epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Чарот

Вечная бура

 

Спрадвеку тут шумяць кусты

Яшчэ да зор узбуджанага гаю,

Спрадвеку стогне лес,

Як з ворагам ў апошняй бойцы раць,

Як мора, гразь балот

Калышацца ад краю і да краю, -

І віхру страшнага

Ніколі тут нікому не уняць.

І бураломныя гады,

Як хмары чорныя, нясуцца над зямлёю...

Ўсё ломяць на шляху...

А кволых ўсіх людзей мяняе новы род...

І хутка ўсё бяжыць,

Нібы у летні дзень авечкі чарадою

Імчацца з поля ў хлеў,

Як ночку цёмную уздзене чуць усход...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Ўзнялася вось новая бура, -

Цені ўстаюць з беларускіх балот...

Жыццё ўсё - дзе смерць і хаўтуры,

Дзе крыж і магіла - людзей карагод.

Край родны! Сонца тваё ўзыходзіць!

Бачыш, хмару рассек вунь прамень...

Чуеш ты крыкі: «к Свабодзе! к Свабодзе!»

Ноч памірае... З'яўляецца дзень!

А бура не ціхне... О, вечная бура!

Ты віхрам змятаеш да лепшага шлях;

Ты нішчыш няволю, знявагу, пануру,

Ты слабаму - радасць, а моцнаму - страх!

Змяшаліся... людзі, пажары і крыкі...

Свінцовы дождж мые усходы вясны...

Народ ужо верыць, што будзе Вялікім,

Што праўдаю стануць чароўныя сны!

Яго парадзілі бясстрашныя хвалі,

Ён вечнае буры малое дзіця...

І бурай нясецца к няведамай далі,

Шукаючы: Сонца!.. Свабоды!.. Жыцця!..

 

1921

 


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая