epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Ярош

Светлы талент

Ад рэдакцыі
СВЕТЛЫ ТАЛЕНТ


Ад рэдакцыі

 

Збор твораў народнага паэта Беларусі лаўрэата Ленінскай прэміі Петруся Броўкі ў дзевяці тамах — найбольш поўнае навукова-каменціраванае выданне яго мастацкай, публіцыстычнай, літаратурна-крытычнай і эпісталярнай спадчыны.

Апрача твораў, якія ўваходзілі ў сямітомны Збор твораў (1975—1978), падрыхтаваны пры ўдзеле аўтара, у новае выданне ўключаны вершы розных гадоў, што друкаваліся ў рэспубліканскіх і саюзных перыядычных выданнях і ранніх зборніках, але ў пасляваенныя Зборы твораў не ўключаліся. У новым Зборы твораў будуць змешчаны таксама вершы апошніх гадоў, больш поўна прадстаўлена крытыка і публіцыстыка, лісты, летапіс жыцця і творчасці.

У аснову размяшчэння твораў пакладзены жанрава-храналагічны прынцып:

першы том — вершы і паэмы 1920—1941 гг.;

другі том — вершы і паэмы 1941—1953 гг.;

трэці том — вершы і паэмы 1954—1964 гг.;

чацвёрты том — вершы і паэмы 1965—1974 гг.;

пяты том — вершы і паэмы 1975—1980 гг.;

шосты том — раман «Калі зліваюцца рэкі»;

сёмы том — апавяданні, аповесці, успаміны;

восьмы том — крытычныя і публіцыстычныя артыкулы;

дзевяты том — эпісталярый, летапіс жыцця і творчасці паэта1.

Асноўным тэкстам для большасці твораў з’яўляецца іх апошняе прыжыццёвае выданне. Асобныя творы друкуюцца па часопісных, газетных публікацыях, лісты паэта — па арыгіналах. Выкарыстаны архіўныя матэрыялы і фотаздымкі Літаратурнага музея Петруся Броўкі.

Дадзены Збор твораў з’яўляецца навукова-масавым выданнем. Тэксты твораў звераны з усімі прыжыццёвымі выданнямі і вядомымі на гэты час рукапіснымі крыніцамі. У выніку навуковай зверкі ў тэксце, узятым за асноўны, выяўлены асобныя недакладнасці, друкарскія памылкі. Кожная з унесеных паправак, у тым ліку і ўдакладненні датавання твора або асобнай яго часткі, у каментарыях дакументальна абгрунтавана і зацверджана рэдакцыйнай калегіяй.

У раздзеле «Каментарыі» прыводзяцца звесткі аб крыніцах асноўнага тэксту, крыніцах першадруку, аб даце напісання твора, змяшчаюцца некаторыя найбольш значныя ў ідэйна-мастацкіх адносінах варыянты і розначытанні, раскрываецца гісторыя напісання і друкавання твора, узнаўляюцца літаратурна-творчыя, грамадскія ўмовы, у якіх ствараўся твор, даецца рэальны каментарый. У літаратурным каментарыі дадзена кароткая ідэйна-мастацкая характарыстыка твораў, уключаных у адпаведны том, раскрываецца іх месца ў творчасці пісьменніка і ў беларускай літаратуры.

Збор твораў П. У. Броўкі падрыхтаваны ордэна Дружбы народаў Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР.

 

Рэдкалегія выказвае падзяку галоўнаму захавальніку фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі І. М. Рыдзеўскаму і супрацоўнікам музея за дапамогу ў падрыхтоўцы выдання.

 

1 Магчыма, у некаторыя тамы пры вызначэнні храналагічных рамак будуць унесены пэўныя змены.

СВЕТЛЫ ТАЛЕНТ

 

І быццам за мільёны жыццяў

Я за адно сваё пражыў.

 

Пятрусь Броўка

У адным з апошніх сваіх вершаў Пятрусь Броўка пісаў:

 

Жыццё складанае бясконца:

І шчасця шмат, нямала й ран,

У кожнага ў вачах ёсць сонца

І свой у грудзях акіян.

 

Прайсці жыцця нялёгка далі,

Бывае, выпадае даль,

Што сонца промнямі запаліць

І аж заглушыць громам хваль.

 

Але скарацца ім нягожа,

Змагацца трэба, трэба жыць,

Хоць часам доўга боль не зможаш

Ні пагасіць, пі прыглушыць.

 

Гэта заклік да актыўнага жыццесцвярджэння, да грамадскай карыснай дзейнасці. Творчасць П. Броўкі пранікнута гуманістычным пафасам, палымянай партыйнасцю, глыбокай заклапочанасцю лёсам Радзімы і народа. Лепшыя яго творы сведчаць аб сталасці мастацкага мыслення паэта — аднаго з найбольш буйных прадстаўнікоў літаратуры сацыялістычнага рэалізму.

Народны паэт Беларусі, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, акадэмік АН БССР, Герой Сацыялістычнай Працы Пятрусь Броўка адносіцца да слаўнай плеяды пачынальнікаў беларускай савецкай літаратуры — ён плённа працаваў на яе ніве больш чым паўстагоддзя. «Хочацца і ў вершах, і ў прозе па-сапраўднаму расказаць аб вялікім гераічным жыцці свайго народа»1,— пісаў Броўка ў аўтабіяграфіі. Аптымістычная, шматфарбная па вобразах і разнастайная па гучанню паэзія Броўкі расла, сталела, угрунтоўвалася, набывала высокі ўзлёт, убіраючы ў сябе адначасова і жыццёвы вопыт пісьменніка, і вопыт будаўніцтва сацыялізма ў краіне. Цэлая гістарычная эпоха прайшла перад вачыма паэта. І ён — непасрэдны сведка і ўдзельнік працоўных і ратных перамог савецкіх людзей — прыкладваў усе намаганні, каб быць летапісцам-мастаком, каб апець сучаснасць, упэўнены поступ нашага народа па шляху камуністычнага будаўніцтва.

