epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Аб каханні

І папярэджвалі ж мяне, каб не ехаў у камандзіроўку з Варапаевым. Да смерці загаворыць. Усе, хто з ім калі-небудзь на аб’екты выязджаў, даўно ўжо заракліся.

Наш аўтобус, нібы сляпое кацяня, тыцкаецца тупой мордай у туман і таму паўзе марудна. Якому шафёру ахвота галаву скруціць у такое надвор’е. Тут ужо не да графіка, абы дабрацца шчасліва.

Мы з Варапаевым сядзім на заднім сядзенні. Жанчын паблізу няма, а значыць, ніхто не расшуміцца, і Варапаеў курыць беламорыну і расказвае:

— Баба ў мяне зараз люкс. Кожны пазайздросціць. Дома парадак, як на карабельнай палубе, ніколі слова супраць не скажа, і целам пышная. А з першай не выйшла. З першых дзён жыцця не пайшло. Прыдуркаватая нейкая. Ох, і намаецца з ёю афіцэрык. Яна за яго хуценька выскачыла пасля таго, як я яе адправіў. Пашанцавала дурніцы.

Аўтобус збавіў ход, а неўзабаве і зусім спыніўся. І спаў я і не спаў. Галава трашчыць. Выйшлі на невялікай станцыі. У буфеце было накурана, чуліся сіплыя галасы. Мы дастаяліся за півам і селі за адзін столік з шафёрам нашага аўтобуса. Ён піў чай і жаваў каўбасу з хлебам, якую дастаў з газетнага кулька.

Мы прапанавалі яму піва. Варапаеў сказаў:

— Які чай у такое надвор’е...

— На гэтай станцыі ніяк нельга,— сказаў шафёр.— Хутка перакрыжаванне, а інспектар на ім вельмі злосны. Вось на наступнай можна пагрэцца. Далей усе свае хлопцы.

— Ну і дарога,— зноў загаварыў Варапаеў.— Вочы выкалеш. Не пазайздросціш вашаму брату шафёру. Усё жыццё на колах калашмаціцца...

— А вы без нас прапалі б. Дый прывычка ва ўсякай справе патрэбна,— сказаў шафёр.— Я вось, напрыклад, нічым бы іншым і заняцца не мог. Прыкіпеў да руля. Жонка толькі бурчыць, ідзі, маўляў, у слесары. Сем гадзін адрабіў і дома. Чорт з ім, што зарплата ў два разы меншая, затое на душы спакайней — ні галалёду табе, ні туману. Зараз, пэўна, не спіць баба. Праклятушчы туман...

Мы паехалі далей. Заснуць я ўжо не мог. Удалося ўсё ж Варапаеву сон мой прагнаць.

Сам у яго пытаюся:

— А як ты пазнаёміўся са сваёй другой?

Ён засмяяўся:

— Як у кіно. Іду я неяк з канторы нашай дамоў. Кватараваў я тады. Жыцця ад гаспадыні не было. Іду, значыць, і думаю, як бы гэта яшчэ павольней ісці, каб морду яе агідную не бачыць. Гляджу, краля на лыжах ідзе. Маіх гадоў прыблізна, а побач з ёю дзяўчынка. Ні мама, ні дачка не ўмеюць хадзіць на лыжах. Махаюць палкамі, а карысці ад гэтага размахвання ніякай — ледзь паўзуць. У мяне ў арміі першы разрад па лыжах быў, вось я і вырашыў паказаць ім, як гэта робіцца. Спачатку, ясна, дачцэ, пасля маме. Пытаюся ў дачкі:

— Чаму ж гэта вы без таты? Так і нос сабе разбіць можна.

А дачка ў адказ:

— Таты ў нас няма. Ён паехаў у камандзіроўку і даўно не прыязджае.

Мама пачырванела і гаворыць: «Ты, Ніначка, шмат размаўляеш». Я вырашыў дзяўчынцы на дапамогу прыйсці: «Мяне дзядзя Толя завуць». Яна мне: «А маю маму Валя...»

