонымі...

Камітэту таксама было не да супачынку.

Толькі на растрэсеным пад кустамі сене, прыкрытая зверху світкаю атамана, салодка спала Гэлька...

Сонца падымалася ўсё вышэй і вышэй, і яго праменні з кожнай хвілінай мацней і мацней цалавалі прыгожы твар дзяўчынкі-паўстанкі...

 

XVI

Вёска, над сялянамі якой сягоння павінен адбыцца суд, была акружана жаўнерамі яшчэ да сонца...

Па вуліцы раз’язджалі конныя жандары і выганялі з хаты тых хлопцаў, мужчын і кабет, якія мусілі пайсці ў гміну...

— Шмат хто паўцякаў у лес,— даносіў, калоцячыся ад страху, солтыс...

— А раз гэтак, то вшысткіх да гміны, старых і малых!.. Пся крэў!.. Запаліць вёску!..

І жандар пачынаў сцябаць бізуном усіх тых старых мужчын і кабет, якія кідаліся пад коней, цалавалі коням капыты, цалавалі боты ўланаў, каб толькі пашкадавалі — не палілі вёскі...

Плач вёскі, войканне і стагнанне разносіліся на некалькі вёрст наўкола.

А па дарозе ў гміну, дзе павінен адбывацца суд, ішоў яшчэ адзін атрад коннай жандармерыі...

Іх песня старалася заглушыць плач і енкі ўсёй паднявольнай Беларусі:

 

Росквітнэлы пончкі бялых руж,

Вруць, Ясеньку, з тэй военкі, вруць,

Вруць, уцалуй, як за давніх лят,

Дам ці за то ружы найпенкнейшы квят...

Не роспачай, любэ дзевчэ, не,

В польскей земі не бэндзе му зьле.

Там под Міньскем, гдзе он в бою падл,

Росквітл на могіле бялы ружы квят...

 

— Эх, сволачы! Кравапіўцы! Найміты панскія! У польскай «земі» можа вам «зле» і не будзе, але тут пад Мінскам, то мы яшчэ вам пакажам «бялы ружы квят»! — вырвалася з вуснаў Грышкі, які недалёка ад дарогі ляжаў між кустоў і сачыў, колькі войска ў гміну наязджае...

Жандарскаму палкоўніку, які на брычцы прыехаў у гміну разам з суддзямі палявога суда, ад’ютант данёс, што ўсе ваколічныя вёскі збунтаваліся супроць гвалту над сялянамі і патрабуюць адлажыць суд да разбору справы.

— Маўчаць! — зверам зарыкаў палкоўнік.— Дзе падсудзімыя? Дзе мяцежнікі-паўстанцы, што паляць маёнткі ды паноў выразаюць? Страляюць без усякага суда!..

— Пане палкоўнік, іх яшчэ вядуць!..

Брычка палкоўніка пасакатала насустрач арыштаванай грамадзе...

Сяляне і сялянкі ішлі са звязанымі назад рукамі...

А з усіх бакоў амаль усе суседнія вёскі высыпалі ў поле з сякерамі і віламі і паводдаль ішлі за арыштаванымі... Зялёныя палеткі чарнелі ад сялянства, паўстаўшага за праўду, за свае правы... Вось-вось, здавалася, гэта чорная хмара людзей, якая насоўваецца з усіх бакоў, на шматкі распатрашыць канваіраў-жандараў і вызваліць арыштаваных...

Жандары некалькі разоў спрабавалі страляць ва ўсе бакі... Гэта нікога не палохала... Паўстаўшае сялянства ўпарта рухала да гміны, чакаючы на дапамогу паўстанцаў з лесу...

Палкоўнік, выехаўшы ў канец вёскі, хапіўся за галаву і з крыкам павярнуў назад...

Ён нёсся да атрада, які супыніўся каля гміны вартаваць за парадкам і супакоем у часе суда...