Нарадзіўся Пётр Усцінавіч Броўка ў вёсцы Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці) 12 (25) чэрвеня 1905 г. Дванаццацігадовым падлеткам сустрэў Кастрычнік. «Усім сэрцам адразу адчуў сапраўдную волю»2, — сцвердзіць паэт у аўтабіяграфіі. Актыўны, няўрымслівы, ён апынуўся ў кругавароце падзей, якімі жыла вёска, адчуў напружанасць палітычнай атмасферы, што панавала ў паграніччы. Ён пачынае працаваць у савецкіх і грамадскіх установах. У 1918 г. паступае на работу ў Вяліка-Долецкі валасны ваенны камісарыят, затым працуе ў валвыканкоме, пасля рахункаводам у саўгасах Вялікія і Малыя Дольцы. Усё гэта самым непасрэдным чынам уплывала на станаўленне светапогляду юнака. Пра сваё справаводства ў валвыканкоме паэт успамінаў: «Вельмі многа мне дала гэтая работа, таму што і ў валасным цэнтры нямала адбывалася падзей, а ўдзельнічаючы ў іх, і я знаходзіўся ў самай гушчы жыцця нашай вёскі»3.

У вершы «Мая савецкая ўлада» Броўка вельмі канкрэтна, непасрэдна выказаўся пра сябе, камсамольца і сельскага актывіста, праз шмат гадоў узнавіўшы ўласны «партрэт». Яўны аўтабіяграфізм, наўмысная апісальная інтанацыя не звужаюць аўтарскай задумы, хутчэй наадварот, яны якраз і прыдаюць успамінам паэта (верш у цэлым публіцыстычны) эстэтычную дзейснасць:

 

Насіў я

Сціплую апратку

Ды ганарыўся вельмі ёй —

У васільках касаваротку,

І з корту

Галіфэ-штаны,

І палатняныя абмоткі

З дзён грамадзянскае вайны.

І шапку з зоркай пяцікутнай

Ва ўсе пагодныя часы

З тым казырком, крыху прыгнутым

Дзеля найбольшае красы.

 

 

Тады, у першыя паслярэвалюцыйныя гады, надзвычай моцнай была цяга працоўных мас, асабліва моладзі, да грамадскай дзейнасці, ведаў, творчасці. Малады Броўка неўзабаве становіцца важаком сваіх равеснікаў. У 1923 г. ён выбіраецца сакратаром камсамольскай ячэйкі, праз год — старшынёй Мала-Долецкага сельсавета. Тады ж ён пачынае дасылаць нататкі ў газеты. Крыху пазней Броўка ўжо знаходзіцца на камсамольскай рабоце ў Полацку, вучыцца ў школе для дарослых. Тут жа ён пачынае пісаць вершы. Першыя творы паэта былі апублікаваны ў акруговай газеце «Чырвоная Полаччына» (1926). Сам ён прызнаваўся: «Першы надрукаваны верш «Ой, не шапчы, мая бярозка» напісаў у Полацку. А было так: я быў адкліканы на працу ў Полацкі акруговы ЛКСМБ з пасады старшыні сельсавета. Давялося жыць у горадзе, але я не мог хутка развітацца з вёскай... Памятаю, часта хадзіў за горад і падоўгу глядзеў у свой бок, адкуль я прыехаў. Вось пад такім уражаннем я напісаў верш «Ой, не шапчы, мая бярозка» і паслаў у рэдакцыю «Чырвонай Полаччыны». Калі яго надрукавалі, быў вельмі ўзрадаваны, і ўжо нішто не магло спыніць майго паэтычнага захаплення. Многа чытаў, шмат пісаў, пачаў вучыцца на вячэрніх агульнаадукацыйных курсах»4.

Настойлівая вучоба, упартае знаёмства з мастацкай літаратурай, чытанне класікаў і сучаснікаў садзейнічалі станаўленню творчай індывідуальнасці паэта. П. Броўка згадваў: «Люблю паэзію Пушкіна, Някрасава, Лермантава, Шаўчэнкі. Сваёй злабадзённасцю прыцягвае мяне і паэзія Дзям’яна Беднага. Папераменна захапляўся то Ясеніным, то Маякоўскім, знаходзячы ў кожнага геніяльнае... Шмат даў мне і «Маладняк». Мы ўсе ў ім раслі. Шукалі. Шукаў і я»5.

На мэтанакіраванасць творчых пошукаў, на характар і змены літаратурных арыентацый, на сам змест паэзіі Броўкі вялікае ўздзеянне аказалі пераезд у Мінск, удзел у грамадскім і літаратурным жыцці, вучоба ва універсітэце (1928—1931). Паэт успамінаў, як і аб чым даводзілася пісаць: «У гады першай пяцігодкі мы пісалі пра ўсё. Хадзілі на заводы, чыталі, бічавалі прагульшчыкаў, гультаёў, рвачоў. Часта выходзіла рытарычна. Што ж, многа стала аднадзённай, але ніколі не шкадаваў працы, аддадзенай лозунгам і агіткам. Працуючы над імі, даводзілася быць у віры жыцця і многае пазнаваць»6.

І ўражанні маленства, і родная прырода, і вялікія сацыяльныя змены, і непасрэдны ўдзел у грамадскай рабоце, у літаратурным руху — усё гэта стала жыццёвым, духоўным набыткам паэта. Біяграфія стала перадумовай натхнення, самабытнасці.

30-я гады — час інтэнсіўнага станаўлення таленту Петруся Броўкі. Праўда, на рубяжы дваццатых — трыццатых гадоў паэт перажываў цяжкасці творчага росту, звязаныя галоўным чынам з выпрацоўкай мастацкага стылю. Імкненне быць у паэзіі «арыгінальным» прыводзіла яго не раз да стварэння вершаў, у якіх жывое, сэнсава дакладнае слова падмяняецца штучнымі вобразамі-наватворамі («Мне сонца сёння — домна, а цэх — радзіма»), напышлівымі дэкларацыямі («Няхай бетоннымі нагамі ступае гордая эпоха»). Аднак пачуццё мастака, жыццёвы вопыт усё часцей падказвалі Броўку правільны кірунак творчых пошукаў, аб чым красамоўна сведчыць кніга вершаў і паэм «Прыход героя» (1935).