Пасля мы ўжо разам на лыжах паехалі. І сам не ведаю, як усё выйшла — праз год я ажаніўся з Валяй і дзяўчынку на сваё прозвішча запісаў. Цяпер толькі татам мяне і называе. Прывыкла. Што дзіцяці трэба? Ласка!

Ён травіць мне душу, гэты Варапаеў. Я з дзетдомаўскіх. І цяпер таксама адзін. Аднойчы, праўда, ледзь не жаніўся, але яна сама перадумала. Дакументы былі ўжо ў загсе, і сябрам я пра вяселле паведаміў, а яна ўзяла дый перадумала. Васька, сябар мой бліжэйшы, сказаў: «Плюнь, Гена. Новую знойдзеш. І радуйся, што да вяселля перадумала». Я гэтак жа рашыў. Але рашыць адно, а ў душы навесці парадак і пустату запоўніць — зусім іншая справа.

Цяпер я разумею — несур’ёзная ўся гэтая гісторыя была. Я за ёй бегаў, і яна здалася толькі на час. А пасля апамяталася. І атрымалася, што і сабе лепш зрабіла, ды і мне таксама. Але вось прыеду я ў свой горад, а мяне ніхто не чакае.

Аб’ект нам з Варапаевым трапіўся дробязны. Доўга галаву ламаць не прыйшлося. Сядзі ды пакручвай гайкі. Мне такая пустая работа не па сэрцы, а Варапаеў гаворыць, што гэта яшчэ і лепш — і пры складаным рамонце, і пры простым адны і тыя ж грошы ідуць.

Вечарам мы сядзелі ў рэстаране, елі цвёрдае, крыху падгарэлае мяса і запівалі яго півам. Варапаеў еў многа і піва піў яшчэ больш.

— Ты еш,— гаварыў ён.— Ніякія валасы тады лезці не будуць. Чалавеку во як,— ён правёў рабром далоні па горле,— вітаміны патрэбны. І бабы худых не любяць. Ні на што яны не прыдатны.

Ён смяецца і гучна чмякае, разглядаючы пры гэтым маю вельмі парадзелую за апошні час шавялюру. На шавялюру мне напляваць, але з Варапаевым я ў камандзіроўкі больш не яздок.

Ён пытаецца:

— Што з рамонтам рабіць будзем? Працягнем да канца камандзіроўкі або заўтра закончым і айда дамоў?

Дамоў мне спяшацца, як я ўжо гаварыў, няма чаго, і каб быў са мною другі напарнік, я б не супраць быў пасядзець яшчэ некалькі дзён тут, людзей новых паглядзець, ды й з рамонтам гарачку не пароць, але так мне абрыдлі размовы Варапаева, што я сказаў:

— Чаго тут валаводзіцца. Заўтра закончым рамонт і пакацім дамоў.

— І то праўда,— гаворыць Варапаеў.— Занудзіўся я па сваіх. Заўтра зайду, ласункаў дачушцы куплю — прыгледзеў тут тое-сёе. І паедзем.

 

Рамонт мы закончылі, аб чым і далажылі мясцоваму начальству. Прыйшоў майстар, агледзеў машыну з усіх бакоў, паляпаў, матор запусціў і галавой кіўнуў:

— Поўны парадак, браточкі! Можаце адчальваць, а камандзіровачку я вам патрэбным днём адзначу.

Варапаеў адправіўся ў душ мыцца, а я пабег па білет на самалёт. Аказалася — нялётнае надвор’е. Давялося ўзяць білеты на аўтобус. Я падумаў, што зноў Варапаеў спаць не будзе даваць, але іншага выйсця не было.

Увечары мы яшчэ паспелі павячэраць і неўзабаве сядзелі ўжо ў аўтобусе. Добра, што мяккі, можна адкінуць спінку і спаць. Але адразу не заснуць. Трэба спачатку прывыкнуць да дарогі.