— На коней! Прэндзай!.. Паўстанне хлопаў!.. На месцы страляць!..

Конны атрад жандармерыі няўшчвал пусціўся па вуліцы. Але вуліца была ўжо перапоўнена барыкадамі: вуліца была запруджана плугамі, баронамі, бярвеннем і нават пазразанымі дрэвамі яблыняў і ігруш.

Коні ламалі ногі. Жандары тырчком ляцелі з коней — прабіваліся на калючкі або ад неспадзявання не ведалі, што рабіць...

Жандарскі палкоўнік, вядомы кат па ўсёй акрузе, быў ужо схоплен і ўкінуты ў пограб...

Затрашчалі каля лесу кулямёты...

З жыта, якое сінім морам хвалявалася абапал вёскі, пачалі паказвацца галовы паўстанцаў...

— Чырвоныя! Чырвоныя!..

Канвойная каманда і конная жандармерыя, хто застаўся жывым, кінуліся ўцякаць...

Пан Панятоўскі і суддзі ўжо даўно нямаведама куды дзеліся...

Пачалася страляніна.

Жандары, уцякаючы, адстрэльваліся.

— Гэй ты, панская погань! Зладзеі!.. Здавайся!..

А кулямёты трашчаць. Лава паўстанцаў заліла зялёныя абшары палёў...

Рукі ў арыштаваных ужо развязаны. Яны з аружжам, з карабінамі і сякерамі... Яны ўжо вяжуць рукі злоўленым жандарам...

У адным канцы вёскі слуп густога чорнага дыму. Загарэліся будынкі...

А ў другім канцы — ідзе суд над палкоўнікам і жандарамі...

Тысячная грамада сялян...

Судзяць паўстанцы.

— Слова мае Грышка-свінапас!..

— Ур-ра-а-а!.. — нясецца доўгі час па аколіцы...

— Дык гэта ён, паганец! — вырываецца з вуснаў палкоўніка.

— Ён,— усміхаючыся, кажа Грышка.

Грамада замоўкла.

— А колькі ты, пане палкоўнік, расстраляў і павесіў беларускіх сялян? Колькі вёсак спаліў і колькі людзей пусціў жабраваць з торбамі? Глядзі — і гэта вёска праз цябе пайшла з дымам-пажарам!.. А калі гэтак, то ахвяра за ахвяру — рас-стра-ляць!..

...Сонца пачало ўжо хавацца за лес, які сёння вельмі сярдзіта шумеў з самага рання...

Не хацелася паўстанцам пакідаць сялян — сваіх братоў і бацькоў...

— Мы з вамі! Мы адны не застанемся, пакуль не прыйдуць чырвоныя...

І паплыло сялянства з коньмі, каровамі і ўсімі сваімі пажыткамі ў лес ды на балота хавацца ад панскага бізуна, ад кулі жандара...

Звечарэла. Над вёскай неба чырвонае ад пажару.

Недзе далёка-далёка на мурожніку каля поля зарыкала карова. Яна адбілася ад чарады і не ведае, дзе яе шукаць — у лесе ці ў вёсцы...

Лес, людзі... Людзі, лес... Вось яно, да чаго дайшло...

У паўстанцкім камітэце Грышка робіць даклад свайму атаману... Атаман моцна цісне руку Грышку, дзякуе яму ад імя чырвоных і кажа:

— Праз два дні мы будзем на волі. Белапалякаў і духу тут не будзе... А цяпер, ці хочаш пабачыцца са сваім памочнікам?..

Грышка здаволена ўсміхаецца...

З-за кустоў выглядае «ваўчанятка»...

— Грышка!..

— Гэта ты, Гэлька?..

Далёка-далёка стукаюць гарматы... Бліжэй крыху — трашчыць кулямёт...

— Пазіцыі чырвоных штораз то бліжэй,— кажа атаман, пазіраючы пад бляск месяца на планы...

Грышка з Гэлькаю прымайстраваліся на зламанай бярозе і не могуць нагаварыцца...