Спачатку ў яго паэзіі з’яўляецца герой калектыўны, пэўная грамада людзей, аб’яднаных адзіным парывам, настроем. Характэрны ў гэтых адносінах верш «Зямля», у якім аўтар імкнуўся паказаць лёс цэлага пакалення сялян, што прайшло праз рэвалюцыю і грамадзянскую вайну, стала гаспадаром роднай зямлі-карміліцы, здабыло доўгачаканую свабоду і шчасце.

 

Мы скавалі плугі надзвычайнай хады,

Сваю сілу з табою сасваталі,

Каб у нашы гады

Ты цвіла маладухай багатаю.

 

Яшчэ з большай сілай выявілася ў гэты час другая тэндэнцыя ў творчасці Петруся Броўкі — імкненне да шырыні, маштабнасці, дынамічнасці паэтычнага малюнка, да паказу чалавека як удзельніка рэвалюцыйных падзей (паэма «Праз горы і стэп», 1932). Броўка выкарыстоўвае прыёмы гіпербалізаванага, рамантычна-абагульненага паказу рэальных падзей. Бесперапынная атака белагвардзейцаў, тыфозная агонія, «раз’юшаны рокат» буруна — усё супраць знясіленых, зняможаных голадам чырвоных байцоў. І ўсё ж яны выходзяць пераможцамі. У намаляванай карціне цяжкага паходу ўвесь час бачыцца маналітная, адзіная «па веры і гарту» людская грамада, нястрымная ў імкненні наперад, да перамогі. Гэтую нястрымнасць, імклівы рух, энергію паэту ўдалося ўзмацніць самім гучаннем верша, дынамічным, маршавым па рытмічнай структуры.

 

На коней, брат!

Там белы гад!

Мацней агонь!

 

І пайшлі

Маладымі і юнымі,

І пайшлі,

Ажно вецер прысеў.

 

 

Абапіраючыся на вопыт старэйшых пісьменнікаў, Броўка стварыў самабытную паэму аб гераізме радавых байцоў рэвалюцыі. Для самога Броўкі гэта быў твор этапны. Ён знаменаваў рашучы паварот ад лозунгавай патэтыкі да рамантычна ўсхваляванай размовы пра грандыёзнае пераўтварэнне краіны.

Аб далейшых пошуках Броўкі ў сферы ліра-эпічнай паэзіі красамоўна гаворыць паэма «1914», напісаная ў 1933 годзе. Пафас яе ў паказе антычалавечай сутнасці імперыялістычных войнаў, у выкрыцці віноўнікаў народных няшчасцяў і катастроф. Мастацкая палітра паэмы ўзбагацілася ў параўнанні з ранейшымі творамі Броўкі адметнымі фарбамі. Выкрываючы служак цара, паэт чэрпае сродкі маляўнічасці з сатырычнага «арсенала». У мэтанакіраванасці сатырычна завостранага малюнка, ва ўменні самой логікай разгортвання падзей падвесці чытача да абагульненняў значнага сацыяльнага зместу праявілася плённасць творчых пошукаў паэта, засваенне ім трывалых традыцый, якія ішлі ад У. Маякоўскага, ад Я. Купалы і Я. Коласа.

Мастацкае асэнсаванне падзей мінулага не змяншала пільнай увагі П. Броўкі да сучаснасці. Менавіта цяпер, у сярэдзіне 30-х гадоў, у паэзію Броўкі прыходзіць новы герой — актыўны пераўтваральнік жыцця, будаўнік і творца. Калгасны брыгадзір («Красавік») думае пра людзей, пра тую радасць, якую прыносіць ім вясна.

 

І вось устае перад ім

Шырокіх прастораў раздолле.

І звоняць зялёныя струны

Калгасных жытоў і пшаніц,

І лепшая песня дзяўчат,

Званчэйшая самая ў полі,

Да самага сонца бяжыць,

Сваёй маладосцю звініць.

 

Неабходна вылучыць апошні перадваенны зборнік паэта «Шляхамі баравымі» (1940), які, як сказаў П. Глебка, «вызначаюць вершы, у якіх цэнтральнае месца займае чалавек, яго пачуцці і думы, дарма, што гэтыя вершы напісаны часамі аб дажджы ці аб крыніцы... А праўдзівасць і непасрэднасць пачуцця вызначылі ў сваю чаргу і разнастайны характар рытмічнага рысунка і строфікі»7. Зборнік сведчыў аб творчай сталасці П. Броўкі. За адно дзесяцігоддзе яго талент настолькі ўзмужнеў, што яму сталі падуладны і паэтычныя маналогі пра час і чалавека, і пранікнёная лірыка, і сацыяльныя вострыя замалёўкі рэчаіснасці, і песенныя вершы, блізкія фальклору.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны П. Броўка — у арміі. Працаваў у франтавым і партызанскім друку. Пісаў вершы і артыкулы. У творчасці паэта з асаблівай мастацкай сілай гучала пачуццё гордасці сына савецкай зямлі за сваю прыналежнасць да ленінскай партыі, да сацыялістычнай Айчыны. Лірычны вобраз героя ў вершах П. Броўкі мужнее разам з краінай-змагаркай.

 

Глянь у сэрца маё,

Я прынёс яго з бою,

На агні яго можна

Мячы гартаваць.

 

У дакладзе «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя» на сакавіцкай сесіі Акадэміі навук Беларусі ў 1942 годзе Янка Купала сказаў: «У мастацкіх творах беларускіх пісьменнікаў чуюцца востры боль і крыўда за пакуты і слёзы беларускай зямлі, часова захопленай фашысцкімі бандытамі, у іх кіпіць нязгасная прага свяшчэннай помсты і непахісная вера ў перамогу савецкага народа над вераломным і ненавісным ворагам. З вялікай паэтычнай страсцю гэта вера народа ў перамогу над ворагам выказана ў мужных радках верша П. Броўкі «Маці»8.