— Зараз бы дома апынуцца...— прамовіў летуценна Варапаеў,— блінцы з гарачанькім чайком, тэлевізар...

Я ў яго ніколі дома не быў, але ўявіў раптам, як Варапаеў налівае чаёк, глядзіць тэлевізар паўлежачы на тахце. Д’ябальшчына, усё ж я моцна зайздрошчу яму, аказваецца. Мяне дык зусім не цягне ў свой пакойчык, дзе і павярнуцца няма дзе, а ў халодную пару ні пад якія коўдры не схаваешся, і вечнае бурчэнне гаспадыні — старой няўдаліцы, якая больш за ўсё на свеце любіла пералічваць вечарамі грошы.

Я ў сваім пакоі бываю рэдка. Усё больш стараюся вольны час правесці з сябрамі, на футболе або ў кіно.

Пад гэтыя думкі я заснуў. Невядома, колькі спаў — у дарозе цяжка прасачыць гэта, і прачнуўся ад таго, што ў твар мне дыхнула ветрам — аўтобус стаяў на невялікай станцыі. Варапаева не было побач, дый аўтобус быў паўпусты. Відаць, асадзілі буфет. Я таксама пайшоў. Варапаеў стаяў і піў піва. Замахаў мне рукой:

— Ідзі выпі. Да самага дому, як забіты, спаць будзеш.

Куфаль не перашкодзіць, вырашыў я. Піва аказалася аксамітным, свежым. Пакуль я куфаль дапіў, Варапаева і след прастыў. Можа, ён мне і гаварыў, што адлучаецца, але я не заўважыў...

Варапаеў аказаўся ў аўтобусе. Месца побач са мной было свабодным, а сядзеў ён наперадзе з нейкай дзяўчынай, твару якой мне не было відаць. Варапаеў з’яўлення майго не заўважыў, так старанна ён ёй аб нечым нашэптваў.

— Знаёмую сустрэў? — сам не ведаю навошта, спытаў я.

— Так. Выпадкова сустрэліся. Знаёмся і ты.

Я працягнуў праз сядзенне руку:

— Косця.

— Наташа.

— А мяне Валодзем завуць,— сказаў ёй Варапаеў, і абодва яны засмяяліся, насмешліва гледзячы на мяне.

Смейся, смейся, падумаў я пра незнаёмку. Табе Варапаеў сваімі байкамі галаву так затлуміць, што потым суткі апрытомнець не зможаш.

Яны пра нешта размаўлялі, а я закрыў вочы і неўзабаве з радасцю адчуў, што засынаю.

Прачнуўся я незразумела ад чаго. Аўтобус наш ехаў па добра накатанай дарозе, за акном была цемра. Варапаева побач не было. Ён сядзеў на ранейшым месцы каля незнаёмкі. З глухім цмоканнем яны цалаваліся. Спрасонку я вачам сваім не паверыў. Але вось Варапаеў быццам нават падміргнуў мне ў цемры. А можа, здалося. Я адвярнуўся і закрыў вочы.

 

Прачнуўся я, калі аўтобус тармазіў ужо на канечным прыпынку. Варапаеў трос мяне за плячо:

— Я думаў, што не разбуджу цябе,— сказаў Варапаеў.

Ён панёс з аўтобуса дзве сумкі — сваю і незнаёмкі. На вуліцы яна ўзяла яго пад руку. Збоку можна было падумаць, што яны адзін аднаго самае меншае гадоў па дзесяць ведаюць, не менш.

— Так што пойдзем на матор і да цябе заедзем,— Варапаеў падміргнуў мне і кіўнуў у бок незнаёмкі. Я чамусьці ўявіў сабе яго жонку і прыёмную дачку, што няўмела ішлі на лыжах, і сказаў:

— Прабачце, але да мяне нельга. Бабуля пагасціць прыехала.

І, не гледзячы на іх, пайшоў прэч.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 136-141
Крыніца: скан