Гэлька расказвае, як яна ўкрала са стала палкоўніка паперы, калі ён быў п’яны і гуляў у садзе з дачкою пана, як Лявона і лесніка арыштавалі, як яна ўцякала...

А Грышка апавядае, як, пераадзеўшыся, быў у вёсцы і як біўся з жандарамі...

Тлее ў глыбокай яме аганёк... Соладка храпуць змораныя паўстанцы... Хутка і раніца...

 

XVII

Польскі штаб занепакоіўся.

Паперы прапалі, адзін з адважных жандарскіх палкоўнікаў забіты сялянамі...

Былі выкліканы карацельныя атрады. Але неспадзяваная вестка, што чырвоныя прарвалі фронт у некалькіх месцах, прымусіла спешна пакінуць маёнтак пана Панятоўскага і бліжэй накіравацца да Мінска...

Пачалася суматоха.

Польскія жаўнеры не вытрымліваюць напору чырвоных, пакідаюць самавольна пазіцыі і бягуць...

Паўстанцы з усіх лясоў і балот Беларусі займаюць галоўныя дарогі, пераймаюць транспарт. Польская артылерыя адступае першай. Кідае гарматы і ўсе баявыя снасці. Паліць за сабою вёскі, масты, узрывае чыгункі...

Чырвоным — мора па калені.

З песнямі, без супачынку... дзень і ноч у паходзе...

Паўстанцы — на першых пазіцыях разам з чырвонаармейцамі...

Але атрады пад камандай Грышкі-свінапаса не хочуць пакуль што станавіцца ў шэрагі з чырвонымі. Яны стараюцца перасеч усе дарогі, стараюцца захапіць у палон цэлыя белапольскія часці...

Гнеў і помста паўстанцаў не мела меры. Недарма бадай што цэлы год гнілі ў балоце, пухлі з голаду...

Грышка падаваў каманду за камандай...

— Заўтра, хлопцы, супачынак у Мінску,— гукаў ён да паўстанцаў, якія ўжо чуць-чуць валаклі ногі ад голаду і спякоты...

Але кожная новая пабеда наддавала натхнення і Грышку і яго сябрам...

Паміж зялёнаю сцяной жыта і прылягаючым да яго густым борам паказалася некалькі чалавек у легіянерскай форме.

— Гэта іх разведка!.. Хлопцы, узяць яе...

Паўстанцы пачалі ахватваць у кола. Частка пабегла жытам, а частка разам з Грышкам — лесам.

Застракатаў кулямёт па густым сасонніку.

Выйшла так, што паўстанцы апынуліся ў коле польскіх жаўнераў, якіх тут было больш за сотню...

— Хлопцы, не здавайся! — гукнуў што было сілы Грышка і пачаў адстрэльвацца...

Кулі свісталі каля яго вушэй...

З-за ўзгорка ж наступалі густыя шэрагі чырвонаармейцаў... Легіянеры кінуліся адступаць. Але Грышка і яшчэ некалькі паўстанцаў былі ўжо адрэзаны, і назад павярнуць не можна было... Аставалася бегчы ўперад, на край лесу, праз які павінна была адступіць густая лава легіянераў...

Грышка азірнуўся — ніводнага з паўстанцаў няма: нямаведама куды дзеліся. Ён кінуўся бегчы...

За лесам пачыналіся сенажаці... Грышка між кустоў прабраўся да рэчкі... За паўвярсты адгэтуль на рэчцы быў мост, па якому, відаць было, цягнуліся шэрагі польскіх войск і грукацелі фурманкі...

Грышка на жываце падпоўз за некалькі крокаў да моста...

Як толькі спыніліся на нейкі час па мосце ехаць і ісці, Грышка набраў сухой лазы і расклаў пад мостам агонь. Мост праз некалькі хвілін быў ахоплен полымем...

Зараз жа наўшчвал да моста сакаталі скрынкі з патронамі і беглі польскія жаўнеры...

Агонь ужо не пусціў пераехаць. Жаўнеры пакідалі ўсё і сталі пераплываць... А ззаду наязджала ўсё больш і больш фурманак. Падняўся гвалт і страляніна... Відаць было, што чырвоныя напіраюць...

Грышку хацелася страляць, але ён баяўся гэтым выдаць сябе...

Наўкола ж страляніна не спынялася. Не спынялася і суматоха каля спаленага моста... Грышка за ўсім наглядаў, лежачы між кустоў пад купінамі...

Надыходзіў змрок...

Грышка хацеў падняцца, але раптам прыкмеціў, што нехта паўз рэчкі паўзе...

Хацеў выстраліць...

— А чаму баючыся? Можа, гэта наш дазорца?

Грышка падаў знак. Паднялася галава... Гэта быў паўстанец Андрэй.

— Мяне паслалі мост падпаліць...

— Я яшчэ днём падпаліў...

— Грышка! Ты жыў?!. А мы думалі...

Андрэй абхапіў Грышку і пачаў яго цалаваць...

— Дзе нашы?

— Нашы ўжо акружылі гэты лясок, дзе нас хацелі палавіць. Палякі ўцякаюць на злом галавы...

А па дарозе ізноў імчыцца чорная лава польскіх жаўнераў — бягуць пехатою, едуць на конях...

Адны скачуць у згарэлы мост, ад якога толькі дымяцца галавешкі, другія кідаюцца пераплываць рэчку...

— О, пся крэў! — смяецца Грышка,— прыпякло! Пакупайце ў нашай Свіслачы свае панскія жупаны...

Зусім стала цёмна. Сваіх і чужых ноч апранула ў чорную вопратку цемры... Толькі наўкола віднеюцца бліскучыя плямы,— гэта дагаралі падпаленыя легіянерамі вёскі...

Грышка і Андрэй пачалі пракрадацца да чырвоных пазіцый...

То бягом беглі, то паўзком паўзлі яны канаваю паўз дарогі, па якой час-ад-часу пападаліся насустрач польскія разведчыкі...

— А што, калі нас зловяць?..

— Дагэтуль не злавілі, то цяпер дудкі!..— паціху адказаў Грышка.

Абодва вылезлі на дарогу...

— Мне думаецца, што калі не ўжо, то праз некалькі крокаў мы будзем на пазіцыях чырвоных,— сказаў Андрэй, пільна прыглядаючыся ўперад...

— А ўсё ж такі трымай вуха востра!..

Прайшлі з паўвярсты полем, а пасля пачаўся сасновы лес...

Дзве дарогі перасякаюцца ў лесе...

— Цяпер куды? — пытае Андрэй у Грышкі.— Гэта дарога ў панскі двор вядзе, а гэта — у вёску Бярозаўку. Месца гэта мне крыху знаёма...

— Стой! Ні з месца!..

З кустоў язміну, між якіх стаяў крыж з распяццем пана Езуса, выскачылі чатыры легіянеры з карабінамі ў руках...

Паўстанцы маланкай шмыганулі ў лес... Толькі трашчала сухое галлё ды шасталі кусты арэшніку...

Легіянеры пачалі страляць...

Грышка і Андрэй не агледзеліся, як прыбеглі да незнаёмага маёнтка. У пакоях свеціцца агеньчык...

— Няўжо паны яшчэ не выехалі?..

Увайшлі на дзядзінец...

— Хто тут?! — раптам голас з-за старой ліпы.

— Мы... свае хлопцы,— смела адказаў Грышка,— а ты хто?

— Вартаўнік...

— Што, паны вашы выехалі?

— І след прастыў... Вунь коні каля ганка запрэжаны — аканом скарбы збірае ды таксама дае лататы...

— А бальшавікі далёка?

— Кажуць, за лесам стаяць... Палякі ўсе адгэтуль уцяклі...