Янка Купала прыводзіць апошнюю страфу Броўкавага верша. Думаецца, варта прыгадаць яго цалкам.

 

 

Ты ходзіш, маці, сцежкамі вайны,

І з вуснаў рвуцца ворагу праклёны,

З братамі прыйдзем мы, твае сыны, —

І выйдзе Беларусь з палону!

 

Рабуе гвалтаўнік апошняе з двара,

Цябе давесці хоча ён да скону,

Ды грознай помсты блізіцца пара, —

І выйдзе Беларусь з палону!

 

Крывёй звяроў напоўнім берагі,

Касцямі катаў высцелем загоны,

Ударым мы — парвуцца ланцугі, —

І выйдзе Беларусь з палону!

 

Не раз мы зносілі насланую бяду,

Не раз знішчалі мы драпежнікаў шалёных,

Змяце зямля і гэтую брыду, —

І выйдзе Беларусь з палону!

 

 

Паэзія шукала самых разнастайных форм выяўлення гераічнага. Натуральна, што і П. Броўка ў гады вайны ставіў сваёй асноўнай задачай намаляваць велічны вобраз бясстрашнага абаронцы Радзімы. Ствараючы «Паэму пра Смалячкова» (1942), паэт імкнуўся на рэальных фактах барацьбы з захопнікамі выявіць гераічны характар савецкай моладзі, выхаванай Ленінскім камсамолам.

«Пра Смалячкова я напісаў пад уражаннем гераічнай абароны Ленінграда ў блакаду, — зазначаў паэт. — Я ганарыўся тым, што мой зямляк, такі малады, такі адважны, і я папісаў пра яго, спадзеючыся, што наша моладзь, якая змагалася на ўсіх франтах і ў партызанскіх атрадах, можа мець за прыклад Смалячкова»9.

Перад намі праходзіць жыццё Смалячкова з дзяцінства і да гераічнай смерці. Гэта біяграфія — паэтычная. Пры ўсёй сваёй канкрэтнасці яна — жыццёвы шлях усяго юнага камсамольскага племя, якое прыносіла шмат ахвяр, каб выстаяла Радзіма.

У вершах пра вайну паэт звяртаецца і да прыёмаў апасродкаванага выяўлення пачуццяў, настрояў, роздумаў герояў. У яго паэзіі адчуваецца моцная цяга да эпічнай маляўнічасці, што вымагала адметных жанравых форм — паэмы ці балады, для якіх характэрны эпічны, апавядальны элемент. Шчодра чэрпаў сродкі вобразнай маляўнічасці з арсенала паэтыкі фальклорнага рамантызму, застаючыся творча самастойным, арыгінальным.

 

Як сына прымала, —

Зямля застагнала.

 

 

Гэта радкі з верша «Магіла байца». Наколькі сканцэнтравана тут пачуццё! Па жанру верш набліжаецца да балады, філасофскай паводле вырашэння тэмы, рамантычнай па каларыту. Сюжэт твора ўбірае ў сябе і рэальныя падзеі ваеннага часу, і сітуацыі казачнага характару, навеяныя народнай творчасцю. Арганічна спалучаючы іх, паэт дабіваецца асабліва яскравага ўвасаблення задумы — раскрыць неўміручы подзвіг савецкіх салдат, якія, перамагаючы смерць, вызвалялі родную зямлю, неслі ёй свабоднае жыццё.

 

 

Шумелі ля берага хвалі ласкава

Раслі на кургане зялёныя травы,

Цвілі на кургане чырвоныя краскі,

На іх калыхаліся цёплыя росы,

І кветкі не вялі на раннім марозе...

І воінаў храбрых ўсё гэта здзівіла:

Якая ў зямлі

Незвычайная сіла?

І так не дазналі тым радасным ранкам,

Што выраслі кветкі са слёз партызанкі.

 

 

Апошні радок асабліва шматзначны. Гэта дэталь завяршае мастацкі вобраз, дзякуючы ёй дасягаецца закончанасць паэтычнай думкі. Над магілай салдата квітнее жыццё — вось велічны помнік воінаў, адзнака яго бессмяротнасці.

«Магіла байца», як і іншыя, цяпер ужо класічныя творы баладнага тыпу («Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка»), добра засведчыла, што таленту Броўкі падуладны і аб’ектывізаваны паказ жыцця, хоць як і лірык ён тут надзвычай пранікнёны. Толькі форма ўвасаблення роздуму і пачуцця своеасаблівыя.

З тых жа ідэйна-творчых пазіцый, але ў іншым жанрава-стылёвым плане асвятляецца героіка мінулага і сучаснага ў паэме «Беларусь» (1943). Пра задуму твора паэт сказаў: «У 1943 г. папісаў паэму «Беларусь». У той час ужо былі відны абрысы нялёгкай перамогі. Да болю хацелася дадому, хутчэй ступіць на родную зямлю. Успаміналася ўсё перажытае на Радзіме. Вялікая любасць да роднай зямлі натхніла мяне на гэтую паэму. Увесь яе гістарычны шлях, цяжкі, але і радасны, уставаў перада мною, і галоўнае — гераізм народа ў вайне, які ўпэўніваў, што і на гэты раз мы пераможам»10.

«Беларусь» — своеасаблівая паэма-кантата. І пра суровыя падзеі мінулага і сучаснага, і пра някідкія ды па-свойму чароўныя беларускія краявіды, і пра натхнёную працу савецкіх людзей апавядаецца ў ёй ва ўзнёсла-ўрачыстым тоне. Імкненне да велічнасці, маштабнасці выразна адчуваецца і ва ўрачыстых рытмах, і ў мажорных інтанацыях, і ў адборы выяўленчых сродкаў, і ў сэнсавым напаўненні радка. У паэме ажываюць традыцыйна-кніжныя вобразы («гул ратны», «дужая раць», «зазвінелі мячы над Чарнечай гарою» і іншыя). Асабліва шырока выкарыстоўвае паэт разгорнутую метафару, якая нярэдка мяжуе з гіпербалай.

 

 

Расправіўшы плечы, магутны, высокі,

Стаяў ты, як волат, між родных далін,

Як бор, галавою дастаўшы аблокаў,

Над шумным, жытнёвым прасторам шырокім,

І вусны цвілі, як агні журавін.

 

Паэзіі Броўкі ваенных гадоў уласціва шырыня абагульнення, шматфарбнасць. Разам са шчаслівым узрушэннем салдата, што вось-вось вернецца да мірных спраў, у ёй чуюцца і раскаты далёкіх баёў, і плач асірацелых дзяцей, жонак, маці, і нянавісць да захопнікаў. Арганічнае зліццё гэтых матываў надае лепшым творам паэта значную сілу эстэтычнага ўздзеяння. Так, верш «Прачнуўшыся рана» (1945) пранікнуты глыбокім гуманістычным пафасам, хоць размова тут ідзе, здавалася б, толькі пра звычайную белую бярозу, апетую не адным паэтам.

 

 

Прачнуўшыся рана, пайшоў па ваду я

Яшчэ на світанні.

Сустрэў ля крыніцы бярозку малую,

Як некалі раней.

 

Што сталася з белым бярозавым плаццем?

Мне пала на вока —

Шрапнельны асколак кару пашкумаціў,

Параніў глыбока.

 

Чакала і ты нас, бярозка, аддана,

Як сэрца дзяўчыны.

Я раны агледзеў, спавіў іх старанна

Чысцюткай хусцінай.

 

 

Гуманістычным пафасам прасякнута і паэма «Ясны кут» (1944). Твор глыбока лірычны. Гарачае, трапяткое аўтарскае пачуццё ўсхвалявана б’ецца на працягу ўсёй паэмы. Паэт пранікнёна выказаў не толькі цяжкі боль, які запаланіў яго сэрца ў час сустрэчы са знявечанай ворагам радзімай, але і радасць вызвалення, і захапленне энтузіязмам людзей, што прыступілі да аднаўлення калгасаў.

Паэма «Ясны кут» адкрывала мірны дзень не толькі ў творчасці Броўкі, але і ва ўсёй беларускай паэзіі.

Для большасці твораў Петруся Броўкі, напісаных адразу пасля заканчэння вайны, характэрна прыўзнятае, усхваляванае ўспрыняцце жыцця. Светаўспрыманне сучасніка ярка выявілася ў лірычнай паэме «Хлеб» (1946) — выдатным творы беларускай паэзіі тых гадоў.

У паэме яшчэ чуецца водгулле нядаўняй вайны. Але напамін аб тым часе, калі «салдацкае поле ўзнімалі снарады», робіцца галоўным чынам дзеля таго, каб падкрэсліць шчасце міру, высакароднасць мар і парыванняў лірычнага героя. Сеяць, даглядаць пасевы, збіраць ураджай — для яго крыніца светлай радасці і натхнення. І нездарма ў час натхнёнай працы ў душы героя нараджаецца і выспявае самае паэтычнае пачуццё — каханне. Бадзёраму, урачыста ўзнёсламу пачуццю героя адпавядаюць і навакольныя абставіны, усё ў якіх авеяна святочнай прывабнасцю, і родная прырода, якая жыве ясным, сонечным жыццём. З дапамогай вельмі трапных вобразных асацыяцый паэт стварае жыццярадасную карціну працы і маладосці, міру і красы.

 

 

Смачны хлеб працавіты.

Сейбіт ходзіць палямі,—

Сыпле, сыпле ён жыта

Залатымі дажджамі.

 

А дзе зернята пала —

Шум калоссяў, здаецца,

Што вясёлка зайграла

Сёння ў сейбіта сэрца.

 

 

Паэма «Хлеб» задумана як рамантычна-ўзнёслае ўслаўленне савецкага чалавека-творцы. І зусім правамерна, што, рэалізуючы задуму, паэт адбіраў тыя вобразна-выяўленчыя сродкі, якія давалі магчымасць з найбольшай паўнатой паэтызаваць светлыя, чыстыя душы нашых людзей. Броўка працягвае ў паэме лепшыя традыцыі беларускай паэзіі, у прыватнасці лірыкі Купалы («ляўкоўскі» цыкл).

Паэма «Хлеб», як і многія вершы, узнікла на высокай хвалі ўсенароднага энтузіязму, які вызначаў грамадскае жыццё пасля перамогі над ворагам. А яскравае супрацьпастаўленне таго светлага, што абяцаў мір, таму змрочнаму, што прынесла з сабой вайна, надавала лепшым творам Броўкі грамадзянскі пафас, глыбокую чалавечнасць і эстэтычную дзейнасць. Прачула, задушэўна напісаны вершы аб вялікім Леніне («Ля Маўзалея», «Там, дзе хадзіў калісьці Ленін»).

Сярэдзіна 50-х гадоў — «час жыццёвай пераробкі і ўзлёту» (П. Панчанка) у творчай біяграфіі Петруся Броўкі. Адна за другой выходзяць кнігі паэзіі «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дома» (1960), «Высокія хвалі» і «А дні ідуць...» (1962), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «І ўдзень, і ўночы» (1974) і інш. Асноўнае, што вызначае ідэйныя асаблівасці паэзіі Броўкі гэтага перыяду, — усведамленне грамадскай важнасці тых перамен, якія адбыліся ў краіне, пачынаючы з сярэдзіны 50-х гадоў. Творы становяцца больш паўнакроўнымі, у іх узмацняецца гуманістычны пафас. Паказальная ў гэтым сэнсе паэма «Заўсёды з Леніным» (1956). Тое новае, што ішло ў жыццё краіны пасля ХХ з’езда Камуністычнай партыі, было ўспрынята Броўкам як здзяйсненне мудрых ленінскіх запаветаў. «Быў Ленін на з’ездзе дваццатым і ўперад азначыў нам шлях» — такі лейтматыў твора.