Грышка падскочыў да ганка, зачыніў у пакоі дзверы, падпёр нейкай палкай...

Каля ганка скарбовыя калёсы са скарбам... і запрэжаны два добрыя жарабцы...

— Садзіся, Андрэй!..

— Што вы, хлопцы, павар’яцелі?

— Маўчы, стары!.. Садзіся і ты...

Стары вартаўнік жагнаецца... Баіцца садзіцца на аканомаву фурманку.

— Садзіся! — крычыць Грышка,— а не дык страляць буду... Садзіся і кіруй у той бок, дзе бальшавікі...

Вартаўнік спужаўся і моўчкі карабкаецца на воз...

Грышка пазірае на Андрэя, і абодва рагочуць...

Праз некалькі хвілін, як пад’ехалі да акраіны лесу, Грышка злез і пачаў шукаць, дзе стаяць чырвоныя дазорцы... Нікога не можна было знайсці...

Толькі, пад’язджаючы да вёскі, калі мінавалі лес і праехалі вярсты паўтары полем, спаткаўся незнаёмы чалавек...

— Тут хто: бальшавікі ці палякі?

— Учора былі палякі, а сёння ні тых ні другіх няма... Жывём без улады, вось чаму смела і ходзім...

— Значыцца, мы ў сваіх, Андрэй!.. Баяцца няма чаго!..

А назаўтра чуць золак два паўстанцы, Грышка і Андрэй, ехалі вярхом на панскіх конях на чырвоныя пазіцыі...

Траскатня кулямётаў, груканне гарматаў і свісты куль абуджалі ўсіх ад сну і спатыкалі летнюю цёплую раніцу...

Распачынаўся бой...

 

XVIII

Паляна, на якой знаходзіўся галоўны паўстанцкі камітэт, была з двух бакоў акружана польскімі салдатамі...

Пры атамане было чалавек дзесяць паўстанцаў і дзяўчына-паўстанка Гэлька. У бойку ўступаць не было як, бо палякаў было ў шмат разоў больш. Заставалася хутчэй рассыпацца па лесе і далучыцца да сваіх атрадаў...

Акружана паляна была зусім нечакана і якраз з боку чырвоных пазіцый...

Атаман, ён жа і старшыня паўстанцкага камітэта, сабраў жмут сакрэтных папер і перадаў Гэльцы.

— Ты бяжы ў першую вёску і хавайся там, пакуль не прыйдуць чырвоныя... Ім гэтыя паперы перадасі... А мы, хлопцы, гайда!..

Над галовамі ўжо свісталі кулі... А там, далей, за шэрагамі польскіх салдат, звонка сакатаў кулямёт чырвоных... Усе дарогі былі заняты паўстанцамі...

Польскім салдатам прыходзілася адступаць пушчамі-лясамі, часта спатыкацца з паўстанцкімі атрадамі і ўступаць з імі ў бойку...

Паўстанцкі камітэт на гэты раз не мог весці барацьбу, бо не разлічваў ужо спатыкацца з ворагам. Пазіцыі чырвоных былі гэтак ужо блізка, што атаман збіраўся здаць штабу чырвоных усе справы, а самому хацелася хутчэй далучыцца да чырвоных часцей...

Здарылася іначай... Прыйшлося ўцякаць...

Гэлька з сакрэтнымі паперамі за пазухай ужо выбягала з лесу...

Дзе-ні-дзе яна бачыла паводдаль людзей, не ведаючы— свае гэта ці чужыя...

Па мокрай сенажаці яна ішла ціхімі крокамі, шукаючы вачыма ў туманнай сіні якую-небудзь будыніну.

Падышла да рэчкі...

Ісці паўздоўж рэчкі да моста ці кладкі — палахліва. Можна напаткаць польскага салдата. Перайсці рэчку — глыбока...

Гэлька ўмела плаваць. Але як не замачыць папер?..