Хрэстаматыйным даўно стаў верш «Пахне чабор», які па-новаму «адкрываў» Броўку — паэта акрэсленай рэалістычнай манеры пісьма, лірыка паводле вызначальных рыс таленту. Верш гэты — красамоўнае сведчанне таго, што сапраўдная паэзія здольна ўзняць на вышыню эстэтычнага гучання звычайны жыццёвы факт, які, аднак, назаўсёды застаўся ў памяці паэта:

 

 

Хіба на вечар той можна забыцца?

...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы,

Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,

Быццам абсыпана промнямі зор,

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца,

Вось яно — блізкае, яснае шчасце,

Клікнуць хацелася — голас замёр...

Пахне чабор,

Пахне чабор...

 

Гуманістычная аснова паэзіі Броўкі яскрава акрэсленая, шырока выяўленая. Паэт імкнуўся мераць свой ідэал чалавека мерай народнага ідэалу. Яго эстэтычнае, творчае крэда стала грунтуецца на прынцыпах сацыялістычнага гуманізму, дзейнага і наступальнага:

 

Хоць бы мне па хмарцы ў рукі,

Я б сыпнуў туды, дзе смага.

 

(«Выйсці б, стаць плячом да зораў»)

Верш Броўкі не спыніць нечакана ўвагу незвычайнасцю метафар ці параўнанняў, адмысловым гукапісам, наўмысна арыгінальным рытмічным ходам. Ён іншы раз быццам нейкі будзённы, звыклы па традыцыі, некалькі аднастайны, калі аднастайнасцю лічыць схільнасць паэта да простых рытмічных форм. Але вось гэты верш, як правіла, нясе багаты чалавечы змест, падкупляе сваёй яснай прастатой — і ў вобразе, і ў рытме. Мнагазначная традыцыйная прастата — адна з вызначальных рыс у мастацкім мысленні паэта, у стылёвым малюнку яго твораў. Такая прастата ў яе шчодрай эмацыянальнасці прыходзіць толькі са сталым мастацкім светапоглядам, прыходзіць, як заваёва, як чаканы набытак. Нездарма вядомыя паэты, гаворачы пра творчасць Броўкі, цэняць у ёй шматзначную прастату. Міхаіл Святлоў у рэцэнзіі на зборнік «А дні ідуць...» (напісана ў форме сяброўскага паслання) прызнаваўся: «Я цябе люблю за тое, што ты ўмееш гутарыць. Будзь ты ў Палессі ці ў Арктыцы, ты гутарыш са мной. Гэта найкаштоўнейшы дар. Калі ўсе гавораць звонкім голасам, гавары з хрыпотцай. Але толькі твой голас не павінен гучаць як прастуджаны. Каштоўнасць паэта заключаецца ў яго своеасаблівасці. Калі ты гаворыш, я... адразу бачу цябе. Цябе — хто ўмее пісаць толькі добрыя кнігі»11.

Адчуў гэта і вядомы латышскі пісьменнік Ян Судрабкалн. Маючы на ўвазе паэму «Голас сэрца» (1960), ён пісаў: «Усё ў гэтай паэме, як і ва ўсёй паэзіі Броўкі, сказана проста і ясна, без хітрасцей і аздабленняў, моцна і ярка, з жывымі вобразамі, дзе трэба — з сарказмам, і паэт, які авалодаў такой цяжкай прастатой, яснасцю і сілай, не бядняк, а вялікі майстар і багач»12. Паэма прысвечана памяці маці, замучанай гітлераўцамі. Адсюль і ідзе лірычная плынь твора. Наведаўшы былы канцлагер Асвенцім, паэт глыбей адчуў усю бязмежнасць людской трагедыі. А яна, трагедыя, мроіцца яму ў вобразе нябожчыцы маці. Яго ахопліваюць успаміны пра дзяцінства, пра маці — чалавека, з якім звязаны самыя светлыя старонкі жыцця. Таму так усхвалявана гучаць словы паэта, таму столькі пачуццяў выяўляецца ў кожным радку.

 

 

Сэрца хавае адну спадзяванку:

Можа, сустрэнеш, як раней, на ганку.

Скажаш: — Як без мяне тут гаруеш?

І са слязой, як заўжды, пацалуеш.

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Сенцы адчыніш, паклічаш у хату.

Можа, не быў я ў тым месцы праклятым,

Дзе ты збылася ў пакуце пякельнай...

А каля печы зазвоніш патэльняй

Ды за сталом, за абрусам бялюткім,

Будзеш расказваць навіны ціхутка.

 

 

Паэма «Голас сэрца» прыцягвае ўвагу не толькі таму, што гэта твор, які «ўзрушае і гучыць, як арган, як плач над папялішчам матчынага сэрца» (У. Сасюра), а і таму, што ў ёй надзвычай яскрава адбілася абноўленае светаадчуванне і светаўспрыманне паэта, «бачыцца» рэалістычная канкрэтнасць стылю, шматзначная прастата паэтыкі.

Творчасць Броўкі на апошнім этапе вызначалася сталай ураўнаважанасцю, засяроджанасцю на перажыванні, дакладнасцю і яснасцю вобразаў, інтанацыйнай шматграннасцю. Яго верш, як правіла, заключае багаты чалавечы змест, падкупляе яснай прастатой — і ў вобразе, і ў рытме.

Глыбокі гуманістычны пафас, засяроджанасць на канкрэтных праблемах народнага жыцця, на духоўным свеце чалавека, павышаная зацікаўленасць нацыянальнымі традыцыямі сталі вызначальнымі рысамі творчай самабытнасці паэта.

Пятрусь Броўка, вядома, перш за ўсё паэт. Але шматграннасць таленту дазволіла яму пакінуць прыкметны след у розных галінах духоўнага жыцця парода, а ў літаратуры, акрамя паэзіі, сфера яго творчых інтарэсаў — гэта і проза, і публіцыстыка, і крытыка.

Першыя вопыты Броўкі ў галіне прозы адносяцца яшчэ да канца 20-х — пачатку 30-х гадоў. Напісаная ім у 1931 годзе аповесць «Каландры» звяртала ўвагу навізной тэматыкі, каларытнымі замалёўкамі рабочага побыту. Другі прыход Броўкі, ужо сталага літаратара, у прозу звязан з раманам «Калі зліваюцца рэкі» (1956). Раман сцэментаваны адзінай ідэяй, стройны паводле сюжэтна-кампазіцыйнай будовы. З асаблівай павагай і захапленнем гаворыць Броўка аб моладзі, беларускіх, літоўскіх і латышскіх калгасніках — будаўніках на возеры Дрысвяты электрастанцыі. Нямала старонак рамана, напісаных пранікнёна, з падкупляючай шчырасцю, прысвечаны маладому інжынеру Алесю Іванюту і літоўскай дзяўчыне Анежцы, іх рамантычным сустрэчам.

Гаварылася ўжо аб надзвычай сур’ёзных зрухах у паэзіі Броўкі другой паловы 50-х гадоў. Падобныя зрухі адбыліся і ў прозе пісьменніка. І як у паэзіі, у празаічных творах ён звярнуўся да мінулага — да часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі і першых гадоў Савецкай улады, да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. На пытанне «Литературной газеты»: «Над чым працуеце зараз» (г. зн. на пачатак 1964 года) Броўка адказаў: «Раблю тое ж, што і ў канцы мінулага года, што прыйдзецца рабіць увесь бягучы год». І, усміхнуўшыся, працягваў: «Новыя вершы, артыкулы... карацей кажучы, сёння, як учора... І вельмі хачу напісаць кнігу апавяданняў пра камсамольскае юнацтва, маё і маіх равеснікаў»13.

Цяпер такая кніга трывала заняла сваё месца на бібліятэчных і аматарска-чытацкіх паліцах. Гэта выдадзеная ў «Мастацкай літаратуры» кніга Броўкавай прозы пад назвай «Разам з камісарам», куды ўвайшлі творы, напісаныя ў апошнія гады жыцця, — апавяданні пераважна аўтабіяграфічнага характару і аповесць «Донька-Даніэль» — у аснове якой незабыўныя дзіцячыя ўражанні.

У апавяданнях, як і ў аповесці, адчуваюцца і мудрая прастата, і празрыстасць радка, і павышаная ўвага да народнай ідыёмы, незвычайнага слоўца, і ўдалае выкарыстанне адшліфаванага стагоддзямі параўнання ці метафары. Гэтым тлумачыцца, вядома, і спакойная разважлівасць, калі размова вядзецца пра рэчы сур’ёзныя, і добразычлівасць гумару, калі пісьменнік апавядае пра чалавека несамавітага, няўдачніка, і сатырычная з’едлівасць, калі яму даводзіцца высмейваць і выкрываць людзей паганых, амаральных ці эгаістычных.

На пачатку 30-х гадоў Пятрусь Броўка, поруч з мастацкай прозай, пачаў спрабаваць свае сілы і ў жанрах нарысавай літаратуры. Пазней ён успомніць, як і пра што даводзілася пісаць: «Колькі ўзнёслых артыкулаў журналісты і мы, паэты, прысвяцілі тады новабудоўлям»14. Разам з Пятром Глебкам была напісана кніга нарысаў «Ураджай» (1938). Кніжка гэта — «нарысы пра заможны калгас», як пісалася тады ў газеце «Літаратура і мастацтва». Амаль праз 20 год выйшла ў свет другая кніга нарысаў пісьменніка «Месяц у Чэхаславакіі» (1952) — вынік паездкі ў складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў у Чэхаславакію.

Ярка заіскрыўся прыродны талент няўрымслівага пісьменніка-грамадзяніна ў літаратурна-крытычнай дзейнасці, у той сферы выяўлення чалавечага духу, дзе з найбольшай непасрэднасцю выказваецца самае неабходнае, жаданае — і вельмі асабіста-ацэначнае.

Заўсёдны клопат меў Пятрусь Броўка пра партыйнасць, грамадзянскасць, народнасць нашай літаратуры. На пятым з’ездзе пісьменнікаў Беларусі ён страсна, тэмпераментна гаварыў: «Неабходна заўсёды дбаць аб грамадзянскасці нашай літаратуры, разумець свой час, добра адчуваць пульс жыцця. Мы жывём у гады вельмі імклівага развіцця грамадства, у гады нябачанага развіцця навукі і тэхнікі... Працаваць так, каб мастацкая літаратура была дзейсным памочнікам партыі, нашага народа — вось найпершая задача кожнага з нас»15.

Дыяметральна шырокім было кола Броўкавай зацікаўленасці культурным і мастацкім набыткам чалавецтва. Пільную ўвагу паэта прыцягвалі пераклады на беларускую мову геніяльных мастакоў слова, вяршынь сусветнай паэзіі Вільяма Шэкспіра і Джорджа Гордана Байрана. Многа ў літаратурна-крытычным багажы Броўкі меркаванняў пра творчае аблічча вядомых савецкіх пісьменнікаў, пра іх адносіны да беларускага народа (з рускіх — пра М. Горкага, У. Маякоўскага, М. Ісакоўскага, А. Твардоўскага, А. Пракоф’ева; з украінскіх — пра М. Рыльскага, П. Тычыну, У. Сасюру; з літоўскіх — С. Нерыс, П. Цвірку; з латышскіх — Я. Судрабкална і пра многіх іншых з розных савецкіх літаратур).

Вялікую жыццёвую дарогу — дарогу самаадданай працы і барацьбы — прайшоў Пятрусь Броўка.