Рэчка шуміць. Рыба плюскоча, ганяючыся за машкарою па паверхні бягучых хваляў... Зашастаў аір... Гэта напэўна шчупак хвастануў хвастом...

Гэлька здрыганулася і прысела на траву.

— Трэба пераплываць...

Маленькая паўстанка скінула з сябе вопратку, укруціла туды паперы, прывязала да галавы і шубоўснула ў ваду...

На сярэдзіне рэчкі — вір... Яна не прыкмеціла, як усплыла ў бурлячую крыніцу... Яе пачало вярцець на адным месцы і цягнуць на дно...

Доўга Гэлька змагалася з бурлівымі хвалямі, стараючыся пераплысці вір...

Урэшце, зусім ужо змораная, Гэлька неяк знайшла сілы адплыць ад віру, і яна панеслася хвалямі па цёку вады...

Толькі на крутым павароце рэчкі яна змагла ўхапіцца за прыгнутую к вадзе алешыну і вылезці на бераг...

Доўга ляжала Гэлька на беразе паміж высокай травы і пахучых лугавых кветак, пакуль апомнілася і адпачыла...

Сонца ласкава грэла яе маладое ахаладзелае цела... Сонца цалавала яе прыгожы твар, як бы дзякуючы ёй за адвагу і храбрасць...

Вечарам Гэлька ўжо была ў вёсцы, дзе гулялі і глуміліся над дзяўчатамі п’яныя польскія салдаты...

— О, пся крэў!.. Хцэш большэвіка, а легіёна не хцэш?!. Ах ты!..

Дзяўчаты беглі на агароды, хаваліся ў гумнах... А тыя, хто ўжо раз пабываў у руках легіёна, уцякалі ў поле, у лес за некалькі вёрст...

У апошнія дні перад адступленнем пачалі хавацца ўсе сяляне...

Разам з імі хавалася і Гэлька, як дачка бежанцаў з Віленскай губерні...

Усе чакалі чырвоных...

А за некалькі адгэтуль вёрст ішла пякучая бойка... Ваявалі не на жыццё, а на смерць... Грышка з іншымі паўстанцамі быў ужо разам з чырвонымі...

Ён самаахвотна пайшоў у разведку...

Прайшлі два дні...

Была цёмная, цёмная ноч...

Грышка і яго два таварышы пракрадваліся ў горад Мінск...

Хто не памятае апошніх дзён балявання польскай арміі ў Мінску?

Чырвона-светлыя ночы ад пажараў...

Гараць будынкі, узрываюцца камяніцы... Наўкола страляюць... На кожнай вуліцы і завулку звон вітрын... На кожным задворку і ў кожнай хаце плач і лемантаванне людзей...

У вокнах хат выстаўлены абразы... З акна яўрэйскай згніўшай халупы Лагойскага тракту выглядае твар Езуса, абвешаны белым ручніком...

Нічога не памагае...

Звіняць вокны... Галосяць людзі... Гараць будынкі... Пяюць п’яныя салдаты...

 

Не роспачай, любэ дзевчэ, не,

В польскей земі не бэндзе му зьле.

Там под Міньскем, гдзе он в бою падл,

Росквітл на могіле бялы ружы квят...

 

Зноў чуе Грышка знаёмую песню... Грышка дрыжыць ад злосці, ходзячы па Мінску, пераапрануўшыся ў вопратку польскага салдата.

— Помста вам, паганцы, рабаўнікі, помста!..

На адной з вуліц Мінска Грышка прыглядаецца ў твар жандара, які едзе з пагардай на буланым кані...

— Няўжо Казюк?!. Так, гэта ён, прадаўца...

Грышка схапіў з плячэй карабін і пачаў цэліцца...

Але ў гэты час другі жандар гэтак хватануў Грышку прыкладам па галаве, што ён упаў на тратуар без памяці...