Духоўны і творчы партрэт народнага паэта паўстае не толькі з літаратурных прац, але і з выказванняў, успамінаў сучаснікаў — пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, вучоных і простых людзей, якім пашчасціла калі-небудзь сустракацца з Пятром Усцінавічам. Кандрат Крапіва гаворыць пра Броўку як «пра вялікага аптыміста, заўсёды дзейснага, бадзёрага». Пімен Панчанка бачыць у ім чалавека таварыскага, добразычлівага, душэўнага, які паважае людзей і якога паважаюць людзі. «Мне не адзін раз даводзілася быць з ім у далёкіх і блізкіх дарогах, — прыгадвае Панчанка, — і заўсёды з вялікай павагай і любоўю яго сустракалі ў Віцебску і Бягомлі, у Кіеве і Закарпацці, у Тбілісі і Ташкенце. У яго ўсюды многа сяброў. Здаецца, няма ніводнага савецкага пісьменніка, з якім бы не дружыў Пятрусь Усцінавіч»16.

Варта прывесці і такі даволі паказальны факт. Сярод шматлікіх пісем чытачоў Петрусю Броўку было надзвычай дарагім адно — дакумент, пазначаны пячаткай. Незвычайны лёс гэтага пісьма. Перад намі выпіска з рашэння агульнага сходу калгаса імя Шаўчэнкі Арцёмаўскага раёна Данецкай вобласці аб выбранні Броўкі ганаровым калгаснікам.

Аб гэтай гісторыі расказала газета «Знамя юности». «З далёкага ўкраінскага сяла ў Мінск прыехала група калгаснікаў. Знаёмых, якія б маглі паказаць, пазнаёміць з беларускай сталіцай, у іх не было. І вырашылі госці звярнуцца да Петруся Броўкі. Яны чыталі яго вершы і рашылі: «хто так хораша піша, той сам душэўны чалавек і ў просьбе не адмовіць». Адшукалі паэта ў Саюзе пісьменнікаў, і, як ні быў заняты Пётр Усцінавіч, ён знайшоў час пазнаёміць украінскіх сяброў з нашым цудоўным горадам. Вярнуліся вандроўнікі дамоў, расказалі аднасяльчанам пра ўсё, і вырашылі яны: выбраць паэта ганаровым калгаснікам»17.

Пра шырокае прызнанне творчай дзейнасці Петруся Броўкі на літаратурнай ніве сведчаць шматлікія пераклады яго вершаў, паэм, прозы на многія мовы народаў Савецкага Саюза і за рубяжом. Дастаткова сказаць, што ў перакладзе на рускую мову выйшла каля дваццаці кніг пісьменніка.

У абсягу творчай дзейнасці паэта былі такія сферы мастацтва, як кіно, музыка, тэатр. Пятрусь Броўка аўтар двух оперных лібрэта (музыка Я. Цікоцкага) — «Міхась Падгорны» (І939) і «Алеся» (у сааўтарстве з Я. Рамановічам, 1944). На словы паэта напісана многа песень: «Александрына» (музыка У. Мулявіна), «Песня пра чырвоны сцяг» (музыка І. Лучанка) і іншыя.

Паводле твораў Пятра Усцінавіча ставіліся кіно і тэлефільмы. Яшчэ ў 1934 годзе па аповесці «Каландры» быў зняты мастацкі фільм «Хто твой сябра?». А ў канцы 1978 года выйшаў на экраны тэлевізійны мастацкі фільм «Побач з камісарам», створаны па матывах вядомых аўтабіяграфічных апавяданняў, які па сутнасці ўзнаўляе юнацтва паэта. Музыку да фільма папісаў Ігар Лучанок. У фільме прагучалі песні на словы Петруся Броўкі, у якіх добра перададзены гераізм і рамантыка таго часу, калі жыў і змагаўся за Савецкую ўладу малы пісарчук Федзя.

Пятрусь Броўка вядомы культурны і грамадскі дзеяч. З 1968 года ён быў галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі — першага ў рэспубліцы выдання такога тыпу, выдання надзвычай адказнага, патрэбнага, каштоўнага.

Энцыклапедыя данесла да сусветнага чытача багацце працоўных і ратных традыцый беларускага парода, духоўныя скарбы роднай зямлі. Вялікая заслуга ў тым, што дванаццаць яе тамоў выйшла ў свет і атрымала высокую ацэнку як у нашай краіне, так і за яе межамі, належыць Петрусю Броўку.

Не адно пакаленне савецкіх людзей адкрывае для сябе Беларусь і яе народ, пранікаючы ў паэтычны свет твораў Петруся Броўкі. Творчасць народнага паэта і сёння ўдзельнічае ў нашым нястомным паходзе «па песню, па сонца, па шчасце камуны».

МІХАСЬ ЯРОШ

1 Советские писатели: Автобиографии. В 2 т. Т. 1. — М.: ГИХЛ, 1959.— С. 181.

2 Пяцьдзесят чатыры дарогі: Аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў.— Мн.: Дзяржвыд БССР, 1903.— С. 50.

3 Тамсама.

4 Броўка П. Адказы на анкету ад 23.6.1974 г.

5 Тамсама.

6 Бровка П. О себе//Стихотворения и поэмы.— М.: Гослитиздат, 1959.— С. 6.

7 Глебка П. Паэзія барацьбы т перамогі: Артыкулы. — Мн.: Маст. Літ., 1973. — С. 66.

8 Купала Я. Збор твораў: У 7 т.— Мн.: 1970.— Т. 7.— С. 400—401

9 Броўка П. Адказы на анкету.

10 Броўка П. Адказы на анкету.

11 Лит. Газ. — 1961. — 24 кастр.

12 Правда. — 1961. — 11 кастр.

13 Лит. газ. — 1964. — 11 студз.

14 Агитатор. — 1971. — № 5. — С. 23.

15 Літ. і мастацтва. — 1966. — 13 мая.

16 Літ. і мастацтва. — 1975. — 26 чэрв.

17 Знамя юности. — 1979. — 1 лют.


1986

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 7-22
Крыніца: скан