Апомніўся Грышка толькі вечарам у нейкім каменным будынку, дзе над ім і над іншымі мясцовымі паўстанцамі адбываўся суд...

— А! Грышка-сві-на-пас?!.— злосна прашыпеў Казюк перад судом,— атаман паўстанцаў беларускіх лясоў!.. Ты помніш, як мяне выгнаў з лесу за «здраду»?! Панове суддзі, ён шмат чаго ведае, што нам карысна будзе ведаць... Яго страляць пакуль што не можна, дармо, што ён у мяне цэліўся...

Грышка не даў адказу ні на адно пытанне...

— У арыштанцкім вагоне да Варшавы!..

Гэтакая была пастанова над маладым паўстанцам, героем беларускіх лясоў — Грышкам-свінапасам...

У гэтую самую ноч, апошнюю ноч польскага панавання ў Мінску, разам з другімі засуджанымі Грышка быў ужо ў запёртым вагоне... А над горадам лёталі бомбы чырвоных гармат...

Грышка ў кожным свісце кулі, у кожным грукаце бомбы чуе голас чырвоных ваякаў, вольныя спевы сялян і рабочых...

Засвістаў паравоз... Застукалі вагоны...

— Бывайце здаровы, лясы і балоты роднай краіны!..

А можа, яшчэ і пабачу вас, можа, вольна буду разгульваць па вашых абшарах, а не баючыся і не хаваючыся, як у дні мінулага паўстання!..

Аднагалосная музыка калёс, боль перанесеных жандарскіх нагаек і шомпалаў навяваюць салодкую дрымоту...

Грышка прытуліўся ў куток вагона і заснуў...

А ў Мінск у гэты час уступалі чырвоныя войскі...

Была раніца... Святочны дзень...

Спевам «Інтэрнацыянала» горад спатыкае першых чырвонаармейцаў-казакаў...

З загарэлымі тварамі, поўныя адвагі і помсты, уехалі яны на руіны горада...

— Няхай жыве чырвоны Мінск!..

Тысячная грамада з чырвонымі сцягамі, з музыкай вітае чырвоных герояў...

Гэлька з чырвоным камандзірам, якому яна перадала сакрэтныя паперы з паўстанцкага камітэта, таксама ўехала ў Мінск...

На твары яе радасць... Але на сэрцы сумна... Яна не ведае, дзе Грышка, не ведае, дзе яе бацька... Яна толькі ўчора даведалася, што амаль увесь паўстанцкі камітэт, разам са старшынёю-атаманам, які перадаў ёй захаваць паперы, папалі к палякам у палон... Што з імі — невядома...

Каля Гэлькі некалькі знаёмых хлапцоў-паўстанцаў... Яны пацяшаюць засмучаную дзяўчыну:

— Не сумуй, «ваўчанятка», свінапас твой ніколі і нідзе не загіне!..

Па вуліцы горада шэраг за шэрагам ідуць чырвоныя войскі...

— Даёш Варшаву! — гукаюць чырвонаармейцы...

Музыка грае... Не змаўкаюць спевы...

Радасць, якой можа Мінск ніколі не адчуваў...

Побач з камандзірам вярхом на белым кані едзе па горадзе і дзяўчына-паўстанка...

— Грышка! А дзе Грышка?! — раз-по-раз вырываецца з яе вуснаў...

І сонца яскравей засвяціла над вольным горадам... Усмешка гуляе па тварах шматлікай грамады...

У Гэлькі на вачах слёзы... Але на твары яе радасная ўсмешка...

Яна гукае:

— Няхай жывуць чырвоныя паўстанцы!..

— Няхай жывуць!..

Нясецца па ўсяму гораду, нясецца па ўсёй Беларусі... Музыка грае... Спевы не змаўкаюць.

 

(Канец першай часткі.)

1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Чарот М. Збор твораў у 2 т. Т.2. Апавяданні, п'есы. - Мінск: Маст.літ., 1958. - 202 с.
Крыніца: скан